Гісторыя пра адсечаную руку
Шрифт:
Судовы чыноўнік загадаў мне ісці за ім. Мы прыйшлі ў вялікі будынак, у якім я хутка пазнаў турму, і ён зачыніў мяне ў цямніцы.
Там на самоце задумаўся я пра сваё жахлівае становішча. Думка, што я – няхай нават і супраць волі – зрабіўся забойцам, не адступалася ад мяне. І я не мог таксама не прызнаць, што бляск золата затуманіў мне розум, інакш хіба мог бы я так бяздумна трапіць у пастку! Праз дзве гадзіны пасля ўвязнення мне загадалі выйсці з цямніцы. Вялізныя сходы вялі ўніз, у вялікую залу. Вакол доўгага, засланага чорным стала сядзелі дванаццаць мужоў, пераважна старых. Уздоўж сцен цягнуліся лаўкі, на якіх размясціліся прадстаўнікі фларэнтыйскай арыстакратыі, а на галерэі ўверсе шчыльна тоўпіліся гледачы. Калі мяне падвялі да чорнага стала, падняўся чалавек
Аднак сенатар асудзіў ягонае ўмяшальніцтва, бо ён сам перадаў свае правы, а таксама заўважыў, што ён бяздоказна абвінавачвае мяне ў карысталюбстве, бо, паводле ягоных жа словаў, у забітай нічога не знікла. Ён пайшоў яшчэ далей і патлумачыў губернатару, што той мусіць даць справаздачу аб жыцці ягонае дачкі, бо толькі ведаючы ўсе акалічнасці, можна меркаваць, праўду я сказаў альбо не. На гэтым сенатар спыніў сённяшняе паседжанне, як ён патлумачыў, з прычыны пільнае небходнасці азнаёміцца з перададзенымі губернатарам паперамі памерлай. Мяне прывялі назад у маю вязніцу, дзе я зноў і зноў перажываў гэты страшны дзень, пестуючы разам з тым надзею, што адшукаецца хоць якая-небудзь сувязь паміж забітай і чырвоным плашчом. Поўны спадзяванняў, ступіў я назаўтра ў судовую залу. На стале было шмат лістоў. Стары сенатар спытаўся ў мяне, ці мой гэта почырк. Я паглядзеў на паперы, і мне падалося, што напісаныя яны той самай рукой, што і дзве атрыманыя мною цыдулкі. Гэта я і сказаў сенатару. Аднак словы мае не былі прынятыя да ўвагі, і мне заўважылі, што маё аўтарства відавочнае, тым больш пад лістамі стаіць подпіс “Ц.” – першая літара майго імені. У лістах жа гэтых утрымліваліся пагрозы на адрас памерлай і папярэджанні наконт вяселля, прычым усе яны былі цалкам ажыццёўленыя.
Губернатар даваў дзіўныя тлумачэнні адносна маёй асобы, і наогул абыходзіліся са мною сёння недаверліва і сурова. Каб апраўдацца, я спаслаўся на паперы, якія павінныя былі знайсціся ў маім пакоі. Аднак мне было заяўлена, што там ужо шукалі і нічога не знайшлі. Так пад канец гэтага дня я страціў рэшткі надзеі, і калі мяне прывялі ў судовую залу на трэці дзень, я пачуў, што мяне за спланаванае і здзейсненае забойства асудзілі на смяротнае пакаранне. Такі вось выпаў мне лёс. Мала таго, што пакінуў я тое адзінае, што было мне яшчэ дарагім на гэтай зямлі, – маю радзіму, дык яшчэ мушу, няшчасны, памерці ад сякеры ў самым росквіце гадоў.
