Маці ўрагану
Шрифт:
Дзеючыя асобы
Агна Вецер.
Васіль Вецер – збройнік, вольны землеўладца, яе сын.
Надзея – ягоная нявеста і потым жонка.
Васіль Вашчыла – войт вёскі Селішча
Іван Карпач – уладца двара, унук крычаўскага бурмістра і сам бурмістр, сын “гарматніка”
Васка Вецер – мешчанін, стрыечны брат Васіля Ветра
Ілья Карпач – Іванаў бацька, крычаўскі гарматнік. Сын бурмістра Змітра.
Бачко – сын аднаго з правадыроў, пісар і сакратар паўстання.
Магда
Лаўрэн Каўбаса – яе ўздыхальнік
Айцец Анцівох (Антох) Крапіла – поп-мяцежнік.
Яўхім Хмыз – дудар, усякай музычнай справы майстра.
Мендл Кеймах – каваль.
Пракажоны.
Поп з Бесавічаў.
Князь Геранім-Фларыян Радзівіл – харунжы літоўскі, староста крычаўскі, уладар бельскі.
Аліцыя Гайдаловіч – каханка князя.
Грабоўскі – пасол ад сваяка Радзівіла, князя Марціна-Мікалая Радзівіла, ягоны фаварыт, “нож” Марцінаў.
Пёкур – ксёндз, пробашч бельскі.
Капітан Аддзяла Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя.
Пан Піліп Каршук – “канцлер дзяржавы” Радзівіла, так бы мовіць, “міністр замежных і ўнутраных спраў”.
Павал Цялецкі – губернатар крычаўскі, старшыня суда над паўстанцамі.
Войт вёскі Ківаверцы.
“Нечаканы сяржант”, воін з аховы.
Гайдук.
Гдаль Іцкавіч.
Шмуйла Іцкавіч.
Камісар-Крэатура, паслугач Гдаля.
Палкоўнік Данаван – кіраўнік саксонскіх наёмнікаў.
Раймунд Данаван – ягоны сын.
Палкоўнік Пястжэцкі.
Кат.
Першая дзея адбываецца ў наваколлі двара Ветра, другая і трэцяя – увосень і ўзімку 1743–1744 гадоў у Белай Падляшскай, Цэркавішчы і Крычаве.
Дзея першая
Карціна першая
Ноч, поўная трывогі. У цемры парывае вецер, і адказваюць яму дрэвы. У адну з ціхіх хвілін далятае здалёк і пасля нарастае пошчак конскіх капытоў: нехта страшэнна спяшаецца. А пасля з’яўляецца і мацнее стрыманы, нібы праз зубы, Голас. Песня-рэчытатыў. Такая самая шалёная, як конскі намёт. З глоткі. Хрыпата. Праз зубы.
Сэрца каня ірвецца, Ў сэрцы конніка боль: Радзіма твая прадаецца, Кожны псяр над ёю – кароль. Прадаюцца жанчын нашых вочы, Прадаюцца калыска і храм, Прадаюцца ўсім, хто захоча: Ворагу й хцівым сябрам.Пытанне. Стой! Хто скача?!
Адказ (голасна). Ганец ад арандатараў Іцкавічаў да іхняй высокасці яснавяльможнага князя Радзівіла.
Першы голас (голасна). Праязджай! (Ціха.) Ну і кампанія!
Адказ (ціха). Саб-бакі.
Ізноў
Шалёны конскі намёт.
Падвор’е Агны і Васіля Ветраў. Злева, праз яблыні – далёка, – цьмяная стужка Сожа. Пасярэдзіне чыстага двара, бліжэй да левага боку сцэны, вялізны дуб. Справа, крыху наўскос – хата. Ад яе, углыбіні, за плятнём і дрэвамі, арчатая галерэя драўлянага лямуса. На двор выходзіць ганак на слупах. Вокны між ім і лямусам асветленыя. Вокны між ганкам і краем сцэны – цёмныя. Гэта вокны бакоўкі, якая асветліцца, калі дзея перанясецца ў яе. З асветленых вокнаў далятаюць спевы, і жанчына на ганку – яна ўся ў чорным – нібы слухае іх... Зноў далятае здалёк тупат капытоў, замірае недзе за дубам. Чуваць пырханне каня, голас: “Дур-ры ў мяне”. Пасля адтуль выходзіць і ідзе паўз пляцень да ганка Васіль Вашчыла. Песня выбухае з новай сілай:
– Чаго ты, лосю, чаго ты, сівы, Так да сяла прыпадаеш? Ды ці ты, лосю, ды ці ты, сівы, Ліхую зіму чуеш? – Чую не чую, добра ведаю, Не будзе, як лецечка. – Чаго, Надзейка, чаго, малада, Так жалосненька плачаш? Ці ты, Надзейка, ці ты, малада, Ліху свякроў чуеш? – Чую не чую, добра ведаю: Не будзе, як мамачка.Вашчыла. Вечар добры. Гэта Ветрава падвор’е?
Жанчына. Так.
Вашчыла. Што гэта ў вас?
Жанчына. Перадвясельная ноч у сына. Я Агна Вецер.
Вашчыла. Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.
Агна. Можа, пойдзеце да іх?
Вашчыла. Не трэба, каб мяне бачылі. Я пачакаю на двары.
Агна. Тады лепей хадзіце сюды.
Вядзе Вашчылу на ганак, пасля – у бакоўку, прыносіць аднекуль каганец. Пайшла. Вашчыла аглядаецца: печ, стол, крэсла з падлакотнікамі, ложак пад самаробным пакрывалам. На стале дзесятак кніг, чарніліца з пяром. Вашчыла ўзяў адну кнігу.