Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
Страшна гулі струны:
Ой, не будзеш ты мець, чарнарогі, Ні лугоў, ні праўдзівага бога, Ні бароў, ні дзяўчат, ні багацця, Ані дыму ў закуранай хаце. За якое ні схопішся сэрца – Ўсе адкажуць адзінаю смерцю. ІЖабрак змоўк. Хлопец цяжка, быццам ад сну адрываючыся, уздыхнуў і кінуў на ліру тры медныя капейкі. Непаразумела зірнуў на Алеся. І раптам вочы сталі іранічныя і трошкі злосныя: убачыў, што гожы падлетак з шэрымі вачыма хоча пакласці на ліру срэбны паўрубель.
– Здурэў, ці што? – спытаў ён гучным кплівым голасам.
Алесь цярпець не мог, каб з яго кпілі незнаёмыя.
– Цябе не спыталі, – сказаў ён.
– Яно і відаць, што з залатых каптаноў. Галоўка, як макаўка, а розуму – як…
Загорскі ведаў, што працяг прыказкі злосны і трохі непрыстойны.
– Ты б паўтарыў, – з пагрозаю сказаў ён.
– А я не глухому гавару, – сказаў хлопец.
– То і відаць, што скнара. За такую песню паўрубля яму шкада.
– За гэтую песню мне мільёна не шкада. Ды толькі не з тваіх рук.
– А што мае рукі?
– А тое, што іншая дабрыня горшая за дурасць. А дабрыня багатага…
– Затое ты, відаць, з багатых. Сем коп лапцей…
Алесь сказаў гэта з вялікай крыўды. Але падлетак, апрануты сапраўды сціпла, здавалася, не пакрыўдзіўся.
– Люблю Сярка за звычай, – паказаў ён сляпуча белыя зубы. – Ды толькі не тыя паны, што грошы маюць, а тыя, што бога знаюць. Забяры свае бязбожныя грошы.
– Чым гэта яны горшыя?! – спытаў Алесь. – Чаго ты да мяне прычапіўся?!
– А тым, што яны дурной галавой дадзены, гэтыя грошы.
Алесь мераў хлопца вачыма. Так, той быў, відаць, дужэйшы, але ў яго было менш гнуткасці і спрыту.
– А я вось дам, дык ты і нагамі накрыешся, – сказаў хлопец.
– Ану дай. Сам пяты задзярэш.
Праз хвіліну яны малацілі адзін аднаго з усёй заўзятасцю падлеткаў.
Пыл так і курэў над месцам бойкі.
Урэшце яны стаміліся і, сапучы, стаялі, насцярожана сочачы адзін за адным.
– Атрымаў? – спытаў хлопец.
– Дый ты атрымаў.
У хлопца сапраўды распухла і без таго пухлая ніжняя губа; у Алеся вуха было чырвонае і пякло.
– Ну і што? – спытаў хлопец.
– А тое, што дурань, – ужо не так злосна сказаў Алесь.
Яны ўсё яшчэ сачылі адзін за адным, але відаць было, што бойка згасне.
– Гэта ты дурань, – сказаў хлопец. – Старога за твой паўрубель маглі б у паліцыю павесці. У бедных людзей бываюць толькі медныя грошы.
–
– Не ў старцоў, ёлуп хвашчоўскі.
Алесь разумеў, што хлопец кажа праўду, але вуха пякло, а незнаёмы яшчэ і лаяўся. Варожасць зноў пачала нарастаць.
– Ты хто такі? – не вельмі ветліва спытаў ён.
– А табе што?
– Ну хто? Паляк? Мазур?
І тут ён пачуў такое, што аж вочы сталі круглыя ад здзіўлення.
– Беларус, – спакойна сказаў хлопец.
– Што-о?
Алесь не мог зразумець, адкуль гэтаму хлопцу стала вядома яго таямніца, ягонае адкрыццё. Але хлопец, відаць, зразумеў пытанне як выгук пагарды.
Алесь не стрымаўся.
– Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я – беларус.
– Адзін Гаўрыла ў Полацку, – усміхнуўся хлопец. – Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў… Першы… Знайшоўся мне яшчэ – Капернік.
– Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя…
Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму, што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага.
А хлопец раптам сказаў:
– Я шкадую, што цябе стукнуў.
– І я таксама шкадую, – Алесь падаў хлопцу руку.
Хлопец зрабіў крок, і падлеткі моцна паціснулі рукі.
– Ты адкуль такі? – спытаў хлопец.
– З Дняпра. А ты?
– Я тутэйшы. Бацька прывёз тавар, а я з ім.
– Твой бацька купец?
– Не, дваранін. Але ў яго ёсць маленькая фабрычка. Абрусы, сурвэткі, усё такое, словам.
– Значыць, вы небагатыя?
– Небагатыя. У нас вялікая сям’я. Адных дзяцей лічыш-лічыш ды саб’ешся.
– Ты вучышся дзе?
– Тут і вучуся, – сказаў хлопец, – у прагімназіі. Праз пятнаццаць нейкіх дзён канец волі. Зубрэнне гэтае. А ты любіш вучыцца?
– Люблю. Толькі я дома вучуся. Мяне рыхтуюць у чацвёрты клас.
– Маеш шчасце. Я таксама вучыцца люблю, ды толькі настаўнікі ў нас дрэнь. – Уздыхнуў. – Скончу, пайду ва універсітэт. Урокамі буду зарабляць, а выб’юся. З нашай зямлі не пражывеш: бацька ўсіх не пракорміць.
Дакрануўся да распухлай губы.
– Б’ешся ты здорава, – засмяяўся ён. – Прыклаў руку, дык не раўнуючы як станавы прыстаў… Давай знаёміцца, ці што?
Алесь падаў яму руку.
– Давай. Я Алесь Загорскі.
– Кастусь Каліноўскі, – сказаў хлопец.
Яны стаялі і разглядалі адзін аднаго.
– Давай уцячом, ці што, – сказаў хлопец. – Пакуль крамы бацькаў тавар бяруць, паходзім, паслухаем.
– Давай… Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Хай помніць, як мы біліся тут ды мірыліся.
– Вядома, – сказаў Кастусь.
Памянялі грошы, усыпалі старому ў шапку цэлую жменю медзі і пайшлі ў людскі натоўп.
– Чаго гэта ты, братка, так на мяне насыпаўся? – спытаў Алесь.