Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
На кожным узгорку, на кожным узлеску Пятрусь углядаўся ў краявід, услухоўваўся, намагаючыся пачуць трывожныя гукі бою, якіясьці адзнакі фронта. Колькі разоў на лясных сцежках раптоўна спыняўся ён і слухаў — далёкі невыразны гук здаваўся яму гарматным стрэлам, і думалася — там ідзе бой.
Учора дзед хадзіў у вёску па харчы і прынёс лісток паперы з аддрукаваным на адным баку тэкстам. На непісьменнай беларускай мове пісалі нейкія вылюдкі, што Чырвоная Армія разбіта, што нямецкія войскі набліжаюцца да Масквы, што Беларусь вызвалена
Вельмі шмат відавочнай хлусні было ў тых словах, і ўсё ж глыбокім болем азваліся яны ў душы Петруся. Яны сядзелі тады ў жыце, было ранне, так пяшчотна і міла заліваліся ўгары жаўрукі і так агідна здалося жыць на гэтым свеце. Мусіць, нешта благое адбілася ў ягоных вачах, калі ён прачытаў тую паперку, бо раптам яго позірк сустрэў спалох у такіх добрых, лагодных заўсёды вачах Жука. I Пятрусь перамог сябе, напружыў сілы і сказаў, ірвучы паперку:
— Брахня! Хто ж тады ім лазню задаў на дарозе, га?
I адразу бліснулі надзеяй Жукавы вочы, павесялелі салдацкія твары. Жыве і змагаецца армія, жыць будзе краіна Саветаў, — у іншае ён не хацеў і не мог верыць, так, як не паверыў бы, што раптам магло знікнуць паветра ці наступіць канец свету. Але як жа знайсці яе, гэтую армію, як сказаць, што шасцёра сыноў яе выкараскаліся з пагібелі, збераглі савецкі воінскі сцяг і што яны гатовы зрабіць усё, каб толькі далучыцца да цябе, стаць у агульны баявы ланцуг?
Калі добра ўзнялося сонца, ісці стала душна і цяжка. Хлопцы моўчкі брылі па аўражыне, але Пятрусь па сабе адчуваў, што трэба зрабіць адпачынак. Якраз трапілася невялічкая прагалінка над ручаём, роўненькая, як дыванок, парослая прывабнай дробнай траўкай з вострымі сцяблінкамі, якая так і клікала да сябе. Вакол яе стаяў у цішы алешнікавы гушчар з прахладным ценем у доле.
Пятрусь моўчкі скінуў аўтамат, расперазаўся, сцягнуў боты і зняў гімнасцёрку. Крэкчучы ад задавальнення, распрануліся і астатнія, усе добра вымыліся ў ручаіне.
— Дзед-барадзед, палуднаваць! — узбадзёраны сцюдзёнай вадой, вяртаўся да свайго звычайнага тону старшына Агальцоў. — Аб’яўляецца меню: суп-харчо з фрыкадэлькамі, бішбармак па-нямецку, жабіны лапкі ў марынадзе. Кніга скаргаў — у касіра.
Усе смяяліся, а дзед тым часам разразаў акраец хлеба, трошкі сала і раскладваў на Жукавай рудай світцы шэсць кавалкаў.
— Ну, дзед, ты майстар на харчовыя справы. Відаць, бабіна школа. Галоўнае хутка і ўсім пароўну. Атрымаю пад каманду полк — цябе вазьму начальнікам ПФС. Так і ведай, — жартаваў старшына.
— Фээс, фээс, — агрызаўся дзед, не разумеючы, пэўна, што гэта такое. — Каб ты ведаў — я ў японскую бамбардзірам быў, усляпую па японцах цераз сопкі паліў. А ты — фээс!
— Няўжо трапляў? — з’едліва здзіўляўся старшына.
