Апошняя ноч над зямлёю. Каля мяне, як цень, Праходзіць да вадапою Вольны лясны алень. Заўтра нічога не будзе. Ляжу ў яры ля ракі. Куляю срэбнаю ў грудзі Звалілі мяне паюкі. У полі абшар шырокі, А тут і вільгаць, і цень. Няма прасторы для вока... Лісце аб'еш, алень! Біўся з панамі нямала, На ўсіх наганяючы жах, Часамі - і без кінжала, З адною злосцю ў руках. Дабрацца б да родных межаў, Пабачыць бы новы дзень... Дай глянуць на свет бязмежны, Лісце аб'еш, алень! Мне ж не зламаць рукамі, Я ж не магу стаяць, А там на гары, за кустамі, Родная хата мая... Сястра сядзіць пад калінай, Абляпілі "маскалікі"
пень... Зрабі прасвет у галінах, Лісце аб'еш, алень! Каб хату пабачыць бедную І неба, дзе бусел ляціць, Каб могілкі мог я ўгледзець, Дзе маці мая ляжыць. Пад мядовыя гівала гукі, Патаемны крык леляка Склала каравыя рукі, Чакаючы з пушчы сынка. Апоўдзень над тымі капцамі Сыта бубніць авадзень... Зламай крушыну рагамі! Лісце аб'еш, алень! Знімі мяккімі губамі Пярсцёнак з рукі маёй. Там, пад старымі дубамі, Хата пад новай страхой... Ад пана адбіў дзяўчыну, Ад пана на белым кані... Схавалі мяне яліны, Хмыз, лесавыя пні. А ў сэрца другі ёй убіўся, Пакорлівы, добры, святы. Я бачыў і адступіўся, - Што возьмеш з авечак ты? Зрабіў я, што пан у іх новы (Й таго "Кабыздохам" завуць), Дапамог канём і каровай, Няхай сабе ў міры жывуць... Пярсцёнак жанчыне ў маністах Аддай і пра смерць не крычы. Хай будзе сумленне чыстым! Хай спіць спакойна ўначы! Цяпер і маніць не трэба, Як слабасць да сэрца дайшла: Больш солі, больш хлеба, больш неба Патрэбна яна была. І толькі волі вялікай Я б за яе не аддаў... Зацкаваны... Магутны... Дзікі... Як я яе кахаў! Пабачыць бы любыя вочы, Пакуль не пакрыў мяне цень. Не абмінай! Варочай! Лісце... Аб'еш... Алень!
Машэка
Лісце алае засыпае роў, Пушчу чорную апавіў туман, Атачон з усіх чатырох бакоў Золкай восенню мой лясны будан. Стогнуць пад дажджом старчакі альхі, І ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, - Ў ім карэнні - столь, ложак - ліст сухі, Ні агню няма, ні святла няма. Ад усіх я ўцёк, ад усіх я збег, Буйным воласам да калень зарос. Годы стаялі, быццам белы снег. Горы панскіх цел мой Дняпро панёс. Нішчу я паноў, замкі іх палю, Я ламаю іх векавы бізун, Помшчу за маю бедную зямлю, За яе жальбу, за яе слязу, За тваю красу, за маю любоў, Што ў пакоях іх кветкай адцвіла... Дзікі вецер гне раць сівых дубоў. Ночка нас з нажом, як братоў, звяла... Я стаю, як корч, ў воўчай скуры ўвесь, Зліўся з дрэвамі і гляджу на шлях, Цёмны я увесь, цёмны голы лес, Толькі два агні свецяцца ў вачах. Конскі тупат... Там... Бегма ў гушчыню... Затрашчаць у ноч пад нагой лаўжы. З дзікім свістам я коні супыню, І спячэцца пан на маім нажы. Ранкам на абрыў выцягну яго І скажу рацэ, што бушуе тут: "Ты прымі, Дняпро, ворага майго, Змый з маёй зямлі гэты панскі бруд". Лісце алае засыпае роў. Пушчу чорную апавіў туман, Атачон з усіх чатырох бакоў Золкай восенню мой лясны будан.
