Кастусь Каліноўскі
Шрифт:
I ўсё. Замест людзей – капец зямлі.
Юнген (да натоўпу). Ну як?
Маўчанне.
Карцiна дзявятая
Задні пакой за модным магазінам, які належыць Юзэфе
Кастусь. Сачыніцель папулярных баек, з камітэта адказны таварыш, паважаны Арсенька Станевіч...
Арсень. Чаго табе?
Кастусь. Маніфест аб зямлі, які вы адрэдагавалі, на-дру-ка-ва-ны... вось... Трыста экземпляраў на Міншчыну...
Чортаў Бацька (уздыхае). Зямля-зямля...
Арсень. Добра.
Кастусь. Як пячаць?
Арсень. Зараз скажу. Будзе – хоць падарожныя фельд’егерам адмячай.
Кастусь (скандуе). Паважаны фальшываманетчык і падробнік дзяржаўных пячацяў. Да чаго ж ты, браток, дакаціўся?!
Арсень. Змоўч, чапяла.
Чортаў Бацька. Сапраўды, як дзіця малое.
Караліна (з дакорам). Хлопцы... Вы ж ведаеце, калі ён вершы піша, вершамі гамоніць...
Яневіч. Вершамі жартуе.
Арсень. Знайшоў час жартаваць...
Кастусь. Лягчэй вам стане, калі я плакаць буду? Жартуйце, хлопцы, жартуйце... Каб не вершы, не жарты – ета ж проста нам усім перавешацца трэба было б... самім... не чакаючы мураўёўскай ласкі... От, пэўна, узрадаваўся б! (Цытуе.) “З-за адсутнасці здаровага смеху ўрад паўстання перавешаўся ў поўным складзе”.
Караліна. Каліна, не трэба...
Кастусь. Сонца з месяцам ззяе на небе. На зямлі – адно толькі сонца. Каралінай яно завецца... Подлых змоўшчыкаў святлом сагравае.
Яневіч (ціха). Сэрца збалелася, на цябе гледзячы... Не забыў жа... Не...
Паўза.
Кастусь. Я, матулечка, усё помню... Я – не з тых, што забываюць...
Паўза.
Рыгнецца ім яшчэ за жыўцом закапаных, за дзярмо на святых магілах... Адальюцца кошцы мышчыны слёзкі... I не дзярмом – крывёю. Вось яно як.
Паўза.
I
Званочак. Яневіч выйшла. Кастусь выняў з цюка штуцэр, прыцэліўся.
Дзіва штуцэры. Адвязём на Слонімшчыну.
Марцявічус. Згода.
Кастусь. А тыя няхай зэльвенцы возьмуць.
Заходзіць Яневіч.
Яневіч. Ф-фу-у. Удружыў ты мне, Кастусь, дружок, гэтым магазінам... Бабы прыходзяць дурныя, як курыцы.
Кастусь. Гаспадыня моднага салона, найяснейшая пані Яневіч, пацярпіце дзянёк, калі ласка, накіруем мы вас у Варшаву: аднаўляць з “чырвонымі” сувязь.
Яневіч. Праўда?
Кастусь. I “чырвоныя” ў Варшаве – праўда. I паездка – праўда... Караліна!
Караліна. Што?
Кастусь. Добра ты гукі вымаўляеш. (Хітнуў галавою.) Справа для цябе.
Караліна. Ну...
Кастусь. Імператар Аляксандр другі, вялікі князь Самагіцкі, гасудар і вялікі князь Абдорскі і Кандзійскі, наследнік Нарвежскі, Дзітмарсенскі і прочая і прочая зволілі прыняць катэгарычны імператыў графа Мураўёва, вялікага князя Самаедскага, гасудара Шыбеніцкай зямлі, Лобных месцаў і прочая – аб разгроме і рэпрэсіях. (Ідзе да непрыкметных дзверцаў і дастае адтуль два чамаданы.) У адказ на гэта найбольш небяспечная з калматых нігілістак беларускіх, Караліна, па мянушцы Крывавы Кінжал, павязе ў горад Мінск гэтыя шрыфты.
Караліна. Нашто?
Кастусь. Каб падкласці іх пад трон начальніка мінскага акцыза.
Чортаў Бацька. Хай узрываецца.
Марцявічус. О, выбуховая моц беларускага вольнага слова!.. Гекзаметрам загаварыў.
Караліна. Сур’ёзна.
Кастусь. Дрэнна... (Голас ягоны сеў.) Р эпрэсіі. Сярод калег – слабіна... Трэба зноў звязваць людзей... як сноп... дарагое маё перавясла...
Званок ля дзвярэй магазіна.
Яневіч. Зноў... Адны гускі ды аслы ходзяць... (Выйшла.)
Караліна. Я зраблю.
Кастусь. Ведаю... (Да Арсеня.) Падрыхтуй, Арсень, загад. На кожнага павешанага паўстанца падпольны ўрад адкажа ўдарам кінжала... Няўхільна... Няўмольна... Адразу...
Марцявічус. Даўно пара...
Яневіч (у дзвярах). Кажу, нельга.