Планета малпаў (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я ж казаў вам, што гэта жанчына, - прамармытаў Артур Левэн.
Ён усхвалявана вымавiў гэтыя словы голасам, ледзь чутным i нам самiм, амаль шэптам, аднак дзяўчына пачула яго. Левэнавы словы прагучалi для яе, бы пярун: яна зноў адскочыла назад, i так хутка, што зноў нагадала мне спалоханага звярка, якi кiнецца зараз уцякаць. Але, адступiўшы на два-тры крокi i амаль што поўнасцю схаваўшыся за скалою, яна ўсё ж спынiлася. Цяпер я бачыў толькi яе лоб i адно вока, якое пiльнавала нас.
Мы нават паварушыцца не смелi, баючыся, што пры першым жа нашым руху яна знiкне. I гэта супакоiла яе. Праз нейкi час яна зноў з'явiлася на краi абрыву. I тут занадта ўсхваляваны Левэн не стрымаўся.
– Нiколi
– пачаў ён i адразу ж асекся, зразумеўшы сваю неасцярожнасць: дзяўчына зноў адскочыла i схавалася, напалоханая ягонымi словамi.
Тады прафесар даў нам знак змоўкнуць i пачаў плюхацца ў возеры, усё роўна як i не зважаючы на яе. Паглядзеўшы на Антэля, мы сталi рабiць тое ж самае. Тактыка была выбрана ўдала: дзяўчына не толькi зноў наблiзiлася да нас, але i пачала захоплена назiраць за нашымi заплывамi i ныркамi, што яшчэ больш распалiла нашую цiкаўнасць. Вы бачылi калi-небудзь, як паводзiць сябе на пляжы побач з гаспадаром, якi купаецца, баязлiвае сабачаня? Яму да смерцi хочацца ўскочыць у ваду, але яно не асмельваецца. Яно кiдаецца ўперад, назад, адбягае ад вады, зноў вяртаецца, атрасаецца. Акурат гэтаксама ж паводзiла сябе дзяўчына.
I тут мы пачулi яе голас! Аднак гукi з яе вуснаў адно ўзмацнiлi нашае ўражанне аб ёй, як аб нейкiм звярку. У гэты момант яна стаяла ля самага краю абрыву, сваёй, так бы мовiць, курасаднi, i, здавалася, была гатовая нырнуць у возера. На нейкае iмгненне яна перастала кiдацца, бы сабачаня. Разявiла рот. Я стаяў трохi ўбаку i мог назiраць за ёю, застаючыся непрыкметны. Думаў, што цяпер яна скажа нам штосьцi, крыкне. Быў гатовы пачуць словы сама прымiтыўнай мовы, але толькi не тыя дзiўныя гукi, што вылецелi з яе горла. Але, менавiта з горла, бо нi рот, нi язык не маглi б утварыць пачуты намi вiск цi пiск, якiм дзяўчына перадала сваё захапленне. Радасць звярка. Падобныя гукi можна пачуць у нашых заалагiчных садах ад маладых шымпанзэ ў час гульнi.
Мы плюхалiся ў возеры, з усяе сiлы робячы выгляд, што не звяртаем на яе анiякае ўвагi, - i нарэшце яна рашылася. Прысела i пачала хутка спускацца да нас, чапляючыся рукамi за ледзь прыкметныя выступы. Вытанчанасць яе рухаў была проста неверагодная. Гнуткае залатаскурае цела дзяўчыны скрозь вясёлкавую смугу вадаспада здавалася нам феерычньм. Праз некалькi iмгненняў яна ўжо была на самым беразе возера. Прысеўшы на камень, дзяўчына нейкi час разглядвала нас, потым нырнула i паплыла да нас.
Мы зразумелi, што яна хоча падурэць з намi, i пачалi плюхацца яшчэ з большым iмпэтам, але так, каб не напалохаць яе. Дзяўчына плавала, хутка заграбаючы ваду рукамi i нагамi, як плаваюць сабакi, i яе распушчаныя валасы слалiся за ёю, быццам хвост каметы. I ўрэшце, вельмi хутка, пачалася гульня, ход якой задала незнаёмая. Сапраўды дзiўная забава, якая нагадвала гульнi цюленяў у басейне: мы ганялiся адно за адным i нечакана ўцякалi ў той самы момант, калi, здавалася б, павiнны былi вось-вось дакрануцца адно да аднаго. Усё гэта было, ведама ж, дзiцячае свавольства, але на якiя толькi хiтрыкi мы б не пайшлi, каб прыручыць чароўную дзяўчыну! Я заўважыў, што нават прафесар Антэль з непрыхаваным задавальненнем прымаў удзел у нашай гульнi.
Нашы водныя забавы працягвалiся досыць доўга, мы ўжо трохi стамiлiся, калi мяне раптам збянтэжыў дзiўны, недарэчны ў гэтай сiтуацыi выраз твару ў дзяўчыны: ён быў абсалютна сур'ёзны. Незнаёмая з вiдавочным задавальненнем плюхалася з намi, забаўляючыся прапанаванай ёю самою гульнёй, аднак на твары ў яе так i не прамiльгнула ўсмешка. Вось ужо некалькi хвiлiн мне не давала спакою нейкае цяжкае цьмянае пачуццё, i толькi цяпер я зразумеў, што турбавала мяне: дзяўчына не смяялася i не ўсмiхалася, хiба што час ад часу з яе горла вырываўся нягучны вiск, якiм яна, мусiць, перадавала сваё захапленне.
