Паром на бурнай рацэ
Шрифт:
Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адной з такіх уцечак, ён, трохі паблукаўшы балотамі, ішоў начным лесам з палявання. Два забітыя цецерукі абцяжарвалі бок, ногі ў балотных ботах спружынілі на
Нетры скончыліся раптоўна. За ўзлескам ляжалі купіны імшараў, за імі зноў цямнела лясная сцяна. Над галавою свяцілі высокія і яскравыя асеннія зоры. І, як заўсёды на самоце пад асеннімі зорамі, душу агарнула шкадаванне аб страчаным і пачуццё закінутасці і безабароннасці.
І вось гэты паўночны Яраслаўскі край здаўся вельмі падобным на тую, таксама закінутую ў балотах краіну, дзе зараз, пэўна, дажывае на беразе струхлелы паром, дзе калісьці вусны далёкай і незваротнай дакрануліся на хвіліну да яго валасоў.
Гораў стаяў, прыхіліўшыся спіною да замшэлай сасны. Павекі яго, што раптам зрабіліся цяжкімі, прыгашвалі халоднае мільгаценне зорак.
Ноч плыла над балотамі.
І раптам у гэтай начы, аднекуль з зеніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак.
На няўлоўныя імгненні пакідаючы ў небе халодны зеленавата-фосфарны след, яны ляцелі ўніз і згасалі, гінулі ў цемры, а на змену ім з'яўляліся новыя, новыя, новыя.
Гэта былі Леаніды.
Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой,
Чалавек стаяў пад зеленаватым зорным дажджом і думаў:
«Яны былі ў трыццаць трэцім, яны лятуць зараз. Калі яны прылятуць у дзевяноста дзевятым, на парозе новага стагоддзя, - я яшчэ буду жыць. Калі яны прылятуць у тысяча дзевяцьсот трыццаць другім годзе, - мяне ўжо не будзе. І нават мае дзеці не ўбачаць Леанід шэсцьдзесят пятага года... А яны будуць ляцець і ляцець, сустракаючы ўсё новыя і новыя пакаленні. Што будзе тады, праз сто год, ці далося б нам зразумець радасць і боль тых людзей?»
Ён стаяў, прыхіліўшыся да камля сасны, а проста над ім, з невядомай глыбіні, з чорнага начнога шатра ляцелі і згасалі халодныя зеленаватыя іскры, пакідаючы імгненны незваротны след.
Гінулі над празрыстымі азёрамі Леаніды, гінулі тысячамі, знікаючы ў пахмурых асенніх лясах.
І, гледзячы на іх праз замглёныя слязьмі веі, Гораў думаў:
«Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з'явяцца нашы браты, ці з'явімся мы самі на зямлі яшчэ раз... Леаніды! Сэрца жадае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж».
Тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры зоркі.
Гінулі Леаніды.