Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Мёртвым не баліць

Быкаў Васіль

Шрифт:

Эх, Юрка, Юрка! Сапраўды гэта здорава, што мы вось гэтак нечакана-негадана сустрэліся сёння. Можа, гэтак жа разам сядзем заўтра ў санітарную машыну і рванём у тыл — прэч ад танкаў, агню і бясконцых франтавых трывог. I там — ложак, чыстая бялізна, спакой і сон, сон… Магчыма, нам пашанцуе яшчэ болей і мы трапім у адзін шпіталь. Тады будзе не лячэнне, а рай. У такім разе я гатовы прымірыцца з маёю вымушанай разлукай са ўзводам, у якім так мала ўжо засталося старых стралкоў. Мусіць, праз які месяц усе будуць новыя, незнаёмыя, з папаўненняў. Зноў трэба будзе вучыць ды прывыкаць да кожнага. Ну, але не бяда, прывыкнем — я да іх, яны да мяне. Гэта толькі здаецца так, што новыя горш за старых, проста яны невядомыя. Праўда, сярод іх

розныя — і лепшыя і горшыя, як і сярод старых. Хаця гэта пасля. Цяпер вось самае галоўнае — мы разам з маім самым найлепшым сябрам, маім Юркам.

Гэтак жа паўтара года назад, зусім нечакана і яшчэ не ведаючы адзін другога, мы трапілі ў адзін строй у вучылішчы і апынуліся ў адной роце, у адным узводзе і нават у адным аддзяленні. Год мы праспалі на нарах побач, і амаль кожную ноч пад ранак ён нецярпліва штурхаў мяне ў бок за маю недарэчную прывычку храпці. Нам было дужа не соладка там — зусім яшчэ навабранцам, амаль саплякам, учарашнім школьнікам, якіх жорсткі лёс вайны кінуў ад кніжнай навукі ў бязлітасную суровасць вайсковага вучылішча, з яго ўшчыльненай праграмай, бяссоннымі нарадамі, знямогласцю абарончых работ. Заўжды хацелася спаць, есці, адпачыць, а ўзводныя з нашага ж брата, курсантаў папярэдніх выпускаў, якія самі не ведалі тут паблажак, не песцілі імі і нас. Казалі, так было трэба, каб фронт здаўся раем пасля таго гранічнага напружання, да якога нас прызвычаілі ў вучылішчы. Сапраўды, дзесяць гадзін заняткаў у поўнай выкладцы, маршы, вучэнні, земляныя работы ў ваколіцах горада (будаваўся знешні абараняльны рубеж Саратава), ноччу — абавязковыя дзяжурствы на заводах, якія бамбілі немцы. Там яшчэ да фронту мы пазналі вайну, агонь і вострую жалобу па сябрах, расшкуматаных бомбамі, і па тых, хто без рэшты згарэў у вялізных пажарах.

Гэта было вельмі нават нялёгка, асабліва калі ўлічыць журботнае сіроцтва многіх з нас, родныя мясціны якіх былі пад ворагам. А немцы ўсё пёрлі і пёрлі на ўсход, на Сталінград, на Каўказ, стаялі непадалёку ад Масквы. I калі ўсё ж знайшлося такое, што давала нам душэўныя сілы вытрымаць, дык у ім нямала значыла пачуццё таварыства з яго неадмысловым гумарам, добрасцю, шчырасцю. Усё, аказваецца, можна перажыць, калі ў цябе ёсць сябар, з якім многае дзеліцца напалам. Тады ўсе турботы і скруха меншаюць роўна ўдвая, а радасць — дзіўная справа! — удвая павялічваецца. I які б ён ні быў, твой сябар, калі ў цябе няма лепшага, ён робіцца другою часткай цябе самога, і ты ўжо не можаш уявіць сябе асобна ад яго. Адным з такіх сябрукоў быў для мяне Юрка Стралкоў.

