Мёртвым не баліць
Шрифт:
— «Тыгр»?
— Ага, мусіць, «тыгр». Дужа вялікі.
— Знаеш, баец! Быў бы ты ў маёй роце, я б табе паказаў «тыгра». Ён бы табе пасля кацянём здаўся! — грозіцца Кротаў і ківае на мяне. — Пайшлі! А вы цягніце сувязь! Куды загадана. I без панікі каб. Жыва! Вам зразумела?
Сувязісты, аднак, усё топчуцца на месцы. Ад камандзірскай упэўненасці i рашучасці ў іх, відаць, не прыбыло. Ціха перагаворваючыся, яны застаюцца, а мы ідзём далей. Я пачынаю пільней, чым дагэтуль, узірацца ў начное наваколле. Кротаў перасоўвае на рамяні кабуру. Немцы, наўрад ці зразумеўшы што з гэтае размовы, ціха брыдуць у сваёй каляіне. Старшына Шашок моўчкі едзе ззаду. Ён першы парушае нашу няпэўную маўклівую насцярожанасць.
— Младшой! — звяртаецца ён да мяне. — Ты гэта вось што…
Я гляджу на
— Ты вось што… Вядзі іх прама. А я… А я падскочу ў батальён. Забыў адно дзела.
«Што ж, падскоквай. Мне што? Толькі ніякай у цябе справы там няма. Проста ты спалохаўся, пісарская душа», — думаю я.
Кротаў, нядобра бліснуўшы вачыма, азіраецца, але маўчыць. Шашок таропка заварочвае каня і з месца пускае яго галопам.
— Наклаў ужо… — чмыхае Кротаў. — Ну і чорт з ім! Без яго лягчэй.
Немцы, відаць, усё ж нешта зразумелі з нашай замінкі. Пярэдні ў акулярах, не паварочваючыся, нешта буркае астатнім двум, і чорны з яўнай зацікаўленасцю пазірае ў прыцьмелую далячынь. Стараючыся пільней сачыць за імі, я праваю рукой намацваю рукаятку затвора.
Так мы праходзім з кіламетр ці болей. Насустрач нідзе нікога, паблізу, здаецца, ніякага падазронага руху. Кротаў рашуча сплёўвае на снег.
— Гэтым тылавікам заўжды чэрці сняцца. Такі ўжо на…
Ён, відаць, хоча сказаць «народ», але на паўслове замірае і нечакана спыняецца. Я ледзьве не наскокваю на яго ззаду і тут выразна, хоць і не зусім рэальна (з нечаканасцю, як у благім сне), бачу наперадзе людзей. Чалавек пяць іх стаіць у кукурузе, узіраючыся ў наш бок. Побач цямнее нейкая невыразная пляма — куча кукурузы ці які куст? Крыху далей другая, а там яшчэ і яшчэ.
Але я так і не паспяваю зразумець, што гэта. Я чую толькі, як да недарэчнасці рэзка скаланаецца ля мяне Кротаў. Затым з яго грудзей вырываецца нейкі прыдушаны крык, і старшы лейтэнант, моцна прыгнуўшыся, нібы драпежнік, рынаецца ад мяне ўбок. Секунду я не цямлю, у чым справа. Збянтэжаны позірк мой скіроўваецца за Кротавым, і тады я бачу, як адзін з нашых немцаў ашалела бяжыць у кукурузу.
— Стой! Стой!.. Стой! Ох ты!..
Гэта — Кротаў. Кінуўшыся за немцам, ён ірве з кабуры пісталет, але той дзесь зачапіўся і не вымаецца. Або мне гэта здаецца… Кротаў падае на калені ў снег, спрабуе ўскочыць, і тады першая траскучая чарга прашывае навокал паветра. Я падаю ў каляіну, тузаю рукаятку затвора. Наперадзе ў кукурузе штось пыхкае. Выбух сцябае па твары снегам і асляпляе. У апошні момант уваччу мільгае Кротава рука з адстаўленым локцем. У ёй пісталет. Затым агняная пляма гасіць зрок. Аднак праз секунду я бачу над сабой вырасшыя на паўнеба зблытаныя сцяблы кукурузы. У іх вісіць нізкі месяц, і пад ім — дзве постаці. Адна нерухома ляжыць у каляіне, а другая, падаючы і ўскокваючы, бяжыць у кукурузу, некуды ў бок ад нас і ад немцаў. «Уцякуць!» — мільгае спалох, і я, не цэлячыся, націскаю на спуск. Аўтамат дробна ўздрыгвае, і гэта вяртае мяне да рэальнасці. На руках і каленях я кідаюся на той бок каляіны. Немец наперадзе таксама ўскоквае і, прыгнуўшыся, шырока сігае кудысь між рэдкіх сцяблоў. Я даўка крычу: «Назад!» Ён спалохана кідаецца ў другі бок. Але я, некалькі разоў скокнуўшы, наганяю яго і падаю амаль побач. Шумна дыхаючы, ён ляжыць, узіраючыся ў мяне, і чакае. Адзенне яго і галава скрозь у снезе. Я ўскідваю аўтамат і з лютай прыцішанасцю гукаю: «Назад!» Палонны паспешліва паднімаецца на калені і хутка паўзе між сцяблоў кукурузы. За ім, прыгнуўшыся, караскаюся я. Ззаду выразна даносіцца ўстрывожанае нямецкае гергетанне. Кротава няма. Мёрзлыя тугія калівы блытаюцца пад нагамі, б’юць па галаве. Але яны трохі хаваюць нас, і мы адбягаем ад таго месца, дзе нас застала чарга. Нас толькі двое. Той, у каляіне, так і не падняўся. Я не ведаю нават, каторы гэта з іх, як не ведаю і таго, каторы паўзе са мной. I незразумела, дзе Кротаў. На хвіліну я затрымліваюся і слухаю. Здаецца, мы трохі адрываемся ад немцаў, і тады з кукурузы рвецца крык:
— Хальт!
