Ланцуг
Шрифт:
Вінярскі глянуў на яго больш уважліва і зразумеў ці не галоўную прычыну яго развязнасці — той і цяпер быў яўна на падпітку.
— Вінярскі, ты… — звузіўшы бровы, п’янаватымі сінімі вачыма (у бялявых заўсёды сінія альбо блакітныя вочы) зіркнуў на Вінярскага хлопец, хацеў штосьці сказаць, але не сказаў, толькі раптам ні з таго ні з сяго панібрацкі ляпнуў Вінярскага па плячы: — Добра, потым… Ты ж не йдзеш на памінкі?
Іншым разам Вінярскі анямеў бы ад такой фамільярнасці. Але цяпер не звярнуў ніякай увагі. Хлопец быў гадоў на пяць маладзейшы за яго, але, невядома чаму, Вінярскаму хацелася слухацца яго і падпарадкоўвацца
— Не, не йду. А… ты?
— Ты ж бачыш… — I бялявы шчоўкнуў сабе па шыі і крутнуў указальным пальцам каля скроні, што, відаць, абазначала: п’яны — дурны. — Раз мы абодва не йдзем, паехалі, Вінярскі, са мною.
— Куды? — «Удава навяла, сказала, што грошы ў мяне. Што ж, так, можа, і лепш. Аддам, і ўсё», — вырашыў Вінярскі. — Можна і тут разабрацца, — сказаў ён, хоць хлопец пакуль і не прапаноўваў яму ніякіх разборак.
— Паехалі, не бойся. Тут недалёка. Я проста хачу з табою выпіць і пагаварыць.
— Паехалі дык паехалі…
У аўтобусе, што вёз іх у цэнтр, Вінярскаму было ніякавата. Ён пабойваўся, што ў аўтобусе бялявы будзе гучна гаварыць сваёй беларускай моваю, з п’янаватай смеласцю, і на іх пачнуць азірацца. Усё амаль так і выйшла. Праўда, хлопец не гаварыў — ён спяваў. Глядзеў у акно, думаў пра сваё, потым даволі прыемным голасам, але гучна — так, што, сапраў-ды, людзі азіраліся, пачынаў:
Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт…Колькі хвілін маўчаў, і зноў:
Як граў раз у дудку нябожчык Вінцэнт…I яшчэ праз колькі хвілін, думаючы пра сваё:
А Нёман спакойна, спакойна дрыжа-аў, I месячык ясны на нас пазіраў.Хвілін праз колькі ўсё паўтаралася. Ён і ў аўтобусе, як і на могілках, трымаў сябе свабодна, і, было відаць, што яму ўсё роўна — глядзяць на яго ці не.
Урэшце аўтобус спыніўся каля цырка; Вінярскі з хлопцам перабеглі на чырвонае святло праспект і пайшлі ўверх, да Дома афіцэраў. Не даходзячы да метро, бялявы павярнуў на прыступкі, што вялі да прыгожага невялікага доміка з вежай-шпілем над дахам па адзін бок і з купалам — па другі. Вінярскі, які ўвогуле ніколі не быў ахвотнікам цягацца па розных кавярнях і барах, не ведаў, што тут; думаў, калі глядзеў на гэты домік з акна тралейбуса, што гэта — нейкая старая царква, пераробленая, відаць, у музей.
— Гэта што: царква ці музей? — спытаў ён, калі бялявы ўжо браўся за ручку дзвярэй.
— «Мутнае вока», — коратка адказаў той.
Бялявы і ў гэтым «мутным воку», як і паўсюль, аказаўся чалавекам сваім. Пагаварыў з вахцёркаю, спытаў, ці працуе Тамара, куды знік нейкі Раман, урэшце кіўнуў Вінярскаму — пайшлі, туды, адкуль з-за дзвярэй чуўся гоман галасоў.
— Пачакай, — прытрымаў яго за руку Вінярскі. — Я доўга не буду. Можна тут… не скідаць куртку?
