Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
– Ды стаіць, гляджу, такі павіч, толькі што хваста веерам не распускае. Стаіць і цераз грыб плюе: срэбра яму не шкада беднаму чалавеку.
– Ну і што?
– Каб ты ведаў, як страшна б’юць гэтых людзей, ты б так лёгка не глядзеў на гэта. Тым больш лірнікаў. Гэтых кожная сытая храпа лічыць за нязлоўленых злодзеяў і злачынцаў.
– За што?
– Падазроныя людзі. Прыедзе аднекуль з Піцера мардастая поскудзь. Такі ўжо магнат, такі нобіль – хвігаю носа не дастанеш: “Дзікуны брудныя, тубыльцы”. Па кірмашы ідзе, як чума, ты скажы, ідзе – бязлюдзее кірмаш. А старцы – яны ж сляпыя. Падыдзе, слухае, слухае. “Гэт-то
– Ліру нашто?
– Кніг пазбавілі – хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля.
Ішлі ў чалавечым моры. Вакол стаялі смех, божканне, нязлосныя праклёны.
– Ведаеш, – сказаў Алесь, – я вельмі быў здзіўлены. Стаіць сабе чалавек – і раптам гаворыць аб самым тваім, аб тым, пра што сам думаў.
– Але ж і яны, – рука хлопцава зрабіла круг у паветры, – таксама такія ж, як ты, толькі не знайшлі, як сябе называць.
І паўтарыў, відаць, чужыя словы:
– Безгалосае мора.
– Як гэта яны такія? – спытаў Алесь. – Мы, вядома, усе ад Адама. Адзін народ. Але ж мы дваране.
– Ну і што? Было ж у нас калісь так, што мужык, калі ён ахвотай ішоў на вайну, рабіўся дваранінам. Так, відаць, і ўсе. Твае продкі раней – і таму яны арыстакраты. Мае – пазней, і таму я проста з небагатых дваран. А ёсць яшчэ шляхта, што сама зямлю арэ. Тыя зусім учарашнія мужыкі.
– Дваране нашы цару таксама небяспечныя.
– Ёсць і такія.
– Нездарма ж пасля апошняга паўстання многія тысячы з іх, самых небяспечных, у аднадворцы перавялі. Зганьбілі людзей. Галадаць прымусілі.
– Мы таксама з такіх, – з нейкім выклікам сказаў Кастусь.
– То і вы аднадворцы?
– Але. Сенат не зацвердзіў.
– Дзед казаў, гэта яны назнарок, – сказаў Алесь. – Ну, ва ўладара граматы за стагоддзі згарэць ці струхлець маглі. Дык пашукайце ж у каралеўскіх архівах, у спісах, у кнігах старых… Не. Хочуць як мага больш людзей прынізіць.
Кастусь кусаў доўгую саломінку, што выскубнуў з воза.
– Бацька мой аніяк прымірыцца не хоча. Ездзіць стараецца, столькі грошай марнуе. Сказалі: будзе маёнтак – будзем шукаць. То ён прыцэньваецца да якога-кольвек фальварка. Купіць, відаць, сёлета ці трохі потым. А мне дык усё адно. Я ведаю, скуль ідзём. І продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе. А прозва – гаршком назаві, ды ў печку не стаўляй. Калі захачу – і арапам назавуся. Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў.
Хлопец гаварыў гэта паважна, але відочна завучана.
– Скуль гэта ты такога набраўся?
– Брат казаў, – з нейкім адразу прасвятлелым тварам сказаў Кастусь. – А ты адкуль?
– А ў мяне дзед.
– Ясна, – сказаў Кастусь. – Вось і ведаем ужо самы першы запавет. Брата і дзеда не чапаць. І панствам не ганарыцца.
– І тут твая праўда, – сказаў Алесь. – А то зусім выйдзе па прыказцы: “Шумі-гудзі, дуброва, едзе князь па дрова”.
Кастусь хораша смяяўся. Белыя зубы вельмі ўпрыгожвалі аблічча. І ўсмешка была шчырая, чыстая. І яшчэ Алесю падабалася, што вочы ў Кастуся
Гамонячы, яны ішлі бясконцым кірмашом, а вакол іх заліваліся гліняныя свісцёлкі, шалёна круціліся напалову пустыя каруселі, заклікаў у свой балаган дзед з кужэльнаю барадою:
– Заходзьце, браты-сястрычкі родныя, заходзьце, мужы-жонкі зводныя! Дзівосы на калёсах: хлапчук з сажнёвым носам! Марская царэўна! Янка – волат, жарэ адно толькі сырое мяса – па сем фунтаў на дзень. Узгадавала яго мядзведзіха! Ёсць яшчэ дзівосныя звяры… марская свінка і кракадзіл. Той самы, што праглынуў прарока Іёну. Па-біблейску кіт, па-нашаму кракадзіл… Страшны звер… Да нас!.. Да нас!
Граў на гарлачах ганчар, і ў адказ яму ляцеў спявучы перазвон крышталю, па якім вадзіў шкляной палачкай гандляр-венгр. Кубракі-мсціслаўцы совалі пад нос людзям кнігі і малюнкі.
– Багаты які кірмаш, – сказаў Алесь.
– Багаты, – адказаў Кастусь. – Толькі ўтратны. Бацька казаў, што летась ледзь прадалі пятую частку ўсяго завезенага. А сёлета яшчэ горш будзе. Бяднеем.
– Чаму так?
– Няма ні грошай, ні хлеба. Зямля збяднела. Лясы высеклі. У рэках вывелася рыба, у пушчах – звер. Раней-то, кажуць, усяго было: і звера, і птушкі, і дзікага мёду. Ідзі сабе, чалавек, у лес, расчышчай ляды. Сам ты сабе гаспадар. А цяпер адзін паратунак – горад. Ды і там… Ну каму тут патрэбны свечкі? Мыла? Вось гэты чай? Або цукар? Чаю мужык не п’е, мыецца ён венікам, вечарам сядзіць пры лучыне.
…Алесь прабыў у Свіслачы яшчэ тры дні. І ўсе гэтыя дні хлопцы не гублялі адзін аднаго з вачэй. Хадзілі па кірмашы, забіраліся ў сутарэнні разбуранага касцёла. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку, прысвечаную сярэдзіне кірмашу, пасля якой кірмаш ідзе на спад. А Алесь звадзіў яго ў балаганы, бо з грашыма ў новага знаёмага, відаць, было не густа. Хлопец не манежыўся, але, як то належыць сапраўднаму хлопцу, прымаў кожны знак павагі да сябе з пачуццём нязломнай уласнай годнасці.
І, непрыкметна для саміх сябе, яны пасябравалі за гэтыя дні. Пасябравалі той хуткай дружбай падлеткаў, што ўзнікае нечакана, а застаецца надоўга. Часам на ўсё жыццё.
Перад развітаннем яны вырашылі, што будуць пісаць адзін аднаму. І гэта было цудоўна: ведаць, што ўпершыню ў жыцці табе ёсць каму пісаць, ёсць для каго заліваць сургучом канверт, ёсць для каго ўзважваць унцыі і залатнікі ліста, ёсць для каго, нарэшце, зусім па-даросламу ставіць у канцы постскрыптум, так сабе, між іншым, як быццам нешта забыў ды раптам і ўспомніў.
XXIV
…Праз год пасля паездкі ў Свіслач, таксама ў жніўні, Алесь накіраваўся разам з малочным братам старога Вежы на апошняе ў гэтым годзе паляванне. Праз тыдзень трэба было ехаць у Віленскую гімназію. Ён здаў экзамены і паступіў адразу ў чацвёрты клас.
Дзяцінства канчалася. Наступала новае жыццё. Шкада было кідаць вольную Загоршчыну, абшары паплавоў і лясоў, свіст качыных крыл… Шкада было мяняць усё гэта на гарадскую цеснату, на гімназічную муштру і зубрэнне, на казённыя муры, на шэры снег у асеннім халодным горадзе.