Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Песьня пра зубра

Гусоўскі Мікола

Шрифт:

10

Вось ён стаіць у гушчары, варожыць, што будзе! Долі чакае… Яго й апяем мы у песьні. Часта у вершы апісваюць цэлыя статкі, Мы ж на адным ім увагу із вамі запынім, Сілаў ня стане сказаць аб усіх бо, ні часу! Збаю, але аб адным, што бяды не пачуўшы, Ў пастцы, ў мяне на ваччу, апынуўся зьнячэўку: Выхад старожа замкнула і рынулі стрэлы. Імі увомірг апераны, ён ірвануўся Й трапіў на дзіды, што лоўцы сыпнулі з засады, Шыю, бакі пранізалі. Напасьнікаў зрокам Палячы, волат зароў, разьдзімаючы храпы, І як віхор закруціўся, падскочыў, паймчаўся. Коньнікі зь гіканьнем мкнуць наўздагон, пераймаюць, Тупат да зораў шугае, а зубар, як бура Йрве праз паляну, наперадзе — сьценка, з разгону Хоча яе пераскочыць, на жаль, завысока! Стаў, як укопаны… Як ратавацца? А ў цела Зноўку убілася з сыканьнем нечая дзіда. Лютасьць кіпіць, палымнее пагляд і бруіцца Зыркая кроў із глыбокай гарачае раны… Дзе ж варагі: ён шукае, гатовы змагацца, Зьмяць іх, раструшыць, і першыя ўдары кіруе Ў зграю сабак стогалосых, дзярэ, раськідае, Потым — імкне на людзей із жахлівым рыканьнем. Людзі — у россып, насьлепа кіруючы коні. Хрыпам, рыканьнем, галёканьнем поўніцца пушча! Лоўцам скакаць напрасткі няма сэнсу й надзеі, Можна адно ратавацца, адскочыўшы набак: Гнеў і разьбег паўз лаўцоў яго мо перакіне, Велічы ж гэткай нялёгка зьвярнуцца у бегу! Конны ланцуг замыкаецца. Зьвер мітусіцца: Цяжка разгон паўстрымаць, пачынаючы наступ. Целам важкім налятае ён бурна, падскокам, Бачыш — угрэўся, сапе, а калматая грыва Б'ецца на ветры, і ўвесь ён — нястрымнае ймкненьне! Доўга яшчэ зьвер із ровам бушуе ў загоне, Сочыць, на кім бы памсьціцца, гарачку спатоліць, Зрок яго люты спаліць вокал мог бы ўсё чыста Й прыкладам гэтта праўдзівым пацьверджу я зараз: Нехта з мушкетам, вядома, ня простага роду, Стрэліць дазволіў сабе ў зьвярыну, — і пацэліў. Гольлем схаваны, бач, песьціў дурніца надзею Выцалець неяк і толькі сачыў із трывогай Скуль спадзявацца нападу… Зайгралі сабакі: Блізка напасьнік! Аж, ломячы з трэскам ламачча, Сьнег раськідаючы, ў хмарах бялявае пары Зьвер аказаўся зьнянацку, абкружаны зграяй, І затрымаўся, сабаку адкінуў ды зрокам Поўным шалёнай злабы утаропіўся ў хвойнік, дзе ў жаху Бедны стралец здрыгануўся: няйначай, прыкмеціў! Хай
ад яго быў наш зубар даволі далёка,
Страх чалавека уразіў: бядак із мушкетам Так, як стаяў, і сканаў з аднаго перапуду! Дзіву даваліся людзі з канцоў баязьліўцы, Труп небаракі застыглы знайшоўшы назаўтра. Чулі яны, што забіць можа зрок Базыліска, Ды вось памёр жа-ж бяздольны, някранены зьверам Гэты юнак, баязьлівага нораву й сэрца! Сам я быў сьветкам здарэньня, яшчэ не забыўся Нават напісу, што нехта зрабіў на магіле: «Тут пахаваны Лаўрук, што забіты ня зубрам, — Выглядам толькі ягоным. Ці ж лёс вінаваціць?»

