Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
— А я здаволены, — сказаў Швэйк, — яшчэ некалькі гадоў таму назад, — калі я служыў на тэрміновай службе, — наш фэльдфэбель Сампэра казаў нам: «На вайсковай службе кожны павінен ведаць свае абавязкі!» — і, бывала, так табе пры гэтым заедзе па мордзе, што доўга будзеш памятаць! Ці нябожчык обэр-лейтэнант Квайзэр, бывала, калі прыдзе аглядаць стрэльбы, дык заўсёды прачытае нам лекцыю пра тое, што салдат не павінен даваць волю пачуцьцям: салдаты толькі жывёла, дзяржава іх корміць, поіць каваю, дае ім тытунь у люльку, — і за гэта яны павінны цягнуць ярмо, як валы.
Сапёр Вадзічка задумаўся і праз хвіліну сказаў:
— Калі прыдзеш, Швэйк, да аўдытара, дык ты не залжыся, а паўтарай тое, што казаў на прошлым допыце, каб мне
— Ня бойся, Вадзічка, — супакойваў яго Швэйк. Галоўнае будзь спакойны, не хвалюйся. Што тут такое стаць перад якімсьці там дывізійным судом! Ты б паглядзеў, як у ранейшыя гады такі вайсковы суд рабіў. Служыў у нас на тэрміновай настаўнік Гераль, дык той, калі ўсяму нашаму разьдзелу за кару было забаронена адлучацца ў горад, лежачы на ложку, расказваў, што ў Праскім музэі ёсьць кніга пратаколаў вайсковага суду пры Марыі-Тэрэзіі. Дык там напісана, што тагды ў кожным палку быў свой кат, які караў сьмерцю салдат ад штукі, — адзін тэрэзіякскі талер за галаву. Такі кат, як напісана ў тых пратаколах, у нёкаторыя дні зарабляў па пяць талераў.
— Вядома, — дадаў Швэйк паважна, — тагды палкі былі большыя і ўвесь час іх папаўнялі з вёсак.
— Калі я быў у Сэрбіі, — сказаў Вадзічка, — дык у нашай брыгадзе вешаў чужакоў за папяросы любы, хто падахвоціцца: калі павесіць мужчыну — даюць дзесятак папярос «Спорт», жанчыну ці дзіця — пяць. Потым інтэнданцтва пачало экономіць, і сталі расстрэльваць гуртам. Са мною служыў цыган адзін, пра яго мы доўга ня ведалі, што ён гэтым займаецца. Дзівіліся мы толькі, што яго заўсёды нанач клічуць у канцылярыю. Стаялі мы тагды на Дрыне, і вось раз уночы, калі ён пашоў, нехта ўздумаў папароцца ў яго рэчах, а ў гэтага хама ў рэчавым мяшку — цэлыя тры скрынкі папярос «Спорт» па сто штук у кожнай. Пад раніцу ён вярнуўся ў нашу адрыну, і мы з ім хутка расправіліся: павалілі мы яго, а Балёўн душыў яго папругаю. Жывучы быў, як кошка. — Стары сапёр Вадзічка сплюнуў. — He ўдавалася нам яго задушыць — дый годзе! Ужо ён абрабіўся, вочы ў яго вылезьлі, а ўсё яшчэ быў жывы, як недарэзаны певень. Тагды мы сталі разьдзіраць яго, як кошку: два за галаву, два за ногі, і так перакруцілі яму шыю. Потым надзелі мы на яго рэчавы мяшок з папяросамі і кінулі яго, дзе глыбей, у Дрыну. Хто-ж будзе курыць такія папяросы?! А раніцою сталі яго шукаць…
— Вам варта было адрапартаваць, што ён уцёк, — аўторытэтна дадаў Швэйк, — што ён ужо даўнода гэтага рыхтаваўся: кожны дзень гаварыў, што зьбяжыць.
— Ці варта было нам яшчэ пра гэта думаць, — адказаў Вадзічка. — Мы сваю справу зрабілі, а пра іншае мы не клапаціліся. Там гэта было проста: кожны дзень хто-небудзь прападаў, а ўжо з Дрыны ня вылоўлівалі. Згодна плылі там па Дрыне ў Дунай распухлы чужак з нашым абязьвечаным запасьніком. Няпрывычныя, калі гэта першы раз убачаць, дык дрыжаць, нібы іх трасца трасе.
