Ланцуг
Шрифт:
Між тым малады чалавек і дзяўчынку прыабняў за плечы і адвёў убок, да маці з сястрою. Было відаць, што ён у гэтай сям’і чалавек свой. Паводзіўся ён смела, упэўнена, увогуле было адчуванне, што ён на гэтым пахаванні — галоўны, адзін ведае, як, што і калі трэба рабіць. Вось ён шапнуў штосьці ўдаве, і тая закрыла твар рукамі, потым падышоў і шапнуў штосьці Сцяпанаву. Сцяпанаў махнуў рукою — і каля труны аднекуль з’явіліся рабочыя ў спяцоўках, хуценька наклалі века, застукалі малаткамі… Ударыў бубен, зазвінелі адна аб адну талеркі, і першы рэзкі гук трубы разарваў мокрую прыціхласць, ірвануўся некуды праз дождж,
Вінярскі, убачыўшы, што ўдава не глядзіць, як закопваюць, а стаіць адна, абапёршыся на агароджу чужой магілкі, пачаў асцярожна прабірацца туды. Раптам яму здалося, што нехта паклікаў яго: «Вінярскі, чакай!» Ён азірнуўся — нікога, але пакуль разглядаўся, удавы каля агароджы ўжо не было. Вінярскі, аднак, выйшаў на тое месца, пачаў абціраць аб траву каля агароджы чаравікі, запэцканыя ў гліну.
— Можна… вас?
Перад ім стаяла ўдава і працягвала руку, нібы хацела схапіць яго за куртку і не адважвалася.
— Я назірала за вамі… мне трэба пагаварыць… — Яна дастала з рукава насоўку і доўга смаркалася, але калі зноў загаварыла, голас быў такі ж прастуджаны. — Мне сказалі, вы працавалі з маім мужам?
— Так, — адказаў Вінярскі і, не вымаючы рук з кішэняў, правай прыціснуў да жывата пакунак.
— Я хачу вас папрасіць… Я вельмі прашу вас!.. — Яна зноў пачала смаркацца, заплакала, выціраючы насоўкай слёзы.
— Я вас слухаю, супакойцеся.
— Можа, вам Ваня нешта паспеў сказаць перад смерцю?
— Супакойцеся, я вас слухаю, — другі раз прамармытаў Вінярскі, быццам перад ім была адна з ягоных пацыентак. — Мне шкада вашага мужа… Я разумею вас, спачуваю, але мы… не былі сябрамі з Іванам Змітравічам… Так выйшла. У яго былі свае праблемы, у мяне — свае… Мы мала гаварылі.
— Ён так цёпла згадваў вас!
Вінярскі паціснуў плячыма, паказваючы, што і рад бы, ды памагчы не можа, і павярнуўся, каб ісці. Удава забегла наперад, схапіла яго за рукаў і нагнула блізка да свайго твару.
— Я прашу вас, малю на каленях!.. У Вані былі грошы, многа грошай!.. Ён не мог памерці, нікому не сказаўшы, дзе яны! Я абшукала кожны куточак вашага кабінета… Вы ведаеце, дзе грошы — я бачу па вас!..
На секунду Вінярскі нібы акамянеў. Нейкі голас крычаў у ім: «Аддай! Зараз жа дастань пакунак і аддай, ты ж і ўзяў яго сюды знарок, каб аддаць!» Другі голас ціха, але неяк і больш уладна шаптаў: «Аддаць?! Як? Вось тут, пры ўсіх, дастаць і аддаць? Вар’яцтва! Першае ж пытанне — адкуль у мяне гэтыя грошы? Адкуль у цябе грошы чалавека, які вунь ляжыць у зямлі, мёртвы? Ці не звязаны ты з яго смерцю? I ці ўсе тут грошы? Можа, аддаеш толькі частку? Адчэпнага?..»
