Госць прыходзіць на золкім світанні
Шрифт:
— Вашы хлопцы малайцы, — сказаў раптам Антось, — узялі яго спрытна.
Думкі яго мітусіліся. Гучна стукала ў скроні кроў, і ён сказаў гэта толькі, каб сказаць нешта, каб была адтэрміноўка, каб сабрацца з думкамі.
Аксамітны кот усміхнуўся сваім думкам.
— Дарэчы, яны на вас трохі злуюцца: вы сапсавалі ім астатак ночы. Скажу вам па сакрэту: у вашага суседа ёсць тры цудоўныя дачкі, і яны м-м… з некаторай прыхільнасцю прымаюць залёты чароўных маладых шалапутаў. Гэтыя вісусы якраз чакалі з машынаю, пакуль птушкі вылетуць
У Антося пабеглі па спіне мурашкі, сцюдзёны холад папоўз аднекуль з грудзей у ніз жывата і застаўся там, пакутлівы і страшны.
— Што зрабілі з гэтым чалавекам? — здранцвелымі вуснамі спытаў ён.
— Павесілі, — спакойна сказаў гаспадар і прыбавіў: — На жаль, ён маўчаў, як рыба. Вам трэба было згадзіцца пайсці з ім, каб пасля ўсіх вымесці пад мятлу. Але я вас не вінавачу. Калі сумленнаму і гарачаму чалавеку прапаноўваць такое — ён дае волю першаму імпульсу.
І раптам пажвавеў, захапіўшыся нейкай ідэяй.
— А мы зробім вось што. Мой Гельмут вялікі аматар кіно. Сам робіць здымкі. Я яшчэ папікнуў яго, што ён здымае найбольш узрушваючыя сцэны гэтага допыту. Цяпер бачу, што дарэмна. Пройдзем да яго, гэта тут, поруч.
І ласкавым старэчым рухам узяў Доўгага пад руку.
Пакуль афіцэр з асабістай аховы рыхтаваў усе прылады, пакуль расцягвалі на сцяне палатно, Доўгі сядзеў з закрытымі вачыма і, толькі калі засакатаў апарат і да экрана пацягнуўся дымны конус святла, адкрыў іх. Ён глядзеў на экран з прагнасцю, ён хацеў упэўніцца ў тым, што ўсё гэта страшны сон, што яго правацыравалі.
І ён зноў пабачыў твар свайго старога знаёмага і заўважыў, што ён зусім не непрыемны. Звычайны пухлы вясковы твар. Такіх многа на поўначы Беларусі. Магчыма, новае ўражанне з'явілася ў яго сэрцы таму, што твар начнога госця быў асветлены нейкай дзіўнай унутранай годнасцю. А пяшчотны голас шаптаў над вухам Антося:
— Вось яго прывялі… На пытанні аб прозвішчы адказаў. Абазваў нас гогам і магогам і яшчэ казалупамі… А вось яшчэ…
Кадры былі цьмяныя, невыразныя. Антось бачыў, як бязгучна рухаліся вусны чалавека і тых, што яго дапытвалі. Усміхаюцца, ашчэрваюцца… Якога д'ябла ён здаўся яму несімпатычным? Хіба мала ёсць людзей, у якіх морда авечая, а душа чалавечая?.. Зноў бязгучна размаўляюць, зноў бязгучна крычаць… Гэта страшна, як у недарэчным сне. Матухна, ратуй мяне, няўжо я зрабіў непапраўнае!!!
— Хлопцы пагарачыліся. Але што рабіць? Такая агідная фанабэрыстая пагарда. Сказалі яму, як ён трапіў да нас, — толькі плюнуў. І з гэтага моманту зусім перастаў адказваць.
А перад Антосем плылі і плылі кадры, адзін агідней за другі. На працягу дваццаці хвілін на яго вачах з соннага цельпукаватага чалавека зрабілі тое, чаму не было назвы на чалавечай мове. Сціснуўшы зубы, каб не залаяць, Антось учапіўся рукамі ў крэсла. Божа мой, што з ім рабілі, што з ім толькі рабілі! І гэта была праўда, ён зараз ведаў гэта. І хваля агіды да сябе, такое агіды,
— Бачыце, нічога не дабіліся. Вырашылі спісаць. І чаго, дурань такі, лез на ражон? Што даказаў?
Антось пабачыў грузавік пад шыбеніцай, пасля — буйным планам — твар чалавека, знявечаны, але абмыты дзеля такой прыгоды ад крыві. І вакол людзі, прыстойныя, рэспектабельныя людзі. Шмат нядрэнных на твар. Няўжо яны не разумеюць, што тры тысячы год чалавек просіць аб адным: каб адчапіліся, каб далі яму магчымасць рабіць і есці хлеб, кахаць жанчын, расціць дзяцей. Не адчэпяцца. Хіба яны такія?!
— Бачыце, адмовіўся ад ксяндза. Сказаў, што калі і ён з намі, дык яму таямніцу споведзі парушыць, як дзіцёнка зрабіць, — лёгка.
І раптам на твары чалавека на экране Антось пабачыў усмешку, такую ясную, такую чалавечую ўсмешку, такую абазнаную і глыбокую і пагардлівую, што свет закруціўся перад яго вачыма.
Грузавік паехаў, і цела, інстынктыўна чапляючыся за край пляцоўкі нагамі, наўскос слізганула ў паветра, закачалася.
Звон, нясцерпны звон, пачынаючы з тонкага "ці-ці-ці" і канчаючы ўсеабдымным, жахлівым, не маючым меж, запаланіў усю істоту Доўгага.
Антось страціў прытомнасць.
Апрытомнеў ён на канапе. Галава ягоная была мокрай, і нехта торкаў да губ шклянку з віном, і пяшчотны голас спяваў над вухам:
— Вось і самлеў. Якія ж тонкія ў вас, мастакоў, нервы.
І мяккая рука гладзіла Антося па валасах.
— Нічога, дарагі, нічога…
Адчуваючы, што ён зараз наробіць страшнае, Антось прыўзняўся, сеў, павольна стаў на дрыжачыя ногі. Самым лёгкім было стукнуць чымсьці гаспадара па галаве.
Але Доўгі сказаў:
— Мне вельмі дрэнна. Я — дадому.
— Добра, любанькі, добра. Пажывіце яшчэ дні з два ў вашай халупе, а пасля ў вас будзе ўсё-ўсё патрэбнае.
І аксамітны кот раптам афіцыяльна выпрастаўся.
— За доказ шчырай, патрыятычнай, высокаперакананай лаяльнасці імперыя і Вайсрутэнія дзякуюць вам. Я асабіста абяцаю, што буду патрабаваць ад фюрэра высокай узнагароды для вас.
І ён паціснуў, як мяккімі падушачкамі, руку Антося, што безжыццёва вісела наўсцяж цела.
V
…Болыш жахлівай ночы Антосю не даводзілася перажываць у жыцці. Толькі на хвіліну з'яўляліся вартыя жалю апраўданні перад сабою: "я не ведаў", "ён так падазрона выглядаў", "акцэнт", "афіцэры чакалі", а потым памяць падсоўвала гэта непрыемнае, але такое чалавечае аблічча, чыстае, знявечанае, асветленае ўсмешкай, якая з'яўлялася на тварах тых людзей, што многа пакутавалі, а зараз бачаць перад сабою вялікае Невядомае.
"Як я мог так легкаважна аддаць яго ў рукі ворагу? Якое права меў я судзіць яго? Якое людзі, наогул, маюць права судзіць тых, што не горшыя за іх".