Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:

Яна какетліва ўсміхнулася да мяне і пачала строіць вочкі па няпісаных правілах пансіёнаў высакародных дзявіц: «Вочкі на субяседніка, пасля ўбок з лёгкім нахілам галавы, зноў на субяседніка, у верхні кут залы і ў зямлю».

Гэта была злосная пародыя на чалавечыя пачуцці. Усё адно як малпа пачала б нечакана спяваць песню Афеліі ў англійскім арыгінале.

— Тут прыгожа. Толькі жахліва! Уй, як жахліва! Бр-р-р!… Бр-р-р!…

Яна раптам кінулася ад мяне на падлогу і залезла галавою пад купу нейкіх брудных ануч.

— Прэч!

Прэч адсюль! Вы кароль Стах!

Жанчына білася і крычала, яе жоўтая нага выглядала з пыльных рызманоў. Я з жахам падумаў, што, магчыма, такі будзе лёс усіх людзей наваколля, калі незразумелы жах будзе і далей чорным крылом вісець над гэтай зямлёй.

Я збіраўся адступіць, як нечая рука лягла на маё плячо і грубы мужчынскі голас сказаў:

— Чаго вы тут? Хіба вы не бачыце, што яна трохі… дзівачка?

Хлоп пайшоў у перадпакой, прынёс адтуль прадзёрты партрэт мужчыны ў фраку і з «Уладзімірам» у пятлічцы і паставіў яго на стол. Пасля выцягнуў жанчыну з рызманоў, пасадзіў яе перад партрэтам.

— Пані Кульша, гэта не кароль Стах, не. Гэта з'явіўся пан фельдмаршал паглядзець на славутую тутэйшую красуню. А кароль Стах, вось ён, на партрэце, ён зусім мёртвы і нікога не можа забіць.

Жанчына паглядзела на партрэт. Сціхла. Мужчына дастаў з-за пазухі кавалак хлеба, чорнага, як зямля. Старая паглядзела на невядомага, засмяялася радасна і пачала шчыкаць пальцамі хлеб і класці яго ў рот, усё гледзячы на партрэт.

— Кароль Стах. Мужанёк ты мой. Што вароціш свой твар?!

Яна то драпала партрэт, то радасна нешта шаптала яму і ўсё ела хлеб. Мы атрымалі магчымасць размаўляць. Я глядзеў на мужчыну, апранутага ў сялянскую світку і поршні — скураныя палескія лапці, а ён глядзеў на мяне.

Мужчына быў год пад трыццаць, выключна высокі і добра складзены, з магутнымі пукатымі грудзьмі, трохі гарбаватай, калі сядзеў, спіною і загарэлай шыяй. Доўгія вусы рабілі твар суровым і жарсткаватым. Гэтаму ўражанню дапамагалі яшчэ дзве зморшчкі паміж броваў і шырока пастаўленыя пякучыя вочы. Белая магерка была насунута нізка на лоб. Чымсьці вольным, лясным веяла ад яго.

— Вы, пэўна, Рыгор, вартаўнік Кульшы?

— Так, — адказаў ён з іроніяй. — А вы, напэўна, новы госць пані Яноўскай? Чуў я пра такую птушку. Добра спяваеце.

— І вы заўжды так з ёю? — Я паказаў на старую, якая засяроджана плявала ў партрэт.

— Заўжды. Вось ужо два гады, як яна такая.

— А чаму вы яе не завязеце ў павет лячыць?

— Шкода. Як была здаровая, дык госці ездзілі, а зараз ніякая сабака… Шляхта! Паночкі нашы, туды іх…

— І цяжка даводзіцца?

— Ды не, калі я на паляванні, дык Зося глядзіць за ёю. Ды яна не часта шалее. І не патрабуе многа. Толькі хлеба вельмі многа есць, а так нічога не хоча. Ён выцягнуў з кішэні яблык і працягнуў старой:

— На, пані шаноўная.

— Не хачу, — адказала тая, упісваючы хлеб. — Паўсюль атрута, толькі хлеб чысты, божы.

— Бачыце, — сказаў

Рыгор змрочна. — Сілком раз на дзень гарачым кормім. Пальцы мне часам пакусае, калі даём, так і схопіць. А нядрэнная была пані. Ды хоць і дрэнная, нельга кідаць божую душу.

І ён усміхнуўся такой вінаватай дзіцячай усмешкаю, што я здзівіўся.

— І чаго гэта яна?

— Спалохалася пасля смерці Рамана. Усе яны тут у чаканні жывуць, і, я скажу, большасці так і трэба. Мудрагелілі над нашым братам.

— Ну, а Яноўскай таксама?

— Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада.

Я нарэшце асмеліўся. Я зразумеў — гэта не здраднік.

