Матчына душа

на главную - закладки

Жанры

Поделиться:

Матчына душа

Матчына душа
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Уладзімір Караткевіч

Матчына душа

На пачатку дарог

Жанчыны сечкамі таўкуць бадзёра, Як быццам спора выбіваюць такт Для нейкай небывала хуткай полькі. Ў распараныя глоткі цёмных бочак Плыве капуста белаю гарой. Яе засыплюць соллю з чорным кмінам І зоркамі чырвонай смачнай морквы, Там-сям антонаўку для духу кінуць І зноўку пачынаюць дружна стукаць. Пачатак лістапада. Ноч глухая Ляжыць за вокнамі самотнай хаты, І плачацца на горкую нядолю За мокрым шклом раздзеты чорны сад. Бязмежная пустэча за акном. Халодныя ад дожджыкаў вяргіні, Халоднае ад кропляў дажджавых Сумуе яблыка на голым дрэве: Забылі. А ў хаце добра, цёпла, Ля комінка прыжмурылася котка, Газніца цьмяна свеціць на шынкоўні: Жанчыны тут сышліся "талакою" Дапамагчы нашаткаваць капусты, А каб сказаць па праўде, паспяваць, Пажартаваць, забыўшы ноч і цемру, Гарэлкі выпіць пасля працы лёгкай І пачасаць нязлосна языкі. Якая ноч! Як непрытульна тым, Хто ў гэту ноч ідзе у шлях далёкі Пад зімны дождж, на лужыны рабыя, Ад залатых агеньчыкаў прытульных... О, як спяваюць! Вуха у дзіцёнка, Які на зэдліку сядзіць ля печкі, Упершыню жалобна ловіць гукі, Упершыню ў жыцці. Чатыры леты Прабеглі над бяляваю галоўкай, Якая, быццам спелы адуванчык, Качаецца пад ветрам вольных песень. Ён шмат чаго яшчэ не разумее: Чаму жаўнер паслаў дзяўчыне хустку, Чаму не поўна рэчанька, чаму Андрэеўна нажом сябе забіла, Калі магла яна забіць султана? Чаму плакун-трава зямлю ўкрывае? Але нічога, гукі гэтых песень Навекі застануцца жыць у сэрцы, Як словы
першых кніжак дарагіх.
Ён можа ўжо чытаць; занадта рана. Вось кніжкі гэтыя ля тоўстых ножак: "Савось-распуснік", "Пра сабаку Бума", "Пра пана-жываглота", "Вярнідуб", Старая чытанка ў пажоўклых корках І казкі, казкі, казкі Беларусі, Трапёткія, як першыя пралескі, Пякучыя, як гнеўная маланка, Загадкавыя, як агонь у лесе, Багатыя, як жнівень залаты. Калі ж ад літар адарвуцца вочы, Ён бачыць белазубы рот Паўліны, Вясёлай цёткі. Як яна жартуе! Дарослым будзе ён чытаць Купалу, І замест юнай, з'едлівай Паўлінкі Паўстане гэты сталы добры твар: Падобныя яны з іх весялосцю, З іх голасам, з іх прыгажосцю яснай, З іх шчырай беларускаю душой... Але хутчэй, хутчэй ізноў да кніжак, Бо доўга на дзяўчат глядзець не можна, Яны дзівачкі: ледзь спаймаюць позірк - Адразу падбягуць, ў ахапак возьмуць І пачынаюць ціскаць да грудзей. (О, каб дзіцяці год на дваццаць болей! Наўрад ці асабліва б ён цураўся!) А так ён тоўсты, пульхны, апетытны, Яго цалуюць, ціскаюць, кусаюць, Смяюцца неяк дзіўна, чырванеюць. Авой! Якія моцныя абдоймы, Як цёпла дыхаюць тугія грудзі! Нядобра гэта ўсё! І асабліва Настырная чарнявая Анежка. Ну так і лезе. А ў вачах такое, Што сумна робіцца і неспакойна, Чаго цалуе? Хлапчуку здаецца, Што хлопец той, цыбаты і няўдалы, Васіль, што у кутку сядзіць маўкліва, Ахвотна б з ім на месца памяняўся. Аднойчы ў прастаце сваёй душэўнай Ён гэта Васілю прапанаваў І быў здзіўлёны, што вакол рагочуць. Як добра Васілю! Яго не носяць, Ён можа ля дзвярэй сядзець спакойна І хрумстаць белыя тугія храпкі. Ах, храпкі, храпкі! Ах, салодкі сок! Як будзе ён дарослым - неадменна Заўсёды будзе іх дасхочу хрумстаць, А так, чамусьці, многа не даюць. Глухая ноч слязіцца за акенцам. Газніца. Ў печцы жоўтыя салдаты Страляюць гулка і заўзята лезуць На штурм драўлянай крэпасці. Утульна. Вуркоча котка. Казкі набягаюць. І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня, Плыве ў душу, у сэрца хлапчука, І ён яе ніколі не забудзе. Хто будзе ён? Кім стане у жыцці? Не ведаю яшчэ, бо гэты хлопчык, - То быў я сам. І ветразем надзейным На ўсё жыццё мне засталася песня. Дапамажы мне, песня, ў лютых хвалях, Ў затоцы ціхай, дзе вада цвіце, Нясі мяне у мора. Я чакаю.