Я
Вынiк быў неверагодны. Дзяўчына спынiлася, устала нагамi на дно - у гэтым месцы вада даходзiла ёй да пояса - i выставiла наперад скурчаныя пальцы з доўгiмi пазногцямi. Яна баранiлася ад мяне! Потым адскочыла i кiнулася на бераг. Там яна азiрнулася i зноў застыла, як i на версе абрыву, насцярожана паглядваючы на мяне, бы звярок, якi адчуў небяспеку. Магчыма, яна зноў даверылася б нам, бо, умомант сагнаўшы з твару ўсмешку, я зноў пачаў плаваць туды i назад з сама нявiнным выглядам. Але тут дзяўчыну яшчэ мацней за маю ўсмешку ўстрывожыла новае здарэнне: спачатку мы пачулi ў лясным гушчары нейкi шум, а потым перад намi з'явiўся наш сябар Гектар. Пераскокваючы з галiны на галiну, ён спусцiўся на зямлю i зачыкiльгаў да возера, радуючыся гаспадарам. I тут твар у дзяўчыны скрывiўся ў звярынай грымасе лютасцi i проста неверагоднага жаху! Яна ўся сцiснулася, лiтаральна злiўшыся з каменнем, мускулы яе напружылiся, ногi падагнулiся, быццам для скачка, а пальцы скурчылiся, нiбыта яна выпусцiла кiпцюры. I ўсё гэта з-за маленькай смешнай малпы, якая спяшалася развесялiць нас сваiм крыўляннем!
Усё здарылася iмгненна. Калi Гектар, не зважаючы на дзяўчыну, параўняўся з ёю, тая выпрасталася, быццам спружына, i, скокнуўшы да яго, сашчапiла на шыi ў шымпанзэ рукi, а нагамi, бы цiскамi, абхапiла ягонае цельца, так што ён i паварушыцца не мог. Напад быў такi раптоўны, што мы не паспелi ўмяшацца. Гектар слаба тузануўся i застыў. Праз некалькi секунд дзяўчына адкiнула яго ён быў ужо мёртвы. Гэтая боскай прыгажосцi iстота - у рамантычным парыве я назваў дзяўчыну раней пра сябе Нова, бо з'яўленне яе перад намi можна было параўнаць хiба што з узыходжаннем зоркi на небе - узяла дый задушыла нi з таго нi з сяго бяскрыўднага ручнога звярка.
Калi мы нарэшце аправiлiся ад шоку i кiнулiся Гектару на дапамогу, было ўжо позна. Дзяўчына павярнулася да нас i зноў выцягнула рукi, быццам збiралася ўчапiцца цяпер ужо ў нас. Верхняя губа ў яе прыўзнялася, ашчэрылiся зубы. Выгляд у дзяўчыны быў такi люты, што мы замерлi на месцы. Потым яна гучна i працяжна цi то крыкнула, цi то ўзвыла - гук гэты можна было прыняць за кароткую песню перамогi цi папярэджанне, - i кiнулася ў гушчар. Праз iмгненне яе залацiстаскурае цела, мiльгануўшы апошнi раз памiж кустоў, схавалася ў зараснiку, i мы зноў засталiся адны сярод маўклiвага лесу.
Раздзел VI
– Гэта дзiкунка, - сказаў я нарэшце.
– Можа, яна з якога-небудзь адсталага племенi накшталт тых, што знаходзяць яшчэ ў Новай Гвiнеi цi ў лясах Афрыкi?
Зрэшты, я сказаў гэта без асаблiвай упэўненасцi. I Артур Левэн адразу ж асадзiў мяне.
– У якiх гэта прымiтыўных плямёнаў бачыў ты такую дасканаласць формаў i гарманiчнасць рухаў?
– спытаўся ён ледзь не са злосцю.
Я не знайшоў што i адказаць: Левэн сто разоў меў рацыю.
Прафесар Антэль хоць i быў цяпер надзвычай задуменны, але пачуў усё ж такi нашую размову.
– Нават у сама прымiтыўных нашых плямёнаў ёсць мова, - заўважыў ён.
– А гэтая дзiвачка не ведае нiводнага слова.
Мы абшнырылi ўсё наваколле, але не знайшлi нiякiх слядоў незнаёмай. Тады вярнулiся на паляну, дзе стаяў наш катэр. Прафесар Антэль хацеў адразу ж узляцець, каб апусцiцца ў больш цывiлiзаваным раёне. Аднак Левэн прапанаваў пачакаць яшчэ хоць бы суткi i паспрабаваць наладзiць кантакт з жыхарамi джунгляў. Я падтрымаў яго, i ўрэшце Левэнава прапанова была прынятая i Антэлем. Мы не рашылiся прызнацца адзiн аднаму, што нас утрымлiвала тут надзея яшчэ раз убачыць незнаёмую.