Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Пахаджане. Прыпавесці

Быкаў Васіль

Шрифт:

Зноў, як і раней, тое не выклікала ў яго вялікага зьдзіўленьня сваёй нерэальнасьцю, было нават у чымсьці прыемна; яго цялеснае адчуваньне зьнікла, і ён не адчуваў ні сьцюжы, ні ранейшай звыклай задухі. Ягонае бесьцялеснае Я распласталася над змрочным марскім прасторам, які, аднак, рассьцілаўся ўсё шырай і шырай, ён адчуваў тое, чым вышай паднімаўся над ім. Неўзабаве зямная прастора і зусім зьнікла ўначы, навакол — зьверху і зьнізу, бліскала, мітусілася зоркавая карусэль; дзіўна было дзе не наткнуцца на якую зь нечакана блізка выніклых зорак. Але ён не наткнуўся. Яго нават вабіла іхнае зіхоткае мноства, сярод якога ён стаў пазнаваць некаторыя зоркі. Адкуль было тое пазнаваньне, невядома, ніколі ён адмыслова не вывучаў астраномію, можа так, выпадкам што-колечы зь яе ўведваў. Але цяпер з пэўнасьцю пазнаў ярчэйшую камбінацыю зь некалькіх зораў, што сьвяціла-міргала якраз на ягоным шляху наперадзе. То

была раскіданая, бязладная гронка Стральца, ён нават палічыў зоркі, якіх аказалася дзесяць ці нават адзінаццаць — калі самых буйных, ня лічачы цямнейшых, дробных. Крыху далей над імі сунулася туманістая града Млечнага шляху, і ягоны шлях кіраваў наперарэз ёй. Тады першы непакой уварваўся ў ягонае адчуваньне — што ж гэта зь ім робіцца? Неяк пераадольваючы першую прыкрасьць, ён пачаў вальней азірацца па баках, нават зірнуў назад — Паўднёвага крыжа ўжо ня стала відаць, і зь ім дзесь неўпрыкмет зьнік, бы растаяў, невыразна-няўлоўны прывід бацькі. Мабыць, было менавіта так: бацька толькі прывід — ужо ён ня чуўся ўпэўнена, што то быў бацька. Унізе ляжала густая чарната — значыцца, ён пластаўся над акіянам, бо на мацерыку аднекуль бліснула б якое сьвятло. А можа, ён падняўся гэтак высока, што зьнікла зямля, і навакол быў адно толькі космас. Сьцюдзёны, мёртвы, загадкавы космас. Але ён не адчуваў сьцюжы, ды і дыхалася нармальна, хаця хутчэй за ўсё — ён ня меў патрэбы ў дыханьні. Нібы альбатрос над акіянам, ён бесьцялесна лунаў у зорнай стыхіі. Куды толькі?

Нешырокі прасьцяг Млечнага шляху ён адолеў даволі хутка, хоць было невядома, як мераўся час — зямнымі гадзінамі ці сьветлавымі гадамі. Аднак нічога асаблівага ў ім ён не адчуў — хіба пабольшала навакол дробных пылінак-зораў, якія, аднак, не краналіся да яго. А як вырваўся з тае зорнай туманнасьці, зноў трапіў у вольны зорны прастор, у якім па-новаму загучаў той зьнешні ці нутраны гул-сьпеў. Цяпер, аднак, той гул стаў болей падобны на сьпеў, урачыста-жалобны рэквіем. Але чаму рэквіем? Па кім рэквіем?..

Цяпер ужо было зразумела, што ён мкнуў-ляцеў кірункам на поўнач. Магчыма, ужо прамінуў экватар, — калі толькі з тое вышыні можна было спраектаваць на зямны экватар. Але куды? I адкуль вынікаў трывожны той сьпеў? Што яго яднала з тым сьпевам? I што чакала яго наперадзе?

Мусіць, аднак, ён ляцеў ня так і высока, хоць, несумненна, ужо ў космасе. I ён усё часьцей стаў пазіраць уніз. Празь нейкі час унізе паказаўся ледзьве прыкметны берагавы абрыс нейкага мацерыка, мабыць, акіян там скончыўся. Але што гэта быў за бераг, якога мацерыка, — ён вызначыць ня мог. Уздоўж берагу разьбегліся і цьмяна сьвяцілі туманістыя плямы сьвятла, — можа ад гарадзкога сьвятла шматлікіх мэгаполісаў? Значыць, то ня дзікая прастора, падумалася з надзеяй. Можа, Эўропа?..

Толькі што яму рабіць у Эўропе, да якой ён ня меў дачыненьня, яна не была ягонай радзімай, ён нават ні разу ня быў там наездам. Іншая справа бацька, бацькавы продкі. Некалі ў дзяцінстве ён чуў бацькаў аповед пра яблыкі «антоны», і зь дзіцячаю наіўнасьцю верыў, што яны самыя смачныя. Смачнейшыя за апэльсыны, за ананасы. Аднак ні есьці іх, ні нават убачыць ніколі не давялося. Хапала заўсёды іншых. Цяпер ён пачаў адчуваць, што падняла яго з гатэльнае лоджыі нейкая несумненна бацькоўская сіла, ці воля, ці хоць бы ягоны прывід, які затым зьнік. Ці, можа, застаўся ззаду. Цяпер у зорнай прасторы яго вёў іншы лякатар, вёў, аднак, упэўнена, мабыць, загадзя пракладзеным курсам. Што гэта было? Ці ня той гул-рэквіем? Але, можа, ён зьменіцца на іншы, на штось весялейшае, болей пэўнае і меней трывожнае?