Спадарожніку Зямлі 

Шэпчуць лісцем пажоўклым таполі, Зоры робяць за кругам круг. Я не бачыў цябе ніколі, Мой маленькі нябесны друг. Узыдзі, мая зорка срэбная, Над абшарамі нашых бароў, У людзей жа на сёмым небе Не было ніколі сяброў. Не да неба ляцела іх сэрца, А да ніў сваёй стараны. Ўсе яны зямныя да смерці, Але ты хіба не зямны? Тут прыпала табе нарадзіцца, Тут звычайныя людзі зямлі Разгадалі тваю таямніцу І сусвету цябе аддалі. І, як многія, сэрцам чыстыя, Што выходзяць з цемрай на бой, Ты на працы згарыш калісьці, Ўсё аддаўшы Радзіме сваёй.

Партызанская балада 

Памяці Арцём'евай

На нашай любай і чыстай, на нашай сіняй зямлі Зяберам і асотам зараслі пустыя палі, Зяберам і асотам, горкай пустой травой, Бярозкаю і ваўчкамі, і павітухай тугой. Вяжуць жанчын да танкаў, дзяцей з аўтаматаў б'юць. Вёскі на выспы лясныя ад свастыкі чорнай бягуць. Хаты стаяць пустыя, лісіцы спяць у хлявах, Восы, стракатыя восы гнёзды звілі ў чарапах. А ноччу па ўсёй краіне пад ветру халоднага спеў На горам засеяных нівах расце небывалы гнеў. Пахне згарэлым порахам нават старцоў рызман, Ляжаць пад адхонам саставы з надпісам: "Deutsche Reichsbahn". Гэта было ў сорак першым на прыдняпроўскай зямлі Ў звычайнай маленькай вёсцы з смешнаю назвай "Казлы". Чалавек пастукаў у шыбу і ў дзверы ўваліўся як куль, І сказаў: "Зачыні, Паўліна, непадалёку - патруль. Я нарваўся на вартавога. Ён даў мне ў плячо штыхом, Але ён не пабачыць таксама ў Нямеччыне родны дом. Перавяжы мне рану - іначай не дабрыду". – "Заставайся". – "Нельга, Паўліна, хату тваю падвяду". Мужчына быў год пад сорак -  але моцны яшчэ чалавек. У жанчыны сівелі скроні - канчаецца бабін век. І яна непрыкметна пагладзіла рукаў яго кажуха, І яна на нагах хіснулася, Яна не ўпала траха. І ўзяла сарочку жаночую з карункавым падалом, І яе на бінты пакроіла вялікім сталовым нажом, І калі рукаў разрэзала - кроў цякла па лязе цурком, І калі зацягвала вузел - да раны прыпала крадком. І мужчына сказаў ёй мякка: "Цябе ніхто не кране. Я пайду, але ты, Паўліна, паслухай цяпер мяне: Можа, мяне спаймаюць... пад дубам, што ведаеш ты, Я закапаў узрыўчатку, прыблізна на два масты. Масты неабходна знішчыць. Па іх да нашых брыгад Немцы мяркуюць падвесці вялікі карны атрад. Калі загіне мой сябра, калі загіну я, То спавясціць пра гэта будзе справа твая. Дашлі туды дзеда сымона, ён лёгкі яшчэ на хаду. Дашлі неадменна, адразу ж... Дзякуй, Паўліна, пайду. Жонцы, дзецям, таварышам прывітанне маё перадай... Падрыўніка яны знойдуць - на мне не сышоўся край". Ён пайшоў, і яго схапілі на выгане ля сяла, А ўранку да каменданта тая ж жанчына прыйшла І сказала з сухімі вачыма: "Паслухайце, пан капітан. У вас