Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
Ротмістр толькі махнуў рукою, як-бы кажучы: «Ён яшчэ лепшыя штукі вырабляе, гэты вахмістр».
— Значыць вы шукалі свайго палка і не маглі знайсьці?
Швэйк накідаў яму свой маршрут: Табар — Мілеўска— Кветаў — Враж — Мальчын — Чыжова — Седлец — Гараждовіцы — Радомышль — Пуцім — Шчэкно — Страконіцы — Валынь — Дуб — Вадняны — Працівін і зноў Пуцім. З вялікім уздымам апісаў ён сваё змаганьне з лёсам, расказаў ротмістру пра тое, як ён з усіх сіл стараўся прабрацца праз усе перашкоды і перагародкі да свайго 91-га палка ў Будэйовіцы і як ўсе яго намаганьні былі дарэмнымі.
Швэйк заўзята гаварыў,
— Што й казаць, геркулесава работа, — сказаў нарэшце ротмістр, выслухаўшы прызнаньне Швэйка, што яго прыгнятае такая доўгая затрымка і немагчымасьць папасьці сваячасова ў свой полк. — Уяўляю, як вы круціліся каля Пуціма.
— Пытаньне было-б вырашана куды раней, — заўважыў Швэйк, — каб ня было гэтага вахмістра ў няшчасным Пуціме. Ён не папытаўся ў мяне ні прозьвішча, ні палка і ўсё яму здавалася неяк навыварат. Яму трэба было загадаць адправіць мяне ў Будэйовіцы, а там разабралі, ці я той Швэйк, які шукае свайго палка, ці я які-небудзь падазроны суб‘ект. Сягодня я мог-бы ўжо другі дзень быць у сваім палку і выконваць свае абавязкі.
— Што-ж вы ў Пуціме не сказалі, што вышла непаразуменьне?
— Я бачыў, што гаворка з ім будзе дарэмная. «Здараецца — нойдзе на чалавека такое аслупяненьне, што ён зробіцца глухім на ўсяго, як пень», як казаў шынкар Рампа на Вінаградах, калі ў яго прасілі пазычыць грошай.
Трохі падумаўшы, ротмістр рашыў, што чалавек, які імкнецца папасьці ў свой полк і прыдумляе для гэтага цэлае кругасьветнае падарожжа, зьяўляецца выразным дэзэртырам, і прадыктаваў машыністцы, захоўваючы ўсе правілы і прыгажосьць канцылярскага стылю, наступнае:
Адначасна з гэтым да вас пад канвоем пасылаецца Швэйк Іосіф, які паводле яго слоў, лічыцца радавым даручанага вам палка і затрыманы згодна яго паказаньня жандарамі ў Пуціме пісэцкай акругі па падазрэньні ў дэзэртырстве. Вышэйазначаны Швэйк Іосіф сьцьвярджае, што накіроўваўся ў Будэйовіцы да месца свайго палка.
Рост: ніжэй сярэдняга.
Рысы твару: звычайныя.
Hoc: звычайны.
Вочы: блакітныя.
Асаблівых прымет няма.
Да гэтага дадаецца рахунак за харчаваньне вышэйназванага радавога, які будзьце ласкавы перавесьці на рахунак Міністэрства абароны, а таксама сьпіс казённых рэчаў, якія былі на затрыманым у момант яго затрыманьня. Будзьце ласкавы пацьвердзіць прыняцьце вышэйазначанага радавога».
Дарога з Пісэку ў Будэйовіцы ў цягніку прамільгнула няпрыкметна ў кампаніі з маладым жандарам навічком, які ня спускаў са Швэйка вачэй і вельмі баяўся, каб той ня зьбег. Страшнае пытаньне мучыла ўвесь час жандара: «Што яму рабіць, калі раптам захочацца ў прыбіральню».
Пытаньне было разьвязана так: у выпадку патрэбы жандар надумаўся ўзяць Швэйка з сабою.