Маладыя хутка справіліся з ежай, са смакам напіліся з ручаіны і выцягнуліся ў вузенькім цяньку збоч прагаліны. Пятрусь усё сядзеў ля світкі, абхапіўшы калені, думаў нешта і ўрэшце сказаў:
— Спаць да ночы! Толькі варту
— Чаму да ночы? — узняў з травы галаву старшына.
— Уначы пойдзем на дарогу, таварышы, — растлумачыў сержант. — Годзе нам туляцца па лясах. Пойдзем і будзем біць фрыцаў, дзе зручна выдасца. Трэба дапамагаць Чырвонай Арміі — мы ж байцы, а не паляўнічыя якія.
Гэта была новая справа, і людзі, зацікавіўшыся, паўзнімаліся з долу і селі на траву.
— Слухай, Пецька, — пасля нядоўгай паўзы сказаў старшына. — Ты што надумаў. Ужо тыдзень без днёўкі! Давай адпачнём дзе пару дзён, а там і на дарогу.
Петрусю не спадабалася такая прапанова. Аж два дні! Колькі можна прайсці за іх, можна нават і дасягнуць фронта.
— Не, — сказаў ён. — Не час дняваць зараз.
— Не час, не час! А калі ж час? Як ногі выцягнеш? Годзе дурыць табе! — зазлаваў старшына.
Але Пятрусь стаяў на сваім і не згаджаўся ні на якія днёўкі, Яго падтрымаў Нупрэеў.
— Што да мяне, дык ты добра надумаў, — сказаў стары баец. — Па роўненькай дарозе мы далёка махнём за ноч. Нашто тая днёўка? У кустах пераднюем.
Калдобінскі, які змрочна пазіраў то на сержанта, то на старшыну, раптам чмыхнуў і злосна накінуўся на Нупрэева:
— Што ў кустах! У кустах ды ў кустах — хай яны згараць, гэтыя кусты! А жэрці ты таксама кусты будзеш?
Нешта нядобрае пачулася ў яго тоне, нейкі надрыў, відаць, адбыўся неўзаметку ў душы гэтага маўклівага чалавека. Яго злосць і запал вельмі не спадабаліся сержанту, і ён строга, як калісьці ў сваім аддзяленні, сказаў Калдобінскаму:
— Спакойна, таварыш баец! Вы ж яшчэ ў арміі, а вайсковыя загады вызначаюць начальнікі, не забывайце гэтага.
— Ну ты не вельмі са сваім начальствам! — раптам ускочыў з долу старшына. — Калі ўжо на тое пайшло, дык для нас ты не начальства!
У Петруся нешта ўздрыгнула ў сярэдзіне, гарачыня незаслужанай знявагі шыбанула ў твар, і ён таксама ўскочыў на ногі.
— Дурань ты! Вось! Пры чым тут начальства! Ты зразумей, асліная твая галава, — краіна ў небяспецы, людзі гінуць і б’юцца. Уяві, што робіцца на фронце, а ты — адпачынак, днёўкі, вылежвацца. Не брыдка табе?
— Эх, ты! Разумнік! А мы што, не ваявалі, думаеш, Агальцоў сваё жыццё шкадуе? Можа скажаш, што я трус? Га?
Сержант, аднак, ужо паспакойнеў, сеў у траву і моўчкі спадылба зірнуў на таварышаў. Калдобінскі злосна пазіраў кудысьці ўбок, дзед поркаўся ў торбе, збіраючы харчы, Нупрэеў круціў цыгарку і насцярожана слухаў спрэчку. На ўражлівым твары Жука ляжаў зацяты, нейкі незразумелы боль, і хлопец задумліва скубаў з долу сакавітую траўку.
Пятрусь нічога не сказаў Агальцову, і той, злосна плюнуўшы, пайшоў на сваё месца ў засені.
— Да д’ябла мне такую кампанію безгаловую, — злосна буркнуў ён, — я сам сабе начальства! — рэзка вертануўшыся ў траве, ён сунуў твар у локці з такім выглядам, нібы ўжо больш нічога не цікавіла яго.