Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
Дзед з прыхаванай цікаўнасцю раз-пораз паглядаў на Кастуся. Хлопец і падабаўся і не падабаўся старому. Ён-то і разумны, відаць, і шчыры, але адкуль у ім такая самаўпэўненасць, пачуццё гэткай сваёй racio?
А Кастусь разглядаў сівую грыву валасоў, хвалю белых карункаў на пукатых яшчэ грудзях і думаў.
“Таксама яшчэ... выкапень. Проста “сей остальной из стаи славной екатерининских орлов”. Нібы закансервавалі яго тут. І н'a табе яшчэ, разглядае”.
Пры сустрэчы дзед амаль нічога не сказаў яму, акрамя назначных слоў прывітання. Потым хлопцы абедалі. І вось сядзелі, мацалі адзін аднаго вачыма.
– Дык гэта
– Кастусь... Сымонаў сын... Каліноўскі.
– Дваранін? – спытаў дзед.
– Цяпер зноў дваранін, – сказаў Кастусь.
– Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?
– Пры такім урадзе, як наш, усё можна, – зрабіў Кастусь першы выпад. – Сёння чалавек – смецце, заўтра – дваранін, паслязаўтра – зноў смецце.
Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.
– Гм... Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?
– Магу!
Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.
– У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.
– І няблага зрабіў, – сказаў Вежа.
– Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.
– Як жа клікалі яго высакароднасць?
– Мацеем... А далей пачалі жыць так. Што праўда – у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць “справу”, але з голаду здыхаць – таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю “справу”. Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: “споспешествовал промыслам в крае”. Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.
Вежа слухаў гэтую сумную гісторыю пакутнай бітвы за дабрабыт, кавалак хлеба і незалежнасць без усмешкі. Вочы яго былі ласкавыя і сумныя.
– Пяўся, як вол у баразне, – казаў далей Кастусь. – Дзіва што! Такая сям’я. Трэба было ўсё павялічваць колькасць варштатаў. Узбіваўся ўжо на пятнаццаты, а тут ледзь не крах. Палатніна пачала выходзіць з моды.
– Вядома, – зноў вяртаючыся да ўлюбёнай іроніі, сказаў Вежа. – Куда ўжо нашым дарабковічам на палатняных абрусах есці, пад палатнянай прасціной спаць, палатнянай сурвэткай выціраць вусны... А што, палатніну выраблялі простую?
– І простую, і чынаватую, і клятчастую. Але ўсё ледзь не пайшло макам. Выручыла лібаўская філія данцыгскай фірмы “Ленке і Берг”. У іх на палатніну заўсёды попыт, а ў нашым пасведчанні сказана, што нашы сурвэткі і абрусы не горшыя, а чынаватае палатно лепшае за замежнае.
– Спадобіўся пан Сымон, – сказаў Вежа.
– Спадобіўся, ды не дужа, – сказаў Кастусь. – Бо якраз памерла маці.
– Ты яе памятаеш? –
– Дрэнна, – адказаў Каліноўскі. – Амаль не памятаю. Ведаю толькі: прыгожая была. Часам сустрэнеш жанчыну з добрым гожым абліччам – і шукаеш у яе рысах матчыны. Мо такая была. А мо і не такая. Не помню. Ведаю толькі: маладая была надзвычай прыгожая.
– Якога роду? – спытаў Вежа.
– Вераніка з Рыбінскіх.
– Н-не ведаю, – на гэты раз ужо ўсур’ёз сказаў стары.
– Я дрэнна яе памятаю. Толькі рукі. І яшчэ вочы. Ды песню, якую спявала. Захварэла задоўга да смерці. Расказвалі, якраз калі хрысцілі мяне. Прывезлі ў Ялаўскі касцёл. Быў позні вечар. Пакуль на бабінцы рыхтаваліся, купель ставілі, пакуль тое – матуля з кумою ды мной пайшлі па цвінтары прайсціся. Цвінтар там вялікі. Падышлі да магілы Леакадзіі Купчэўскай, швагеркі ялаўскага пана (яна маладая памерла, і ўсе казалі, што матуля чымсьці на яе падобная была, толькі прыгажэйшая, і таму маці заўсёды там спынялася). Стаяць. А з-за помніка, з-за барэльефа пані Ліёшкі – раптам морда. Ды страхалюдная, зарослая.
Пакуль зразумелі, што гэта мясцовы юрод, Якубка Кот, – ногі ў абедзвюх самлелі. А той ідзе за імі да касцёла, вытанцоўвае ды кажа нешта накшталт: “Кумы дзіця хрысцілі, горла крапілі, у кажушаны рукаў паклалі, па дарозе згубілі... Ляжыць дзіця на марозе, свечачкі вакол. Пальчыкам варухне – перуны смаляць, кулачок сцісне – грамніцы б’юць. У “чорнага”! У “чорнага”! Маці крок паскарае, а той плача: “Падбярыце дзіця, добрыя людзі. Ці доўга яму, халоднаму, пальчыкам варушыць? А людцы міма ідуць, а грамнічкі слабнуць. Вох-вох!!!” Юрода, вядома, пагналі. Ледзь пачалі хрысціць – грымоты за цвінтаром. А гэта сусед, Цыпрук Лазарэвіч, сабраў хлопцаў і кажа: “Пагрымім на шчасце кугакалу”. Ну, і стралялі ў неба. А ўсім спачатку здалося – грымоты. Пасля юродавых слоў жанчыны аж абамлелі: грымоты ўзімку. Хросная казала: з гэтага дня ў маці і пачалося. Пачала марнець, чэзнуць. Работы шмат. Дзяцей адных дванаццаць чалавек. А яшчэ маладая. Мяне чамусьці вельмі шкадавала.
“Чым жа вы багатыя, панове? – успомніў дзед. – Дзецьмі, ды смехам, ды дняпровай вадой”.
А Кастусь расказваў далей:
– Памерла. Бацьку трэба было думаць, як з дзецьмі. Без маці не кінеш. А ў таго Цыпрука Лазарэвіча, што на маіх хрэсьбінах у неба страляў, – сваячка. Трохі з тых гадоў выйшла, калі сваты ля варот аціраюцца, і прыгажосці не першай, але добрая баба. Так і з’явілася ў мяне мачыха Ізабела, ды яшчэ сем братоў і сёстраў. Дзевятнаццаць было б усіх, але двое памерла.
Кастусь памаўчаў.
– У мачыхі знайшліся сякія-такія грошы, бацька наскроб, i купілі мы фальварак, а пры ім дзве сотні трыццаць дзесяцін зямлі. Па трынаццаць дзесяцін на чалавека. Фабрыку перавезлі, жыць стала як адной купай – дык i не дрэнна. Ну i што? Падзеліш – зноў бязглуздзіцца. Горш за іншых сялян. Бацька старэйшых сыноў – вучыцца, на свой хлеб. I, карыстаючыся, што зямля ёсць, – парогі абіваць. “Куку ў руку” даваць. І вось у гэтым годзе, урэшце, уганорылі, далі сенацкую пастанову: лічыць уладара фальварка Якушоўка, Сымона Стафанава Каліноўскага, год шасцідзесяці аднаго, веравызнання рымска-каталіцкага, як i нашчадкаў ягоных, дваранінам. Дваццаць чатыры гады спатрэбілася на прысуд. Пачаў дабівацца малады, у трыццаць пяць год, маці была маладая, здаровая, а дабіўся — руінай. Ненавіджу я ўсё гэта.