Ланцуг
Шрифт:
Была яшчэ адна мадам з Расіі, з Пецярбурга, якую ніхто ў дворыку не любіў за фанабэрыстасць, і яна нікога не любіла, ні з кім не віталася. Валодзін падыгрываў ёй — ах, вы з культурнай сталіцы, з горада на Няве, і яна адтайвала, ператваралася ў мілую рускую кабецінку і даверліва расказвала, што ў яе праблемы з нявесткаю, сын моцна п’е ў Башкірыі, што сама яна не з Пецярбурга — з прыгарада, і ледзь сабрала за два гады грошы на адпачынак, бо здароўе ўжо ніякае.
Дзве бабулькі-харкаўчанкі — жылі ў Валодзіна за сцяною, прыехалі сюды на тыдзень у складчыну, займаліся тым, што цэлымі днямі варылі на кухні боршч і пасля елі яго на тэрасе, весела і часта пастукваючы лыжкамі. Валодзін
І многа было перакаці-поля — на ўласным транспарце, з Украіны, Расіі, Беларусі; гналіся за пагодай-прыродай, а знаходзілі, як правіла, толькі прыгоды: то ў іх лопаліся шыны, то абкрадалі іх, то ўсчыналіся між імі сваркі: «Ты ж абяцаў сонца — і дзе яно?!» Праз пару сутак яны зрываліся з месца і несліся ў пошуках лепшай долі.
Валодзін бачыў і чуў такое, калі хадзіў абедаць у суседні двор, да татаркі — вялізны дом, трохпавярховы, з балконамі, двор нашпігаваны таўстазадымі джыпістымі, нісаністымі, міцубістымі машынамі… Зрэшты, нічым яны не заміналі Валодзіну.
Маленькую сталавальню накрываў цень вінаградніку, на тушаную бараніну зляталіся мухі, але ўсё адно было прыемна, і смачна, і смешна, калі старая татарка пытала: «Вам насыпаць боршч?» — «Насыпайце», — адказваў Валодзін. Пасярод двара выклалі з рознакаляровых каменьчыкаў і напоўнілі вадой басейнік, у якім жыла чарапаха з маленькай дачкою; дачка любіла залазіць маці на спіну і так грэлася. Дзеці кармілі іх каўбасою і кавалачкамі сала, і чарапахі ахвотна гэта глыталі.
Пасля абеду зноў быў пляж, але цяпер пад навесікам, у цяньку — ведаў Валодзін з горкага вопыту, што ў верасні можна згарэць горш, чым летам. І зноў ён бачыў на пляжы знаёмы парасон, і хоць на кароткі час сустракаўся з Алесяю і з Лізкаю, зноў бяскрыўдна жартаваў: «Дык як наконт курортнага рамана, зямлячка?» — на што Алеся толькі пасміхалася, акурат як літовец, якому Валодзін жадаў добрай ночы сонечным ранкам.
Падвечар Валодзін выпраўляўся ў няспешную прагулянку па набярэжнай. За бетоннымі агароджамі, за драцянымі сеткамі хаваліся ў раскошнай зеляніне дамы адпачынку, прафілакторыі, санаторыі са сваімі басейнамі, кінатэатрамі, аддзяленнямі пошты, газетнымі кіёскамі і, канечне, самымі рознымі экзатычнымі кавярнямі. Можна было звярнуць туды і палюбавацца кветкамі і дрэвамі, а можна проста крочыць па набярэжнай, мінаючы адзін за другім гэтыя астраўкі цывілізацыі, і вось яны канчаліся і пачыналіся зараснікі карагачу — крымскай дробнай жоўтай акацыі, якая ўжо асыпаецца і лісце па-восеньску шарахціць пад нагамі. Яшчэ далей — лясок лістоўніц, дзе востра пахне смалой і беларускімі соснамі, і абапал дарогі — у чалавечы рост зараснікі такога падобнага на валошкі блакітна-кветкавага цыкорыя. А яшчэ пасля ўсё канчалася і адкрываўся голы стэп — удалечыні толькі тырчэў напалову раскапаны скіфскі курган.
Стэп… Поўнае бязлюддзе. Голы, як дрот, кавыль звініць на ветры. Вецер налятае парывамі і даволі моцны, трывожны сваёй першабытнай чужой дзікасцю.
Адзінокі конь-крымчак з гіканнем, з паднятай грываю носіцца туды-сюды, ловячы гэты вецер, падбрыквае, падкідвае зад… Паспрабуй апыніся ў такога на дарозе!