Можа, гэта і непрыемна ўспамінаць цяпер, але нашае збліжэнне пачалося з таго, што мы пасварыліся. Пасварыліся, як дурні, без слушнай на тое прычыны, проста, мабыць, таму, што яшчэ дрэнна ведалі адзін аднаго. На палітзанятках, якія ў нас праводзілі проста ў казарме, на праходзе між нараў, палітрук Шаяхметаў пытаўся пра задачы, пастаўленыя ў першамайскім загадзе Вярхоўнага, і я не мог іх пералічыць правільна. Не тое каб я не ведаў гэтыя задачы, але палітрук быў фармаліст і патрабаваў адказаць слова ў слова, як гэта было запісана ў загадзе. Я ж вучыць іх на памяць не меў часу.

Калі была апытана палавіна ўзвода, аказалася, што толькі курсант Стралкоў мог адказаць больш-менш правільна. Вось тады палітрук і прымацаваў Стралкова да траіх адставак па палітграмаце. Але калі Юрка падышоў да нас пасля заняткаў, мы яго не паслухаліся, болей таго, мы з ім пасварыліся (падумаеш, знайшоўся без пяці мінут нампалітрука!). Мы самі не горш за яго маглі вывучыць тыя чатыры або пяць пунктаў. Толькі мы не вучылі.

Стралкоў, вядома, пакрыўдзіўся, бразнуў дзвярыма і пайшоў — думалі, дакладваць начальству, аднак ён не далажыў. Апошняя акалічнасць трохі парушыла нашу непрыязнь да Стралкова, і, каб не падвесці яго (ды і сябе таксама), да наступных заняткаў мы ўсё вызубрылі.

Зімой у вучылішчы стала холадна, у нятопленых вялізных казармах вельмі даймала

сцюжа. Напорысты заволжскі вецер на шматгадзінных палявых занятках наскрозь прадзьмуваў нашыя пацёртыя шынялькі. Мы дужа калелі і таму яшчэ болей хацелі есці. Пра яду мы думалі заўжды: на занятках, у нарадзе, на вячэрняй паверцы і нават прачынаючыся ў казарме ноччу. Ля сталоўкі і каля прадсклада заўжды таўкліся курсанты — хворыя, вызваленыя ад заняткаў, тыя, у каго парваўся абутак і не было ў чым ісці ў поле. Усе з галоднай тугой у вачах чакалі шчаслівага выпадку раздабыць што з’есці.

Аднойчы мы з Юркам былі ў каравуле і прастаялі ноч на двухзменным пасту, які на дзень звычайна знімаўся. Гэты пост даваў нам права адляжацца ў каравулцы на нарах (калі толькі не было да нас ніякай патрэбы ў грознага бога роты — старшыны Шквары). Зрэшты, у той дзень першы зранку заваліўся спаць я, бо ўжо адстаяў сваё на пасту, і хроп амаль да снядання. Юрка ж, змяніўшыся пазней, пабег да сталоўкі на здабычу харчу, і там яму надарыўся проста неверагодны па тым часе выпадак.

Узрушаны, ён куляй уляцеў у каравульнае памяшканне і, ледзьве расштурхаўшы мяне, яшчэ адурэлага ад сну, павалок да прадсклада. Аказваецца, там нас чакала крытая аўтамашына, у якой вазілі з горада хлеб і да якой Юрка толькі што занарадзіўся грузчыкам. Загадчык склада, маўклівы пажылы дзядзька ў ватоўцы, нецярпліва чакаў Юрку, хоць побач, наперабой прапаноўваючы свае паслугі, стаяла чалавек шэсць курсантаў. I ўсё ж Юрка, рызыкуючы застацца ні з чым, пабег па мяне, і мы, ледзьве здыхваючыся ад стомы, урэшце залезлі ў жалезны кузаў машыны. Загадчык сеў у кабіну.

Мы ехалі, мяркуючы праз гадзіну вярнуцца, наеўшыся свежага хлеба, і (калі пашанцуе), можа, яшчэ і прыхапіць якую буханачку-другую на заўтра. Дзеля хлеба мы свядома ахвяравалі сняданнем — двухсотграмоваю пайкаю, міскай супу і чаем, — нам даражэй быў хлеб.

