Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Пахаджане. Прыпавесці

Быкаў Васіль

Шрифт:

А калі боская воля? I прынесла яго сюды праз космас, цераз акіян не дарма, бо было ў тым нейкае наканаваньне. Мо нават выбар, думаў ён, па-ранейшаму кружляючы і кружляючы ў недаўменьні над змрочнай зямной прасторай. Выпісваў у разрэджаным паветры кола за колам, а рэквіем чуў то выразна і гучна, то цішэй, то аддалена. I раптам ён з жахам падумаў: што будзе, калі сьціхне музыка? Куды яму? Як яму? Вярнуцца назад ён ня ведаў як, а ўпасьці на гэтую змрочную хаўтурную зямлю было б жахліва. Падняцца ў космас? Але як? Тое ўжо ад яго не залежала, ён ведаў. Адчуваньне катастрофы ахапіла яго і ад яго ішло, нібы трансьлявалася ў наасфэры. Можа толькі ў тым і быў нейкі сэнс ягонага тут зьяўленьня.

I ён круціўся, лунаў угары, пад зорнаю высяй, усё ня мог даўмецца, што трэба зрабіць, і навошта ён тут? Дзеля чаго? Ратаваць ці ратавацца самому? Але як ён мог нешта зрабіць, калі быў падначалены чужой волі, пазбаўлены ўласнага

Я. Праўда, ён адчуваў, што так доўга цягнуцца ня можа, хаўтуры ўсё ж скончацца, колькі б ні цягнуліся. Цалкам магчыма, што зь імі скончыцца і ён.

I сапраўды, музыка стала цішэць, бы аддаляцца кудысь у зямную цемрадзь. Але ён кружляў усё над тым самым месцам, ён не аддаляўся нікуды, — мабыць, ужо не было куды аддаляцца. Толькі штосьці ўнутры ў яго аддалялася ў пачуцьцях, у стаўленьні да тае трагедыі, — рабілася абагульненым, абстрактным, ці што. Глушэла жалобная мэлёдыя, і ён таяў зь ёй разам. Хоць сябе фізычнага ён па-ранейшаму не адчуваў, бы і ня меў свайго цялеснага Я. Але цяпер пачало марнець і ягонае Я духоўнае…

Так цягнулася, мабыць, усё ж доўга, а мо і каротка — ён не адчуваў часу. Можа, гадзіну, а можа і год… I ўжо ён усьвядоміў, што яго самога ў прасторы стала да мізэрнага мала. Краёчак ягонага былога Я. Усё астатняе сасмактала цемра з далёкім, як у пачатку, жалобным гулам, ды зорным касьмічным бляскам угары.

А пасьля не засталося нічога…

Восьлік

На зорным небе між чорных верхавін кіпарысаў бліскуча сьвяціла летняя поўня. Яе ясны зіхотны водсьвет няроўна ляжаў на верхніх камянях доўгай мураванай сьцяны, за якой туліўся вузкі бядняцкі падворак з мандарынавымі дрэўцамі на схіле ды двума-трыма каменнымі хлеўчукамі ніжэй. Ля рогу аднаго зь іх, прыхаваны ценем бліжняга кіпарысу, сядзеў чалавек, які, не зважаючы на начны позьні час, ня спаў і нават не заплюшчваў вочы, здаецца, і ня дыхаў нават, толькі чуйна ўслухоўваўся ў кожны гук з навакольля. Як цень ад кіпарысу пасунуўся ўбок, і поўня далікатна кранула зарослы чорнаю шчэцьцю твар, чалавек, не ўстаючы, пасунуўся далей у цень. Было відавочна, што ён асьцерагаўся начнога сьвятла, не хацеў, каб яго згледзелі тут, на гэтым ускраінным гарадзкім падворку, дзе ён, відаць па ўсім, бавіў час, чагосьці чакаючы.