11

Бачыў я шмат, ды найбольш мяне ўсё ж уражалі Зьвера падскокі — о, гэтая лютасьць дзікая! А як ня можа знайсьці, што б скрышыць ці разьдзерці, Храпы свае разьдзімаючы, ловіць паветра, Нюхам сваім найтанчэйшым уцягвае пахі! Ўсё, што жывое, ці мае адзнакі жывога, Топча, прабуе на рогі узьняць, пакалечыць, Вінных шукае, хто важыўся раніць асілка. Скокі ў два-тры дастае неклямягу-ахвяру, Дзікім рыўком падкідае ўгару, прабівае, А недабітага, хай гэта конь або коньнік, Зноўкі на рогі бярэ ды камечыць няшчадна, Ажно пакуль небараку ушчэнт не раздушыць. Кроў застывае, як гэткую бачыш расправу: Стаў конь дыбка, ашалелы, з распораным брухам, Коньнік завіс у страменьні, крывёю заліты, — Вось наляцеў, абярнуў абаіх і спад насту Зь мешанкі кроў адно льлецца цурком неўзабаве. Як на мярлог медзьвядзя, на дзіка ён найрвецца, Ўвомірг пайрве, аж шмацьцё разьляціцца па дрэвах! Часам трапляліся нам і казлы у гушчарах — Лютага зубра ахвяры на сьцежцы вузенькай. Тыя, хто бачыў ягоную сілу, мне сьветкі: Хай ён з разгону з аленьнем зударыцца часам, — Скрозь адаб'е ўсё нутро — і вантробы, і сэрца Параськідае вакол па лапчастых ялінах. Цяжка ўявіць, не пабачыўшы, гэткую зьяву: Птушкі драпежныя ймкнуць на баёвішча з граем, Дзёрзка дзяруць на шматкі яшчэ цёплыя часткі Цела павіслай дзесь высака ў гольлі ахвяры… Неверагодна, а бачыў: конь, зьліты крывёю, Б'ецца, канаючы, коньнік жа ўдоль галавою Недзе вісіць угары… А бывала й такое: Ўзьняў ён на рогі каня, але гэтак, што коньнік Проста зь сядла шугануў на сасну, цалюсенькі! Прыкладаў стане, ці мала іх ведае пушча, Лішнія ж словы зьніжаюць давер да расказу. Той, хто зубровую лютасьць ня бачыў, няздольны Сьветчаньням верыць, як прэ ён, раве, ашалелы, Быццам бурлівая хваля ў часы навальніцы, Як ад грымотнага рыку страсаецца пушча, Аж пад нагамі зямля і ўздыхае, і стогне! Але хай сьцяміць, што помстаю гнеў не спатоліць, — Будзе храпсьці перарывіста, голаў пахіліць, І па рагох кроплі сьвежай крыві забруяцца Проста ў гурбы… Ня знаю, ці знойдуцца словы, Каб апісаць нам належна жахлівую бойку. Ён, быццам ветру зудары, і дужы, і спрытны, Ўвомірг зьмяняецца ў сьмерч, гураган, і, вядома, Скон будзе долей таго, каго бура засьпее. Сьнег палымнее й дыміцца на месцы забойства, А на кустох ды на дрэў сукох чырванеюць Рэшткі ахвяры й зусюль крывяжэрныя птушкі Плоймай лятуць за сваім дабрадзеем рагатым. Ён жа-ж, што кінуў быў, зноў падыходзіць, Ўспора рагамі яе, пераверне, зноў кіне… Скончыў, забіў, але ўсёткі у смак не памсьціўся: Цела ў шматох, растаптаныя косьці, ды злосна Гэтую мешанку пора ды трэ ён рагамі, Коньнікі ж зьвера прабуюць узноўкі разьярыць І ў вабцугі ўзяць: галёкаюць, дзідамі колюць… Гэта бядой пагражае ці рэдчас, хай кажны Й спрытны, бо кон падвядзе — і загіне Нат найспрытнейшы. Найлепш у сядле раўніною Гнацца з ганьнёю за зьверам, ды іншая справа Пушчаю ймкнуць, дзе ўсё можа прытрапіцца часам: Там і калоды гнілыя і выкратні й ямы, Норы барсучыя, пні, прыхаваныя сьнегам, Коўзкая лужына — бачыш, і конь спатыкнуўся, Гольле зламанае, лапы даўгія хваінаў, — Ўсё гэта пасткі, з каня бо зьляціш, і загінеш: Зубр не змарудзіць, імгненьне — пайрве на часьціны Цела бяздушнае й высака ў гольле закіне. Цудам адважны ж ад зьвера ўхінецца, адскочыць. Той налятае узноўкі, ажно і заколе. Каб апісаць мог я тутка, адкінуўшы дробязь, Толькі важнейшыя рысы лясное пачвары, Хто яго ведае, стала б мне словаў ды часу І як даўгая была б мая гэтта паэма! Судзячы ўсё апісанае, гэтыя ловы Зь лікам вялізным забітых былі б мо шаленствам, Змыць што ня лёгка было б пачынальніку й славай, Толькі ж усё гэта мела карэнь у княжэньне Вітаўта, князя вялікай Літоўскай дзяржавы. Тымі гадамі, калі моц слабела айчыны, Трэ было ўздыму, вось князь наш бязьмежныя пушчы Ў стан баявы й абярнуў, дзе б нарошчваць сілы. Часам спакойным, прадбачачы прышлыя войны, Вояў сваіх рыхтаваў ён на ловах зьвярыных, Чым прымушаў забываць пра нястачы й нягоды! Ён — міратворца й баёў заразом пачынальнік, Будучы князем, сваёю аголенай зброяй Ставіў запын варагом і блізкім і далёкім. Нават татарын, схіліўшыся ніцма, слухмяна Лук свой зламаны яму аддаваў, зразумеўшы, Што, хай зьбіраў ён калым на прасторах літоўскіх, Сам жа-ж агіднай літоўскай здабычай рабіўся. З тымі лічыўся князь толькі, каго, ўпадабаўшы, Сам выбіраў, нат Ардой кіраваў, захацеўшы. Князю і ўсходні сусед слаў лісты з прапановаю згоды, Хай і з багацьця ды моцы Маскоўскія знаныя землі. Турак, і той, прысылаў яму часта гасьцінцы З думкай таёмнай яго задабрыць, ну і помсты Князя літоўскага неяк ня выклікаць часам, — Трох, што трымалі ўвесь сьвет у трымценьні ды жаху, Прад Ліцьвіном пахіляліся моўчкі з пакорай.

