Шрифт:
Першынцу Аляксею
Прадмова ад "выдаўца"
У дадзеную электронную версію не ўвайшлі спасылкі на крыніцы, якімі карыстаўся аўтар.
Як на маё меркаванне , дык звычайнаму чытачу гэта не не вельмі цікава, а калі то, дык існуе папяровы арыгінал, ці PDF версія.
З павагай да аўтара і чытачоў — Polochanin72.
Прадмова
Карфаген мусіць быць разбураным — казалі рымляне, калі думалі пра інтарэсы ўласнай дзяржавы. Створаны ў БССР гістарыяграфічны міф пра ўзгадаванне беларускай дзяржаўнасці з дапамогай Леніна і Сталіна, пра бальшавіцкую місіянернасць як ласку для беларускай нацыі таксама мусіць быць разбураны, калі маладая Беларусь думае пра ўласны імідж, а яе грамадзяне маюць нацыянальную годнасць. Міф гэты будаваўся на стагоддзі. Выглядае фундаментальна, як будынкі ў стылі сталінскага класіцызму на галоўнай вуліцы Мінска. Можа таму за яго разбурэнне гісторыкам сталага веку так страшна брацца. Але гэтага не скажаш пра маладога аўтара дадзенай манаграфіі. Ён узяўся за справу. І гэта радуе.
Існуе погляд,
У тым і справа, што хутка не абрынуцца. Прыдаецца доўга чакаць, бо робяцца спробы рэстаўрацыі. Ачышчаць нацыянальную гісторыю ад бальшавіцкай ідэалогіі неабходна па ўсіх накірунках. Прыклад дадзенай працы паказвае, што пачынаць трэба з галоўнага. Аўтар звярнуўся да твораў Леніна і Сталіна, зайшоў у створаны савецкімі гісторыкамі дом-міф пра беларускую савецкую дзяржаўнасць і пачаў расказваць пра ўбачанае. Хаця ўвайсці туды было не так проста. Змрочная атмасфера. Смурод палітычных мерцвякоў. Патрабавалася пэўная мужнасць і адвага. Але аўтар зрабіў гэта і атрымаў станоўчы вынік. Нельга сказаць, што яго намаганнямі міф-будынак разбураны. Але сталася відавочна, што за знешняй рэспектабельнасцю ўнутры яго — спрэс фальсіфікацыя. Цяпер іншыя стануць смялейшымі.
Фактычна аўтар пачаў перапісванне гісторыі партыі расійскіх бальшавікоў з пазіцый сучаснай беларускай суверэннасці і паказаў мэтазгоднасць гэтай справы. Даўно — пара!
Не з усімі поглядамі аўтара можна пагадзіцца. Але я не выступаю тут рэцэнзентам. Хачу толькі падтрымаць майго калегу, які дэманструе высокую дасведчанасць у праблеме і прафесіяналізм. Лічу сваім абавязкам даць яго арыгінальнаму даследаванню, як кажуць, «пуцёўку ў жыццё». Ён апраўдвае мае надзеі на маладых навукоўцаў, якія ў стане стварыць праўдзівую гісторыю ўласнай краіны.
Прафесар Захар Шыбека
Уступ
Многія пытанні станаўлення беларускай дзяржаўнасці па-ранейшаму не знаходзяць адказаў, або тыя адказы гучаць вельмі няпэўна. Таму гэтыя пытанні, нягледзячы на гурбы спісанай паперы, застаюцца адкрытымі. Цікава, што найбольш увагі па гэтай тэме заўсёды ўдзялялася аспекту, вынесенаму намі ў загаловак. Цалкам лагічна, што навукоўцы адмыслова абіралі для грунтоўных даследаванняў «крамлёўскі ракурс», бо менавіта меркаванні бальшавіцкіх палітыкаў з'яўляліся лёсавызначальнымі для Беларусі. І тым не менш менавіта гэты аспект у гістарыяграфіі застаецца найбольш полівалентным [1] .
1
Які спалучае ў сабе некалькі розных кірункаў, паглядаў, думак — Polochanin72
Якімі ж яны былі, тыя меркаванні — і сапраўдныя, і дэкларатыўныя? Якой была іх рэалізацыя? Вось пытанні, на якія гістарычная навука пакуль не дае пэўнага адказу. З гэтага грамадства мае дамінаванне міфа пра ленінска-сталінскую дапамогу ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. А за мяжой калі і былі антытэзы, то
1) не ў патрэбнай колькасці (што важна як для міфастварэння, так і для разбурэння міфаў),
2) яны фактычна знаходзіліся пад забаронай у «сацыялістычным лагеры» і таму заставаліся там невядомымі.