Не, гул-сьпеў не зьмяняўся, наадварот, з часам рабіўся болей выразны, набыў быццам бы знаёмыя ноты — штось з Моцарта, Бэрліёза. Неяк яму нават пачуўся вядомы матыў з другой санаты Шапэна. Славянскі кампазытар мінулага, ён ведаў таго кепска, але чуў калісь, што і бацька паходзіў з таго далёкага краю. Падобна, тут умяшаўся сакральны фактар — покліч продкаў ці што. Здаецца, ён нёсься ў зорнай віхуры менавіта ў той бок, прынамсі — на поўнач.

Ля сузор'я Зьмяі, гэтых выгнутых справа налева пяці буйных зорак, ён зноў адчуў блізкую прысутнасьць бацькі, хоць ні вобліку таго, ні гуку нідзе не заўважаў. Быццам той быў побач і ці то кіраваў ягоным шляхам, ці то сваёй містычнай прысутнасьцю суправаджаў яго. I жалобны нутраны матыў стаў болей выразны — ён ужо прывык да яго мэлёдыі і ведаў пэўна, што то — пахавальны марш. Але чаму пахавальны? Запытаць у нябачнай бацькавай прысутнасьці не было як, ды ён і не наважваўся. Ён паводзіў сябе ў гэтай касьмічнай бездані дужа ашчадна і стрымана, каб не пашкодзіць чаму, зрабіць што ня так. Ды й бацькава прысутнасьць была далікатнай і не назаляла. Відаць па ўсім, нябожчык-бацька меў большае дачыненьне да таго, што цяпер зь

ім адбывалася. У адрозьненьне ад сына, бацька так і не прызвычаіўся да краіны, дзе пражыў большую частку жыцьця і дзе аддаў Богу душу. Але не аддаў маладосьці, якая разам з фактам нараджэньня належала іншаму племю, ды й іншай культуры. А тое, мабыць, усё ж штось вызначае, як ён зразумеў, часам насуперак уласнае волі. I абставінам. Бацька быў не такі, як іншыя ля яго — не такі характар, не такая сутнасьць. Часам яго несумяшчальнасьць з акаляючай рэальнасьцю раздражняла сына, народжанага і выхаванага на новай зямлі, хоць ён і не асуджаў бацьку. Адно — доўга ня мог зразумець, таму, мабыць, ягоная сутнасьць і ня надта перадалася сыну. Але зь ягонай сьмерцю… Пасьля сьмерці бацькі штось незразумелае пачало мацнець у сэрцы сына, і той сьцяміў, што гэта не выпадкам. Найперш ён адчуў нейкія моманты ўласнай рознасьці з той зямлёй, дзе нарадзіўся, быццам у яго адкрылася іншая сапраўдная радзіма. Ды ён ведаў пэўна, што іншай радзімы не было, ён цалкам быў задаволены тою, што меў. Аднак, глядзі ты…

I цяпер гэты зорны палёт!

Мабыць, ён трапіў у самую высь неба, у самы зорны касьмічны зэніт. Зоркі абсыпалі яго з усіх бакоў, зьверху і зьнізу, нясьцерпна ярка зіхацелі перад вачыма, пераліваліся рознакаляровымі агнямі, некаторыя апынуліся зусім блізенька, і хутка імчалі ля яго, болей насустрач і назад: іншыя паволі адплывалі ў бакі. А то непадалёк падалі зьнічкі, выпісваючы касыя срэбныя дугі, ад якіх не заставалася сьледу. На палёце яго да Валапаса з валадарна зіхоткім Арктурам у сярэдзіне, хаўтурны матыў загучаў выразьней. Мэлёдыя неслася аднекуль з вышэйшых сфэраў і поўніла зорны абсяг нясьцерпным жалобным смуткам. Ён ужо выразна пачаў адчуваць, што тут нешта адбудзецца, і штораз пільней узіраўся ўніз. Унізе, аднак, скрозь было цёмна, толькі зрэдку штось бліскала — вадзяная паверхня ці, можа, асьветленае навакольле гарадоў-мэгаполісаў. Адзіночныя і дробныя агні на такую высь, вядома ж, не пранікалі. I ён падумаў, што, можа, ён пачаў зьніжацца, ці мо зорнае неба апусьцілася на зямлю. Толькі чаму зямля была гэткай сурова маўклівай? Чаму яна так затаілася? Бы набракла горам і гневам і чакае чаго? У небе ж не было ні гора, ні гневу. Зрэшты, не было й радасьці, гэта ён адчуваў пэўна.