12

Слаўнае гэта прызнаньне ня вырасла ў пушчы: Шырыўся пошчак аб ім і усьцяж і усюдых, Станам ваяцкім было тады кожнае поле, Дні супакою — спачынкам між войнаў кароткім. Конскія ў коле сусьцігі, стральба на дакладнасьць, Скрозь, дзе ні глянеш — спаборніцтвы, лукаў трымценьне: Моцы адзнака, і пэўнай рукі, і адвагі. Лучнік, спакойна пацэліўшы ў клін жураўліны, Правадыра у крыло патрапляў, не даткнуўшы Цела птушынага. Ў небе, на дрэве, у хвалях — Птушка — найлепшая мэта для стрэлаў, і білі Ў пушчах яе, балатох, а тады ў падарунак Князю давалі, ад сэрца, не для ўзнагароды. Ў ловах нястомных жыцьцё — людзі мелі за гонар. Зь першай парошай чароды лавецкія князя Зьвера сьціскалі у пушчы і, поўнячы нетры Гоманам, крыкамі, гналі пад стрэлы ды дзіды. Спрытна высочваць зьвяра у мярлогу лічылі Справай штодзённай, а вырыне з логава, густа Стрэламі ўкрыты ды рыне на сьмелага з рыкам, Лоўкім ударам падняць яго трэба й асядзе. Гульні былі й прыямнейшыя — гонкі на спрытнасьць, Слаўная справа, калі мо за сотняю стадый Мэта ўсталявалася: конна пакрыўшы адлегласьць, Перамажы ў хутчыні ды ва ўменьні, спаборнік! Толькі ў грамадах вось гэткія ўцехі бываюць! Зь месца імкнуць скакуны чарадой, табунамі, Ў лёце чуваць адно тупат ды коняў хрыпеньне, Вось, вось дапялі пярэдніх, зраўняліся ў гоне! Зрок гаспадарскі злавіўшы, скакун падстаўляе Пану сьпіну і з налёту ў імгненьне мяняюць Коньнікі месцы на конях, адно ізьлятаюць Плоймай птушын калчаны ў пёрх стрэлаў, крыж-на-крыж! Цёмнаю ночай ізноў выдумляліся гульні, Дзе пасароміць бы мог баязьліўца адважны. Ўсім пераможцам давалі заўжды ўзнагароды, Ну, а хто сьхібіў, заслужваў і сорам і кпіны. Часам ішлі аб заклад, што было шмат цяжэйшым: Рэкі адолець шырокія ўплынь, хай чакаюць Гушчы чаротаў плаўца, і віры, і глыбіні, Б'ецца рака белагрываю хваляй у строму, Рвецца з шаленствам дзікім і драпежным на бераг. Звычай у коньнікаў быў свае лукі ды стрэлы Ўкручваць у клунак з адзежай і гэтак сухімі Потым выносіць на бераг… Вось рынулі коні, Пырханьне чуеш адно, бачыш вушы ды храпы, А на стырне, упіліўшыся ў грывы, мільгаюць Конных галовы. Свабоднаю левай рукою Кожны грабе, памагае каню выбірацца. Ўсім нагароды давалі: вышэйшыя — лепшым, Рэшце ж, як хто заслужыў. Не міналі нікога.