сядзіць мой каханы. Вы сказалі, што ён партызан. Не ён забіў вартавога, рана не ад штыка. Рану нажом зрабіла каханкі яго рука. Вы павінны мяне даслухаць, вы кахалі кагось у жыцці. А мне без майго кахання дваццаць год давялося брысці. Я любіла, а ён ажаніўся, пакінуў наша сяло. Спытайце ва ўсіх на вёсцы, што так яно і было. Да мяне пяць дзён як вярнуўся і назваў каханаю ён. О, каб ведалі вы, што такое каханне на схіле дзён, Горкае і гарачае, не такое, як ранняй вясной!.. А ўчора сказаў ён, што зноўку пойдзе да жонкі сваёй... Без яго апусцелі б навекі сэрца маё і дом, Яго за здраду, за здраду ўдарыла я нажом. Для мяне нат слабым і хворым ён быў бы харош і гож. Бачыце, вось кашуля. Бачыце, вось ён, нож". І яе тапталі нагамі, яе катавалі пяць дзён, А яна упарта казала: "Каханы, каханы ён". Калі шосты дзень за лясамі, сплыўшы крывёй, сканаў, Мужчыну штурхнулі ў свіран, дзе пластам ляжала яна. Твар яе быў апечаны агнём пякучым свячы І не гаіліся раны, якіх ніхто не лячыў. Ён стаў ля яе на калені, пагладзіў рассечаны лоб, І яна яму расказала пра свой свядомы паклёп: "Ты маўчаў? Не сказаў, дзе паранены? Ім самім давялося шукаць. Мой разлік быў тонкі і верны. Пра каханых заўсёды маўчаць. Ты бачыш, я паміраю. Канец. Крычы не крычы. Любы мой, любы мой, любы... Маўчы, неадменна маўчы. Маўчы дзеля бедных дзетак, дзеля любай жонкі сваёй, Дзеля вечнага, добрага шчасця, што будзе над нашай зямлёй. Даруй, што бруднай рукою ўспаміны кранулі яны. Ты ведаеш, зерне праўды жыло ў гэтай хлусні. Калі будзеш пад нашым дубам, калі прыйдзеш туды адзін, - Дакраніся хоць на імгненне да яго каравых галін..." Ціха-ціха ўздымаюцца да бінтоў, ад крыві рабых, Чыстыя-чыстыя рукі - белыя галубы... І калі яна праз імгненне пакінула гэту турму - Мужчына ад плачу затросся, як яна дваццаць год таму. Перад тым, як жанчыны вочы заснаваў невядомага дым, Ён прыпаў да губ схаладзелых у пацалунку адным. І ён зразумеў, нарэшце, што яна дачакала свайго... І прыйшлі два зялёных салдаты, і ўзялі ад яе яго. І твар яго, чорны і горкі, такі незвычайны быў, Што афіцэр нямецкі вочы ўніз апусціў, Паглядзеў на крыжы салдацкія, што за вокнамі спалі ў імгле, Паглядзеў на сталовы ножык, што ляжаў на пісьмовым стале, Паглядзеў на рукі мужчыны, што сціскаліся ў кулакі, І загадаў салдатам ад дзвярэй адвесці штыкі. І мужчына пайшоў ад вёскі па глыбокай асенняй гразі, І мужчына сівы з узлесся назад кулаком пагразіў, І наступны дзень над зямлёю скалечанаю ўставаў, Чырвоны ад дальняга зарыва на патоках асенніх траў, Чырвоны, як быццам мыўся ў крыві ад глыбокіх ран. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Назаўтра два дальніх выбухі скаланулі балотны туман.

