Паром празь Ля-Манш
Шрифт:
зорка Мерак
у сузор’і Вялікага Возу,
твой марэлевы пасак
апэндыцыту,
нашая чадная прыморская карчомка
з штурвалам на дзьвярах,
адкуль мы вынесьлі,
акуратна загарнуўшы ў сурвэтку,
келіхі, нажы і відэльцы,
зьвязваючы сябе
яшчэ і агульным
Дасканалы сьвет
люмінэсцэнтных лямпаў
і наваскаваных паркетаў
імкліва папаўняецца,
пагрозьліва заяўляючы
аб сваіх прэтэнзіях
на тэрыторыю будучыні, —
бо ты не прыйшла
і сёньня ў мяне
архіўны дзень.
Сьмяротная пагроза
гэтаму стваральнаму спакою
тоіцца на вітрыне
сустрэчнага супэрмаркету
ў абліччы
вузкаплечай і стройнай
пляшкі такайскага
(шызая птушка на плячы
ўстурбавана ўзмахвае
напудранымі крыламі),
вузкаплечай пляшкі,
падобнай да цябе
болей за любую дзяўчыну
з суботняга праспэкту
Францішка Скарыны
блакітнавокім букетам
маладога падступнага хмелю
твайго цела,
здольнага аднаўляць
тэксты палімпсэстаў,
на чыіх пэргамінах
я мог ператварыцца
ў архіўную адзінку з нумарам
і не чакаць цябе
на вуліцы твайго імя,
каб назаўтра
зноў непазьбежна ўспомніць
пра свой дыплём гісторыка
і досьвед архівіста.
Нашэсьце мятлушак
У ліпені
горад захапілі
белыя мятлушкі.
Яны кружыліся
вакол поўні
і вулічных ліхтарняў,
езьдзілі ў тралейбусах і
кватаравалі на кніжных паліцах
над ложкам.
Яны апускаліся нам на плечы,
калі мы любілі адно аднаго
перад нашым суўдзельнікам —
авальным люстэркам,
на набітых эратычнымі фантазіямі
падушках.
Яны будзілі нас,
асьцярожна апускаючыся
на павекі,
пад якімі круціліся
відэастужкі сноў,
і ў завейным танцы
паўтаралі рыфмы і рытмы
нашае юравабнасьці.
Ты лічыла мятлушак
нечымі душамі
і паіла віном.
Я называў іх
дзіцячымі ўспамінамі
і частаваў марозівам...
Аднойчы ты сказала,
што вынайшла
магічную формулу
пераўвасабленьня
ў мятлушку і,
абдымаючы цябе ў той вечар,
я ўжо ведаў
твой выбар.
Закаханыя глуханямыя
У гэты дажджлівы дзень
успомні кавярню
з багемнаю рэпутацыяй,
куды мы заходзілі
на філіжанку кавы
зь мігдалавым лікёрам
(постскрыптум нашага спатканьня),
кавярню, куды завітвалі
парачка лесьбіянак
і здабытчык дыямэнтаў зь Якутыі
штораз з новаю дамай.
Успомні,
закаханыя сядзелі за столікам
пад нязграбным пэйзажам
з парушанаю пэрспэктывай,
і мы не адразу заўважылі,
што яны гавораць
рукамі,
бо нашы рукі таксама
ніколі не маўчалі,
прычым іх лексычны запас
здаваўся нам бязьмежным.
Мы крыху паспрачаліся на тэму:
як глуханямыя
клічуць адно аднаго
і як называюць нас,
калі мы завём іх
глуханямымі?
Успомні,
яго доўгія пальцы
нашэптвалі штосьці такое,
ад чаго яе профіль
быў зьлёгку падведзены чырваньню,
і ты сказала, што
слова «кахаю» на іхняй мове