Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:
— Чаму не, — усміхнулася раптам амаль разумна старая. — Я скажу. Я зусім не звар'яцела, мне проста так зручна і бяспечна. Папрасіў запрасіць бедную Надзейку пан Гарабурда. І ягоная ж пляменніца была тады ў мяне. Такому рыцару, як вы, пан фельдмаршал, я ўсё скажу. Так, так, гэта Гарабурда даў тады такую параду ўзяць дзіця. У нас усе такія добрыя. Нашыя вэксалі ў пана Дубатоўка — ён іх не падаваў да сыскання. Гэта, маўляў, залог, што будзеце часта ездзіць да мяне ў госці, піць віно. Я вас зараз нават сілаю магу запрасіць піць гарэлку… Так, усе запрашалі Надзейку. Гарабурда, і фельдмаршал Каменскі, і Дубатоўк, і Раман і кароль Стах. Вось гэты. А бедная
Мяне перасмыкнула ад гэтага галошання па жывым чалавеку.
— Бачыце, нямнога даведаліся, — панура сказаў Рыгор. — Выйдзем на хвіліну.
Калі мы выйшлі і лямант старой сціхнуў, Рыгор буркнуў:
— Дык давайце шукаць разам. Карціць і мая душа на гэта дзіва паглядзець. Я буду на зямлі шукаць і сярод простых людзей, а вы ў паперках ды сярод шляхты. Можа, і знойдзем.
Вочы яго раптам сталі злоснымі, вугальныя бровы з'ехаліся да пераносся:
— Бабы д'яблам выдуманыя. Іх трэба ўсіх задушыць, а за нямногіх, што застануцца, хлопцам усім перадушыцца. Але што зробіш…
І лагічна скончыў:
— Вось і я, хоць шкада маёй лясной волі, хоць, можа, і дажыву век адзін у лесе, усё ж часам пра Зоську думаю, якая тут таксама жыве. Можа, і ажанюся. Яна кухаркаю тут. Дык вось што я скажу табе, сябар. Таму я і табе паверыў, што сам так часам пачынаў шалець з-за чортавых бабскіх вачэй. (Я зусім не думаў пра гэта, але не палічыў патрэбным пераконваць гэтага мядзведзя.) Але скажу табе шчыра. Калі ты прыйшоў падбіць мяне на гэта, а потым здрадзіць — многія тут на мяне зубы точаць, — так і ведай — не жыць табе на зямлі. Рыгор тут нікога не баіцца, наадварот, Рыгора ўсе баяцца. І сябры ў Рыгора ёсць, іначай тут не пражывеш. І страляе гэтая рука добра. Так што ведай — заб'ю.
Я глядзеў на яго з дакорам, і ён, глянуўшы мне ў вочы, засмяяўся, быццам у бочку, і зусім іншым тонам скончыў:
— А наогул, я цябе даўно чакаў. Здавалася мне чамусьці, што ты гэтай справы так не пакінеш, а калі пойдзеш разблытваць яе — мяне не абмінеш. Што ж, дапаможам адзін аднаму.
Мы развіталіся з ім на ўзлессі, ля Волатавай прорвы, дамовіўшыся аб новых сустрэчах. Я пайшоў дадому нацянькі, праз парк.
Калі я з'явіўся ў Балотныя Яліны, прысмерак ужо агарнуў парк, жанчына з дзіцем спала, нагадаваная ў адным з пакояў на першым паверсе, а гаспадыні не было ў доме.
Я чакаў яе з гадзіну і, калі стала ўжо зусім цёмна, не вытрымаў, і пайшоў насустрач. Я не паспеў далёка адысці змрочнай алеяй, як пабачыў белую постаць, якая палахліва рухалася мне насустрач.
— Надзея Раманаўна!
— О-о, гэта вы? Дзякуй Богу. Я так непакоілася. Вы пайшлі нацянькі?
І засаромелася, апусціла вочы ў зямлю. Калі мы падыходзілі да палаца, я сказаў ёй ціха:
— Надзея Раманаўна, ніколі не выходзьце з двара ўначы. Абяцайце мне гэта.
Мне ледзь удалося вырваць у яе гэтае абяцанне.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
Гэта ноч прынесла мне разгадку аднаго цікавага пытання, якое выявілася зусім нецікавым, калі не лічыць таго, што я лішні раз пераканаўся ў тым, што подласць жыве і ў дурных, добрых, наогул, душах.