"У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы..."
У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы, Разгайдалася хмурынак бель, І спявае пад тугім вятрыскам Лугавы вясёлы жаўтазель. Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма, А да родных вербаў і бяроз. Любая, ў барах сівых радзіма, Сын твой нарадзіўся тут і ўзрос.
Дзед Цыпрук, вартаўнік калгаснага стаўка
Рыжая ватоўка на плячах, Ахінёна хусткай цёплай шыя... Пад вадою ў глеістых вірах Праплываюць карпы люстраныя. Дзеду семдзесят. З худой рукі Фузія старэнькая звісае. Вочы кепска бачаць. Хлапчукі Часам рыбу аж з-пад ног цягаюць. Дзе з "манахаў" б'е уніз вада, Дзед Цыпрук сваю паставіў базу: Адмыслова сплёў з галін будан, Што у спёку добра пахне лазняй. Дзед глядзіць з яго, як з норкі рак, На дзіцячыя забавы-гулі. Шкода, што самому нельга так, Маладосць у горы прамінула. Добра помніць дзед, як тут раней Ледзь цурчаў струмок праз глею глыбы, І не хочацца ганяць дзяцей, Што купаюцца і пудзяць рыбу. Зяблыя, палягуць на пясок І пясок сабе пад ногі мосцяць. Спёка! Спёка! Вяне палынок. Ныюць, ныюць к непагадзі косці.
"На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым..."
А. І. Бялецкаму
На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым, Дзе з пагардай цягнік двойчы ў дзень праляціць, Ў простай хаце, пускаючы горкія слёзы, У калысцы будучы Колас ляжыць. Там, дзе хрыпла рыкаюць днём спякотным каровы, Там, дзе ў прысаку хлопчыкі бульбу пякуць, - Дваццаць першага веку галапузы Бетховен Бацькаў кубак шпурляе, каб звон пачуць. А ў вёсцы глухой, на траўцы зялёнай, На
задворках сядзібы, ля самай ракі, Адсцябаны Шаляпін басам шалёным Лямантуе з-пад матчынай жорсткай рукі. О, як трэба шукаць на шляхах чалавека, Як любіць, берагчы, не крыўдзіць яго, Каб пабачыць славу наступнага века Ў сэрцы сціплага сына суседа свайго!
Рута ў халоднай расе
Гармонік іграе за клубам. Водар мурожнай травы. Чамусьці няма маёй любай, Чаму, ці не скажаце вы? У полі, за дальняй брыгадай, Агеньчыкі зніклі ўсе, Адзеліся ценем прысады, Рута ў халоднай расе. Чакаю адзін да світання. Нешта яна не ідзе. Нават лілеі да рання Заснулі ў цёплай вадзе. У садах антонаўкай пахне, І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў, Напэўна, соллю ў кагось. Як цяжка мне тут чакаці. Туман за ракою ўстае. Стрэльні ты лепей, браце, У дуб над акенцам яе, Каб птушкі спрасонак крычалі, Каб людзі пачулі ўсе, Каб любая раптам згадала, Што рута ў халоднай расе.
Эмігранты
Двух зуброў ад нетраў Белавежы На Каўказ завезлі, аддалі. Там лугі зялёныя, бязмежныя, Там багата сонца і зямлі... Хмары над лясамі залатымі, Соль, вада, травіцы смачнай жмут, Лёгка дыхаць, так як на радзіме, Але ў кожнага ёсць родны кут. Дзеці гэтага не разумеюць, Нарадзіўшыся ў чужым бары, І на тое, як яны дурэюць, Непахвальна дзівяцца зубры. На празрыстых, светла-сініх водах Сняцца ім айчыны берагі, Папараць, імшаныя калоды, Сінія пад месяцам лугі, Сінія пралескі на сугрэве, Мухамор чырвоны ля азёр І калоны манументаў-дрэваў, Што вярхамі дастаюць да зор.
