Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
— Скажы, камандзір, што гэта ты пад гімнасцёркай хаваеш? Ці якую адзежыну, ці што?
— I я гляджу, нешта ўжо занадта круглявы сержант, — хітравата ўсміхнуўся Нупрэеў. — Не таіся, мы людзі свае.
— Ды не, што таіцца? Я і сам хацеў сказаць. Ужо такая справа: трэба як разам цяпер клапаціцца… Палкавы наш сцяг у мяне…
Ён устаў на ногі, пад гімнасцёркай разматаў з цела палотнішча, разгарнуў на ўсю шыр і кароткім імклівым рухам разаслаў на траве. Нупрэеў нібы скамянеў на месцы, высока ўзняўшы свае белыя касматыя бровы, дзед хуценька ўскочыў услед за сержантам і праз хвіліну, пэўна яшчэ не зразумеўшы ўсёй важнасці падзеі,
— Ай-яй, якая штуковіна! Палкавы, кажаш? Глядзі ты, і нумар і назва. Як жа гэта ён трапіў табе?
Устаў з долу і Нупрэеў, далікатна ўзяў за ражок пакамечанае палатно, моўчкі ўздыхнуў. Потым таксама моўчкі паглядзеў на сержанта — нешта шматзначнае, пытальнае было ў тым яго працяглым позірку.
— Трапіў вось. Уратаваў пакуль, але ці ўдасца зусім уратаваць, хто ведае? — сціпла адказаў хлопец, не адводзячы позірку ад агністага шоўку.
— Ах ты, горачка, — чухаў патыліцу дзед. — Сапраўды задача. Гэта ж не жартачкі: вайсковы сцяг.
Нупрэеў змрочна маўчаў, захаваўшы ўглыб свае вочы, нізка схіліўшы голаў, стаяў Пятрусь. Некалькі праменьчыкаў паўдзённага сонца праз гушчар гарачымі пятакамі ўпалі на шоўк, запалілі яго і ціхенька гарэлі чырванню між золата літар. Так, не зводзячы з тае рэчы самотных вачэй, перамагаючы наплыў чагосьці светлага і жаласлівага, доўга глядзеў Пятрусь на сцяг і бачыў другі, ужо далёка адсунуты віхурай падзей той незабыўны дзень, калі ён прымаў прысягу, і на пляц перад строем палка ўпершыню выносілі гэты вось сцяг. Ён тады быў цэлы і акуратны, без чатырох дзірак, што цяпер свіціліся ў шоўку, яго неслі пад музыку, а камандзір палка, які мёртвы застаўся на тым пагорку, тады ладны і моцны, падаваў строю каманду. Пятрусь Кляновіч у той час лічыўся зусім зялёным байцом, ён і не марыў не тое, каб патрымаць сцяг, а нават і наблізіцца да яго. Сцяганосцам быў старшы сержант Саўкін, які за Фінскую меў два ордэны. А цяпер як змянілася ўсё! Няма ні Саўкіна, ні камандзіра палка, толькі застаўся ён, былы зялёны баец Кляновіч, і гэты вось прабіты ў чатырох месцах сцяг.
Пасля доўгай маўклівасці Нупрэеў сказаў:
— Ну, нічога. Як-небудзь зберажэм. Тут ужо нельга не зберагчы.
— Ну, канешне ж, — азваўся дзед. — Сцяг, ён найвышэй за ўсё. Я ж ведаю.
Нейкі час гэтыя трое людзей пастаялі яшчэ ў гушчары, глядзелі на сцяг, уздыхалі і маўчалі ў нялёгкай задуме. Вырашыўшы, што несці пад гімнасцёркай гэткую рэч нягожа, Нупрэеў аслабаніў свой рэчавы мяшок, у які добра запакавалі сцяг, і Пятрусь уздзеў яго на спіну. Нупрэеў інакш, неяк уважлівей, стаў пазіраць на сержанта і аднойчы сказаў:
— А ты таго, маладзец, хлопец.
Уладкаваўшы ўсё, пасур’ёзнеўшыя і прымоўклыя ад новага клопату людзі зноў падаліся ў сваю невядомую дарогу.
Раздзел пяты
Не спыняючыся на начлег, яны ўсё ішлі на ўсход.
Мінулі другія суткі, як яны сустрэліся, і за час няспыннага падарожжа ўжо добра прывыклі адзін да другога. Пятрусь шчыра радаваўся, што трапілі на ягоным шляху гэтыя двое людзей, з імі хлопцу было куды весялей і надзейней, а галоўнае — яны шчыра, аддана паставіліся да ягонага цяперашняга імкнення. Ніводзін з іх і не марыў зараз пра што іншае, як толькі найхутчэй далучыцца да сваіх і тым канчаткова выратаваць сябе і сцяг.
