Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
— Шалудзяк! Марш назад! Забраць параненага і назад!
Па твары байца ў паўзмроку слізганула штосьці разгублена-заклапочанае, але ён разгроб целам снег і знік у начы. Іваноўскі тут жа спахапіўся ад думкі, што за параненым лепш было б паслаць не яго, а каго-небудзь больш спрытнага, але вяртаць Шалудзяка ўжо не стаў. «Хай жыве», — з пачуццём нечаканага велікадушна падумаў ён. Не кожнаму выпадае такое, але гэты стары, напэўна, болей за іншых мае права, каб выжыць, — усё ж бацька, дома трое дзяцей, а гэта нешта ды значыць.
Немцы каля пунькі маўчалі, пэўна, так нічога і не ўбачыўшы; зрабілася ціха, толькі за лесам усё гурчэла, варочалася і стагнала далёкая гарматная калатнеча. Іваноўскага зноў
Іваноўскі рвануўся наперад, але не прапоўз і дзесяці крокаў, як зноў прыпаў да зямлі, ратуючыся ад патоку імклівых трас, што мільганулі наўкола. Распластаны на снезе, лейтэнант угледзеўся ў той бок, дзе ледзьве прыкметным бугорчыкам цямнела на снезе будыніна, і жвава памкнуўся назад пад ахову ўсё таго ж маленькага, ледзьве прыкметнага ўначы ўзмежка. Усё ж такі, напэўна, іх згледзелі. Угары з шыпеннем і трэскам шматалі неба ракеты, а кулямётныя трасы, агняна бліскаючы ў цемры, секлі, нізалі, узбівалі снег якраз на іхнім шляху з-за ўзмежка. У што б там ні стала трэба было выслізнуць з гэтае пасткі, але па ярка асветленым полі гэта было немагчыма.
Здаецца, яны папаліся як мае быць і надоўга. Добра яшчэ, што ім трапіўся гэты ўзмежачак, нібы пасланы Богам для іх паратунку, — ён хаваў іх ад кулямётнага агню з пагорка. Але колькі можна хавацца?..
Тым часам усе нерухома і моўчкі ляжалі, чакаючы яго рашэння і яго камандзірскага дзеяння. I ён надумаў адзіна магчымае: гранатамі закідаць кулямёт. Мабыць, лепш за ўсё падпаўзці да яго з боку фронту, ад рэчкі, і зрабіць гэта з найбольшым поспехам, вядома, мог толькі ён сам. Толькі аднаму, у крайнім выпадку, двум яшчэ можна падабрацца да яго незаўважанымі.
— Перадайце: старшыну — ка мне!
Па ланцужку перадалі яго каманду, і Дзюбін, хутка прыпоўзшы, моўчкі лёг побач.
— Во што. Трэба зняць кулямёт, — сказаў Іваноўскі і, сустрэўшы ў адказ маўчанне, вытлумачыў: — Інакш не вылезем. У выпадку чаго вазьмі карту, павядзеш групу.
— Не гадзіцца так, — памаўчаўшы, сказаў Дзюбін. — Трэба другога каго.
— Каго другога? — сказаў лейтэнант. — Паспрабую сам.
Адхінуўшыся на бок, ён расшпіліў ватоўку, дастаў з-за пазухі пакамечаны аркуш карты, пасунуў бліжэй да старшыны свае лыжы. Кулямёт маўчаў, дагарала на снезе насцільна кінутая немцамі ракета, стала цёмна і ціха. Але ён ведаў, што варта толькі высунуцца з-за ўзмежка, як немцы зноў распачнуць свой тарарам; відаць, яны нешта ўсё ж бачаць.
— Лукашоў, за мной, — ціха гукнуў лейтэнант і не азірнуўся — ведаў, Лукашоў не адстане.
У суцэльнай цемры, якая неўзабаве агарнула іх, ён з аўтаматам у руцэ і трыма гранатамі ў кішэнях папоўз назад пад узмежкам. Трэба было спяшацца, інакш уся ягоная вылазка траціла свой сэнс. Гэта было не самае лепшае, можа, наадварот нават, але іншага выйсця са свайго становішча ён не знаходзіў. Іншым было хіба што вяртацца назад, што, зрэшты, таксама было няпроста. Ён злосна, роспачна лаяўся і паўтараў, грабучы снег: «Ну бі ж, гад! Бі! Шумі болей…»
Яму патрэбна было, каб кулямёт страляў. Калі кулямёт страляе, тады кулямётчык глухі і сляпы, тады б ужо лейтэнант як-небудзь падкраўся да яго. I кулямёт сапраўды хутка ўдарыў — адразу, як толькі засвяціла ракета. Але, на сваё здзіўленне, у першы момант Іваноўскі не ўбачыў ніводнай з ягоных трас. Кароткае недаўменне лейтэнанта, аднак, тут жа і знікла — кулямётныя чэргі кіравалі ў іх тыл, у бок поплаву і рэчкі, у тое месца, дзе яны нядаўна перапаўзалі яе ў кустоўі. На гэты раз немцы ўстрывожыліся надоўга і не на жарты. Над поплавам узгарэўся сапраўдны
Сцяміўшы гэта, Іваноўскі рантам здрыгануўся ад радаснай і шчаслівай думкі: Шалудзяк браў агонь на сябе, трэба зараз жа гэта выкарыстаць. Лейтэнант тут жа развярнуўся ў снезе, на карачках прапоўз у галаву сваёй калоны, схапіў лыжы.
