Кастусь Каліноўскі
Шрифт:
Лосеў (ціха). Хм...
Вітаўт . Я дваранін, я рыцар, і ў мяне свой саслоўны гонар... Так што можаце не нюхаць далей мяне. Дарэмна стараецеся.
Паўза.
“Мой юны друг...” “Хлопчык”. Вас у мае дзевятнаццаць год розгамі хвасталі... Вы тады для фельдфебеляў па піва бегалі... хам... А я батальёны, палкі вашы, як трусікаў, ганяў... Я... Трус... Я – Парафіяновіч, камісар Магілёўскай
Лосеў (з удаванай уражанасцю). То гэта – вы?
Вітаўт. Я!
Паўза.
Лосеў. Каледа старая... То гэ-т а, значыць, вы?.. Сапраўды рыцар. Муж... I гэта пры такой маладосці.
За тонам бязмернай павагі ў яго словах гучыць страшны, бадай непрыкметны здзек, але Вітаўт яго не заўважае. Вочы яго гараць, твар амаль прыўкрасны.
Я памыліўся з альбомнымі паненкамі. Такога вас і Жанна д’Арк пакахала б...
Паўза.
Чым жа вы маглі стаць, калі ўжо зараз?!
Вітаўт (глуха, горда і спакойна). Цяпер ужо нічым.
Лосеў. Т алент дзяржаўнага мужа. У яго дзевятнаццаць год?
Вітаўт. Мы – усе маладыя.
Лосеў. Т-так... I пры такіх здольнасцях увогуле – другарадная роля. Інспектар малаважнай губерні. Нейчы папіхайла... Паштальён чужых загадаў.
Вітаўт. Я паштальён, і я... ганаруся гэтым.
Лосеў (пільна гледзячы на яго). Т-так... Другі раз у самыя небяспечныя месцы. Фарпост Магілёўшчыны. Асуджаны на смерць Мінск... Як знарок...
Вітаўт. Значыць, вераць: магу.
Лосеў (узважваючы словы). Ой не-е... Нешта не тое. Вы што, не ведалі, едучы, што тут – усё... што ехаць сюды можа толькі смяротнік?
Вітаўт. Не.
Лосеў. Скажыце, а ў кіраўніцтве – я не пытаюся пра імёны – не было нікога, з кім у вас былі старыя звады?
Вітаўт. У мяне няма ворагаў.
Лосеў. У кожнага ёсць ворагі... Толькі высакародны іх не заўважае. Няўжо вы думаеце, што я, напрыклад, аддаў бы заваяванае мною месца без барацьбы?.. Нават больш вартаму яго...
Вітаўт. То – вы...
Лосеў. О-ой, друг... Падумайце над прычынай, чаму вас піхаюць у небяспечныя месцы, як цар Давід – Урыю... Ну, там зразумела, жонка Урыі спадабалася цару... А вы?
Вітаўт здрыгануўся, і Лосеў заўважыў гэта.
А
Вітаўт (з ноткай хістання). Не.
осеў. Т-та-ак... Жанчын вы не дзя-лі-лі... А як наконт славы?
Вітаўт. Мы не кар’ерысты.
Лосеў. Рэвалюцыя – адна з самых хуткіх кар’ер. Няхай за кошт рызыкі... I раптам – побач мацнейшая фігура...
Вітаўт. Н-не...
Лосеў (з узрастаючай упэўненасцю). Ён мог заўважыць, што пешка стала прахадною і можа зрабіцца ферзём паўстання.
Вітаўт. Не хлусіце на высакародных людзей.
Лосеў. Крый божа. Я ж і не пытаюся імён... Не скажаце. Не з тых... Скончым допыт... Толькі ў пратакол запішу. (Піша.)
На Вітаўта з кожнай хвілінай страшней глядзець.
(Разважліва.) Подла... Адкупіліся вашай галавой... Прахадная пешка. Ведалі, што не прадасцё, загінеце адзін... I загінеце адзін... I загінеце... Слаўны, мужны вы чалавек. (Піша.) Стары метад гнюсных палітыкаў. Урыю – пад стрэлы, лаўры ягоныя – на чало, жанчыну – да сябе ў ложак... (Амаль пад нос.) Магчыма, якраз цяпер... Такія гэта ўмеюць...
Вітаўт. Не! Не! Не!
I тут Лосеў устае, нагінаецца, у вачніцах яго цені.
Лосеў. І-мя?!
Вітаўт. Я ненавіджу! Я заўсёды ненавідзеў яго!
Лосеў. І-мя-а!
Вітаўт. Жыў пад прозвішчам Макарэвіча. Цяпер? Здаецца... Ві-т а-жэ-нец.
Лосеў. Імя!
Вітаўт. Жыве ў Свентаянскіх мурах.
Лосеў. Імя.
Вітаўт. Кастусь Каліноўскі.
Акт трэці
Карцiна адзінаццатая
Абсерваторыя ў Свентаянскіх мурах. Старадаўнія зорныя сферы, бронзавы секстант , тэлескопы. У цёмных кутах таямніча пабліскваюць сімвалы знакаў задыяка. На ўсім пячаць занядбанасці. За вокнамі начны заснежаны дворык Пачобута. Сходы вядуць на падмосткі да двух тэлескопаў у невялічкіх вежах з купаламі. Створкі аднаго купала трошкі рассунутыя, і ў шчыліну відаць зімовае зорнае неба. Вызарыла буйна. На мароз... У абсерваторыі Каліноўскі, Чортаў Бацька і Марцявічус. Пархвен гадуе жмудзіна.