Заяц варыць піва 

Туман плыве з нізіны сівы Над нівай голай і пустой. "Глядзіце, заяц варыць піва", - Жартуюць людзі між сабой. А я відушчым бачу зрокам, Як ён прысеў каля агню, Трыгубы, шэры, касавокі, І піва варыць з ячмяню. Яліна іскрамі страляе, А ён прыладзіў кацялок І
трэскай варыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок. І піва заяц варыць густа, А на закуску - бурачок, Трава, заечая капуста, Галін асінавых пучок. З зайчыхай вып'юць па маленькай І дзеткам трошкі паднясуць, Пужлівым галаском таненькім "Цвіцела морква" завядуць. Пабачыш - не гані з абсады, Дай хоць на гэты дзень спакой, Павінна ж быць і ў зайца радасць Перад халоднаю зімой.

Орша 

Яна не блішчыць красою, А ў сэрца навек запала З паркам сваім змарнелым, З сваёй Кабыляцкай гарой, З лянівай сястрой Аршыцай, Што летам бруіцца памалу Ў шырокі, як песня наша, Магутны, сівы Дняпро. Хаткі, што да абрыву, Як ластавак гнёзды, туляцца - Родныя і дарагія, Як поціск сяброўскай рукі; Брук, размыты дажджамі, Пыльныя ўскраіны вуліцы, Куродым на сценах будынкаў, Дальнія цягнікі. Далёка яна ад мяне, Адзіная і дарагая, Ў чорных істужках чыгунак, Што ўсю яе абвілі, З народам сваім, што ў бітвах Ніколі не памірае: Заслонава слава звоніць На ўсіх перагонах зямлі. Калісьці... Было і такое... Хацелі пазбавіць крылляў... Быдлам нас называлі, А ўсё ж такі мы былі Нязломнымі ў чорнай бядоце, Гордымі і ў бяссіллі, Бо род наш быў пралетарскі, А рукі - у чорным вуглі. Мы паціскалі плячыма, Калі нам з пагардай казалі, Жадаючы ў час вясёлы Рабочы наш род абсмяяць: "Знаёмяцца ў вас на вапне, На вапне вы нараджаліся, Вапна ўсіх вас карміла, У вапне вам і ляжаць". Паслухайце: наш ён, наш горад, Няхай і суровы часам, - Працоўнае гордае права Здабыў у цяжкой барацьбе, Гэта наш родны горад, Яму не патрэбны прыкрасы, Ён сам для сябе прыкраса І гордасць - сам для сябе. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі І ўмелі плавіць метал, У цёмных каменяломнях Белы вапняк ламалі, Гліну і торф здабывалі, - Гарачы у нас запал! Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой, З бярозамі над Аршыцай, З вясёлым сонейкам мая, З блакітам першых пралесак У косах каханай маёй. Тут нарадзіліся думкі, Воля, імкненні, жаданні, Тут стаў я сынам краіны, Абпален яе агнём... Таму і люблю я Оршу Першым вялікім каханнем, Якое не знікне, пэўна, Нават з маім жыццём.

