Ланцуг
Шрифт:
Ён страсянуўся — ды што за глупства?! У яго жалезнае алібі! I потым: як яму маглі падкінуць, калі ён прынёс гэты пакунак у сваіх руках? Ён помніць, як нёс яго пад пахаю па прыступках…
Тым не менш ад усіх гэтых разваг даляры неяк згубілі для Васіля нядаўнюю прыцягальнасць. Ад іх раптоўна павеяла нейкім неспакоем, няўтульнасцю… Нячыстыя яны, і думаць няма чаго!
«Зробім так, — падумаў Васіль і сам у сябе спытаў: — Як?»
XI
Васіль сядзеў на кухні, курыў, піў гарбату і глядзеў у акно. На двары ўсчынаўся вецер, ляпаў адчыненай форткай,
Раптам Васіль уздрыгнуў, схапіў, засунуў пад крысо пінжака пакунак з грашыма і стрымгалоў кінуўся з кватэры.
Калі ён выскачыў на двор, дзве дзяўчыны якраз перайшлі дарогу і параўняліся з яго пад’ездам.
— Жана! — паклікаў ён, і адна, чарнявая, з прыгожым вялікім ротам, павярнулася, заўсміхалася яму. — Пачакай… Можна на хвілінку?
Жана ахвотна падышла; сяброўка, зусім маладая, падобная на школьніцу, у лёгкай сукеначцы, з якой забаўляюся вецер, то задзіраючы яе, то абляпляючы вакол ног, спынілася пачакаць.
— Прывітанне. Што ты такі строгі?
Ён узяў яе за руку, адвёў да пад’езда, каб сяброўка не толькі не пачула, але каб і вуснаў іхніх не магла бачыць, ціха сказаў:
— Жана… Я даўно хачу… з табою.
— Ну, мала хто хоча са мною.
— Пачакай! — ён прытрымаў яе сілаю. — Глядзі, — хуценька дастаў грошы. — Усё забярэш.
— Што гэта? — прыжмурыла яна зеленаватыя вочы.
— Даляры.
— А колькі?
— Не ведаю.
Яна азірнулася на сяброўку, сказала:
— Заходзь, калі я буду адна. Толькі дачакайся, чуеш? Кватэру ведаеш? — і яна назвала кватэру.
Ён кіўнуў.
— Ну, пакуль, — яна пабегла да сяброўкі, што пакорліва чакала, прытрымліваючы на каленях сукенку, надзьмутую ззаду ветрам, як шар. Васіль яшчэ раз зірнуў ёй услед, каб запомніць гэтыя моцныя, доўгія ногі. Падумаў, здрыгануўшыся: «Усё правільна — вось тое, што варта любых багаццяў у свеце!»
— Хто гэта? — спытала сяброўка, калі яны адышліся.
— Так, журналіст адзін знаёмы.
— Журналіст? А што ён хацеў?
— Даляры прадае.
— Па колькі? — зацікавілася сяброўка.
— Я сама разбяруся… Слухай, я ўспомніла. Я не магу цяпер паехаць, пазней пад’еду.
Сяброўка з яшчэ большай цікавасцю зірнула на яе, але прамаўчала.
— Я толькі куртку забяру, — сказала яна.
Падняліся ў кватэру. Жана жыла ў маленькай аднапакаёўцы з маці, якая была цяпер на працы (яна працавала санітаркаю, толькі не ў той клініцы, дзе давялося адмучыцца Васілю). Жана вынесла скураную куртачку, сяброўка адразу ж апранула, сцепанула плячыма, саграваючыся. Папрасіла:
— Можна, я хуценька вып’ю кавы?
— Ну, ідзі на кухню.
Праз хвіліну забулькала кававарка, і хутка сяброўка, грэючы аб кубак далоні, з асалодаю цягнула духмяны напітак. Жана закурыла.
— А што ў цябе з Жэнькам Вінярскім?
— Так… Я яго не бачыла ўвесь апошні тыдзень.
— I не званіла?
— Не.