І калі Валодзін стаяў на высокім абрыве — ззаду стэп, наперадзе — марскі прастор, чырвонае сонца апускаецца ў сіняе мора, калі прагна дыхаў гаркавым ад кавылю і ёду паветрам, яму здавалася, што ён адчувае гэтае паветра фізічна, як бы знаходзіцца ў лёгкай празрыстай вадкасці, і тады яму хацелася пазбавіцца ад адзення, быць цалкам голым, каб убіраць гэтае паветра не толькі лёгкімі, але і кожнай клетачкай цела…
Гэтыя прагулянкі — адаптацыя, адзінота, экзотыка — з аднаго
Гармонія знікала познім вечарам, калі Валодзін клаўся спаць. З кожнай другой кавярні з набярэжнай неслася: «Молодос-ц-ц моя, Белорус-с-сыя!», лезла ў вушы, накручвала нервы… І ўспамінаўся Валодзіну лес, грыбнік у навушніках і з мабільным тэлефонам, які шукае грыбы і адначасова паведамляе сябру пра кожны свой крок, або рыбалка — аднойчы раніцаю ў прыцемках, перабіўшы камарыны звон, салаўёў і пеўняў, з адчыненых дзверцаў машыны разанула магнітола.
Валодзін зларадна затыкаў спецыяльнымі штучкамі вушы, сумна сам сабе пасміхаўся. Ён, як, зрэшты, і многія з нас, любіў сваіх землякоў дома і не надта мілаваў на чужыне. Выключэнне было толькі для жаночага полу, тут ён вымушаны быў прызнаць, што беларускі самыя лепшыя ў свеце, прынамсі, знешне; тым больш яму было гэта лёгка рабіць, бо ён і не ведаў іншых жанчын, акрамя беларусак.
ІІ
Быў цёплы сонечны ранак. Сонна накатвалі на бераг лагодныя хвалі. Алеся сядзела пад утыркнутым наўскасяк парасонам. Валодзін на жываце ляжаў побач. Ён толькі што пакупаўся, заплываў са сваёй бутэлькай далёка, каб набраць чысцейшай вады, і цяпер змочаныя салёнай вадой яго валасы тапырыліся, як у дзікабраза. Непадалёк прысела на кукішкі Лізка і засяроджана стукала каменем аб камень: тут-тук-тук… Гэта быў самы чутны гук на пакуль малалюдным пляжы — маленькае курортнае мястэчка прачыналася позна нават для такога пагоднага вераснёвага ранку.
Заўтра Алеся з малой ад’язджалі, і Валодзін філасофстваваў на гэтую тэму.
— …Вось так заўсёды: сустрэліся, пазнаёміліся, развітваемся — лёгка, весела, нібы ў нас у запасе вечнасць, — ціха казаў ён, лежачы на жываце, перасыпаючы з далоні ў далонь цёплы залаты пясок. — А між тым лёс, калі зводзіць людзей, дык напэўна ж дае ім шанс на нешта большае, чым «добры дзень» — «да пабачэння». Зрэшты, усе мы ў гэтым жыцці пасажыры, едзем у цягніку з надпісамі на вагонах: нараджэнне — жыццё — смерць, і ніхто не ведае, у якую хвіліну можа пастукаць праваднік. Не арыгінальна? А што цяпер арыгінальнае? Чалавецтва пачынае паўтарацца, безнадзейна прабуксоўваць, і гэта наводзіць на самыя сумныя перспектывы. Мы ж павінны калі не быць, дык хоць бы старацца быць разумнейшымі за тых, хто жыў да нас. А мы як думаем? — а-а, не мы першыя, не мы апошнія… І па звычцы заўсёды рыхтуемся да горшага. А раптам магчыма лепшае? Мы гэтага не ведаем, і не памыляемся толькі таму, што не шукаем…
Валодзін гаварыў з тым задавальненнем, з якім адзінокія людзі, напаўшы на ўдзячнага слухача, даюць нарэшце волю языку. Ён нёс розную лухту, банальныя прапісныя ісціны, і выдатна ведаў гэта. Але яна слухала так уважліва, сур’ёзна, з адабрэннем кожнага яго слова, і Валодзіну ўсё больш пачынала здавацца, што яна разумее яго і што ён сапраўды гаворыць па тэме.
Мабыць, да сустрэчы з ім добрая каша была ў яе ў галаве, а цяпер яна паступова прымае яго бачанне, яго светапогляд, прычым з падзякай, з гатоўнасцю быць на другой ролі, ахвотна прызнаючы яго верхавенства.