Вадарод 

Бы сарваўся вар'ят утрапёны і злосны: Прах старых гарадоў дасягае нябёс, З дзіркай у чэрапе гінуць дваццатыя вёсны, Плывуць горкія рэкі жаночых слёз. І над морам, як над жаралом вулкана, Вырастае грыб і калечыць людзей, І кунгасы мёртвыя плывуць акіянам З поўным грузам разбітых людскіх надзей. Наша маці-зямля, дарагая і светлая, З дымам фабрык, з дзяцьмі і з мудрасцю слоў Можа стаць назаўсёды, навекі праз гэта Проста чорнай труною для ўласных сыноў. Мог бы ты дараваць нам жыццё і квітненне, Мог бы шчасцем навек увянчаць народ. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат-вадарод! Скарпіёны, што бачаць кальцо агнявое І кусаюць людзей, а потым сябе: "Здохні! Згінь, чалавек! Хай сонца святое Не цалуе, не лашчыць, не грэе цябе!" Ўсім даўно астабрыдла стаяць над абрывам. Што ж хаваеце, людзі, думкі свае?! О, калі ж яны прыйдуць, гады алівы, Што галінамі шар зямны абаўе? Гэта ж проста, як рэпа: магутнай сілай, Што дае чалавечай руцэ вадарод, Растапіць навекі зямны халадзільнік, Безнадзейнай Грэнландыі мёртвы лёд. І растаў бы ён, і цёплыя плыні Спарадзілі б дажджы над светам усім, І прыйшло б да нас мора, сіняе-сіняе, З цеплынёю, з прыбоем, з пяском залатым. Над усёю зямлёю трапічныя зоры, Адбіваюцца пальмы ў цёплай вадзе. (Я, напрыклад, ніколі не бачыў мора, Як мільёны іншых звычайных людзей.) У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі, (Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах), І раслі б у Оршы маёй мангустаны І альясы ў туманных лясных Лядaх. І ад погані чыстая наша планета Стала б вольнай, прыгожай, шчаслівай навек, Стала б лепшым брыльянтам кароны сусвету, Цёплым раем, якога чакаў чалавек.

Сырцовыя цагліны 

Гарадзішча старое на зліве рэк. Больш як дзесяць стагоддзяў назад Першы зруб паставіў тут чалавек І дубовы ўзвёў палісад. Ўсё даўно прамінула, і толькі вясной, Калі повень схлыне далоў, Аддае неахвотна абрыў над ракой След даўно прамінуўшых гадоў. Дагарае сонца на весняй рацэ, Я прыйшоў на знаёмы плёс І стаю са звычайнай цаглінай ў руцэ, Ўсхваляваны амаль што да слёз. На паверхні счарнелай цагліны старой, Што адмыла рака на свет, Бачу я адбітак лапэткі малой, След дзіцёнка, забыты след. Дзевяцьсот разоў май ішоў па зямлі, Разліваючы ў рэках сінь, З тых часоў, як на замчышчы вежы ўзвялі З гэтых самых адменных цаглін. Быў спякотны дзень. Пад ценем бяроз Цэгла сохнула на траве. Дойлід еў, а сын, што ежу прынёс, З белым пухам на галаве, Без штаноў, хадзіў на крывых нагах, Еў груднічнік і розную дрэнь, На жабінае племя наводзіў жах, Даганяў свой уласны цень. Калі б бацька на сына вочы ўзняў, Ён бы мог пабачыць, што сын З асалодаю босай нагою ступаў На паверхні вільготных цаглін. І адбітак малой дзіцячай нагі У аснову крэпасці лёг. Шмат разоў прыходзілі варагі На краіны лясной парог, Шмат разоў стагнала зямля ад тугі І ўзрастаў на руінах палын... Але быў непарушны адбітак нагі На паверхні сырцовых цаглін.

"Стаю ўначы ў завіруху..." 

Стаю ўначы ў завіруху - Аддаўся наплыву мар. Ноч уважная слухае, І вецер гайдае ліхтар. Што са мною - не знаю. Сэрца трывогу б'е. Кахаю? Здаецца, кахаю. Напэўна, кахаю яе! Клянуся зарою вяснянай І тым, што міне зіма, - Няма ў мяне іншай каханай, Іншага друга няма. Кахаю... у хустцы і ў косах, Ў завею і летні гром, Кахаю абутую й босую, З кнігамі і з сярпом. З ёй - радасць, адному - гора. На гэтым цвёрда стаю. Ноч крочыць, І чуюць зоры Клятву маю.