— Хальт!
— Хальт, рус!..
I чарга — адна, другая, дзве разам. Мы падаем і па рыхлым снезе зноў кідаемся ўбок. Мая ўвага расколваецца надвае — адначасна я лаўлю ўсё, што пагражае
У кукурузе тым часам раздаецца адзіночны пісталетны стрэл і затым зноў прыглушаныя адлегласцю крыкі немцаў. I зараз жа мяне спыняе чамусьці хрыпаты, але злы крык Кротава.
— Не! Не! Сволачы!
I зноў слабы пісталетны стрэл, другі. Трэці, пэўна, накрывае чарга, і ўсё там сціхае.
«Што ж гэта? Як жа гэта? Чаму так?» — як дрыготка, б’е мяне распачлівая думка. Вываляны дашчэнту ў снег, я распластваюся між мёрзлых бадылёў кукурузы. Перада мной ляжыць немец. Я толькі цяпер пазнаю, што гэта той акулярык у мундзірчыку. Аднак акуляраў у яго ўжо няма, ён задыхана сапе і шырока міргае сваімі бялёсымі вачыма. Я ўскокваю на ногі і тут жа прысядаю ад болю ў ступні. Паранены! Збянтэжаны, яшчэ не ўсвядоміўшы ў поўнай меры таго, што здарылася, я, аднак, выразна адчуваю: гэта — непапраўная, вялізная бяда. Трэба зараз жа нешта зрабіць, неяк ёй процідзейнічаць. Нага ў мяне прыкметна цяжэе, штось гарачае, нават востра пякучае разыходзіцца па ступні. У боце хутка макрэе. «Ну вось і ўсё!» — сціскае сэрца самотная думка. Аднак яна працвярэжвае ад страху, і я разумею, што небяспека яшчэ не мінулася, што трэба хутчэй выкараскацца адсюль.
Прыўстаўшы на калена, я наступаю на параненую нагу — ці цэлая хаця косць. Калі падломіцца — тады ўсё прапала. Але нага, дзякуй Богу, не падломваецца, толькі баліць, дужа пячэ. Праўда, боль — не так важна, боль мы як-небудзь стрываем. Я падхопліваюся, прыгнуўшыся, штурхаю аўтаматам немца, і мы зашываемся ў вялізным прасцягу кукурузы.
6
Людзі ідуць, ідуць, ідуць…
I я іду. Іду без мэты, немаведама куды, насустрач цёплай вясновай ночы. Вячэрняя сцішанасць высокага пагоднага неба мірам і добрасцю ліецца ў разварушаную душу. Дробненька рассыпаецца музыка са «Спідолы». Гэта перада мной мерна крочаць, нібы плывуць у людскім патоку, трое хлапцоў. Чорныя вячэрнія гарнітуры, вастраносыя чаравікі. Вельмі дбайна прычэсаныя шавялюры.
Я іду за імі і думаю пра сваё.
Цяпер, праз дваццаць год, можна меркаваць па-рознаму. Хоць, прызнацца, я і дагэтуль толкам не ведаю, як усё тое адбылося. Магчыма, адступаючы, немцы наўмысля пакінулі ў нашым тыле танкавую групоўку. А можа, нашы часці самі абышлі яе, гонячыся за тэмпам наступлення. Уперад, не зважаючы ні на што, глыбей у варожы тыл — было няпісаным правілам кожнай наступальнай аперацыі. А танкі засталіся. Гэта найбольш верагодна. Важна было акружыць Кіраваград, паставіць пад пагрозу разгрому дзесятак нямецкіх дывізій. Каму там клопату, што ў нейкім месцы нашага баявога парадку ўтварылася прарэха, у якую ўлезлі немцы.
Для фронту гэта было нястрашна, для арміі таксама. Дывізіі было горш. А вось нам… Мне, небаракам-параненым, таксама як і заклапочана-бяспечным тылавікам, гэта было пытаннем: жыць ці памерці.
Мусіць, тады я зрабіў усё ж няправільна. Калі б ведаць, што будзе далей, дык трэба б крыкам крычаць на ўвесь стэп. Надакучаць рознаму начальству, не зважаць, што маглі паставіць і да сцяны, палічыўшы за панікёра. Вядома, панікі на фронце баяліся ўсе гады, пачынаючы з сорак першага. Наконт яе былі грозныя загады, у тым ліку і самога Сталіна. Падазрэнне ў панікёрстве часам мела куды больш небяспечныя вынікі, чым рэальная пагроза з боку немцаў. Таму, як след не разабраўшыся ў абстаноўцы, камандзіры да часу стараліся маўчаць, спадзеючыся, што начальству раней данясе сусед. Я ж у свежым запале нечаканай сутычкі аб гэтым тады не падумаў.
Людскі паток з тратуараў уліваецца ў вялізны натоўп на плошчы.
Тут помнік.
На плошчы гамана і штурханіна. Натоўп пацясняецца, падаецца ўбок, прапускаючы да помніка строй піянераў са сцягам. Лясны водар хвоі ад вянкоў настройвае на адпаведны хаўтурны лад. Урачыстая хвіліна ўскладання. Людская гамана прыціхае. Гучней грымяць маршы з дынамікаў.
Ля помніка чуецца нейкая каманда. Я думаю, можа, тут будзе мітынг? Хоць на мітынг штось не падобна — няма ні трыбун, ні арганізатараў.