Героі Элады
Шрифт:
Так дайшоў ён да палаца ўладара падземнага царства - Аіда і апынуўся ў вялікай і змрочнай зале. Высока на залатым троне сядзеў грозны Аід і побач з ім яго прыгожая царыца Персефона.
З бліскучым мячом у руцэ, у чорным плашчы, з вялізнымі чорнымі крыламі, стаяў за спіной Аіда бог Смерці, а вакол тоўпіліся яго прыслужніцы, Керы, што лятаюць на полі бою і адбіраюць жыццё ў воінаў. Збоку ад трона сядзелі суровыя суддзі падземнага царства і судзілі нябожчыкаў за іх зямныя справы.
У цёмных кутках залы, за калонамі, хаваліся Ўспаміны. У іх у руках
Шмат розных страшыдлаў убачыў Арфей у царстве мёртвых: Ламію, якая выкрадае начамі маленькіх дзяцей у маці, і жудасную Эмпузу з аслінымі нагамі, якая п'е кроў людзей, і лютых сцігійскіх сабак.
Толькі малодшы брат бога Смерці - бог Сну, юны Гіпнас, прыгожы і вясёлы, лятаў па зале на сваіх лёгкіх крылах, перамешваючы ў сярэбраным розе сонны напітак, перад якім ніхто на зямлі не можа ўстаяць, - нават сам вялікі Грамавержац Зеўс засынае, калі Гіпнас пырскае ў яго сваім зеллем.
Аід грозна зірнуў на Арфея, і ўсе навокал задрыжалі.
Але спявак наблізіўся да трона змрочнага ўладара і заспяваў з яшчэ большым натхненнем: ён спяваў пра сваё каханне да Эўрыдыкі.
Не дыхаючы слухала песню Персефона, і слёзы каціліся з яе прыгожых вачэй. Грозны Аід схіліў галаву на грудзі і задумаўся. Бог Смерці апусціў уніз свой бліскучы меч.
Спявак змоўк, і доўга панавала маўчанне. Тады ўзняў галаву Аід і спытаў:
– Што ты шукаеш, спявак, у царстве мёртвых? Скажы, чаго ты хочаш? І я абяцаю табе выканаць тваю просьбу.
Арфей сказаў Аіду:
– Уладар! Кароткае наша жыццё на зямлі, і ўсіх нас калі-небудзь спатыкае Смерць і прыводзіць у тваё царства, - ніхто са смяротных не можа пазбегнуць яе. Але я, жывы, сам прыйшоў у царства мёртвых прасіць цябе: вярні мне маю Эўрыдыку! Яна яшчэ так мала пражыла на зямлі, так мала паспела пацешыцца, так нядоўга кахала... Адпусці, уладар, яе на зямлю! Дай ёй яшчэ крыху пажыць на свеце, дай ёй пацешыцца сонцам, цяплом і святлом і зелянінай палёў, вясновай прыгажосцю лясоў і маім каханнем. Усё роўна ж пасля яна вернецца да цябе!
Так гаварыў Арфей і прасіў Персефону:
– Заступіся за мяне, прыгажуня царыца! Ты ж ведаеш, якое цудоўнае жыццё на зямлі! Памажы мне вярнуць маю Эўрыдыку!
– Няхай будзе так, як ты просіш!
– сказаў Аід Арфею.
– Я вярну табе Эўрыдыку. Ты можаш забраць яе з сабою наверх, на светлую зямлю. Але ты павінен паабяцаць...
– Усё, што загадаеш!
– усклікнуў Арфей.
– Я гатовы на ўсё, каб толькі ўбачыць зноў маю Эўрыдыку!
– Ты не павінен бачыць яе, пакуль не выйдзеш на святло, - сказаў Аід.
– Вяртайся на зямлю і ведай: следам за табою будзе ісці Эўрыдыка. Але не азірайся назад і не спрабуй паглядзець на яе. Азірнешся - страціш яе навекі!
І Аід загадаў, каб Эўрыдыка ішла следам за Арфеем.