— За мной! — крыкнуў ён, ужо не асцерагаючыся, што ў гэтым грукаце яго ўчуюць немцы.
2
Апошнія метры да лесу яны не паўзлі, а прыгнуўшыся, знямогла беглі, пакуль адзін за адным не пападалі ў рэдзенькім чэзлым кустоўі. Распластаныя на снезе сутаргавай горкай задухай, хвіліну збянтэжана маўчалі, не ў стане сказаць ні слова. У кожнага ў такт з сэрцам білася адзіная цяпер думка — нібыта ўдалося, прайшлі, самае горшае засталося ззаду. Немцы з пагорка, здаецца, іх празявалі. Захопленыя стралянінай па поплаве, аслепленыя ззяннем ракет, яны, мабыць, не надта азіраліся па баках, пакуль не расстралялі ля ракі Шалудзяка з Кудраўцом, Дзякуй жа вам, дарагія байцы, расчулена думаў Іваноўскі, лежачы на снезе і ў гарачай задусе хапаючы ротам паветра. Першая плата за поспех была ўнесена, які цяпер будзе яго канчатковы вынік?
Яшчэ не зусім аддыхаўшыся, Іваноўскі прыўстаў і сеў на снезе. Рэдкія агнявыя бліскаўкі куль нізалі снежныя прыцемкі ўжо далекавата ззаду, насустрач ім несліся іншыя з сасонніку за поплавам — гэта ўступіў у бой батальён. Ля кустоўя ж было спакойна, перад імі ляжаў голы, не надта заснежаны схіл з клоччам быльнягу па межах. Іваноўскі дастаў гадзіннік, была палова дзесятай.
— Хто страляў? — стрымана, з накіпелым гневам запытаў лейтэнант, успомніўшы злашчасны той стрэл ля ўзмежка.
Непадалёку сярод распластаных целаў у белым хтось заварушыўся і сеў на снезе. Па вастраку, што выпіраў пад капюшонам, камандзір пазнаў Дзюбіна — старшына быў у будзёнаўцы.
— Стрэліў Суднік.
— Я стрэліў, — вінавата і глуха пацвердзіў прастуджаны голас, і лейтэнант змоўк, сваім маўчаннем даючы зразумець, што хоча бачыць парушальніка перад сабой. Суднік расслаблена ўстаў на ногі.
— Чаму страляў?
Баец паварушыў у руках вінтоўкай.
— Ды во, з прадахраніцеля саскочыла.
Іваноўскі зірнуў на абкручаную бінтам зброю, і яго перасмыкнула ад злосці — у байца была СВТ, эфектная на выгляд дзесяцізарадка, складаная па канструкцыі і не вельмі надзейная ў баі. Проста бяда, як ён перад выхадам недагледзеў, хіба можна было з такой зброяй выпраўляцца ў тыл да немцаў?
— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўшы гневу, з ціхаю злосцю вылаяўся лейтэнант. — Што ў вас за зброя?
— Вінтоўка.
— Якая вінтоўка?
— Самазарадная Токарава нумар эн-эм шэсцьсот дваццаць чатыры.
— Эн-эм! Вы горшай не маглі знайсці?
Відаць, толькі цяпер зразумеўшы свой промах, баец вінавата патупіўся. Лейтэнант амаль з нянавісцю пазіраў на яго прыціснутую цяжарам рэчмяшка постаць, мокры, абвіслы на каленях халат. Увесь выгляд гэтае постаці выдаваў віну і пакору. Гэтая яго пакора, аднак, крыху прыцішала накіпелы камандзірскі гнеў, лейтэнант зразумеў, што дарма залішне караць чалавека за справу, аб якой ён не меў разумення. Тым не менш нелыа было і ігнараваць той факт, што Суднік ледзьве не загубіў усю групу, і лейтэнант цяпер проста не ведаў, што з ім рабіць.