Але побач не было нікога, ніхто да яго не падыходзіў. Вузкая сьцежка за нізкай сьцяной, што бегла ўсьцяж камяністага, зарослага чорным кустоўем раўчука, ляжала пустая, на падворку побач не здаралася ніводнага чалавечага руху. Дзесь у калючым, ссохлым ад дзённае гарачыні быльнягу нязмоўчна трашчэлі цыкады, ды за будынінай на падворку зрэдчасу варушыўся, уздыхаў галодны малады восьлік. Надвячоркам, як трохі сьцямнелася, чалавек падабраў у доле рэшту травяных аб'едкаў, пасунуў бліжэй да прывязанай жывёліны. Аднак восьлік не накінуўся на траву, толькі няўцямна паўзіраўся ў незнаёмага чалавека і жаласьліва раўнуў — ён чакаў гаспадара. Але гаспадар прапаў ад учарашняга ранку, і чалавек думаў, як бы ня сталася бяда. Як бы гаспадар не прывёў сюды тых, каго цяпер належала асьцерагацца.

Асьцерагацца ён стаў даўно, прынамсі, ня першы месяц. Адразу, як ляснула іх сьвятая агульная справа, і яны рассыпаліся, хто куды. Тыя, што ацалелі ад арышту, турмаў ды лягераў, перайшлі горы, знайшлі нейкі прытулак у суседняй, думалася, дэмакратычнай краіне, дзе яны меліся знайсьці і падтрымку. Дэмакратыі там, здаецца, хапала, але з падтрымкай мала што атрымалася. Учора ён глухой горнай сьцежкай перайшоў мяжу і спусьціўся з гораў назад у гэтую няшчасную краіну, яго радзіму. Якую, не зважаючы на ўсё самае ліхое, прадаўжаў любіць сыноўскаю любоўю патрыёта ці, як некаторыя казалі, — нацыяналіста. Хай будзе і так, ад зьмены назвы ягоная адданасьць краіне і яе гаротнаму люду ня зьменшыцца. Тое ён ведаў пэўна.

Хоць, відаць, тое было нялёгка — некаторыя абставіны пачалі сьведчыць супраць тае яго любові. У гарах ён мог знайсьці схованку між зарасьніку і камянёў, але ў горадзе яе трэба было шукаць між людзей. Першы, да каго ён прыбрыў на золку, быў іхны колішні добры сябра, стары мудры гаршчэчнік, што нямала памог ім у іх барацьбе. Але гаршчэчнік, сказалі, памёр сваёй сьмерцю, падкошаны горам ад страты сыноў. Прасіць прытулку ў заплаканай зьнямоглай нявесткі ён не адважыўся. Зрэшты, абсыпаная дзецьмі, тая й ня надта запрашала яго, і ён пайшоў прэч. Памятаў, што непадалёк жыў студэнт, таксама іхны сябра, якога ён уцягнуў у рух і зрабіў неблагім агітатарам. Але ўжо было ведама, што хворага на сухоты студэнта, адзінага сына ў маці, таксама ўзялі. Цяпер той паволі канаў недзе на сталічным стадыёне сярод тысячаў іншых — бязьвінных зусім і вінаватых хіба тым, што не схацелі жыць пад драпежнай уладай дыктатара. Другі, да каго ён пастукаў у тую ноч, спаў на ўласнай пасьцелі, але ён не пусьціў яго й на парог, сказаў, што

сам сядзіць, бы на іголках, — чакае гасьцей у бронекамізэльках. То быў іхны аднадумца — сьвятар, і чалавек падумаў: можа, і праўда, можа, і чакае. Але яму стала крыўдна, а галоўнае — пачынаўся сьвітанак, і было невядома, куды падацца на дзень.

Патуляўшыся па ўскраіне, ён падаўся да вадавоза, якога ведаў зь дзіцячай пары ад сваёй колішняй нянькі. То быў балбатлівы стары, п'яніца і абібок, ён ахвотна ўзяў зь ягоных рук апошнюю ягоную купюру і прапаў на ўвесь дзень. I на ўсю наступную ноч, якую цяпер чалавек дабіваў разам з галодным восьлікам.