Песня шафёра 

Ноч спусцілася, згаснула сонца, Свеціць зорамі каляя, З-пад машыны дарога бясконцая Адпаўзае назад, як змяя. Ў смалянай вадзе межыточнай Пралягла дрыжачая гаць. Быццам мёдам намазалі вочы, Хіліць стома, хочацца спаць. Дарогі, дарогі, Косці растрасуць, Мёртвага разбудзяць, Жывога ў дол звядуць. Ад вясёлых сузор'яў вясковых Да залітых святлом гарадоў Возім дружна мы збожжа і дровы, І "налева" падвозім "рабцоў". Мы ляжым у гразі пад машынай, Ўзімку корпаемся ля агню, Нас пабачыш па ўсёй краіне, Неўтаймоўную шафярню. Дарогі, дарогі, Косці растрасуць, Мёртвага разбудзяць, Жывога ў дол звядуць. Ад напругі пад коламі крэкча Над вадой спарахнелая гаць. Тройчы стрэнеш ты аўтаінспекцыю Перад тым, як жонку абняць. Шлях бясконцы ляжыць наперадзе Праз лясы, між балот і азёр. Не, не трэба бяссонніцы верыць, Закуры, заспявай, шафёр.  "Дарогі, дарогі,  Косці растрасуць,  Мёртвага разбудзяць,  Жывога ў дол звядуць". – Закуры тытунцу, шафёр!

Як размаўляюць звяры і птушкі 

Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку, Я іду каля хат і росных садоў. І са мной размаўляюць звяры і птушкі На дзесятках і тысячах розных моў. Ў валасы мае вішні свой снег завеялі, Мне на вуха шэпчуць абшары ніў; Маўляў, каго любіш, таго заўжды зразумееш, У якой бы скуры ён ні хадзіў. Галубы ў ліловых і сініх барвах, На мяне паглядзеўшы, вуркочуць так: – "Пр-роста вар-рвар, варвар, стр-рашэнны варвар. Крыл не мае, а кр-рочыць, крочыць, дзівак". Певень, палкай падбіты, скача, як конік, І здзіўленым курам, як зрынуты бог, Утрапёна крычыць ад болю і гонару: – "Не па-паў! Не па-паў! Міма ног! Мі-ма ног!" Калі ж ноч паплыве над зямлёю мілаю, Размаўляюць дзве жабы ля соннай ракі: – "Ку-ума, кума, а што ты явчэраць варыла?" – "Боршч, боршч, буракі, бура-кі-кі-кі-кі". Я, напэўна, таксама здаюся ім зверам, І яны разважаюць у засені траў: – "Вось ідзе двухногая птушка без пер'яў Ці мядзведзь, што шубу ў ламбард заклаў".
Комментарии:
Популярные книги

Двойник Короля 2

Скабер Артемий
2. Двойник Короля
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Двойник Короля 2

Старшеклассник без клана. Апелляция кибер аутсайдера 2

Афанасьев Семен
2. Старшеклассник без клана. Апелляция аутсайдера
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Старшеклассник без клана. Апелляция кибер аутсайдера 2

Барон Дубов 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Его Дубейшество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон Дубов 3

Кодекс Крови. Книга ХVI

Борзых М.
16. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХVI

Мастер 6

Чащин Валерий
6. Мастер
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 6

Пограничная река. (Тетралогия)

Каменистый Артем
Пограничная река
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
9.13
рейтинг книги
Пограничная река. (Тетралогия)

Прометей: каменный век

Рави Ивар
1. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
6.82
рейтинг книги
Прометей: каменный век

Стратегия обмана. Трилогия

Ванина Антонина
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Стратегия обмана. Трилогия

Корсар

Русич Антон
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
6.29
рейтинг книги
Корсар

Сердце Дракона. нейросеть в мире боевых искусств (главы 1-650)

Клеванский Кирилл Сергеевич
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
7.51
рейтинг книги
Сердце Дракона. нейросеть в мире боевых искусств (главы 1-650)

Ведьмак (большой сборник)

Сапковский Анджей
Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.29
рейтинг книги
Ведьмак (большой сборник)

Сборник "Войти в бездну"

Мартьянов Андрей Леонидович
Фантастика:
боевая фантастика
7.07
рейтинг книги
Сборник Войти в бездну

Секреты серой Мыши

Страйк Кира
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.60
рейтинг книги
Секреты серой Мыши

Имена мертвых

Белаш Людмила и Александр
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Имена мертвых