Шпарка пакрочыў Арфей да выхада з царства мёртвых. Нібы дух, мінуў ён краіну Смерці, і цень Эўрыдыкі ішоў за ім. Яны селі ў лодку Харона, і ён моўчкі перавёз іх зноў на бераг жыцця. Крутая камяністая
Павольна падымаўся па ёй Арфей. Цёмна і ціха было вакол і ціха было ў яго за спіной, быццам ніхто і не ішоў за ім. Толькі сэрца яго стукала: «Эўрыдыка! Эўрыдыка!»
Нарэшце наперадзе пачало святлець, выхад на зямлю быў ужо блізка. І чым бліжэй быў выхад, тым святлей рабілася наперадзе, і вось ужо ўсё стала добра відаць навокал.
Трывога сціснула сэрца Арфея: ці тут Эўрыдыка? Ці ідзе за ім? Забыўшы пра ўсё на свеце, Арфей спыніўся і азірнуўся.
– Дзе ты, Эўрыдыка? Дай зірнуць на цябе!
На імгненне, зусім блізка, ён убачыў мілы цень, дарагі, прыгожы твар... Але толькі на імгненне. Адразу ж цень Эўрыдыкі адляцеў, знік, растаў у цемры.
– Эўрыдыка?!
З роспачным крыкам пачаў Арфей спускацца назад па сцяжынцы і зноў прыйшоў на бераг чорнага Сцікса і клікаў перавозчыка. Але дарэмна ён прасіў і клікаў: ніхто не адазваўся на яго просьбы. Доўга сядзеў Арфей на беразе Сцікса адзін і чакаў. Ён не дачакаўся нікога.
Давялося яму вярнуцца на зямлю і жыць. Але ён не мог забыць сваю адзіную каханую - Эўрыдыку, і памяць пра яе жыла ў яго сэрцы і ў яго песнях.
Геракл
Нараджэнне героя
Калі надышоў час нарадзіцца Гераклу, багі на Алімпе балявалі. Уладар свету Зеўс абвясціў багам, што ў гэты час на зямлі сярод людзей народзцца найвялікшы герой, які будзе адораны магутнай сілай, здзейсніць вялікія подзвігі і праславіцца на ўсе часы.
– Ён будзе маім любімым сынам, я дам яму ўладу над усёй Грэцыяй, і іншыя героі будуць служыць яму, - сказаў Зеўс.
Гера, жонка Зеўса, пакрыўдзілася, што такую сілу і славу Зеўс хоча даць сыну звычайнай жанчыны. Адразу ж у яе ўзнік хітры план. Яна сказала Зеўсу:
– Пакляніся, што той, хто першы народзіцца ў гэтую часіну, атрымае ўладу над усёй Грэцыяй і астатнія героі павінны будуць служыць яму!
Калі б Зеўс зірнуў у гэты момант на багіню, ён зразумеў бы, што яна задумала нядобрае, бо ні ў кога на зямлі і на небе не магло быць таямніц ад уладара свету ні ў справах, ні ў думках. Але ў гэтую хвіліну Ата, багіня падману, адцягнула яго ўвагу, і Зеўс не прыкмеціў хітрасці Геры. Ён падняў сваю залатую чашу і сказаў:
– Клянуся! Так будзе!
Дзве жанчыны на зямлі чакалі ў той час дзіцяці: у Фівах царыца Алкмена, якую Зеўс выбраў у маці вялікаму герою, і ў Мікенах аргоская царыца. Тады Гера сваёй уладай затрымала нараджэнне аднаго і паскорыла з'яўленне другога. І вось спачатку нарадзіўся на свет з жаласным плачам кволы і слабы аргоскі царэвіч Еўрысфей, а пасля яго ўжо сын Алкмены. Як толькі нарадзіўся Еўрысфей, Гера сказала Зеўсу:
– Радуйся, Грамавержац: толькі што на зямлі нарадзіўся той, каго ты абяцаў зрабіць гаспадаром усёй Грэцыі!