Госць прыходзіць на золкім світанні
Шрифт:
Але ўжо ў наступную хвіліну ён зразумеў недарэчнасць сваёй злосці і замест яе з'явіўся роздум: што рабіць зараз, як выкруціцца з непрыемнага становішча. Згадзіцца — у вокамгненне апынешся разам з карцінамі ў адным вельмі непрыемным асабняку, а адтуль прамы шлях па гасцінцы, за драты.
I гэта не раней, як знявечаць у вышэйпамянёным будынку. Або нават проста будзеш боўтацца ў кажамякі на шастку перад гістарычным будынкам ратушы. Прагнаць з кватэры — усё адно канец. Гэта правакацыя, ім трэба ўтапіць яго, а для гэтага прычына падыходзіць. Гэты мярзотнік, што засяроджана глядзіць
Твар Антося, грубаваты і кашчавы, з вельмі густымі і чорнымі бровамі, быў непарушальна-абыякавы, і толькі па дрыжачым левым павеку можна было здагадацца, якая цяжкая дума мучае яго.
— Ці нельга будзе даць дзень адтэрміноўкі? — спытаў ён. — Я павінен зрабіць тое-сёе.
— Нельга, — з незразумелай, настойлівай ласкавасцю сказаў чалавек, — у нас няма часу.
— Та-ак, — працягнуў Антось. Ён ведаў: адтэрміноўкі не будзе.
А чалавек раптам спытаў:
— Вы не ведаеце часам, ці не застаўся ў горадзе яшчэ нехта з мастакоў, каму патрэбна дапамагчы? Іх так цяжка адшукаць.
— Не, не ведаю, — суха кінуў Антось.
Ён не мог устрымацца ад падазронай непрыязнасці і варожасці да гэтага чалавека.
"Нюхае, падла", — злосна падумаў ён.
А чалавек даў яшчэ адно недарэчнае пытанне:
— Можа, у вас яшчэ ёсць нешта схаванае? Калі ёсць зброя — бярыце. Які-небудзь там хаця… наган. Гэта карысна.
"Вядома, карысна, — падумаў Антось, — толькі для каго. Гэта будзе не проста спроба ўцячы ў лес, а захаванне зброі. За гэта з усіх навакольных кварталаў, з усіх жыхароў пячонкі выцягнуць".
Бліскавічная думка асяніла яго.
— Пачакайце тут, я зараз.
I, спакойна адхінуўшы занавеску, выйшаў у маленькі калідорчык. Справай хвіліны было прайсці адтуль у суседні разбіты пакой і, па разваленых чорных сходах (Антось быў спрытны, як котка), спусціцца ў ніжні паверх дома, таксама разбіты. Там ён бязважкімі, як у самнамбула, крокамі прайшоў па купах бітай цэглы і спыніўся за ўламкам мура.
Поруч быў парадны ганак яго дома, і тое, што ён пабачыў за ім, зусім не здзівіла яго.
Трохі наводдаль, хаваючыся ў цемры, распрасталася доўгая цёмная машына, а ля параднага стаялі тры нерухомыя постаці.
— Зараз ужо хутка, — сказала адна постаць па-нямецку.
— Закурым, Гельмут? — азваўся прыемны хрыпаты бас.
Чыркнула запальніца. Немцы яшчэ не вельмі трымаліся правіл светамаскіроўкі. Мігатлівы агеньчык асвятліў на хвіліну бляху фельдпаліцая, пасля адзін гестапаўскі пагон, пасля чыйсьці твар з рэзкімі ценямі ля носа.
Антось аж закалаціўся ад халоднай ярасці.
"Па маю душу прыехалі. Нават не хаваюцца. І машына, бач, распласталася, як жаба. Ну не, няма дурных. І размаўляюць голасна. Гаспадары… упэўненыя… на дурасць нашу спадзяюцца".
Можна было б уцячы, але ў кватэры засталіся карціны, плён гэтых жахлівых месяцаў.
А голас гулліва сказаў:
— А птушка ў гняздочку.
І яны засмяяліся.
Антось зразумеў з поўнай яснасцю, што яму трэба рабіць. Вы думалі спаймаць мяне, а спаймаю вас я, пасмяюся над вамі я.
— Ніхт шыс'н. Іх бін камрад.
Яны не выявілі здзіўлення, калі Антось расказаў ім усё. Але ён мог бы пабажыцца, што пабачыў на твары фельдпаліцая выраз прыкрасці і расчаравання.
Калі ён вярнуўся ў пакой, чалавек сядзеў ля самаробнага мальберта і, сцягнуўшы пакрывала, разглядаў чарнавы накід "Загібелі горада": агонь, які сцелецца па зямлі, палаючыя галавешкі, што птушкамі ляцяць кудысь, чорная мітусяніна людзей на пераправе.
— А яны за такое не пахваляць. — І ён абвёў рукою накіды і малюнкі, нагрувапічаныя ў найбольш сухім кутку.
— Якая мне справа, — буркнуў Антось. — Я фатограф жыцця.
Дапытлівая дзіўная ўсмешачка блукала на тлустых губах начнога госця. Антось не мог утрымацца, такая гэта была неталенавітая правакацыя, такое відавочнае жаданне коткі пагуляць са спайманай мышшу.
— Неабдараваны вы чалавек. І справу ведзяцё бяздарна. Начальства — яно за гэта не пахваліць.
І накінуў зноў пакрывала. Чалавек са здзіўленнем глянуў на яго. Ён стаяў спіною да дзвярэй у той момант, калі яны адчыніліся. Наступнае адбывалася, можа, якую долю хвіліны і зроблена было па-майстэрску: дзве рукі на запясцях начнога госця, дзве рукі на локцях, лёгкі штуршок у локці, і вось постаць яго сагнулася наперад, павісла, як на прэнчу. Доўгі не заўважыў і ценю здзіўлення на яго твары, калі руля "вальтэра" ўціснулася госцю паміж лапатак.
— Марш!
— Не чапайце мяне, не буду скардзіцца, — агрызнуўся арыштаваны.
У адказ ss-ман злёгку штурхнуў яго нагою пад жыжыкі, і той, нахіліўшыся, як быццам яго ванітавала, выплыў разам з канваірам у цемру пляцоўкі.
Другі афіцэр скінуў з мальберта пакрывала. У вачах яго загарэлася амаль пяшчотнае захапленне, веі павільгатнелі.
— О-о! Прыма.
Антось чуў, як яны спускаюцца па сходах. Вось адпусцілі, напэўна, рукі, вось сядаюць у машыну. Роў матора. Зараз нехта з іх дасць няўдаламу Відоку поўху — за дурасць.
Ён усміхнуўся і закрыў вочы. Трэба было ўцякаць.
IV
І ўсё ж яму не ўдалося ўцячы. Два дні ён рыхтаваў схованку эскізаў, малюнкаў і накідаў, а на трэці дзень за ім прыехалі на доўгай чорнай машыне.
Пасярэдзіне галоўнай вуліцы быў расчышчаны ад цэглы толькі вузкі праезд для машын, і Доўгі здзіўляўся, чаму ўсе машыны, нават плямістыя ваенныя, нават белыя штабныя даюць ім дарогу. Ён азірнуўся. Поруч з ім, як ідал, застыў чалавек у цывільным. Ля яго ног сядзеў вялізны сабака-сышчык і глядзеў на Антося чалавечымі вачыма. Антось быў упэўнены, што яго заарыштавалі, і, калі машына пад'язджала да вялікай каробкі чатырохпавярховага дома, паклаў руку на ручку дзверцаў.