Пад ранак, як поўня закацілася за пляскаты дах суседняй будыніны, чалавек устаў і падышоў да варотцаў у завулак. Тут ляжаў глухі начны цень, чорнае прысядзібнае кустоўе добра хавала яго на падворку. Унізе, рассыпаўшыся на павольным схіле, ляжаў сонны горад, месячныя прыцемкі лагодна ахіналі крывыя вулічкі жабрацкіх прадмесьцяў, бязладныя забудоўкі каменных, гліняных, саманных сядзібаў. Нідзе паблізу ня бліскала ніводнага агеньчыка, не сьвяцілася ніводнай лямпачкі; прадмесьці танулі ў туманістым месячным сутоньні. Толькі ўдалечыні зьзялі адбіткі сьвятла з-за высокіх дахаў камяніц у цэнтры, дзе высіўся нябачны адсюль прэзыдэнцкі палац, ратуша зь вежай і падсьветленым гадзіньнікам, гатэлі, дзьве паліцэйскія казармы за катэдрай у старажытных, нядаўна мадэрнізаваных кляштарах. Турма месьцілася далей, на ўскраіне, і таксама ў кляштары каля рэчкі. То было дужа здатнае месьцейка, у ім цяпер пляжылі маладыя жыцьці шмат хто зь ягоных сяброў. Іншых, мабыць, няма ўжо і ў жывых, і наўрад ці знойдуцца калі іх магілкі — гарылы ўмелі хаваць ахвяры — бяз знаку і сьледу.

Стоячы ў месячных прыцемках ля паламаных варотцаў, чалавек рашыў канчаткова: тое ён зробіць сёньня, уранку, адкладваць далей было немагчыма. Адклад можа абярнуцца для яго катастрофай.

Шкада, для таго зноў патрэбныя былі людзі; было бязглузда рабіць тое ўпотай, безь людзей. Толькі на людзях, лепей на плошчы. Але не на рынкавай — мэтазгодна было б на ратушовай. Тую плошчу ён ведаў змалку, туды хадзіў гуляць зь нянькай, затым церазь яе бегаў у недалёкую школу. Там жа ён упершыню спаткаўся са сваім адзіным і такім няшчасным каханьнем, а галоўнае — там перажыў колькі хвалюючых хвілінаў на сходах і мітынгах, як пасьля столькіх гадоў таталітарызму пачала ўсталёўвацца дэмакратыя. Ды не ўсталявалася. А тады плошча раілася ад тысяч людзей пад нацыянальнымі сьцягамі, з партрэтамі колішніх герояў нацыі, пад мегафонныя гукі палымяных прамоваў… Сьвятарныя словы пра дэмакратыю, волю і незалежнасьць хвалявалі болей, чым адмысловае віно, дужа верылася, што ўсё тое хутка настане. Але не настала і, здаецца, ужо не настане. Тыя, што тады зласьліва назіралі за імі з палацаў ды офісаў, са штабаў і казармаў, ліхаманкава рабілі сваю справу і выбіралі зручны для сябе момант.

I яны выбралі яго ўдала, якраз тады, як дэмакраты таго не чакалі, і скарысталіся спосабам, якога не прадбачылі.