Усю дарогу ад вакзала да Будэйовіцкіх казарм жандар не адрываў ад Швэйка напружанага погляду і кожны раз, падыходзячы да рогу вуліцы ці раскрыжаваньня, як-бы між іншым пачынаў гаворку пра тое, колькі патрон ім даецца на дарогу,
Жандар пачаў супярэчыць, і абодва не заўважылі, як дайшлі да казармы.
Паручнік Лукаш ужо другі дзень быў дзяжурным па казармах. Ён сядзеў у канцылярыі за сталом і нічога не прачуваў, як да яго прывялі Швэйка.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, я зноў тут, — урачыста сказаў Швэйк, узяўшы пад казырок.
Сьведкаю ўсяе гэтай сцэны быў прапаршчык Кацятка, які потым расказваў, што, пачуўшы голас Швэйка, паручнік Лукаш падскочыў, схапіўся за голаву і кінуўся ніцма Кацятку на рукі. Калі яго прывялі да прытомнасьці, Швэйк, які ўвесь час стаяў ва-фронт, руку пад казырок, паўтарыў яшчэ раз:
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, я зноў тут.
Тагды паручнік Лукаш, увесь белы, дрыжачаю рукой узяў справаджальную паперку, падпісаў яе, загадаў усім выйсьці і, сказаўшы жандару, што ўсё ў парадку, замкнуўся з Швэйкам у канцылярыі.
Так скончыўся Будэйовіцкі паход Швэйка. Бясспрэчна, што Швэйк, каб яму далі магчымасьуь самому рухацца, сам дайшоў-бы да Будэйовіц. Калі дастаўку Швэйка на месца службы залічылі сабе ў заслугу казённыя ўстановы, дык гэта грунтуецца на памылцы. Пры яго энэргіі і непамерным жаданьні ваяваць умешваньне ўстаноў было толькі палкаю ў коле.
Швэйк і паручнік Лукаш доўга глядзелі адзін на аднаго. У вачах паручніка была злосьць, пагроза і адчай. Швэйк глядзеў на паручніка поглядам пяшчотным і поўным замілаваньня як чалавек, які страціў сваю каханую і зноў яе знашоў. У канцылярыі было ціха, як ў царкве. Толькі чуваць было, як нехта ходзіць сюды і туды па калідоры. Якісьці добрасумленны вольнапісаны, які ня вышаў праз насмарк (гэта было чутно па гаворцы) на заняткі, гугняючы зубрыў «Як належыць прымаць членаў царскай сям‘і пры наведваньні імі крэпасьцяй». Выразна чутна былі словы:
— Як толькі высокая кампанія пакажацца каля крэпасьці, робіцца салют з усіх гармат на ўсіх бастыёнах. Комэндант крэпасьці выяжджае конна з аголенаю шабляю насустрач і ў той момант…
— Заткнеце горла! — крыкнуў у калідор паручнік, — і выбірайцеся адгэтуль к чортавай матары! Калі ў вас гарачка, вам трэба ляжаць дома ў пасьцелі.
Пасьля гэтага крокі стараннага вольнапісанага сталі аддаляцца, і гугнявае рэха прагучэла, заміраючы: і ў момант, калі комэндант аддае шабляю салют высокім асобам, робіцца другі салютны залп, які паўтараецца трэці раз пры ўступленьні высокіх асоб на тэрыторыю крэпасьці.
А паручнік і Швэйк усё глядзелі адзін на аднаго, пакуль паручнік не сказаў тонам, поўным злой іроніі:
— Проша ў Чэскія Будэйовіцы, Швэйк. Каму суджана быць павешаным, той ня ўтопіцца! Ордэр на ваш арышт ужо выпісан, і заўтра вы зьявіцеся да камандзіра палка. Я з вамі валаводзіцца доўга ня буду. Досыць я з вамі памучыўся. Маё цярпеньне лопнула. Падумаць толькі, як мог я так доўга жыць з такім ёлапам.
Паручнік захадзіў па пакоі:
— He, гэта проста жах! Дзіўлюся, чаму я вас да гэтага часу не застрэліў. Што-ж бы мне за гэта зрабілі? Нічога. Мяне-б апраўдалі, разумееце?