За апошнія два дні — пасля смерці Івана Змітравіча — Вінярскі змяніўся моцна. Два дні і дзве бяссонныя ночы вымучылі яго. Гэта быў ужо не той Вінярскі — упэўнены ў сабе эгаіст, які ганарыцца сваім эгаізмам і ставіць яго вышэй за ўсё на свеце. Атручаны мепрабаматам, аслаблены бяссонніцай, яго мозг ужо не мог працаваць, як раней, лагічна. Вінярскі даходзіў да таго, што пераставаў пазнаваць самога сябе, не ведаў, што яму хочацца, што ён можа зрабіць праз хвіліну, не кажучы пра больш аддаленыя планы. Былі моманты, калі ён, бяссоннай ноччу седзячы ў крэсле, казаў сабе: «Зараз пайду пап’ю вады», — уставаў, ішоў на кухню, але замест вады даставаў з халадзільніка
Калі б яму тыдзень назад хтосьці сказаў, што ў яго будуць пачкі даляраў, а ён не знацьме, што з імі рабіць, будзе шукаць спосабу пазбавіцца ад іх — Вінярскі параіў бы такому «прароку» пайсці палячыцца. Але чалавек часта не ведае самога сябе. I выходзіла: як раней Вінярскаму было зразумела, што для таго, каб жыць, трэба любымі сродкамі здабываць больш грошай, так і цяпер ён яшчэ больш зразумеў — для таго, каб не звар’яцець, трэба пазбавіцца ад іх. I калі сёння пад раніцу ён зразумеў гэта, яму ўпершыню за гэтыя двое сутак стала лёгка, як некалі ў дзяцінстве, і слёзы радасці пацяклі па шчоках. Хай слабасць, бесхарактарнасць, труслівасць — жыццё даражэй. Усё навідавоку. Грошы ёсць, ляжаць — яны страшныя, жыцця няма. Падумаеш, як вяртаеш іх, выкідваеш, пазбаўляешся неяк ад іх — ёсць жыццё, ёсць ранейшы, дужы, ганарысты, упэўнены ў сабе Яўген Вінярскі.
I вось удава стаяла перад ім, і вочы яе малілі, крычалі, прасілі… Аддаць! Але як аддаць?..
Усё гэта, пакуль скамянелы Вінярскі стаяў і спалохана, зверху ўніз, глядзеў на жанчыну, на яе стаптаныя, у гліне, суконныя боцікі, пранеслася ў ім за лічаныя секунды.
— Што вы?.. — вымучыў ён з сябе, тузаючы рукою, каб вызваліцца. — Што вы кажаце? Першы раз чую… Мне трэба ісці, прабачце!..
Удава адпусціла рукаў.
— Калі так, — зусім іншым голасам сказала яна, — тады будзем спрабаваць інакш!
I яшчэ нешта казала ўслед, але Вінярскі ўжо не чуў; праклінаючы сябе, ён хутка, не азірнуўшыся, пайшоў па цэнтральнай дарожцы да выхаду з могілак. На вуліцы ён прыхінуўся спіною да мокрага бетоннага слупа, доўга прыкурваў адсырэлую цыгарэту — трэба ж было яшчэ локцем прытрымліваць пакунак за пазухай… «Зараз я яго выкіну! Вось сюды, у гэтую урну каля варот!» Поўны рашучасці, ён сунуўся да сметніцы, як раптам убачыў, што па дарожцы да выхаду ідзе той самы малады чалавек у светлым касцюме, з белымі валасамі-буклямі, які быў галоўны на пахаванні.
— Што ж ты ўцёк, Вінярскі? — вельмі развязна, на беларускай мове, сказаў малады чалавек, падыходзячы. — Я ж табе казаў — пачакай. Дай закурыць.
Вінярскі хуценька дастаў з кішэні цыгарэты, малады чалавек працягнуў руку і забраў увесь пачак.
— Калі просяць закурыць, ніколі не тыркайся, — павучальна сказаў ён, — не даставай па адной. У чужой кампаніі такія рэчы заўважаюцца. Дзякую… На! — ён закурыў і аддаў пачак.
Тут Вінярскі зусім усё ўспомніў. Недзе год назад, сапраўды, гэты белы ляжаў у чацвёртай палаце, — здаецца, п’яны ўпаў з балкона, зламаў нагу… Тое, што п’яны, добра помніў Вінярскі, бо былі нейкія замарочкі з выпіскай бальнічнай даведкі. Дык вось якога жаніха для сваёй дачкі знайшоў Стэльмах!..