Паром на бурнай рацэ
Шрифт:
– Ну што ж, - сказаў Гораў, - я парушыў ваш план, - яна ўсё ж паспее. І гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.
– Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку - чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.
– Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, - ускіпеў Гораў.
– А жанчына паспее, яна не можа не паспець.
Леановіч не слухаў яго.
– Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар'ерыст, а яго жонка - распусніца.
– Гэта ганебна, тое, што вы кажаце.
– Ідзіце
– Ён пазяхнуў.
– ...Пакуль што ідзіце лепей выспіцеся... Бадай што, і я пайду.
Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б'е - да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.
– Бадай што, ваша праўда, - сказаў ён, - я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.
І ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.
– Хлапчыска, - сказаў ён.
...Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Цыгарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў за некалькі крокаў ад яго.
– Выспаліся?
– спытаў Гораў.
– Анягож, - роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.
– Ну вось і добра, - сказаў Гораў, - зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў... Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?
Леановіч пакасіўся на яго:
– Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.
Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў у ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка. На процілеглым беразе, над адхонам, з'явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.
– Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, - абыякава сказаў Леановіч.
– І каго гэта яшчэ нясе?..
Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.
– Учарашні ўлан едзе, - сказаў ён і не ўтрымаўся: - Мазалі, відаць, набіў на паўшар'ях, як пірагі.
– Гэ-эй, - пралунаў над ракою зычны голас.
Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.
– Гэ-эй, - крычалі з таго боку два галасы, - паро-ом, па-ром, паром!
Леановіч ляніва павярнуўся да
– І чаго наддзіраюцца?
– незадаволена сказаў ён.
– Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.
– Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?
– Ніхто, - сказаў Леановіч.
...Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.
І толькі калі ўлан падышоў і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак цыгаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.
Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы («Ванька-ключнік», - падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма.
– Паспеў?
– спытаў Леановіч.
– Так точна.
– Што новага?
– Генерал Фікельмонт выказвае вам удзячнасць за дасканала выкананы загад.
– Што?
– яшчэ нічога не разумеючы, спытаў Гораў.
Улан стаяў «струнка», але з той няўлоўнай вольнасцю, якая ўласціва фельд'егерам і дазваляе думаць аб лёгкай пагардзе да «пехтуры», хоць бы і афіцэраў.
– Папа клікаць не давялося, - усміхнуўся ўлан, - але апошні ліст напісаў.
– Дзе была страта?
– спакойна спытаў Леановіч...
– Стойце вольна.
Улан трошкі адставіў нагу.
– За абвахтай, - сказаў ён.
– На конскіх могілках. А палове чацвёртай.
У Горава як абарвалася нешта ўсярэдзіне. Белы, як снег, ён спытаў:
– Жонку бачылі?
– Так точна. Спазнілася хвілін на дзесяць. Я гэта бачыў. Яна амаль да абвахты падышла, а тут на задворках як каленкор ірванулі... То яна бегла, а тут пайшла, як сонная... А гэты, вядома, яшчэ цёплы быў.
– Плакала?
– спытаў Гораў.
– Не, зусім не плакала. Толькі і сказала: «Божа, пакарай іх...» Не шкадавала. Я б такую бабу, што мужа не шкадуе, - кожны дзень лейцамі б па тым месцы, адкуль ногі растуць.
– У цябе тваёй думкі не пытаюць, - суха сказаў Леановіч.
– Дазвольце ісці?
– Ідзі.
Фельд'егер скочыў у брычку. Коні пацягнулі яе на адхон, склізгаючыся капытамі і ссоўваючы ўніз чырвоны, як кроў, глей.
Потым заляскаталі паўз хату, па паплаўцы за ёю, па беразе старыка.
А потым вазок знік.
Леановіч нахіліўся над вадой і спакойна сплюнуў у раку недакурак цыгаркі.
Тонкі нясцерпны звон напоўніў вушы Горава. Ён мацнеў, мацнеў. Адчуваючы, што прытомнасць знікае кудысь, Гораў варухнуў непаслухмянымі вуснамі. Голас, на яго здзіўленне, быў моцны і звонкі.
І тады, ступіўшы крок наперад, Гораў выразна адчаканіў:
– Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік.
Леановіч рэзка павярнуў галаву, адарваўся ад парэнчаў. Яго халодныя вочы з цікавасцю разглядалі Горава.