13

Выпрабаваныя доляй ня раз і ня двойчы Воі мастоў не шукалі, а рэкаў запыны Перамагалі на конях, сухою выносячы зброю: Княства для прышлых рыхтуючы войнаў, карысна Гэтак адным рыхтаваньнем ды працай пратрапіць Боязі й жахі змагчы, ізь нястачамі зжыцца. Князь, ваяўнік найгартоўнейшы, большага шчасьця Нат не шукаў, чымся ўсьцяж гартаваць сваё войска. Годнасьцяй першай лічылася ў князя адвага. Сочачы пільна, знайходзіў ён сам адважнейшых, І на аглядах адразу й абдорваў шчодра, А баязьліўцаў, няхай і з багатага роду, Не шанаваў і была іхнай доляй няслава. Вось як судзіў ён, суровы, але справядлівы, Тонкім чуцьцём прыкмячаючы праўды адзнаку! Злая мана перад ім пасьцілалася ніцма, Сам абвяшчаў ён прысуд, вінавайцы ж, як кажуць, Тутка ж з пакорай праступствы свае прызнавалі, Кары ды сьмерці прасілі — вяроўкі на шыю — Ведалі добра бо — літасьці тут ім ня будзе Горай за ўсё ілжасьветкаў князь меў у пагардзе, Іх аддаваў на жахлівыя ён катаваньні — Суд справядлівы ня сьмейце ашукаваць княжы! Поглядам лютым усьлед выкрываў вінавайцу, Аж прызнаваўся ў мане парушальнік прысягі. Жорсткі прысуд быў удзелам засуджаных, іх бо, Ў скуры зашыўшы зьвярыныя, кідалі проста Злоснай ганьні ваўкадаваў, што іх трыбушылі. Жорсткая кара чакала за хабар і судзьдзяў. Недзе было, што гасьцінцам судзьдзю падкупілі, Й княжы наказ абмінуць нешчасьліўца наважыў. Выкрыты быў ён, жахліва пасьля катаваны I, як навука для іншых, пайрваны на часткі. Кожную сквапнасьць князь нішчыў з карэньнем, і гэтым Сёньня і заўтра заслужана славіцца будзе. Справаў бліскучых ці мала заладзіў ён, гэта Кажнаму ясна, як зь песьні маёй, паміж іншым.