Дэмантаж посткастрычніцкага эксперыменту спарадзіў плюралістычную атмасферу ва Усходняй Еўропе, у тым ліку ў гуманітарных дысцыплінах. Аднак афіцыйная беларуская навука, якая мусіла быць флагманам у даследаванні дзяржаўнасці сваёй краіны, практычна засталася ў палоне савецкай гістарыяграфічнай традыцыі. Новым жа даследаванням пакуль не хапае грунтоўнасці. Разам з тым, у навуковы зварот, нават у беларускім гістарыяграфічным дыскурсе, ужо ўведзена столькі матэрыялу, што даць канкрэтнае абазначэнне пазіцый расійскіх бальшавікоў і абгрунтаваць дэтэрмінізм [2] тых пазіцый цалкам магчыма. Гэта і робіцца ў рэпрэзентуемым даследаванні, якое, тым не менш, ні ў якім разе не канцуе праблему. Наадварот яго трэба расцэньваць як прапанову да больш шырокага і актыўнага асэнсавання праблемы.
2
Дэтэрмінізм (лац.: determinare — вызначаць, абмяжоўваць) — навука пра ўзаемасувязь і ўзаемаабумоўленасць працэсаў і з'яў, дактрына пра ўсеагульную прычыннасць — Polochanin72
Гэты нарыс фактычна з'яўляецца гістарыяграфічным. Аднак ён не мае на мэце ахапіць усё тое, што ўжо напрацавана гістарычнай навукай. Найперш акцэнтаваліся тыя кантэксты, што адпавядалі зададзенай тэме. З гэтага па-за належнай увагай застаўся шэраг высакаякасных даследаванняў (напрыклад, В. Круталевіча, С. Рудовіча).
Важна было б даследаваць паасобку і адносіны да беларускай дзяржаўнасці іншых суб'ектаў міжнароднай палітыкі. Бо пра іх як у навукоўцаў, так і ў грамадства ўяўленне часта досыць ўтрыраванае. Але спачатку неабходна як мага больш поўна праясніць ролю Масквы ў станаўленні і развіцці дзяржаўнасці на Беларусі ў першай палове XX ст. як найбольш важкую, так і найбольш скажоную. І хаця шматлікія матэрыялы гэтай гісторыі ляжаць, здавалася б, навідавоку, многія даследчыкі ўпарта не жадаюць імі карыстацца. А колькі яшчэ дакументаў марнее ў архівах (перадусім расійскіх) і чакае сваіх аналітыкаў, можна толькі здагадвацца.
Калі вынікі рэпрэзентацыі гэтых навуковых пошукаў выклічуць дадатковую ўвагу да тэмы і хоць трохі актывізуюць працу ў дадзеным накірунку, то аўтар палічыць задачу-мінімум выкананай.
Загадзя дзякую чытачу за ўвагу да маёй сціплай манаграфіі.
Ад Петраграда да Рыгі (1917–1921)
Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно
В. Ленин
Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм.
И. Сталин
У гістарычнай навуцы Беларусі пытанне пра адносіны кіраўніцтва бальшавіцкай партыі і савецкай краіны да станаўлення беларускай дзяржаўнасці дасюль не мае пэўнага адказу, як няма яснага адказу на пытанне: наколькі ж і як спрычыніліся бальшавікі да вырашэння гэтай праблемы? Савецкая гістарыяграфія стварала міф пра тое, што абяздолены беларускі народ толькі дзякуючы кастрычніцкай рэвалюцыі займеў паўнавартасную дзяржаўнасць. Паралельна існавала ледзь не цалкам адваротная думка беларускіх эмігрантаў: маўляў, гэта была бальшавіцкая акупацыя. Аднак за рамантызмам і эмоцыямі тыя навуковыя даследаванні нярэдка гублялі сваю вартасць, таму акрэсленая тэма заставалася слабадаследаванай. Тым больш, што даследаванні з-за «жалезнай заслоны» праводзіць было практычна немагчыма, паколькі неабходныя архівы знаходзіліся ў СССР, але пры гэтым былі недаступныя і савецкім гісторыкам. А калі апошнія што і знаходзілі, то трымаліся рамак ідэалагем, або гэта за іх рабіла цэнзура. Сучасная гістарычная навука Беларусі стасоўна гэтай праблемы, як і многіх іншых, мае пэўныя здабыткі, якія, аднак, вельмі часта характарызуюцца прынцыповымі супярэчнасцямі. Даходзіць да парадоксаў: зробленыя ў канцы працы высновы могуць канцэптуальна пярэчыць папярэдняй аналітыцы. Такое становішча падштурхоўвае да пераканструявання сэнсу падзей, якое, што праўда, не прэтэндуе на поўную завершанасць, аднак імкнецца да аб'ектывізацыі тэндэнцый, якія панавалі ў кіраўнічых органах маладой савецкай дзяржавы (з 1922 г. — СССР). Яшчэ заўважым, што абсалютная большасць матэрыялаў, якія леглі ў аснову працы, з'яўляецца агульнадаступнай і мае даволі шырокую рэпрэзентацыю.
У свой час шляхам трох падзелаў канфедэрацыі Кароны Польскай і ВКЛ — Рэчы Паспалітай — Расійская Імперыя атрымала ў свой склад усе этнаграфічныя беларускія землі — тыя, на якіх магла б утварыцца беларуская нацыя і нацыянальная дзяржава. Чарговы ўздым нацыянальнага руху ў Еўропе абудзіў імкненні многіх «падімперскіх» народаў да самавызначэння. Палякі ў сваім адраджэнні кіраваліся менавіта станам краіны на 1772 г. [3] , калі суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае жыццё канфедэратыўнай дзяржавы. Таму незалежніцкія тэндэнцыі, праяўленыя нацыянальнай элітай беларусаў у 1918 г., мелі аніяк не меншыя падставы на падобныя памкненні, тым больш, што «Дэкларацыя правоў народаў Расіі» (ад 2 лістапада 1917 г.) гарантавала нацыям права на вольнае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. Больш таго, «пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 29 жніўня 1918 г. савецкі ўрад прыняў падпісаны У. І. Леніным дэкрэт аб адмове ад дагавораў і актаў, заключаных урадам былой Расійскай імперыі аб падзеле Рэчы Паспалітай». А гэта значыць, што расійская інкарпарацыя беларускіх зямель, якія з'яўляліся ядром ВКЛ, de iure [4] ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на самавызначэнне (натуральна, калі яны адмовіліся б ад ранейшага дзяржаўнага status quo [5] ў выглядзе ВКЛ [6] ці Рэчы Паспалітай, у якой Княства — у адрозненне ад Савецкай Беларусі — з'яўлялася далёка не фармальнай структурнай адзінкай, хоць яго статус у тандэме з Каронай і быў моцна паслаблены ў выніку спусташальных войн сярэдзіны XVII ст. і далейшай расійскай экспансіі). Выбар народаў былой Рэчы Паспалітай (палякаў, літоўцаў, украінцаў) быў зроблены на карысць самастойнага шляху дзяржаўнага будаўніцтва, што фактычна не пакідала альтэрнатывы беларусам у выпадку памкнення да самастойнага вырашэння свайго лёсу. Тоесную думку выказаў таксама гісторык правазнаўчай думкі Язэп Юхо.
3
Паводле сакрэтнага рашэння польскага ўрада ад 8 сакавіка 1920 г., максімальнымі патрабаваннямі былі межы 1772 г., мінімальнымі — «лінія бяспекі»… Яна павінна была прайсці недзе паміж лініяй фронту і мяжой 1772 г. Відавочна, насамрэч палякі падстаў на такія прэтэнзіі не мелі, бо Рэч Паспалітая з'яўлялася канфедэрацыяй ВКЛ і Кароны Польскай, хоць і з дамінаваннем апошняй.
4
De iure (лац.) — юрыдычна, згодна з правам — Polochanin72
5
Status quo (лац.) — (літар.: становішча, у якім...) стан міжнароднага становішча, што склаўся на які-небудзь момант — Polochanin72
6
Была і такая задума. У 1915 г. пасля нямецкай акупацыі заходняй часткі Беларусі дзеячы беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх палітычных арганізацый стварылі нават Канфедэрацыю ВКЛ. Аднак зачын меў як праблемы ўнутранага характару, так і неспрыяльныя ўмовы міжнароднага кантэксту. Таму ідэя згасла, не разгарэўшыся. Ужо на наступны год адзін з прадстаўнікоў ідэі Канфедэрацыі ВКЛ В. Ластоўскі ачольвае «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», у праграмных дакументах якой вылучаецца ідэя стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, якая ахапіла б усю этнічную тэрыторыю беларусаў.