Як на зорным краявідзе заблішчэў коўш Вялікай Мядзьведзіцы, сумны харал загучэў на ўсю моц, толькі ён усё ня мог сьцяміць, адкуль? Зьверху, з навакольля, ці ўсё ж са змрочнай зямлі? Або можа, зь ягонай душы? Ён падумаў, што, можа, менавіта з душы, што ён яго нес з сабой. Але адкуль у душы было загучаць незнаёмай мэлёдыі? Звычайна гучала шмат іншых, ды ўсё ж знаёмых, хоць бы аднойчы ім чутых. Гэтага ж (ён мог сказаць з пэўнасьцю), ён ніколі ня чуў. Значыць, тады не з душы. Зь неба ці, можа, зь зямлі…

Што зь зямлі — то было болей пэўна.

Гэтае адкрыцьцё змусіла яго пільней узірацца ўніз, у зямное цемрыва; зоркі перасталі цікавіць яго — яго болей зацікавіла зямля. Усё ж нешта трэба было згледзець на ёй — там была разгадка ягонай незвычайнай загадкі. Толькі дзе? Але вось палёт ягоны запаволіўся, ён лунаў ужо не сярод зораў, а пад імі, значыць, пачалося зьніжэньне. Здаецца, зьніжэньне па сьпіралі ці што? Музыка гучала аж да нясьцерпнасьці ўрачыста і кранальна. Так, там яўна штось здарылася, падобна — некага хавалі. Але каго? Так урачыста хаваць можна хіба што самога Бога. Але няўжо тут жыў Бог? Усё ж месца Бога вышэй, над усімі і ўсім, створаным ім. Над зямлёй, плянэтамі, зоркамі і космасам. Так, прынамсі, лічыў ён змалку, так было засьведчана ў сьвятым пісаньні.

Ён ужо не апускаўся нават па сьпіралі, ён кружыў над адным, бадай, месцам — чорным хаўтурным месцам у паўночным паўшар'і неба. Рэквіем то гучаў выразна, то заціхаў трохі, і тады ён разумеў, што аддаляецца ад нейкай мясьціны — ці не ад крыніцы музыкі? Нейкі час у ягоным становішчы нічога не мянялася — ягоныя кругі паўтараліся адзін за адным, і ён падумаў, што ад яго штось вымагалася. Зрабіць ці хоць бы спытаць? Толькі ў каго? Нікога нідзе не было паблізу, нават і бацькаў прывід тут ужо зьнік канчаткова. Ён быў адзін — у суцэльнай цемрадзі, пад зорным купалам, над цёмнай зямлёй, адкуль імкнула ўвысь і ўшыркі загадкавая музыка. I тады ён наважыўся.

— Каго хаваеце? — хрыплавата крыкнуў у цемру і аж не пазнаў свайго голасу, — гэтак жахліва гучна прагучэў ён у касьмічнай прасторы. Толькі рэзананснае рэха голасу сьціхла ўгары, як зноў жа з тае прасторы пачулася:

— Народ хаваем…

«Які народ? Чаму народ?» — заварочаліся ў ягонай сьвядомасьці недаўменныя думкі-пытаньні. Але вымавіць іх ён не наважыўся: мабыць, тое было ўжо занадта. Усё ўслухоўваючыся, ён стараўся зразумець нешта і, здаецца, пачаў разумець. Канечне, не дарма тут бацька. Але пры чым тут ён, бацькаў сын? Навошта яго прынесла сюды нейкая добрая ці злая воля?

Поделиться:
Популярные книги

Лютая

Шёпот Светлана Богдановна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.40
рейтинг книги
Лютая

Новый Рал 9

Северный Лис
9. Рал!
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 9

Лекарь для захватчика

Романова Елена
Фантастика:
попаданцы
историческое фэнтези
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Лекарь для захватчика

Начальник милиции. Книга 5

Дамиров Рафаэль
5. Начальник милиции
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Начальник милиции. Книга 5

На границе империй. Том 5

INDIGO
5. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.50
рейтинг книги
На границе империй. Том 5

Воспитание бабочек

Карризи Донато
Детективы:
триллеры
прочие детективы
5.00
рейтинг книги
Воспитание бабочек

Проводник

Кораблев Родион
2. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.41
рейтинг книги
Проводник

Студиозус

Шмаков Алексей Семенович
3. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Студиозус

Собрание сочинений В. К. Арсеньева в одной книге

Арсеньев Владимир Клавдиевич
5. Абсолют
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Собрание сочинений В. К. Арсеньева в одной книге

Прометей: каменный век

Рави Ивар
1. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
6.82
рейтинг книги
Прометей: каменный век

Идеальный мир для Лекаря 13

Сапфир Олег
13. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 13

В семье не без подвоха

Жукова Юлия Борисовна
3. Замуж с осложнениями
Фантастика:
социально-философская фантастика
космическая фантастика
юмористическое фэнтези
9.36
рейтинг книги
В семье не без подвоха

Warhammer: Битвы в Мире Фэнтези. Омнибус. Том 2

Коллектив авторов
Warhammer Fantasy Battles
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Warhammer: Битвы в Мире Фэнтези. Омнибус. Том 2

Идеальный мир для Лекаря 16

Сапфир Олег
16. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 16