14

Меў селянін адзін клопат — гараць сваю ніву, Сэрцы ж сялянскія князь гартаваў паляваньнем. Зьвер здабываўся ўсяляк, і найлепшай здабычай Тая была, калі зьвера у стан прыганялі Без пакалечаньняў, ранаў, блізу што бяз шкоды. Гэта лічылася скрозь дасягненьнем найвышшым, Ну, а зь нядбайных маглі і спагнаць па загаду. Трэба сказаць, што сяляне стараліся добра, Ўсе даручэньні выконвалі пільна, адважна, Нат і зуброў пакладалі да ног валадарскіх. Што так бывала заўжды, я усёткі ня веру, Цьвердзяць старыя, адлі, быццам гэта ўсё праўда. Але пра кемнасьць народную ў стаўленьні пасткаў, Трэба сказаць без сумлеву, што гэта — мастацтва! Сьценку з падвойных бярвеньняў, падобную кліну, Ў пушчы стаўлялі, рассоўвалі шырака перад, Потым звужалі патроху, а ў сьценцы засовы Спрытна хавалі пад гольлем ялін і травою, Каб небясьпекі ня вычуў як зьвер асьцярожны. Ў сьвітцы чырвонай лавец-заклікайла ўдоўж кліну Раптам імчыць, меч зіхціць над яго галавою. Зубр гэта бачыць, крывёй наліваюцца вочы, Ды парушальнік спакою ўжо зьгінуў, расстаяў: Ёсьцека лазы бо ў сьценцы, лавец і схаваўся. Зьвер, разагнаўшыся ў гоне, тым часам трапляе Проста у пастку: засовы ўвомірг дарогу Пыняць яму і наперадзе й ззаду — злавілі! Бегма бягуць із схаванкаў лаўцы, абкружаюць З крыкам пачвару, пятлю закідаюць на шыю, Сьцягваюць шчыльна раменьне, а заднія ногі Путамі моцнымі вяжуць, хаду запыняюць. Непераможаны зброяй, атрадамі вояў ня ўзяты, Тутка таймуецца зьвер адно зьменлівым конам… Цела магутнага зубра скруціўшы вяроўкай, Цягнуць яго, як гару й дзікім жахам працяты, Пеніцца люты асілак, але паддаецца, Йдзе, дрыжучы, паўз натоўпы людзкія ў няволю. Зьвера, у табар прыгнаўшы, разьвязваюць, гоняць Потым у чыстае поле, каб мэтай жывою Коньнікам
княжым ён быў — беце стрэламі й дзідай,
Ды набывайце каштоўнае гэтак дазнаньне! Як запэўняюць, ня толькі на стрэлах і дзідах Клалі знакі, але мэту жывую знакамі Густа пярэсьцілі, й той, хто дакладна пацэліў, Узнагароджваўся ўсьлед як найлепш, бо за князя Вітаўта тых адзначалі, хто цела жывёлы Дзідай умеў пранізаць і глыбока й дакладна. Вітаўта княжаньня час, я мяркую, названы Найпрыгажэйшы ня толькі з прычыны ваяцкіх Княжых удачаў, але мо й таму, што над грошы, Ўдачы ды славу стаўляў Вітаўт духа багацьце, Глыбака верыў у праўду Ўсямоцнага Бога… Першы з народамі княства прыняўшы хрышчэньне, Веры старое усе асудзіўшы памылкі, Зманных паганскіх бажкоў ён спаліў і паставіў Хорамы Богу Ўсявышняму. Быўшы пабожным, Шчодра й сьвятарства дарыў ён майном і зямлёю. Славу пяяць адлі Вітаўту слаўнаму годзе! Хай неахвотна, ягоныя дзеі мінаю Тут я, бо зноў захапіўся, а трэба трымацца Пільна згаданае тэмы — Паўночнай краіны, Дый пра зуброў быў бы час ужо скончыць спаміны, Ходзячы ўкола бо, ўшчэнт я ад іх адхіліўся, А, паміж намі, час быў бы вярнуцца да ловаў! Крыкам, пагоняй загнаны і стомлены зубар Здаўся, зьнясілеў нарэшце, астыгла і зьнікла Лютасьць, маўляў зразумеў зьвер, што скон ужо блізка. Ўвесь упацеў ён і дыхае цяжка, із хрыпам, Ногі ўжо ледзьве трымаюць і цела абмякла, Вось-вось, глядзі, спатыкаецца, ўпадзе і сканае, Гасьне злаба уваччу, што яго паланіла… Коньнікі коні вядуць у гушчар, не марудзяць. Вось сьмелым крокам, як звычай ім кажа, выходзіць Сьцяг юнакоў скончыць зьвера ва ўпор, вока ў вока Ўдарам клінкоў, і стаяць ізь дзіўною адвагай Тварам да сьмерці хлапцы із надзеяй на славу. Вось узьняліся клінкі, расьсякаюць паветра: Кожны заве да сябе спахмурнелага зьвера, Ён жа-ж, зьнясілены ўшчэнт, а ўсё ж ірвануўся Сьлепа на постаць лаўца й той адскочыў за дрэва. Зубр разьвярнуўся, нацэліўся й раптам з разгону, Быццам маланка ў магутнае дрэва ўдарыў. Гольле ляціць у бакі, з трэскам сыплюцца трэскі, Сьмерцяй лаўцом пагражае камель надламаны. Пільна, малойчык, глядзі, уважай, бо нязважным Гэтае месца наўрад ці на схоў надаецца! Трапіла бачыць мне: сьмелы адзін паляўнічы Меч упусьціў, калі зьвер набліжаўся падскокам Проста на дрэва, дзе той, скамянеўшы, стаіўся, І каб сам лёс не прыйшоў бедаку з дапамогай, Гэны юнак пэўне трапіў бы сьмерці ў вабдымкі. Шчасьцем, аднак, было гэтае дрэва сасною, Шапкай вялізнаю сьнегу прыкрытаю, вось жа Як здрыгануўся камель, страсянулася й гольле Й белая сьнежная хмара згары сыпанула. Сьмелы лавец зьнік на ймгненьне, ды зараз Рынуў наўцёкі паўз белую ймглу — ратавацца! Моцна ўжо ж кпілі сябры зь юнака і зь нягоды, Быццам ад сьмерці ўцякаць — гэта сорам і ганьба, Як і ў змаганьні — да хуткай імкнуць перамогі. Грымнуў удар — упіліся рогі ў дрэва, Ўзяўшы ў абоймы камель… Ды стрывала карэньне Хвоі-асілка у пушчы ўрадлівым суглінку. А як сасна баравая — быць пэўным яе немагчыма, Хто за ёй стоіцца, зь ёю ж пасполу і рыне. Гэнае й буры зь вятрамі ня вывярнуць, гэта ж Гіне парой пад імпэтным зубровым ударам. Ну ж і відовішча! Мкнецца сасну перакінуць Зубар, здрыгаецца, кружыць, бадзе, у шаленсьцьве Сьлепне й розьніцы болей ня робіць між дрэвам І чалавекам, рагамі камель разьбівае, Быццам ён — вораг, і пэўне ж мяркуе: забіты! Нат не разрозьніш у мітусі пары ды сьнегу, Дзе паляўнічы, дзе — зубар шалёны — абодвы, Ёсьць аднак розьніца ў лютасьці кожнага зьвера: Шмат зь іх і ў бойцы захоўваюць зрок непамыльны.