— Слухай, Рыгор, я прыйшоў сюды, каб спытаць пра тое-сёе.

— Пытай, — сказаў ён, таксама пераходзячы на «ты», што мне вельмі спадабалася.

— Я вырашыў разблытаць гэтую справу з паляваннем караля Стаха. Разумееш, ніколі не бачыў прывідаў, хачу рукамі памацаць.

— Прывіды… — гмыкнуў ён. — Добрыя прывіды, калі іхнія коні самым сапраўдным гноем свае сляды пэцкаюць. І потым, навошта вам гэта, пан ласкавы? Якія такія прычыны?

— Не называй ты мяне панам. Я такі самы пан, як ты. А прычына — што ж… цікава проста. І шкада гаспадыню і многіх людзей.

— Так. Пра гаспадыню і я чую, — скоса глянуў Рыгор і хмурна ўсміхнуўся. — Мы гэтыя рэчы разумеем. Гэта ўсё адно як Зося мне. А чаму ты мне не кажаш, што ты на іх злуешся, адпомсціць жадаеш? Я ж ведаю, як ты ад дзікага палявання ля ракі ўцякаў.

Я быў уражаны:

— Адкуль ведаеш?

— У чалавека ёсць вочы, і кожны чалавек пакідае след на зямлі. Толькі нявістныя не бачаць. Уцякаў ты, як чалавек з розумам. А вось горш тое, што я іхнія сляды заўжды губляю. І пачынаюцца яны, і канчаюцца на гасцінцы.

Я распавёў яму пра ўсё, з самага пачатку. Рыгор сядзеў нерухома, вялікія шурпатыя рукі яго ляжалі на каленях.

— Я даслухаў, — сказаў ён проста, калі я скончыў. — Ты мне падабаешся, пан. З мужыкоў, ці што? І я так думаю, што ты калі і не з мужыкоў, дык ля мужыкоў блізка ляжаў. І сам я даўно думаў гэтых зданях трахануць, каб пер'е паляцела, ды таварыша не было. Калі не жартуеш, давай разам. Але ж, бачу я, ты гэта толькі зараз прыдумаў: звярнуцца да мяне. Чаму раптам так прыдумаў? І чаго хацеў да гэтага?

— Чаму вырашыў, сам не ведаю. Пра цябе казалі, што ты Яноўскую, калі яна сіратой засталася, шкадаваў. Надзея Раманаўна казала, што ты нават хацеў вартаўніком у Балотныя Яліны перайсці, ды не атрымалася. Ну і потым спадабалася мне, што ты незалежны, што хворую так даглядаеш. А да гэтага я проста жадаў спытаць, чаму якраз у той вечар, калі загінуў Раман, дзяўчынка затрымалася ў Кульшаў?

— Чаму затрымалася, я ведаю. У той дзень у маёй гаспадыні дзяўчаты сабраліся з навакольных фальваркаў. Весела было. А вось чаму яе, Яноўскую, запрасілі сюды — я не ведаю, яна ж тут колькі гадоў да гэтага не была. Але пані, самі бачыце, якая, яна не скажа.

Поделиться:
Популярные книги

Север и Юг. Великая сага. Компиляция. Книги 1-3

Джейкс Джон
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Север и Юг. Великая сага. Компиляция. Книги 1-3

Корпорация «Исполнение желаний»

Мелан Вероника
2. Город
Приключения:
прочие приключения
8.42
рейтинг книги
Корпорация «Исполнение желаний»

Вечный. Книга II

Рокотов Алексей
2. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга II

Фиктивный брак

Завгородняя Анна Александровна
Фантастика:
фэнтези
6.71
рейтинг книги
Фиктивный брак

Николай I Освободитель. Книга 2

Савинков Андрей Николаевич
2. Николай I
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Николай I Освободитель. Книга 2

Даррелл. Тетралогия

Мельцов Илья Николаевич
Даррелл
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Даррелл. Тетралогия

Измена. Верни мне мою жизнь

Томченко Анна
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Верни мне мою жизнь

Архонт

Прокофьев Роман Юрьевич
5. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.80
рейтинг книги
Архонт

Хозяин Теней 3

Петров Максим Николаевич
3. Безбожник
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Хозяин Теней 3

Совершенный: Призрак

Vector
2. Совершенный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Совершенный: Призрак

Диверсант. Дилогия

Корчевский Юрий Григорьевич
Фантастика:
альтернативная история
8.17
рейтинг книги
Диверсант. Дилогия

Блокада. Знаменитый роман-эпопея в одном томе

Чаковский Александр Борисович
Проза:
военная проза
7.00
рейтинг книги
Блокада. Знаменитый роман-эпопея в одном томе

Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Цвик Катерина Александровна
1. Все ведьмы - стервы
Фантастика:
юмористическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря