Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
– “Не прэпятствуйце дзецям прыходзіць да мяне”, – спяваў мярцвяк.
І, працягваючы чашу, узглашаў:
– Пійце ад нея ўсі.
– “Відзехом святло сапраўднае, – спявалі галасы, – прыяхом духа нябеснага... То бо нас уратавала ёсць”.
Пан Юры не ішоў, а ляцеў да дзвярэй. І тут дарогу яму перагарадзілі ўзброеныя загонавыя.
– Швагер, – сказаў Кроер. – Траюрадны швагер, куды ж ты? Паслухай мяне.
Загорскі спыніўся.
– Прабачце, панове, за жарт, – сказаў Кроер. – Іначай ніхто не прыехаў бы.
– І правільна, – сказаў Біскуповіч. –
– Забудзем спрэчкі, – казаў далей Кроер. – Мне абрыдла аднаму. Забудзем спрэчкі хаця на некалькі дзён. Я нічога не шкадую. А ты куды, швагер?
У пана Юрыя дрыжалі ноздры. Ён зрабіў крок да дзвярэй – загонавыя самкнуліся. Загорскі, Алесь і Біскуповіч паклалі рукі на эфесы кордаў.
Кроер абводзіў усё гэта вар’яцкімі, у чырвоных мяшках, вачыма.
І, відаць, не пажадаў псаваць свята.
– Пусціце іх, – кінуў ён. – А ты, швагер, пачакай маёй смерці яшчэ год дваццаць.
Ён меў на ўвазе спадчыну. Але Загорскі рассунуў рукамі загонавых і пайшоў, не азіраючыся. Гэты чалавек не мог абразіць яго.
– І даруй, – сказаў Кроер.
Потым ён стаў у труне.
– Астатніх прашу не скардзіцца. Дарога доўгая, мокрая – жывіце тут.
Людзі аглядаліся. Ва ўсіх вокнах узвышаліся ўжо ўзброеныя загонавыя. Чалавек трыццаць, прапусціўшы Біскуповіча і Загорскіх, самкнуліся і стаялі ў дзвярах. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці.
Але ніхто не пратэставаў. Буйных дваран, з якімі Кроер пабаяўся б сварыцца, у зале не было. І людзі рушылі ў сталовую залу.
Цяжка зачыніліся за імі дубовыя дзверы.
Кроер кінуў парчу на плячо, накшталт плашча, і саскочыў на падлогу. Яго трошкі хістала, ён быў знясілены шматдзённай п’янкай, але сіліўся стаяць роўна.
Адзін з загонавых падышоў да яго і нешта сказаў, і ў Кроера вышчарыліся зубы.
– Дзе? – страшным ціхім голасам спытаў ён.
– Ля ганка, пане.
Кроер, цягнучы за сабою край парчы, памкнуўся да дзвярэй. На хаду спыніўся.
– Усе з акон. Усе да дзвярэй і не адыходзіць. Іначай – засяку... на зямлі. Сачыце, каб ніхто з гасцей не ўцёк... каб трупамі ляжалі да раніцы.
І амаль выбег з параднай залы.
...Ён перагнаў Загорскіх з Біскуповічам, калі тыя выходзілі на ганак. І не звярнуў на іх аніякай увагі, кінуўшыся на прыступках уніз.
Пан Юры кінуў аднаму з загонавых, які праводзіў іх:
– Коней.
– Зараз, – заспяшаўся той.
Яны чакалі коней, стоячы на ніжняй прыступцы, і глядзелі на тое, што адбывалася ніжэй сходаў, на пляцоўцы, укрытай бруднаватым патоўчаным снегам.
На пляцоўцы стаяў у атачэнні трох “блакітных” і дзесятка земскіх бялявы мужык у расхрыстаным кажуху. Рукаў кажуха быў адарваны: з вялікай дзіркі, як махры эпалета, падалі на плячо касмыкі аўчыны. Звычайны мужык год пад трыццаць, засівералы, дужы. Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі.
У баку ад гэтай ку
пкі людзей стаяў
Мусатаў ведаў шалёны нораў Кроера, ведаў, што той можа з гарачкі ўчыніць такое, чаго потым і рукамі не развядзеш, тым больш што сведкам будзе сам маршалак. І Мусатаў пайшоў паўз Кроера да сходаў. Праходзячы, зрабіў яму прывітальны жэст.
Кроер усміхнуўся. Ён зразумеў гэта так, што Мусатаў развязвае яму рукі. “Што ж, добра. І якая, сапраўды, каму можа быць справа да рахункаў гаспадара са сваім рабом”.
Мусатаў знік у доме. І Кроер, дачакаўшыся гэтага, падышоў і спыніўся крокі на тры ад мужыка.
– Што, Корчак, нядоўга давялося хадзіць? Пагуляў – плаці.
Вар’яцкія вочы глядзелі з усмешкай.
Корчак маўчаў.
Тры чалавекі на ганку ўскінулі галовы, пачуўшы прозвішча.
– Бацька, што гэта ён? – спытаў Алесь.
– Брыда, – сказаў пан Юры. – Ты не слухай, сыне, мы не маем права ўмешвацца.
Кроер рабіў то крок управа, то крок улева: разглядаў.
– Дык пан Корчак ужо і эпалет прыдбаў? У генералы пану Корчаку захацелася? Можа, гаспадар Корчак і ў імператары мерыцца?
Корчак маўчаў.
– Мерыцца, – з удаваным шкадаваннем сказаў Кроер. – Непісьменны, бедалага. Не чытаў. Не ведае, чым цар Мурашка скончыў [70] .
– Чаму не ведаю? – сказаў раптам Корчак з нейкім заліхвацкім адчаем. – Вельмі нават добра ведаю:
Галовачка бедная ад жару трашчыць, Ножкі на чырвоным на жалезным сядле.У адказ пан Кроер ударыў, відаць, не вельмі моцна, бо быў знясілены п’янкай.
70
Падчас вялікай сялянскай вайны семнаццатага стагоддзя паўстанцамі – мужыкамі Міншчыны – кіраваў Мурашка. Згодна з паданнем, смяртэльна параненага ў бітве “мужыцкага цара” пасадзілі на распалены дачырвана жалезны трон.
Алесь глядзеў на гэта разгубленымі вачыма: ён упершыню бачыў, як б’юць звязанага.
Галава ў Корчака не хіснулася ад удару. З нейкай злоснай радасцю ён сказаў:
– Дрэнна б’еш... А шкада, паночак, што мяне па дарозе да сваіх схапілі. Вух, як бы з гэтага кубла дымком ірванула! – Корчак глытнуў паветра. – Шкада... Аднаго шкада: разлічыцца не паспеў...
Кроер адпачываў, і вочы яго былі каламутныя ад гневу.
– Дык у цябе яшчэ і свае былі? – ціха спытаў ён.
– А як жа. Не святым жа я духам жыў са жніва да масленай. Хавалі, памагалі.