15

Ўсе яшчэ, думаю, ў памяці маюць здарэньне Што тут было за гадоў караля Аляксандра. Гэта няшчасьце магло б патапіць каралеўства Ў горкіх сьлязах, ды Бог зьлітаваўся — гора мінула: Ў пушчы памост збудаваны быў моцны ў чатыры, А можа й болей падпораў — сачыць паляваньне. Ў коле магнацтва ды фрэйлін сама каралева Тамка сядзела, ўнізе ж ледзь трывала юнацтва, Каб найхутчэй паказаць свае спрыт ды адвагу Ў бойцы з магутным і дзіка разьюшаным зьверам. Жэўжык Амур, на старой затаіўшыся хвоі, Лук нацягнуў і насьлепа пацэліў у сэрца. Што ж, забаўляйся, свавольнік, гуляй у ахвоту, Толькі ня сяньня, ня ў пушчы! Юнак-паляўнічы Прыпадабацца каханай сваёй захацеўшы, Зробіць мо рыцарскі гэст і напэўна загіне Тут празь цябе нечаканай, бяздумнаю сьмерцяй! Вось і зубры паказаліся з лоўчых ганьнёю. Ўсе на памосьце замерлі і зь месца ўзьняліся. Колерам зыркай вясёлкі бліснулі апраткі, Золатам тканы вузор па чырвоным і белым. Ледзь гэта зыркасьць у вочы дзікія шугнула Правадыра, ён прыстаў і ўпіліся паглядам У варагоў. І загасла увомірг цікавасьць, Бо не скажу, каб відовішчам цешыцца гэткім Тыя маглі, што злабою зьвяроў не кіруюць, Гэта — нязвычна. Тут тупат пачуўся здалёку І паміж дрэваў, падскокам, праймчаўся, як вецер Статак зубровы, цаляючы ў гурт паляўнічых. Раптам на луг, у няпамяці гневу, ўварваўся Зубар-асілак, жахлівай крывавячы ранай. Ён прыпыніўся, затрос галавою, прыкмеціў Зыркасьць страёў на памосьце й пачаў прыглядацца, Быццам пазнаць намагаўся асобныя твары: — Цешыцца сьмерцяй маёю зыйшліся? Чакайце ж, Вось пакажу я вам сьмерць, што й вякі не забудуць! Тутка зароў ён, дзьмучы у магутныя храпы (Гэта сыгнал небясьпекі для кожнага ў статку), Скончыў, ударыў рагамі і выбіў падпору. Мост затрашчаў і каб, воляю кону, ударыў Зубар яшчэ, ўсё бы рынула, шчодрай крывёю Зьліўшы зямлю ды хварбуючы стромыя рогі. Не, не магу я ўявіць нат, ушчэнт скамянеўшы, Што б нарабіць мог зьвер гэтта усьпененай пысай!

16

Быў ён загнаны усёткі й паранены. Чэзьне Гневу шаленства у ім, хай мо лютасьць ня згасла: Сьцёбае злосна хвастом, ажно сьвішча паветра, Зь ляпы ж вужакай віецца язык вялізарны Ды вырываецца хмараю пара із храпаў. (Моц непаўстрымную сьцюжа бадзёрыла пэўне, Але ж ужо, хай мароз, і яна занікае). Дыхае важка, трымціць зьвер, бо гнеўная лютасьць Бродзіць шчэ ўсёткі пад скурай, у чэраве сьпеклым, Пеністым потам кіпіць, ды прыгледзься — і бачна: Згоднасьці ў рухах нямаш, а ўздыхне і на грыве Космы падскочаць, — адразу ж іх вырве са злосьцяй, Б'е капытамі па бруху, рве, тузае цела. Ліст скалынецца пажоўклы на гольлі дубовым — Рыне на дрэва, націсьне, паломіць на трэскі, Сьцень мільгане, шугане між галінамі птушка — Топча, бадзе тое месца, за сьценем нясецца… Тысячы розных нягодаў, прыгод, успамінаў Раптам вяртаюць цябе ў дні твае маладосьці! Чую я хібу у складзе сваім, раз-па-разе Сказ мой драблю і ў адцягваньне быццам, гуляю, Словам пустым захапляюся… Будзь жа-ж цярплівы І пачакай абурацца, чытач мой, — разьвязка Блізка ўжо: лоўчы за дубам, а зубр наступае. Вось ён ля дрэва, ўпрытык паляўнічы і зубар, Ані паўкроку ў бакі, дык трымайся, бо сьхібіш — Зразу ж цябе, безбароннага, рогам дастане. Круцяцца, нібы ў танку, й паляўнічы і зубар, Скачуць з абодвух старонаў навокала дубу. Лоўчы мяркуе клінком пад лапатку патрапіць, Зьвер языком яго ўчэпістым мацае, ловіць. Ну, а ня дай Бог, падчэпіць за полы — і годзе, — Скон непазьбеглы: памне, забадае, загубіць. Каб як ад гнуткай зьмяі языка адкаснуцца, Спрытны лавец коле зьвера кароткім ударам — Захад адзіны, дзе й стрэлы клінку саступаюць — Бачыць лавец, што з часінаю кожнай слабеюць Ногі пад зубрам, падцяненасьць цела зьнікае. Зноўкі, адлі, страпянуўся, бадзе зьвер — хавайся! Чуеш, як духам гарачым цябе прыпякае з-за дубу, Бі! І клінок яшчэ раз патрапляе бясьхібна. Важка, ахутаны парай, асеў зьвер, канае. Недзе ўжо іншы раве й каб з ахвяраю скончыць, Трэ праявіць літасьцівасьць — дабіць не чакаўшы, Спрытным, апошнім ударам, наблізіўшы гэтым разьвязку.

