Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
І толькі тады ён зразумеў, што людзі крычалі яму. Забіты быў не той. Два берлагі былі на адной галявіне. Адзін пад вываратнем, і ў ім, відаць, спала мядзведзіца, і нездарма так доўга не маглі абудзіць яе аўчары. А другі быў тут, побач, яны заўважылі б яго, каб не начны снег. І ў ім, менавіта ў ім, ляжаў, пакутуючы ад бяссонніцы і голаду, той, каго шукалі яны.
Мядзведзь вылез з-пад высокай, сажня на паўтара, занесенай снегам гурбы, якую ўсе яны, і пан Юры ў тым ліку, палічылі за мурашнік. І гэта быў, безумоўна, той: тут памыліцца не
У вузкіх дрымучых вачах звера было нешта пячорнае. Стары, але яшчэ ў поўнай сіле волат. Дзесяць сажняў… Не паспееш перазарадзіць.
Нож… Рацішча… Няма на свеце мядзведзя, які перад нападам не стаў бы на заднія лапы. Добра… Але як блізка і які вялікі! Які пачварна вялікі!.. Пан Юры на імгненне адчуў, як ледзянымі іголкамі асыпалася ўсё ў целе… А потым гэта знікла, і ён узняў стрэльбу. І твар стаў драпежны і строгі, ён сам адчуваў гэта. І ў сэрцы спакойна ўзнікла вялікае, спакойнае захапленне барацьбы.
Усё гэта адбылося за якую долю секунды. Яшчэ раней, чым пан Юры ўзняў стрэльбу, звер кінуўся на яго. Узараная бурым целам снежная баразна плыла за ім.
Мядзведзь бег з нечаканай хуткасцю, нiбы кацiўся. Калыхаўся ў паветры горб, куцапыя лапы выкiдалiся наперад — спачатку абедзве левыя, потым абедзве правыя — i мякка пляскалi ў снег. Лабастая галава, як трохкутны шчыт, была пагрозлiва апушчана.
Вочы глядзелі ў вочы.
Галодны, у роспачы, не разумеючы, што гэта такое робіцца, пакутуючы ад болю ў застуджаных, падмарожаных босых пятках, злосны ад усяго гэтага, ён імчаўся, як страшны крапасны таран, без усякай надзеі на паратунак — бо ён хацеў жыць.
І сіні агонь у вачах звера звязаў яго з вачыма чалавека разуменнем еднасці ўсяго жывога. Каб мядзведзь збочыў у гэты момант — пан Юры не стрэліў бы… Жывое, жывое сапло і задыхалася ў снезе, жывое, адным болем звязанае з усім жывым.
Але звер імчаўся, плылі долі імгнення, і прагучаў стрэл.
Звер скалануўся, але не збавіў хуткасці.
Другі стрэл. Снежная разора ўзмятнулася зусім блізка.
Пан Юры адкінуў стрэльбу і ўпёр у снег рацішча. Звер вось-вось павінен быў устаць, і тады… у жоўтую поўсць пад левай лапай.
…Мядзведзь не ўстаў.
— Гэй-гэй-гэй! Гэй-гэй-гэй! — крычалі адусюль страшнымі галасамі людзі.
Яны беглі сюды разам з сабакамі і крычалі, каб адцягнуць увагу мядзведзя. Але снег быў глыбокі, сабакі, яшчэ раней спушчаныя на першага звера, танулі ў глыбокіх гурбах і не маглі так хутка дабегчы.
І са страшным гарлавым крыкам, кленучы сябе, што пабег да Раткевіча і кінуў князя, кленучы мядзведзя, пушчы, душу і бога, ляцеў ад сёмага нумара на шырокіх лыжах даязджачы Карп…
Мядзведзь не звяртаў увагі на крыкі. Яму трэба было дабрацца толькі да аднаго, што так балюча кусаўся на адлегласці. Боль, непаразуменне і ярасць былі ў дрымучых вочках.
Пан Юры сунуў рацішча ў звера, проста так, як дзіду, і паставіў, ускінуў-такі яго старчма, але ад страшнага цяжару дрэўка зламалася. Як камяк жывога болю, рыку, крыві, ярасці насунулася цёмнае.
Чалавек схаваў галаву і з кордам кінуўся проста пад звера. Уцэліў сталь туды, куды і хацеў, у жаўтаватую, мякчэйшую навобмацак поўсць пад левай лапай. Націснуў.
І тут нага яго паслізнулася. Падаюсы пад строшным цяжарам на спіну, ён убачыў, зусім блізка, Карпа з сякераю ў руках, пачварную, як уцёс, махіну, што знізу насунулася на яго, адчуў ля самага аблічча гарачае смуроднае дыханне.
І гэта было апошняе, што ён бачыў і чуў…
Юры Загорскі сканаў, так і не прыйшоўшы да прытомнасці, па дарозе ў Загоршчыну, ля яра, дзе выйсце крыніц.
Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. А за імі цягнуліся другія сані, з тушай мядзведзя-пярэваратня.
Сябры бачылі ярасць сутычкі і тое, як дакладна і мужна змагаўся князь. Каб не снег, каб не другое мярло, каб не загледзеўся, каб лежня бадзягі была трохі далей, каб не паслізнулася нага — ехаў бы жывы-здаровы.
Але сябры не ведалі князевай думкі аб "двухногім Мішку", не адчувалі, як павольна — ад грудзей да ног — асыпаліся ў целе ледзяныя іголкі, які пачварна-вялікі быў мядзіведзь і як у сэрцы чалавека не было боязі.
І яны не бачылі ў вачах звера смяротнага жаху і гневу і жадання жыць, яны не ведалі, як пан Юры раптам адчуў повязь усяго жывога з усім жывым, повязь болю, адзінага для ўсіх істот на зямлі.
Яны не ведалі, што пан Юры праз позірк гэтых дрымучых вачэй зразумеў страшнае пачуццё непапраўнасці, якое валодала зверам.
Ніхто ўжо ніколі не мог даведацца аб гэтым.
Павольна поўз да Загоршчыны санны паязд. Уладар сямi тысяч сем'яў, што так i не стаў уладаром кожнай трэцяй душы губернi, ехаў у апошнюю дарогу. Вочы, пакуль iх не прыкрыў Юллян Раткевiч, глядзелi ў неба, якога пан Юры сёння не ўсцярог.
Скакалі па мокрым снезе ганцы. Раптоўная адліга, першая вясенняя адліга, насоўвалася на зямлю, таму што аднекуль нацягнула нізкімі цёплымі хмарамі.
— Морд! Морд! Морд! — надтрэснута крычалі ў вёсках званы.
Калі паязд пад'ехаў да ганка загоршчынскага палаца, на сходах ужо стаялі Алесь, пані Антаніда і яшчэ некалькі чалавек.
Маці спусцілася да санак і стаяла моўчкі. Алесь баяўся глядзець у яе вочы, бо калі яна ўпершыню зірнула на труп, у гэтых вачах не было гора, а было нейкае прасветлена-здзіўленае неўразуменне.
Кірдун за спіною паніча ледзь чутна сказаў:
— Каб мяне ўзялі — не даў бы.
І Алесь падумаў, што Кірдун гэта сказаў замест яго.
Мядзведзь ляжаў на ўсе вялікія сані і даўжэй за іх, страшэнна пляскаты, ляжаў, раскінуўшы лапы.