Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Неяк тады на чарговым гарадскім мітынгу зьявіўся асабліва палымяны прамоўца, які даводзіў, што парадку ў краіне ня будзе, пакуль людзі не паруйнуюць Вежу. Ён пракляў тую вар’яцкую Вежу, праз якую ўсе няшчасьці людзей, і заклікаў усіх зараз жа ісьці бурыць. Увогуле з ім пагаджаліся, толькі да Вежы ніхто не сьпяшаўся бегчы, ранейшы запал кудысь зьнік. Людзі ці то падурнелі, ці наадварот — паразумнелі. А можа, засталіся ранейшыя, але рабіць не хацелі нічога.
Праз дзён колькі ініцыятары разбурэньня ўсё ж намагліся мабілізаваць нейкую колькасьць добраахвотнікаў і прывесьці да Вежы. Але тады аказалася, што бурыць не нашмат лягчэй, чым будаваць. Бетон быў такі моцны, што яго ня бралі адбойныя малаткі, кампрэсары штораз псаваліся. Камянёў нельга было выдраць з муру. Спрабавалі ўзарваць, ды не знайшлося такой выбухоўкі, каб парушыла мур. Ад аднае спробы дарэшты пазносіла дахі з навакольных
На чарговым мітынгу ў горадзе прамоўца з чорнымі вусікамі сказаў, што бурыць Вежу няправільна, што тое ёсьць вандалізм. Трэба прадоўжыць справу вялікага Ўпраўцы — дабудаваць Вежу і зажыць, як людзі. Канешне, зажыць, як людзі, хацелася ўсім, але дабудоўваць… У людзей ужо зьнікла ахвота што-небудзь будаваць наогул — так набудаваліся за гады. Зноў жа — а раптам рухне? Не, ня рухне, сьцьвярджалі філосафы з Вольнага саюзу прыхільнікаў Вежы, калі толькі ў падмурак закласьці правільную ідэю. Але народ не хацеў ніякай ідэі — ад кожнай ідэі надта бурчала ў жываце. Ды што ўсё ж рабіць? — думалі людзі і не маглі нічога надумаць. Тады праз год ці болей зьявілася новая думка: калі Вежу немагчыма ні разбурыць, ні аднавіць, дык трэба прадаць. Знайсьці за мяжой пакупніка і прадаць к чортавай матары, каб пазбыцца клопату. Але тут падняліся патрыёты і сказалі, што прадаваць Вежу, збудаваную народнымі рукамі на роднай зямлі, яны не дазволяць нікому. Няхай яна лепш праваліцца скрозь зямлю.
Так людзі нічога і ня вырашылі. Зломак-вежа стаіць дагэтуль як сьведка даўніх, камусь мілых часоў, калі быў уздым і парадак.
Байкі жыцьця
1. Страх
Самай шаноўнай сьвятыняй у гэтай краіне з часоў векапомнай даўніны быў невялічкі, упрыгожаны маляўнічым росьпісам ды інкрустацыяй керамічны гаршчэчак, у якім захоўваўся Страх.
Страху таго з простых сьмяротных ня бачыў ніхто. Дзень і ноч яго ахоўвалі пяць чалавек сьвятароў і пяць ваяроў, і ўсе ведалі пра яго незвычайную страхавітую сілу. Менавіта з тае прычыны людзі тамтэйшага краю і зваліся страхавітамі. Некалі за керамічны гаршчэчак біліся ў двубоі галоўны сьвятар племя і ягоны супернік — ваяр. Ведама ж, перамог сьвятар, бо ён ужо валодаў Страхам, а ягоны супернік — толькі мячом. Але меч — слабы сродак перад магутным Страхам.
Імя галоўнага сьвятара, які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне, было Галабурдахам. Пасьля сваёй перамогі ён яшчэ больш, чым раней, усталяваў культ Страху. Зь ягонага загаду ў самым цэнтры сталічнага паселішча збудавалі мармуровы палац — для яго самога і для Страху. Была створана адмысловая сотня з ваяроў, сьвятароў і таемнікаў, якія дбалі пра бясьпеку Страху і Валадара заадно. Сярод улады і падуладных на той час запанавалі мір і згода, ніхто не адважваўся выступіць супраць Галабурдахама. Ніхто ня мог пра тое нават падумаць — такая вялікая была пераканаўчая сіла Страху. Калі здараліся якія непарадкі ў правінцыях, напрыклад, недабіралі падаткі, туды скіроўвалі ўзброеную каманду, вядома ж, у суправаджэньні магутнага Страху, і падаткаў зьбіралі нават больш, чым было патрэбна. Аднойчы ўзьнік памежны канфлікт з суседняй дзяржавай і пачаліся перамовы, якія трывалі чатырнаццаць тыдняў запар. І ўсё бяз выніку. Тады Валадар Галабурдахам скіраваў туды свайго сілавога міністра са Страхам у вазку. Перамовы хутка скончыліся з посьпехам для страхавітаў.
Правіцелі краіны на чале з мудрым Галабурдахамам вырашылі збудаваць для Страху яшчэ лепшы, надзвычайны архітэктурны ансамбаль побач з ранейшым, які цалкам заняў Валадар. У дзень пераносу Страху ў новую шыкоўную будыніну далі салют з 101 гарматы. Той дзень быў названы Днём Дзяржаўнага Страху — галоўным сьвятам дзяржавы.