Вечарам жахлівага дня, які вырашыў мой лёс, сядзеў я ў самотнай сваёй вязніцы. Надзея пакінула мяне, а ўсе думкі былі пра смерць. Раптоўна дзверы турмы адчыніліся і зайшоў нейкі чалавек. Ён доўга моўчкі глядзеў на мяне. “Вось так давялося нам зноў сустрэцца, Цалёўкас”, – прамовіў ён. Пры цьмяным святле лямпы я не пазнаў яго, аднак гучанне ягонага голасу разварушыла ўва мне старыя ўспаміны. Ну канечне, гэта быў Валеці, адзін з нешматлікіх сяброў, якіх я знайшоў падчас навучання ў Парыжы. Ён расказаў, што выпадкам трапіў у Фларэнцыю, дзе бацька ягоны быў паважаным чалавекам, пачуў пра маю гісторыю і прыйшоў сюды, каб ад мяне самога даведацца, як мог я ўчыніць такое цяжкое злачынства. Я расказаў яму сваю гісторыю. Ён быў вельмі здзіўлены і заклінаў мяне расказаць яму, свайму адзінаму сябру, усю праўду, каб не ісці на пакуты з цяжарам хлусні. Я прысягнуў яму ўсімі святымі, што расказаў чыстую праўду і што няма на мне іншай віны, акрамя той, што, аслеплены бляскам золата, не мог заўважыць неверагоднасці апавядання
Валеці ўзяў мяне ў свой дом, і я жыў там, пакуль канчаткова не ачуняў. Пасля ж ён даў мне даволі значную суму грошай для падарожжа, бо ўсё, што зарабіў я цяжкой працай, стала здабычай суда. З Фларэнцыі я накіраваўся ў Сіцылію, а адтуль на першым жа караблі – у Канстанцінопаль. Я спадзяваўся на тыя грошы, што пакінуў сябру, а таксама папрасіўся пажыць у яго некаторы час. Аднак якім было маё здзіўленне, калі ён спытаўся, чаму я не хачу пасяліцца ў сваім уласным доме! Аказваецца, нейкі іншаземец набыў на маё імя дом у грэцкім квартале і сказаў суседзям, што і сам я прыеду неўзабаве. Не марудзячы, я пайшоў туды разам з сябрам і быў радасна сустрэты ўсімі маімі знаёмымі. Адзін стары купец перадаў мне ліст, які пакінуў тут той, хто купіў для мяне дом.
Я прачытаў: “Цалёўкас! Дзве рукі будуць нястомна клапаціцца, каб ты не заўважаў страты адной. Дом, у якім ты знаходзішся, а таксама ўсё, што ёсць у доме, належыць табе. Акрамя таго, штогод ты будзеш атрымліваць суму, дастатковую, каб належаць да самых багатых людзей твайго народа. Павер, я больш няшчасны, чым ты”. Я мог здагадацца, хто напісаў гэты ліст, ды і стары купец на маё пытанне адказаў: “Гэта быў мужчына, здаецца, франк, ён насіў чырвоны плашч”.
Усё сведчыла пра тое, што незнаёмец не зусім быў пазбаўлены высакароднага ладу думак. У маім новым доме ўсё было ўладкавана найлепшым чынам, а тавары ў лаўцы былі нават лепшымі за страчаныя.
З таго часу мінула ўжо дзесяць гадоў. Больш па старой звычцы, чым з неабходнасці, выпраўляюся я ў гандлёвыя падарожжы, аднак ніколі больш не наведваў краіну, дзе стаў такім няшчасным. Штогод я атрымліваю тысячу залатых, і хоць гэта, прызнаюся, цешыць мяне, няшчасны незнаёмец павінен ведаць, што ягоныя грошы не могуць выкупіць смутак маёй душы, бо назаўжды будзе жыць у ёй жудасны вобраз забітай Б’янкі.
Цалёўкас, грэцкі купец, скончыў сваё апавяданне. Усе слухалі яго з вялікім спачуваннем, асабліва ж узрушаным выглядаў іншаземец, і Мулею нават здалося, што ён выціраў слёзы. Доўга разважалі яны пра гэтую гісторыю.
“Вы, напэўна, ненавідзіце гэтага незнаёмца, праз якога страцілі найвысакароднейшую частку цела ды яшчэ ледзь не развіталіся з жыццём?” – спытаўся іншаземец.
“Раней і праўда былі часы, калі маё сэрца вінаваціла яго перад Госпадам за тое, што ён распаліў ува мне гэты смутак і атруціў усё маё жыццё, ды я знайшоў суцяшэнне ў веры маіх дзядоў, а яна вучыць нас любіць ворагаў нашых. Да таго ж гэты чалавек сапраўды больш няшчасны, чым я”.