17

Рог затрубіў. Пераможца у коле сяброўскім. Жарты, уцеха. Ля ног зьвер, ужо ўтаймаваны. Ў пушчы хаваецца іншы ды я не прабую Рынуць пагоняй за гэным, бо час падганяе. Годзе забойстваў! Разбуджаны розум трывогу Кажа ўладарна мне ўзьняць, разьвітацца з разбоем. Дось ужо Марсу ў крыві тапіць сьвет хрысьціянскі, Веры асновы ўстрасаючы скрозь і усюдых. Сяньня хісткая яна, нат на полі змаганьня, Губяць яе варагі, ці свой меч расьсякае, Даўшы чужынцам на зьдзек, на загін. Застаецца Толькі ўсяго, што на літасьць нябёс спадзявацца. Ды, патануўшы ў злачынствах, ці нам даваць веры Ў хуткую зьмену, ратунак, — ня сьмеем нат думаць! Сьпіць бо сумленьне зямлі ўладароў непрабудна, Іхныя ўчынкі, на жаль, не клапоты аб сьвеце. Рупіць балей ім за ўсё, каб мячы баявыя Лепш нагайстрыць, як мага больш пазносіць галоваў. Бойкі, напады, міжсобіцы, братазабойствы — Вось іх заняткі й сапраўдная ўцеха для духа. Гінуць з абодвух бакоў воі ў гэткіх сутычках, Што бо князём сьлёзы людзкія, кроў і пакуты, Ім — панаваць каб адно, захаваць сваю ўладу, Вось і злачыняць, ізь лёсам падданых гуляюць. Ворагі, бачачы гэткае, кпіны з нас строяць: Княжы высокі пасад ёсьць зарукай апекі, Ну, а яны, як ваўкі, йрвуць і катуюць ніцых. Вось да чаго можа лютасьць сьляпая давесьці, Глыбака ў сэрцы зь зялеза злаба ўкараніцца! Лютыя сваркі ды бойкі, злабу, варажнечу Ўцяміць нялёгка, ў адказнасьці ж, горы — народы. Але бяды ўладаром да спакою людзкога! Ёсьць ці на сьвеце хто гэткі чульлівы, каб меч свой Нашай крывёй не мачыў ужо, толькі ж у Княстве Гора дагэтуль пануе й скрозь нішчацца людзі. Туркам бязьлітасным цэрквы ганьбуюцца, месты Паляцца й вёскі, і горды чужыя палоняць Нашу зямлю, гасяць смагу бязьвіннай крывёю І сысункоў, і старых, ды агіднасьці чыняць: Ўлоньне цяжарных жанок успароць ятаганам — Гэта забава для вылюдкаў, што ж ты ім зробіш, Як, абарону зламаўшы, забраўшы ў нас зброю, Ім ці ж баяцца, што голы паўстанеш нявольнік! Ой, як сьляпы наш народ, як бяздольныя людзі! Мы — яшчэ натаўп, князі ж падаўнейшаму душаць Кожную, дробную нават, праяву бунтарства, Ймкнуцца, ці гэтак, ці так зьнесьці кожнаму голаў, Хто за правы свае ўстаць і за Бога патрапіць. Як толькі Госпад, наш Збаўца, у зьзяньні нябёсаў Бачачы гэткія зьявы зямныя, знайходзіць Гэтта пабожных, што вераць у Божае слова!