Праўда, загадчык склада неўзабаве расчараваў нас. Аказалася, што перш чым ехаць па хлеб, трэба прывезці мяса. Гэта было ўсё ж не тое, што хлеб, але што зробіш — калі ўлезлі ў кузаў, дык мусілі слухацца. З гадзіну мы цягалі на мясакамбінаце баранія тушы ў машыну і наклалі іх столькі, што ледзьве ўлезлі самі. На першы погляд гэта было вельмі заманліва — цэлая гара бараніны, толькі, вядома, карысці з яе мы не мелі ніякай.

Галодныя, мы згрузілі тушы на вучылішчным складзе і, не паснедаўшы (бо спазніліся), на той жа машыне зноў выправіліся ў горад. Але і ў гэты раз хлебазавод застаўся ўбаку, мы прыехалі на базу, дзе нам была падрыхтавана яшчэ горшая нечаканка ў выглядзе цэлага штабеля мяхоў з мукой. Гэта было жахліва. Мабыць, кожны з нас упаасобку важыў меней, чым кожны з гэтых стандартных шасцідзесяцікілаграмовых мяхоў, якім мы проста не маглі даць рады. У нас занадта было мала сілы, каб падняць мех на вагі і з вагаў вынесці ў двор на машыну. Але што мы маглі зрабіць, калі напрасіліся ў грузчыкі? Праўда, памог загадчык склада, і пакуль мы мураўіным спосабам перавалаклі ўсю муку ў машыну, дык выйшла, што сілы ў нас засталося толькі на тое, каб самім залезці ў кузаў. А наперадзе чакала яшчэ і разгрузка. Да таго ж мы празявалі і абед і спазніліся ў каравульнае памяшканне. У перспектыве была гаўптвахта, а можа, і яшчэ горшае.

Але трэці рэйс быў сапраўды па хлеб, і мы рызыкнулі — усё роўна ўжо ўліплі. Што ўжо бедаваць па якой гадзіне самавольнай адлучкі, калі мы адлучыліся з казармы ўвогуле не меней чым на восем гадзін.

Хлебазавод сустрэў нас такой канцэнтрацыяй хлебнага паху, што мы гатовы былі забыць пра ўсе нашыя беды і наогул не вяртацца ў той дзень у вучылішча. Паджарыстымі, духмянымі да п’янасці боханамі былі выкладзены дзесяткі ячэістых сцелажоў з вузенькімі праходамі паміж імі. Цэлымі сцелажамі ўзважвалі і аддавалі на пагрузку ў машыны. Мы былі болей чым галодныя, здавалася, маглі з’есці па дзесяць буханак кожны, але з’есці нават кавалка тут было нельга. Мы думалі: хай! Пад’ямо пасля.

Поделиться:
Популярные книги

Измена. Верни мне мою жизнь

Томченко Анна
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Верни мне мою жизнь

Лучше подавать холодным

Аберкромби Джо
4. Земной круг. Первый Закон
Фантастика:
фэнтези
8.45
рейтинг книги
Лучше подавать холодным

Здравствуй, 1985-й

Иванов Дмитрий
2. Девяностые
Фантастика:
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Здравствуй, 1985-й

Черный Маг Императора 13

Герда Александр
13. Черный маг императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 13

Темный Лекарь 9

Токсик Саша
9. Темный Лекарь
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 9

Барон нарушает правила

Ренгач Евгений
3. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон нарушает правила

Мир-о-творец

Ланцов Михаил Алексеевич
8. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Мир-о-творец

Золушка вне правил

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.83
рейтинг книги
Золушка вне правил

Маленькая хозяйка большого герцогства

Вера Виктория
2. Герцогиня
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.80
рейтинг книги
Маленькая хозяйка большого герцогства

Нищий

Щепетнов Евгений Владимирович
1. Нищий
Фантастика:
фэнтези
8.57
рейтинг книги
Нищий

Черт из табакерки

Донцова Дарья
1. Виола Тараканова. В мире преступных страстей
Детективы:
иронические детективы
8.37
рейтинг книги
Черт из табакерки

Вторая жизнь

Санфиров Александр
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
6.88
рейтинг книги
Вторая жизнь

Кто ты, моя королева

Островская Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.67
рейтинг книги
Кто ты, моя королева

Муж на сдачу

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Муж на сдачу