Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)
Шрифт:
– Прозьвiшча тваё як?
– Бянькоў, - з пакутаю выдыхнуў Iван.
– Ну дык што, Бянькоў... Калi хочаш выйсьцi з гэтага гадзючнiку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?
Iван у адказ кiсла пасьмiхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, якi ляжаў на суседнiм ложку i справаю якога зьбiраўся заняцца сам генэрал? I ўсё ж, каб не пакрыўдзiць
– Згода.
Праз пару гадзiн Мамедава паклiкалi на допыт. Застаўшыся на самоце, Iван доўга хадзiў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзiў, лiчачы пры гэтым крокi, i акурат ў той момант, калi ён зрабiў семсот сорак трэцi крок, дзьверы камэры расчынiлiся, i на парозе паўстаў перацягнуты рамянямi сяржант.
– Есьцi табе прынёс, - прабурчэў сяржант, несучы алюмiнiевую талерку i шклянку гарбаты.
Сяржант паставiў талерку i шклянку на адкiдны столiк, спытаў Iвана, цi хоча той у прыбiральню, i, паправiўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.
Iван праглынуў ежу i адчуў сябе весялей - нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзiнскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён i прыслухоўваўся да кожнага калiдорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзiў час, усё радзей чулiся на калiдоры людзкiя крокi, а калi гэтых крокаў зусiм ня стала чутна, Iван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.
Ноччу ён ляжаў, закiнуўшы рукi за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, i думаў пра мацi. У начной цiшы яму мроiўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якiя прагучалi знадворку: "Ваня, не пускаюць да цябе!" Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапiўся рукамi за краты i доўга наструньваў слых у намаганьня ўцямiць, цi гэта сапраўды быў матчын голас, цi гэта толькi здалося.
Ранiцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры i павёў па сходах на другi паверх. Яны прайшлiся доўгiм калiдорам, павярнулi направа i спынiлiся перад дыхтоўнымi, абабiтымi чорным дэрмацiнам дзьвярыма. Сяржант адчынiў дзьверы, упiхнуў галаву ў пройму:
– Iван Iванавiч... Бянькоў...
Iван
Iван Iванавiч акiнуў цёзку калючым позiркам i, паказаўшы на крэсла, запытаў:
– На Мамедава даўно працуеш?
Iван прысеў самы на край крэсла i, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:
– Нядаўна.
– А ты, Бянькоў, артыст. Паглядзець на цябе - дык дурыла дурылам. Нiколi б не падумаў, што ты на гэтую свалату працуеш, - сказаўшы слова "свалату", маёр зрабiў паўзу i кiўнуў у бок брэжнеўскага партрэту.
– Сам хоць гэтую брыдоту ня палiш?
– Якую брыдоту?
– не зразумеў Iван.
– Ды анашу... анашу...
– грымнуў маёр i падняўся з крэсла.
– Глядзi, хлопец... Цяпер ты ў нас вось тут...
– цяжкая маёрава рука апусьцiлася на стос папераў.
– Болей не пападайся. Згнаiм! I мая табе парада - завязвай ты з гэтымi анашыстамi. Чуеш?
Маёр узяў Iвана за шкiрку, падвёў да дзьвярэй, i яшчэ празь iмгненьне падсьледны вылецеў з габiнэту, атрымаўшы пры гэтым ладнага кухталя i ня меней ладнага высьпятка. Акурат у гэты момант па калiдоры iшла знаёмая кабета ў караценькай спаднiцы, i Бянькоў, падаючы долу, мiжволi схапiў яе за голыя каленi.
– Ай, ай, хто гэта?
– усклiкнула маладзiца, падскочыла на месцы, а маёр, задаволена рагатнуўшы, растлумачыў:
– Гэта яму на разьвiтаньне. Каб болей не пападаўся.
Стогнучы i трымаючыся за бакi, Iван выйшаў на двор, дацягнуўся да блiжэйшай лавы i, прысеўшы на левую кумпячыну, перавёў дых. Балела ня толькi нiжэй сьпiны, але i сама сьпiна, i карак, i галава, i суворы мiлiцыянт з плякату, што вiсеў на суседнiм будынку, замарачна мiтусiўся ўваччу. Ён прымружыўся, пацёр павекi i ўбачыў перад сабою задаволеную фiзiяномiю Мамедава.
– Паехалi, абмыем свабоду, - прамовiў каўказец i паказаў рукой на шэрую "Волгу", якая стаяла непадалёку...