Зь цягам часу сама сабою склалася адмысловая нацыянальная ідэалёгія, заснаваная на дактрыне Страху. Усе зьявы і ўчынкі ўспрымаліся і расцэньваліся цяпер паводле старажытных законаў Страху. У філязофіі запанаваў накірунак страхалёгіі, які неўзабаве саступіў месца страхафіліі. Ідэальным грамадзянінам стаў страхавіты грамадзянін, які ўсяго баяўся. Менавіта такі вобраз запанаваў у тэалягічнай літаратуры і мастацтве графіці. Рэлігія страхалюдзтва стала надзвычай папулярнай сярод вернікаў і займалася адкармленьнем іх у духу бязьмежнага, богададзенага Страху. Пабудавалі безьліч храмаў, малельняў і нават даволі добраўпарадкаваных на маляўнічай прыродзе летнішчаў-скітаў з саўнамі. Гэтыя апошнія былі вельмі папулярныя сярод вернікаў усіх саслоўяў ды асабліва — іерархаў. Казалі, з тае прычыны, што ў найбольшай меры адпавядалі патрабаваньням ідэі Страху.
Між тым, дзяржаўнае бытаваньне доўжылася; адзін за
Навука таксама не стаяла на месцы, плённа разьвівалася пад узьдзеяньнем жыватворных страхавітых ідэяў. Пісаліся манаграфіі пра сакральную структуру Страху, ягоную мэтафізычную сутнасьць. Вучоныя ўпарта дасьледавалі таямнічы ўплыў славутага гаршчэчка на стан атмасфэры і стратасфэры, сувязь яго нябачных выпраменьваньняў з пэрыядычнасьцю плямаў на сонцы. Аграрыі вельмі дакладна ўстанавілі, як дабратворна ўзьдзейнічае Страх на вэгетацыю расьлінаў, асабліва такіх як кукуруза і бульба. Палітолягі вывелі залежнасьць палітыкі Валадара ад сакральнага ўплыву Страху. Было пераканаўча даказана, што ўсе пераможныя акцыі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы цесна ўвязваліся ім зь інфэрнальным выпраменьваньнем Страху. Аднак жа сакрэт палягаў у тым, што сэнс тае інфэрнальнасьці быў даступны толькі Валадару, у якога меўся на тое маленькі чорны сакваяжык. У краіне знайшлі шырокае разьвіцьцё рознага кшталту навукі — парапсыхалёгія, кабалістыка і асабліва — астралёгія. Гэтая апошняя першай вывучыла астральную прыроду Страху і пачала рабіць самыя падрабязныя прагнозы ва ўсіх галінах жыцьця. Прагнозы былі заўжды спрыяльныя для краіны і асабліва для яе Валадара, якому наканавана было валадарыць сорак саракоў гадоў. Валадар быў задаволены і прызначыў Астроляга прэзыдэнтам Акадэміі паранавук, якая ў той год была адчынена. Першым актам Акадэміі стала распрацоўка новай канстытуцыі — Канстытуцыі Вялікага Страху, якую прынялі ў 996 годзе.
Але каб пачуцьцё страху перамагло ў масах канчаткова, трэба было выкараніць антыномнае пачуцьцё. І ў краіне быў прыняты новы крымінальны кодэкс аб адказнасьці грамадзянаў за ненарматыўныя паводзіны — сьмех, усьмешку, беспадстаўныя жарты. А таксама за ганебныя праявы адвагі. За адвагу ў абароне таварыша ад зьвяроў давалі тры гады турмы, ад жонкі — пяць гадоў. Але асаблівая кара прызначалася тым, хто адважваўся бараніць каго б там ні было ад замаху ўлады. Такія падлягалі пажыцьцёваму зьняволеньню. За абразу Яго Вялікасьці Страху, вядома ж, належала сьмяротная кара.
Натуральна, ня ўсё ішло гладка, часам у вялікай краіне ўзьнікалі непаслушэнствы і нават ерасі. У сярэдзіне стагодзьдзя ледзьве ня стаўся раскол. Гэта калі пэўная частка сьвятароў запрапанавала пашырыць ідэю страху і на адносіны да свойскай жывёлы. Каб шчанюкоў, ягнят, жарабят выхоўваць, жорстка караючы, у атмасфэры жывёльнага страху. Але тады аказалася, што ў гэткай атмасфэры козы, аслы ды сабакі або здыхаюць, або ўцякаюць у цёмны лес, дзе іх цяжка знайсьці. Мусіць, і праўда, жывёла — не чалавек, яе не перавыхаваеш страхам. Гаспадары і цэлыя гаспадаркі трывалі страты, некаторыя правінцыі нават спазналі голад. Гэта патрабавала ад вярхоўнай улады радыкальных мераў. У правінцыю Страх-Пут выехаў валадар Страхалюд XII зь вялікім аддзелам войска. Ён жа павёз з сабою і Страх. Страх везьлі на багата ўбранай калясьніцы, у якую было запрэжана 12 чорных коней пад залатымі накідкамі. І пасьля таго як бунтаўнікі былі абкружаныя войскам і перад імі вынесьлі Страх, тыя капітулявалі. Страхалюд XII вярнуўся ў сталіцу пераможцам і быў урачыста сустрэты ўдзячным народам. Канечне, грамадзяне шанавалі Валадара, яго розум і сілу, але ж разумелі, што сваёй перамогай ён найперш абавязаны Страху.
Яшчэ адну вялікую перамогу здабыла дзяржава ў яе застарэлым канфлікце з суседзямі — дурнымі сьмехавітамі, рэлігіяй якіх была весялосьць. Страхавіты хутка заваявалі гэтую невялікую, кепска арганізаваную краіну. Але неўзабаве было заўважана, што пераможаныя ня надта з таго турбуюцца, бо жывуць нашмат лепш за пераможцаў. І грошай у іх больш, і хлеба, і жывёлы. Яны нават п’юць віно, што было зусім незразумела. І ніхто ў іх нікога не прымушае набываць зь дзяцінства спалоханы выраз твару, кожны сьмяецца, колькі захоча. Нават мае права голасна рагатаць.