— Як хочаш. Табе ж горш— тут душна. А тое, што свіснуць могуць — дык гэта запраста…
У
— Васіль! — пачуўся з кутка радасны, хрыплаваты голас. — Сюды!
З-за століка ў глухім кутку падняўся мужчына і шырока раскінуў рукі, нібы падрыхтаваўся для абдымкаў.
— А, Сымон, — сказаў бялявы, падышоў, але ў абдымкі не палез, проста падаў мужчыну руку.
Вінярскаму нічога не заставалася, як падысці і зрабіць тое ж самае. Мужчына, моцна сціскаючы яго пальцы, пільна і строга гледзячы яму прама ў вочы, робячы пасля кожнага слова паўзы, з паважнай урачыстасцю назваў сваё імя, імя па бацьку і прозвішча (Вінярскі запомніў толькі імя — Сымон; як і потым, згадваючы гэты дзіўны вечар, колькі ні сіліўся, так і не змог успомніць ні прозвішча, ні імя па бацьку гэтага чалавека).
Калі Вінярскі прамаўчаў, мужчына, усё не выпускаючы яго рукі, дадаў:
— Празаік, паэт, крытык. Магу эпіграмы і пародыі. Член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь.
— Не хваліся, — сказаў бялявы, які стаяў побач і пералічваў грошы.
Не дачакаўшыся ад Вінярскага ніякай рэакцыі, мужчына выпусціў яго змакрэлую далонь, сеў за столік і пакрыўджана сказаў:
— Магу паказаць пасведчанне.
— Я веру, што вы! — хуценька адказаў Вінярскі. Яму было няёмка ад таго, што ён не змог нечым дагадзіць чалавеку.
Бялявы пералічыў грошы, падняў вочы ў столь, падумаў і пабег да стойкі.
VIII
— З кім маю гонар сядзець за адным столікам? — з той жа строгай важнасцю, быццам кожнае яго слова мела надзвычайную вагу, спытаў мужчына, калі Вінярскі прысеў.
— З хірургам… Доктарам, — адказаў Вінярскі, здзіўлены і такім высокім стылем, ды і ўвогуле беларускай мовай, якую яму нязвыкла было чуць з вуснаў звычайных людзей. Ён спадцішка агледзеў мужчыну. Яшчэ з парога, калі мужчына паклікаў Васіля, ён падаўся Вінярскаму маладым — недзе сваім аднагодкам, ну, можа, гадоў пад трыццаць; цяпер ён бачыў, што мужчыну, бадай, удвая больш. На ім быў паношаны касцюмчык, кашуля ў блакітны гарошак, расшпіленая на два верхнія гузікі; і шыя, і худыя далоні з доўгімі пальцамі, у якіх Сымон круціў пустую шклянку, і круглы, змаршчыністы, бы спечаны яблык, твар былі пакрыты цёмна-бурым загарам, быццам стары толькі што вярнуўся з паўднёвых пляжаў.
— Што ж, прыемна, калі і медыцына далучаецца да такой важнай справы, як культурны адпачынак, — пажартаваў Сымон і шчоўкнуў пальцам па вострым загарэлым кадыку — акурат як Васіль нядаўна, на могілках.
На стале стаяла пустая шклянка і ляжаў акрайчык хлеба, а на сурвэтцы — шчопаць солі. Сымон перахапіў позірк Вінярскага, уздыхнуў:
— Не ў пашане цяпер пісьменнікі… А калісь і я гудзеў. На адзін ганарар мог купіць паўмашыны або паўкватэры. А цяпер — паў-шклянкі гэтай вось гадасці, — ён падманіў Вінярскага пальцам, і, калі той нагнуўся, прашаптаў яму ў вуха, дыхаючы гарэлкаю, паказваючы на бялявага, які каля стойкі гаварыў з барменам: — Васіль — во хто! Талент на мяжы з геніяльнасцю. Во хто верне нашай роднай літаратуры яе былую пашану і веліч! Я хоць намнога старэйшы, але я яму самы блізкі сябар…