Пастка для пярэваратня
Шрифт:
— Братка! Ты яе забіў. У самую галаву пацэліў. Як і я гусаку.
— Яначка, цябе ўсе стануць паважаць. Нават васілевіцкія, — захаплялася Алеся.
Здавалася б, радуйся. Не. Пуста на душы. Ні рукою, ні нагою не хочацца варушыць. Здаецца, паварушы — стане балюча. Так балюча, што да пят, бы іголкаю, пратне. Балюча… Вецер, ветрык, прашумі над кронамі, раскажы што-небудзь, ціха-ціха пагавары.
— А што шэпча не гаворачы? — прамовіў уголас.
— Ты пра што? — не зразумела Алеся.
— Твая загадка ўспомнілася.
Мацей абхапіў яго за плечы.
— Братка, уставай.
Ён прыўзняўся. Паволі. Нібы з цяжарам на плячах. Не забалела, не кальнула. Дзіўна.
— Лоўка ты яе, — пачаў хваліць Мацей. — Нібы я гусака.
— Гусака, гусака… — перадражніла Алеся. — Гусака і дубцом можна забіць.
Мацей нават вухам не павёў.
— Во якая вялізная ваўчыца! Яна ўсіх нас з'ела б. Відаць, праглынула гусака. — Мацей замахнуўся нагою: — У-у, ненажэрная!
Янка спыніў яго.
— Ляжачага не б'юць. Мацей заморгаў вачыма.
— А калі б мы былі ляжачыя? Пашкадавала б?
— Мы людзі.
— Братка, давай яе з сабою забярэм. Няхай падзівяцца ў вёсцы.
Янка ўсміхнуўся. Забярэм… Хіба паднімеш такую?
— Хадзем, — прагаварыла Алеся. — Мне страшна.
Мацей выпрастаў плечы, колам выгнуў грудзі.
— А мне зусім не страшна. Я не баюся.
— Добра таму, у каго страх ззаду, — сказаў Янка.
— У мяне ён заўсёды ззаду, — пахваліўся Мацей.
«Не помніць карова зімы, дачакаўшы лета», — падумаў Янка.
Мо напомніць яму? Не. Няхай пацешыцца.
Янка зірнуў на ваўчыцу. «Бегала б па лесе, калі б ваўчанят не забралі», — мільганула ў галаве. Ці шкадаваў яе? Сам не ведаў. Усё-ткі ваўчанят забралі. Але ж… Але чаму на іх кінулася? Яны ёй нічога благога не зрабілі.
— Хадзем, — прамовіў ён.
Цяжка стаяць. Пуста на душы. І галава нібы пасля мройнага сну.
Янка ішоў, што сонны. Анічога не заўважаў. Вось і ўскраек лесу. Паўз балота цягнецца. Страшнае месца. Дрыгва. Ступіў на груд, парослы асакой, — зямля задрыжэла пад нагамі, і ён па пояс праваліўся ў чорную балотную твань.
Не цямячы, што робіць, памкнуўся наперад, ухапіўся за лазовы куст. Багна не выпускала, павольна, але няўмольна ўцягвала яго, як змяя ўцягвае ў пашчу сваю ахвяру.
«Трымайся, Яначка, не мітусіся», — зноў прашаптаў той жа голас.
Цягне багна, уцягвае. Хітрая, што ваўчыца. Чакае, каб ірвануўся, забыўшыся пра ўсё… Не, не, не…
— Братка-а-а… — кінуўся да яго Мацей.
— Правалішся! Не лезь!
— Братка, не пакідай мяне!..
Стаіць, з нагі на нагу пераступае, быццам у падэшвы пячэ.
— Мацей, не лезь.
— Братка, за куст трымайся.
Багна цягне, уцягвае. Халодная вада падступае да грудзей.
«Тук-тук, тук-тук», — трывожна застукаў жывы камячок. Стукае… Стукае…
— Братка, што нам рабіць?
— У
Вядома, у вёску забягуць. Вядома, раскажуць. Але ж…
— Пачакайце…
Янка напружыўся, імкнучыся туды, наверх, дзе зеляніна. Крыху адпусціла багна. Але ж і куст трэснуў. Зусім паціху.
Трымацца. Трэба трымацца. Не варушыцца. Трэсне яшчэ раз — і канец… Трымацца…
— Мацей, стой.
— Я стаю. Стаю…
А сам часта-часта з нагі на нагу пераступае.
— Братка, я табе руку падам.
Праваліцца ж… Удвух загінуць. Багна не пашкадуе. «Руку падам». Падаюць, каб памірыцца ці дапамагчы. А цяпер?.. На пагібель? Чаму так?
— Не, Мацей, не трэба.
— Мы лясіну прынясём, — здагадалася Алеся.
— Прынясіце. Падайце.
Пабеглі. Зноў халодная вада падступае да грудзей. Побач лясны ўскраек, а як доўга бягуць!
Янка на імгненне заплюшчыў вочы. Ажыло ў памяці. Бяжыць ён па траве да маці. Яна наставіла рукі, кліча. А трава высокая… Бяжыць, чапляецца. Хутчэй, яшчэ хутчэй… Спатыкнуўся, упаў тварам у траву. Заплакаў горка-горка. Не змог дабегчы. Не змог. Горка на душы…
— Яначка, трымайся, — пачуўся Алесін голас. Ён расплюшчыў вочы. Стаіць Алеся, трымае доўгую лясіну. І Мацей стволік абхапіў. Ці моцна трымаюць? Ці так, як ён за гэты куст?
— Братка, мы пададзім, а ты…
— Блізка не падыходзьце. Падавайце.
Вось ён, тонкі стволік. Кара пачарнела, сям-там аблушчылася. Няўжо збуцвеў? Няма як марудзіць.
Янка ўхапіўся за лясіну. Спярша адною рукою, пасля — другою. Цяпер ні за што пальцы не расшчэміць.
— Цягніце! — выдыхнуў.
— Цягнем, Яначка.
— Цягнем, братка.
Уперліся нагамі, цягнуць. Не адпускае багна. Быццам балотны чорт за ногі яго трымае. А што, калі сапраўды? Трымае, рагаты, пацяшаецца. Пацяшаецца…
Янка рвануўся, і багна, хлюпнуўшы, што бот, у які набралася вады, сыцілася за ім. Ён, павярнуўшыся, патрос кулаком.
— У-у, пракляты!
— На каго ты так? — здзівіўся Мацей.
Ён прамаўчаў, не прызнаўся. Ён стаяў на зямлі. На цвёрдай зямлі. Зямля… Зямля-матуля. Яна, ён добра гэта адчуваў, зусім не пяклася.
Цётка з барадой і сон-трава
Непадалёку была крынічка. Схаваўшыся за кусты, Янка памыўся. Нават штаны і кашулю памыў, выкруціў. Мокрыя? Ну і што? Летам і на сабе высахнуць. Не першына.
Ён думаў, што Алеся і Мацей, як звычайна, пачнуць охаць, ахаць, успамінаючы нядаўняе. Але ж не. Здалёку пачуў, што спрачаюцца. Алесін голас першы данёсся:
— Свіння!
Пасля Мацей крыкнуў:
— Сабака!
Чаму яны так? Няўжо адно аднаго абзываюць? Яшчэ гэтага не хапала. Хацеў насварыцца на іх, ды Мацей апярэдзіў, насустрач кінуўся.