18

Панна Марыя, калі Тваё ймя я накрэсьліць Тутка наважыў, рука затрымцела у жаху. Ніцы нявольнік Твой, я прад Табой із маленьнем Кленчу, ня знаючы, што мне сказаць, а што змоўчаць. Вось, я маўчу, але знаю — гаднейшая ўсіх Ты, Каб галасамі стварэньняў зямных маліцьвенна Сьвет зазьвінеў, пяючы Табе вечную славу. Розум ня знойдзе, язык наш ня вымавіць словаў Пышных удось, да Цябе каб належна зьвярнуцца! Верачы ў любасьць Тваю, разумеючы ўседараваньне, Панна, Тваё, прад Табою зьгінаю калены, З сэрцам трапёткім, зьбялелым, зламаны бярэмам Важкіх грахоў, і з пакораю ніцай прабую Вымаліць, Панна, Тваю я над намі апеку. Знаю, ці ж мне да Цябе з гэтай просьбай зьвяртацца, Толькі ж малю — заступіся, бо ж Бог чалавеку Ўзвышнай Цябе Апякункай прызначыў. Як сонца Сьвяціць паставіў і Ты нам — памога й апека. Як пад матулі крыльлём мае схоў птушанятка, Гэтак зьвяртаемся й мы пад Тваё апякунства, І як дзіця — немаўля маці туліць і песьціць, Так утулі Ты і нас, Твае дзеці, што гінуць. О, найсьвяцейшая, чыстая Панна Марыя! Послух дай нашым маленьням, ратуй нешчасьлівых! Зрок свой зьвярні на палі нашы й нівы, дзе войны Жорсткія ймкнуць быццам хваля марская па хвалі, Глянь Ты, якое бясчынства мячы нам спраўляюць Над хрысьціянамі, хай вера іхная ў згодзе З Сынам Тваім, хай жадаюць яны супакою. Розум здаровы вярні ўладаром нашым, Панна, Каб абавязкі забытыя ўспомнілі знову. Ўсе ж яны ў гэтым вар'яцкім, разбэшчаным сьвеце Ў словах адно міратворцы, ваўкі жа-ж ва ўчынках. Не прычакаць нам, пакуль яны працьверазяцца, Край наш тым часам злы вораг палоніць і гоніць Бедных людзёў безбаронных на зьдзек і пакуты. О, запыні пал варожы няхай бы на ймгненьне! Час не стаіць і адцягваньне горшае сьмерці! Папскі пасад Адрыяна быць можа памогай, Дык не чакай, о, Марыя, хай зь ветрам паверне Ветразі ён і прыпыніць мячы варажнечы, Хай ён пакажа сьляпым і дурным небясьпеку Ды пакарае ўсіх вінных уладай закону, Гэтак, каб той, хто ня спэцкаў яшчэ сваё йменьне. Меч наш усюды й заўжды кіраваў справядліва І ўладара ўзгадаваў бы зь сябе, што патрэбны Кожнаму конча сягоньня ў хаосе сусьветным.
Канец

1523

12
Поделиться:
Популярные книги

Боги, пиво и дурак. Том 4

Горина Юлия Николаевна
4. Боги, пиво и дурак
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Боги, пиво и дурак. Том 4

Попаданка для Дракона, или Жена любой ценой

Герр Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.17
рейтинг книги
Попаданка для Дракона, или Жена любой ценой

Клан, которого нет. Незримый союзник

Муравьёв Константин Николаевич
6. Пожиратель
Фантастика:
фэнтези
6.33
рейтинг книги
Клан, которого нет. Незримый союзник

Отверженный III: Вызов

Опсокополос Алексис
3. Отверженный
Фантастика:
фэнтези
альтернативная история
7.73
рейтинг книги
Отверженный III: Вызов

Случайная свадьба (+ Бонус)

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Случайная свадьба (+ Бонус)

Лучший из худших

Дашко Дмитрий
1. Лучший из худших
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.25
рейтинг книги
Лучший из худших

Кодекс Крови. Книга ХIV

Борзых М.
14. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХIV

Контракт на материнство

Вильде Арина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Контракт на материнство

Измена. Свадьба дракона

Белова Екатерина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Измена. Свадьба дракона

Сын Петра. Том 1. Бесенок

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.80
рейтинг книги
Сын Петра. Том 1. Бесенок

Идеальный мир для Лекаря 17

Сапфир Олег
17. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 17

Солнечный корт

Сакавич Нора
4. Все ради игры
Фантастика:
зарубежная фантастика
5.00
рейтинг книги
Солнечный корт

Сломанная кукла

Рам Янка
5. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Сломанная кукла

Зомби

Парсиев Дмитрий
1. История одного эволюционера
Фантастика:
рпг
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Зомби