Пятрусь ужо добра чуў на абодва вухі, але часам яшчэ ныла плячо і калі-нікалі пад грудзі падкатвала млосная нудота. Хлопец, аднак, трываў,
Аднаго разу яны спыніліся ля ручаіны ў кустоўі, напіліся і моўчкі палеглі ў падсохлай ужо няроснай траве. Сонца ўзнялося і добра прыгравала, ад стомы і спакою да людзей чапляўся сон. Старыя адразу прыціхлі, а Пятрусь упарта гнаў ад сябе цягучую дрымоту. З мінулай ночы ўсталявалася так, што ён вызначаў час адпачынку і першы падаваў голас, калі трэба было рухацца далей. Ён гэта рабіў проста, па-сяброўску, без ценю каманды, але неяк стала, што хлопца слухаліся гэтыя двое людзей. Так, мабыць, прызнавалася яго вайсковае старшынства, а можа людзі зважалі на яго большую, чым іх, маральную адказнасць у справе, якую яны на сябе ўзялі цяпер.
Моцным намаганнем струхнуўшы дрымоту, сержант узняўся з травы і хацеў гукнуць людзей, каб рушыць далей, ды раптоўна ахапіўшая млосць паваліла яго на зямлю. Нупрэеў адразу заўважыў гэта і заклапочана сеў у траве.
— Э, братка, трэба падсілкавацца табе. Так нягожа. Мы то стрываем, а табе догляд патрэбны.
Узняўся і дзед, і яны вырашылі ў першай жа вёсцы, якая трапіцца на іх шляху, накарміць сержанта.
Як-колечы Пятрусь аднак ачуняў, і з паўгадзіны яны паціху ішлі лагчынай уздоўж ручая. Час ад часу старыя пазіралі ўправа, пакуль не ўбачылі на ўзгорку ў збажыне нейкія будынкі — то быў хутар. Коратка параіўшыся, Пятрусь з Нупрэевым засталіся на жытнёвым узмежку, а дзед выправіўся здабываць харчы.
Сядзелі яны досыць доўга, чакалі, а дзеда ўсё не было. Сержант пачынаў ужо непакоіцца за старога, калі ад хутара пачулася гаворка. Хлопец выглянуў над збажыною і хуценька схаваўся зноў. Ад будынкаў па сцежцы ішоў дзед і з ім яшчэ трое нейкіх людзей, — за плячыма ў іх, здаецца, вісела зброя. Нупрэеў таксама зірнуў і таксама ўстрывожана схаваўся. Сержант і баец пераглянуліся, а затым Нупрэеў саўгануў затворам вінтоўкі.
Калі ж людзі наблізіліся і стала чуваць іх размова, байцы зноў зірнулі адзін на аднаго, і сержант узняўся з узмежку. Да іх даносіўся спакойны, гаварлівы голас старога, — нічога трывожнага ці падазронага не чулася ў ім.
Людзі ўсё набліжаліся па сцяжынцы, ужо бачна было, што за дзедам ішоў ладны плячысты дзяцюк, ён трымаў на рамяні аўтамат і ўглядаўся ў іх бок. За імі ішлі яшчэ двое — высокі і нізкі, — яны таксама былі ўзброеныя, але чамусьці ніхто з іх не нагадваў нашых байцоў. Калі яны добра наблізіліся, Пятрусь зразумеў, чаму яны здаліся чужынцамі. На дужыя плечы першага быў напялены нямецкі мундзір, падпярэзвала яго дзяга з жоўтай камсастаўскай спражкай, а на чубатай галаве ладна сядзела суконная пілотка з чырвонай зоркай. У такім убранні хлопец меў незвычайны, нейкі дзівакаваты выгляд. Двое яго спадарожнікаў былі апрануты ў несамавітыя сялянскія світкі, хоць штаны ў абодвух былі нашы, вайсковыя, таксама як і кірзавыя боты на нагах.
— Вось падмогу прывёў, — задаволена сказаў дзед, падыходзячы да ўзмежка. — Гэта свае, чырвоныя армейцы.
— Прывітанне байцам і камандзірам, — зухавата сказаў пярэдні ў мундзіры. — Дзед кажа, падвяло вас без хлеба-солі. Дрэнна жывеце, значыць.
Нупрэеў спадылба ваўкавата разглядваў траіх; Пятрусь маўчаў, не ведаючы, як паставіцца да гэтых пераапранутых бадзяг і да іх недарэчнага тону. Тое, што яны свае людзі, бадай, было зразумела, але нейкая няёмкасць утрымлівала сержанта ад праматы і шчырасці. Пярэдні, пэўна, заўважыў тое і сказаў: