Пахаджане. Прыпавесці
Шрифт:
Да павароткі заставалася дзясятак крокаў, як раптам ён убачыў перад сабой кабеціну ў чорным. Нейкім зьдзічэла-спакутаваным позіркам тая ўперлася ў ягоны твар, вочы яе раптам расшырыліся, і яна закрычала:
— А-а-а…
На момант ён зьмізарнеў пад тым яе зьдзічэлым позіркам, а затым і ад гэтага нямога крыку, не адразу пазнаўшы ў жанчыне маці ягонага студэнта-сухотніка. Пакуль ён сьцяміў тое, жанчына
— Забойца! Забойца! Забойца…
Адчуўшы, што ўсё ў яго рушыцца, ён ірвануўся прэч, на брук, ледзьве ня трапіўшы пад вялікія колы чорнага лэндровэра. Але жанчына не адрывалася ад яго, прадаўжала крычаць, і людзі, колькі іх было навакол і паблізу, паварочваліся да іх — сьпераду, ззаду, з бакоў. Чалавек памкнуўся назад, дзе, як здалося, было трошкі вальней, і з усяе моцы прыпусьціў па вуліцы. Мусіць, тое стала яго фатальнай памылкай: кожны драпежнік бяжыць за тым, хто ўцякае. Пабеглі й за ім… Ягоны ж інстынкт самазахаваньня пагнаў яго прэч — каб толькі адчапіцца ад гэтай звар'яцелай жанчыны. З шырокай вуліцы ля царквы ён завярнуў на вузейшую, на рагу азірнуўся — за ім беглі пераважна мужчыны, але трапляліся і жанкі таксама. Сьледам па вуліцы несься разрозьнены лямант і крык. Натоўп даганятых усё гусьцеў, зьяўляліся новыя людзі — з падворкаў, ці што, далучаліся да тых, што беглі наперадзе. Праз момант яго ўжо сталі абмінаць — з бакоў і пад сьценамі. Мабыць, справа ягоная рабілася дрэнь. Асабліва, як з-за высокіх сетак тэніснага корту збоч вуліцы выскачылі двое ў спартовых гарнітурах, гэтыя апынуліся наперадзе ўсіх. Іншыя, не адстаючы, беглі й беглі сьледам і, бы зайца ў полі, гналі яго да ўскраіны. Усе крычалі-галёкалі, іх усё большала, а ў яго ўжо не хапала дыханьня ад гэтага зьдзічэлага бегу, і ён ня ведаў, што рабіць. I што думаць нават. То было неспадзеўна, несправядліва, няўцямна. Адчуваючы, што захлынаецца гаркотаю ад стомы, ён шаснуў у расчыненыя вароты знаёмага зь дзяцінства прыземістага дому з платанам каля ўваходу. Ведаў, калісь там быў скразны ход на суседнюю вуліцу, можа б там ён адарваўся ад даганятых. I тут жа зразумеў, што памыліўся — двор перагароджвала суцэльная бэтонная сьцяна, на якую ён скочыў з разьбегу. Яму пашчасьціла ўхапіцца рукамі за яе чарапічны верх, і ён кінуў
Нейкі час у яго ўсё пыталіся, чагось ад яго дамагаліся, але ён не разумеў і ня слухаў. Маўчаў ён, калі на падворку зьявілася паліцыя, і купка людзей расступілася, прапушчаючы да яго двух гарылаў у іх сьмецьцевай форме. Ён не зірнуў у іх твары — ён добра ўжо ведаў тыя нахабныя твары і ніколі не хацеў іх бачыць. Зрэшты, як і твары з натоўпу таксама. Цяпер яны для яго зьядналіся ў адзін агідна абагулены воблік, ад якога пагрозьліва патыхала сатанінскім злом. Ён нават недарэчна зьдзівіўся, як мог столькі трываць іх у сваім нядоўгім жыцьці? Мусіць, так думаць было несправядліва, усё ж належала аддзяліць адно ад другога. Але цяпер штось разьдзяліць ён ня мог. Штосьці ў ім скранулася са свайго звыклага месца і назад не трапляла…