Справа ў тым, што я зноў выйшаў уначы на крокі, пабачыў ахмістрыню са свечкай і зноў прасачыў яе да пакоя з шафай. Але на гэты раз я вырашыў не адступаць. Шафа была пустая, значыцца, шукаць трэба было там. Я пахітаў дошкі ў задняй сценцы (шафа стаяла, засунутая ў нішу сцяны), пакруціў усё, што магчыма было круціць. Пасля паспрабаваў падняць іх
Калі я ўвайшоў, яна закрычала з перапуду і паспрабавала схаваць аркуш. Я паспеў узяць яе за руку.
— Пані ахмістрыня, дайце мне гэта. І ці не скажаце вы, чаму вы кожную ноч ходзіце сюды, у таемны архіў, што робіце тут, нашто палохаеце ўсіх сваімі крокамі?
— Ух ты, бацюхна мой, які спрытны!… — незадаволена сказала яна. — Усё яму ведаць трэба.
І, відаць, таму, што знаходзілася на першым паверсе, загаварыла з выразнай народнай інтанацыяй:
— А скулля з макам ты не хочаш? Бачыце вы, што яму трэба! І аркуш схаваў. Каб ад цябе твае дзеці так хлеб на старасці год хавалі, як ты ад мяне той аркуш! У мяне, можа, больш правоў тут сядзець, чым у цябе. А ён, бачыце, сядзіць ды пытаецца. Каб на цябе так верады сядалі ды не пыталіся!
Мне гэта апрыкрала, і я сказаў ёй:
— Ты што, у турму захацела? Ты чаго тут? Ці, можа, ты адсюль дзікаму паляванню знакі даеш?
Ахмістрыня пакрыўдзілася. Твар яе сабраўся ў вялікія зморшчыкі.
— Грэх вам, пане, — ледзь вымавіла яна. — Я жанчына сумленная, я за сваім прыйшла. Вось яно ў вашай руцэ, тое, што мне належыць.
Я глянуў на аркуш. Там была выпіска з пастановы камісіі па справе аднадворцаў. Я прабег вачыма па радках і ў канцы прачытаў: «И хотя оный Закревский и до сей поры утверждает, что у него есть документы в подтверждение своих дворянских прав, а также того, что наследником Яновских по субституции является именно он, а не г-н Гарабурда, дело сие за длительностью двадцатилетнего процесса и бездоказательностью следует предать забвению, а прав дворянства, как недоказанных, г-на Закревского Исидора лишить».
— Ну, і што з гэтага? — спытаў я.
— А тое, бацюхна мой, — з'едліва праспявала ахмістрыня, — што я Закрэўская, вось што. А гэта мой бацька так судзіўся з вялікімі ды моцнымі. Не ведала я, ды, дзякуй добрым людзям, навучылі розуму, сказалі, што павінны тут недзе быць дакументы. Узяў суддзя павятовы дзесяць чырвоненькіх, але ж і параду даў добрую. Давайце аркуш.
— Не дапаможа, — сказаў я. — Гэта ж не дакумент. Тут суд шляхецтва не вызначае. Я пра гэтую праверку дробнай шляхты добра ведаю. Каб ваш бацька меў дакументы на права субстытуцыі пасля Яноўскіх — іншая справа. Але ён іх не падаў — значыцца, не меў.
Твар ахмістрыні выразіў пакутлівае імкненне дадумацца да такіх складаных рэчаў. Пасля вусны яе паехалі наперад, і яна спытала недаверліва:
— А можа, Яноўскія іх падкупілі? Кручкам гэтым толькі дай грошы! Я ведаю! І адабралі ў майго бацькі дакументы і тут схавалі.
— А дваццаць год судзіцца вы можаце?
— Я, бацюхна, да таго часу, напэўна, пайду Пану Богу порткі лугаваць.
— Ну, вось бачыце. І дакументаў няма. Усё ж перарылі.
— Усё, бацюхна, усё. Але ж свайго шкада.
Попытка возврата. Тетралогия
Попытка возврата
Фантастика:
альтернативная история
рейтинг книги
Новый Рал 5
5. Рал!
Фантастика:
попаданцы
рейтинг книги
История "не"мощной графини
1. Истории неунывающих попаданок
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
рейтинг книги
Энциклопедия лекарственных растений. Том 1.
Научно-образовательная:
медицина
рейтинг книги