Жана хлусіла спакойна, як толькі жанчына можа хлусіць жанчыне. Калі ж напраўду, яна званіла Вінярскаму кожны дзень, раз нават уночы, але нехта падымаў трубку і адразу ж клаў назад. Жана думала, што гэта была Яўгенава маці, настаўніца, якая яшчэ са школы
Сяброўка дапіла каву і пайшла, і Жанна ўздыхнула з палёгкаю, памыла кубачак, села і пачала чакаць. «Найперш глянуць, ці не фальшывыя, — думала яна, — калі не: няўжо такія аслы яшчэ жывуць на свеце?! Хоць што — журналіст, а журналісты ўсе прытыраныя». На міг яна пашкадавала, што згадзілася, — нейкае нядобрае прадчуванне не пакідала яе. Што яна ведае пра яго, акрамя таго, што журналіст і жыве блізка?.. Пазнаёміліся неяк у гастраноме, у яго не хапала грошай на выпіўку, ён прасіў прадаўшчыцу даць напавер. Жана ўжо выходзіла з магазіна, як раптам пашкадавала яго, вярнулася і даплаціла, колькі трэба. На другі дзень бялявы падпільнаваў яе і аддаў. Прайшліся побач, перакінуліся парай слоў. Ён сказаў, што працуе ў рэдакцыі. Імя не запомніла, затое добра запомнілася, якой пажадаю гарэлі ў яго вочы, калі ён пазіраў на яе ногі. Жане гэта спадабалася.
Прыгадала яна той позірк і цяпер, адмахнулася — чорт з ім! Галоўнае, каб даляры былі не фальшывыя; але калі і атрымаецца з усім гэтым пралёт, падкладзецца свіння — Бог з ім, мала з кім яна спала, спіць і будзе спаць… А гэты — не самы горшы.
Між тым сяброўка далёка ад Жанінага дома не адышла. Яна, азіраючыся, мінула пад’езд, каля якога перастрэў Жану гэты падазроны журналіст, завярнула за вугал, тады прахадным дваром вярнулася назад і зайшла ў гастраном, стала каля шырокага вітрыннага акна. Адсюль Жанін пад’езд быў відаць як на далоні. Чакаць давялося нядоўга. Хутка паказаўся журналіст, зайшоў у пад’езд… Сяброўка пахваліла сябе за кемлівасць. Неўзабаве яна здымала трубку таго самага таксафона, з якога Васіль званіў у бар і да сябе ў рэдакцыю; трохі павагалася — усё ж Жана была ёй сяброўкаю. Але ўздыхнула і пачала набіраць нумар.
— Мне здаецца, Жанка падпольна прымае, — сказала яна ў трубку. — З журналістамі звязалася…
— А, ну добра, — адказалі ёй. — Прыязджай сама.
Пачуўшы званок, Жана выйшла ў пярэднюю рашучая, настроеная на злосць і рэзкасць, але, убачыўшы рашучы Васілёў твар, моцна сцятыя вусны, угледзеўшы ў яго вачах тую самую пажадлівасць, якая не магла ёй не падабацца, супакоілася: «Прытыраны, несумненна!»
— Дай, — адразу ж працягнула руку, забрала пакунак, вярнулася ў пакой.
Нямецкая машынка пішчала, як рацыя. Даляраў было многа, яны былі сапраўдныя. Што за чорт? Добра, галоўнае, пакуль яны ў маіх руках, а там я ўжо змагу разабрацца… Ну ж і прыдурак. Хай — на, калі так хочаш.
Яна выйшла да Васіля ласкавая, марудлівая, паманіла пальцам у пакой:
— Ну, распранай мяне, — і абняла за галаву, калі ён апусціўся на калені перад ёю…
Менш чым праз гадзіну Васіль выходзіў ад Жаны хістаючыся.
«Лёгкі, пусты і нікому не патрэбны»
Што гэта было?! I чаму было?! Ён плюнуў, пастукаў сябе па галаве, якая адразу ж адазвалася цягучым пахмельным болем.
«Чортавая творчая асоба! Ні гадзінніка, ні даляраў…» Каб хоць трохі супакоіцца, пачаў хадзіць узад-уперад каля свайго пад’езда, не зважаючы на моцны вецер і пакуль рэдкія, але буйныя кроплі дажджу, — хадзіў і думаў: «А-а, як прыйшло — так і пайшло. А лепш было б, калі б гэтыя грошы сапраўды аказаліся нячыстыя, калі б мне іх падкінулі?»