Калі дэмакратыя зусім ап'янела ад пачуцьця грандыёзнай перамогі над шматгадовым таталітарызмам, гэтыя на авансцэну палітыкі выпусьцілі Бульдозэр — раней нікому не вядомага правінцыйнага палітыка, за якім у цяньку стаялі іншыя, вядомыя і дужа разумныя. Задума была ў тым, каб Бульдозэрам расчысьціць шлях да ўлады і прыхапіць яе для сябе. Але Бульдозэр аказаўся хітрэйшым за ягоных апекуноў і, зь нечуваным цынізмам захапіўшы ўладу, не схацеў ні з кім ёю дзяліцца, падгроб усю пад сябе. Сьпярша разагнаў парлямэнт, пасьля па адным перасаджаў у турму нядаўніх хаўрусьнікаў; вядомага крымінальнага аўтарытэта прызначыў кіраваць уласнай бясьпекай. Тым ён зьбянтэжыў лідэраў палітычных партыяў, якія напачатку нібы праглынулі языкі, ня ведаючы, як паставіцца да таго. А як адумаліся, стала позна: іхныя партыі былі аб'яўленыя падрыўнымі і распушчаныя. За тры месяцы Цынічнай дыктатуры ад нядаўняй дэмакратыі не засталося і сьледу. Парлямэнцкая апазыцыя апынулася на каменнай высьпе ў моры, мітусьлівых студэнтаў з унівэрсытэту перасялілі за калючы дрот на гарадзкім стадыёне, унівэрсытэцкія будынкі занялі пад паліцэйскія казармы. Прафэсары па адным паўцякалі за горы — на эміграцыю, а тыя, што засталіся, шчыльней зачынілі аканіцы і не паказваліся на вуліцу. Народ стаіўся, сьцішыўся, змоўк у паняверцы, падобна было — зноў засынае, каб не прачнуцца стагодзьдзе.

Чалавек ня меў выразнага намеру каго-небудзь будзіць, тым болей — народ, разумеў, тое было яму не па сіле. Але ягоная неспатольная душа прагнула пратэсту супраць гістарычнай недарэчнасьці, якую ён бачыў у гэтым брутальным перавароце Зялёнай дэмакратыі на Цынічную дыктатуру. Прагу пратэсту ён ня мог задушыць у сабе, яна стала мацней за яго і вымагала ўчынку. Асабліва пасьля таго, як за горы даляцелі чуткі, што некаторыя зь ягоных сяброў перабеглі на службу дыктатуры; іншыя на эміграцыі павініліся і пачалі прасіць дазволу вярнуцца. Ён жа вярнуўся тайком, без дазволу.

Поделиться:
Популярные книги

Лютая

Шёпот Светлана Богдановна
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.40
рейтинг книги
Лютая

Новый Рал 9

Северный Лис
9. Рал!
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 9

Лекарь для захватчика

Романова Елена
Фантастика:
попаданцы
историческое фэнтези
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Лекарь для захватчика

Начальник милиции. Книга 5

Дамиров Рафаэль
5. Начальник милиции
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Начальник милиции. Книга 5

На границе империй. Том 5

INDIGO
5. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
7.50
рейтинг книги
На границе империй. Том 5

Воспитание бабочек

Карризи Донато
Детективы:
триллеры
прочие детективы
5.00
рейтинг книги
Воспитание бабочек

Проводник

Кораблев Родион
2. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.41
рейтинг книги
Проводник

Студиозус

Шмаков Алексей Семенович
3. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Студиозус

Собрание сочинений В. К. Арсеньева в одной книге

Арсеньев Владимир Клавдиевич
5. Абсолют
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Собрание сочинений В. К. Арсеньева в одной книге

Прометей: каменный век

Рави Ивар
1. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
6.82
рейтинг книги
Прометей: каменный век

Идеальный мир для Лекаря 13

Сапфир Олег
13. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 13

В семье не без подвоха

Жукова Юлия Борисовна
3. Замуж с осложнениями
Фантастика:
социально-философская фантастика
космическая фантастика
юмористическое фэнтези
9.36
рейтинг книги
В семье не без подвоха

Warhammer: Битвы в Мире Фэнтези. Омнибус. Том 2

Коллектив авторов
Warhammer Fantasy Battles
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Warhammer: Битвы в Мире Фэнтези. Омнибус. Том 2

Идеальный мир для Лекаря 16

Сапфир Олег
16. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 16