Шрифт:
Калі я быў у Рыме, яснавяльможная каралева, папа Леў Х, прыгадваючы аднойчы паляваньні на Поўначы і велічыню зьвяроў, пераканаў красамоўнымі словамі надзвычай шаноўнага пана плоцкага біскупа Эразма, пасла вашай Высокасьці тады пры ім, каб чучала бізона, якога мы называем зубрам, яго набітая сенам шкура была дастаўлена ў Рым.
Калі біскуп плоцкі паабяцаў гэту просьбу выканаць, ён адаслаў лісты Радзівілу, ваяводу віленскаму, просячы падшукаць шкуру найвялікшага зьвера гэтай пароды, а мне, у той час свайму дарадцу, загадаў напісаць што-небудзь аб прыродзе і паляваньні на зьвера, жадаючы паказаць папу постаць зубра ня толькі ў рэчах, але і ў словах.
Аднак з-за нечаканай сьмерці Льва ўсё гэта ня здзейсьнілася. Застаецца толькі невялікі твор, напісаны тады мною сьпехам (мне не ставала ні часу, ні здольнасьці), твор гэты я рашыў выдаць у сьвет у гонар тваёй Вялікасьці. Гэтае пісаньне хачу я паднесьці табе замест сьціплага падарунка, спадзеючыся, што надарыцца выпадак, калі яго Каралеўская Вялікасьць па сваім звычаі адправіцца на паляваньне, і гэтая кніжка, што змяшчае лясныя прыгоды, цябе зацікавіць і ты яе прачытаеш. Гэтым самым жадаю я ня так палепшыць сваё становішча, як пракласьці шлях вучоным мужам, каб і яны табе свае творы паднесьлі. І каб ты, найвучонейшая княгіня, узважыла іх здольнасьці і нараіла свайму яснавяльможнаму мужу, які абавязаны больш мець часу для вядзеньня войнаў, чым для чытаньня кніг, тых, каго палічыш найбольш таленавітымі. Бо бачу я з найвялікшым для сябе жалем і, зразумела, з пэўнай стратай для дзяржавы, што славуцейшыя сэрцы зусім не паважаюцца. Яны з-за матэрыяльнай нястачы і беднасьці цалкам ня могуць сябе праявіць. Бачу я таксама, што ёсьць нямала людзей, якія валодаюць і багацьцем і талентам. Але калі яны заўважаюць, што вучоных, мастакоў і паэтаў так мала шануюць і паважаюць, то імкнуцца больш узбагачацца, чым ахарошваць душу. З-за такой нікчэмнай справы ахвяруюць яны самым высакародным прызначэньнем сваіх асоб. А калі возьмеш ты на сябе агульнае апякунства над гэтымі захапленьнямі, тады ўзбуйнеюць таленты і прынясуць карысьць Каралеўскай Вялікасьці ў яе значнай працы, так што дзяржава будзе зберагацца ў сваім стане ў гэты злавесны час.
Дзяржава абапіраецца больш на мужнасьць духу, чым на сілу цела, пра што сьведчаць як грэкі, так і рымляне. Іх магутнасьць квітнела найбольш тады, калі расьцьвіталі навукі. А як толькі пачалі нікнуць таленты, сілы іх згасьлі, а з заняпадам апошніх абрушылася іх дзяржава і ўсталявалася рабства. Таксама і ў нас. Тыя ж, хто вядзе войны паводле звычаяў старажытных, што адлюстраваны ў кнігах, няхай узьнімуць ваенныя подзьвігі і кінуць тое, што замінае грамадзкай дзейнасьці, ды падумаюць, дакуль нам баяцца турка! Няхай жа разважаць тыя, хто добра ведае з чытаньня старых кніг, што і грэкі і рымляне ў найвышэйшым росквіце сіл сваіх разгарнулі калісьці ваенныя дзеяньні ў кірунку гэтых краінаў сьвету, пакуль ня ўпэўняцца, што для рымскай зброі Германія, а для грэкаў Дунай былі амаль вечнымі межамі і рубяжамі на гэтым шляху. Так што і Вялікі Аляксандар, які думаў панаваць над усім сьветам,
Хоць нам не ўласьцівыя ні норавы, ні звычаі старажытных, аднак вечная сіла неба і мужнасьць нашага воіна-ратніка не падвядуць, як справа дойдзе да зброі, калі толькі мы, бяззбройныя, ня будзем раздушаны нейкім наканаваным няшчасьцем, ці, ясьней кажучы, спрытным круцельствам некаторых і сваёй бяздзейнасьцю — і гэта, як мне здаецца, нас і зьвязвае.
Мне добра вядома, найсьвятлейшая пані, якога вялікага шчасьця ты зычыш гэтаму каралеўству і як шмат разважаеш і дбаеш аб паляпшэньні ягонага становішча. Але я сапраўды не ўяўляю, чым ты можаш яму дзейсна дапамагчы. Калі ж ты праявіш сябе добразычлівай, схільнай да апякунства навукі і мастацтва, тады ад іх будзе і дзяржаве вялікая карысьць, а высокая слава імя твайго распаўсюдзіцца такім чынам яшчэ вышэй з ухвалай тваіх выхаванцаў. Бо што можа быць больш цудоўным і вартым тваіх продкаў і тваёй найславуцейшай з арагонскага дома сям'і, больш дасканалым з усіх форм дабрачыннасьці, калі на іх грунтоўна глядзець і ў мірны час, і ў вайну, і ў справе рэлігіі? Але і яны ніколі не напоўнілі б землі сьвету гэткай агромністай славай жыцьця і подзьвігаў з прыязьню ўсяго пакаленьня і не паказалі б сябе ў такім дзівосным сьвятле ў розных выпрабаваньнях лёсу перад нашчадкамі, калі б іх уласная вучонасьць і ўласьцівая гэтаму роду асаблівая прыхільнасьць да вучоных мужоў ня ўзнеслі б іх на такую вышыню, што яны былі ўслаўлены звонкай лірай вялікіх талентаў; таму мне застаецца заслужана маўчаць пра іх, асабліва тут, дзе я падпарадкаваны непазьбежнаму закону выказвацца сьціпла.
Жадаю здароўя і быць вартай свайго славутага роду.
1
2
3
4
5
6
7
8
9