Гісторыя з першым каханнем
Шчасце былое ўяўляю Дзяўчынкаю па вясне. Загарэлая, кемная, злая, Дражніла яна мяне. Памятаю, год у шаснаццаць, Дурны ад кахання і мук, Цераз плот я глядзеў на шчасце, Рамантычны, цыбаты хлапчук. А шчасце гуляла ў садзе, Апранутае ў паркаль, Сабе і птушкам на радасць, А мне на смутак і жаль. Разявіўшы рот, як варона, Гляджу я ў дзівосным сне На шчасце, што садам зялёным Ідзе бліжэй да мяне. Уважна за мною сочыць, І соладка, як салавей, Просіць заплюшчыць вочы, І гладзіць па галаве. Раскошы цэлыя рэкі Ў сэрца маё плывуць, Моцна сціскаю павекі, Чакаю... Нельга ўздыхнуць... А дзяўчына з вачыма блакітнымі Суседу, дурному, як бот, Адуванчык тыцнула спрытна Ў шырокі, як ступа, рот.
У тую ноч
Кветка ў нетрах лясных распускалася, Залатая, агністая, сіняя, На купаллі, на росным купаллі, Ў бураломнай лясной лагчыне. У глушы, дзе туманы белыя, Дзе жывуць лесуны і трасца, Як заўсёды, шукалі смелыя Кветку-папараць, кветку шчасця. Як жадалі мець гэту кветку Цёмных пушчаў глухія шаты, Каласы на бедных палетках, Людзі ў цёмных, закураных хатах! Ўсё было ў тую ноч звычайным: Над агнямі лёталі цені, Пяткі "Янку" прывычна чаканілі, Пахла мёдам мурожнае сена. За вячэру скупую сядалі Дзеці бедныя пры лучыне; Загубіўшы вянок, рыдала Панам збэшчаная дзяўчына. У клапоўніку лаяўся п'яны, За карчмою кагосьці білі, Хтось на пузе ляжаў адшмаганы, І кабета над ім галасіла. З каліты салёнай, парожняй Залатоўку узяўшы ў рукі, Дзед шпурляў яе ў "божае вогнішча", Каб сухоты пусцілі ўнука. Ўся краіна над працай гарбела, Ела бульбу, не бачыла сала, Ўсе маліліся, ўсе цярпелі, І ўсе, як нямыя, маўчалі. І не ведалі вёскі ў дубровах, Людзі хмурыя і палеткі, Што ўсяму ўжо знайшлося Слова, Што яно прагрыміць над светам, Што язык залаты атрымалі Ў гэту ноч пушчы цёмнай шаты, Рэчак поўных лянівыя хвалі, Занядбаныя, чорныя хаты. Хоць нясцерпным ставала гора - Наваколле пакуль што маўчала. Ноч плыла агнямі і зорамі... Нарадзіўся Янка Купала.
Бабіна лета
Над густа-сінім возерам чарот З прыходам восені шуміць тужліва. Здаволена гумно на поўны рот Глытае дар багатай, спелай нівы. Як шэрань на траве, палотнаў рад, Ля хат вясёлыя гамоняць людзі, Кабеты ў садзе кормяць немаўлят, Сад засаромеўся і стаў аж рудым. Чароды на зялёных берагах Апошняю гадуюцца травою, І слівы сыта луснулі ў баках, Аб'еўшыся і сонцам, і зямлёю. Жанчына ля іржэўніка сядзіць (Мо сівізна ў касе, мо павуцінне) І думае і ў далячынь глядзіць, Дзе жоравы лятуць імклівым клінам. Юнацтва шкода, сэрца хоча жыць, А думкі нейкай цеплынёй сагрэты. Далёка да зімы! Як добра адпачыць! Якое доўгае бывае лета!