— Ім варта даць хіны, — сказаў Швэйк.
Гэтак гаворачы, яны ўвайшлі ў барак, дзе зьмяшчаўся дывізійны суд, і канвойныя іх зараз-жа завялі ў канцылярыю № 8, дзе за доўгім сталом, укрытым сьціртаю паперы, сядзеў аўдытор Рулер.
Перад ім ляжаў том Збору законаў, на якім стаяла недапітая шклянка гарбаты. З правага боку стаяў крыж з тандэтнай сланёвай косьці і запыленым хрыстом, які безнадзейна глядзеў на падстаўку свайго крыжа, на якой ляжаў попел і акуркі. Аўдытор Рулер аднэю рукой пастукваў новаю папяросаю па падстаўцы крыжа, на новыя пакуты ўкрыжаванага бога, а другою аддзіраў шклянку з гарбатаю, якая прыклеілася да Збору законаў. Ададраўшы шклянку, ён далей гартаў кнігу, узятую ў афіцэрскім сабраньні. Гэта была кніга Фр. С. Краўзэ з многазначным загалоўкам: «Forschungen zur Entwicklungsgeschichte der geschlechtlichen Moral [86] .
86
Досьледы
Аўдытор захапіўся разглядваньнем рэпродукцый з наіўных малюнкаў мужчынскага і жаночага родавага прыладзьдзя з адпаведнымі вершамі, якія знашоў вучоны Фр. С. Краўзэ ў прыбіральнях бэрлінскага заходняга вакзалу, і не заўважыў, як увайшлі Вадзічка і Швэйк.
Ён адарваўся ад рэпродукцый толькі пасьля таго, як Вадзічка закашляў.
— Was geht los? [87] — запытаўся ён, перагортваючы дален і шукаючы новых прымітыўных малюнкаў і замалёвак.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — адказаў Швэйк, — колега Вадзічка прастудзіўся і кашляе.
87
У чым справа?
Аўдытор толькі цяпер глянуў на Швэйка і Вадзічку. Ён настараўся надаць свайму твару строгі выгляд.
— Нарэшце прыцягнуліся — сказаў аўдытор, рыючыся ў кучы спраў на стале. — Я загадаў вас паклікаць у дзесяць гадзін, а цяпер ужо зараз адзінаццаць. Як ты стаіш, асёл? зьвярнуўся ён да Вадзічкі, які асьмеліўся стаяць „вольна“. Калі скажу „вольна“, можаш рабіць з сваімі нажышкамі, што хочаш.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — абазваўся Швэйк, — у яго раматус.
— Дзяржы язык за зубамі! — сказаў аўдытор Рулер. — Адкажаш, калі ў цябе папытаюцца. Быў ты ў мяне ўжо тры разы на допыце, і з цябе нічога ня выцягнеш. Знайду я гэту справу нарэшце ці не знайду? I было-ж мне з вамі, нягоднікамі, клопату! Ну, ды гэта вам так ня пройдзе, дарэмна завальваць суд работай! Ну дык слухайце, крапіўнае насеньне, — сказаў ён, выцягваючы са сьцірты актаў вялікую справу, з загалоўкам: „Швэйк і Вадзічка“. Ня думайце, што праз якую-небудзь дурную бойку вы і далей будзеце ляжаць на баку ў дывізійнай турме і акапаецеся тут часова ад фронту. Праз вас, ёлапаў, мне прышлося тэлефонаваць у суд пры штабе арміі.
Аўдытор уздыхнуў.
— Што ты робіш такую сур‘ёзную міну — быццам ня вінаваты. — На фронце ў цябе прападзе ахвота біцца з гонвэдамі, — сказаў аўдытор Швэйку. — Справа пра вас абодвых спыняецца і кожны з вас пойдзе ў свой полк, дзе будзе пакараны ў дысцыплінарным парадку, а потым пойдзеце са сваёю маршавай ротай на фронт. Няхай толькі пападзяцеся яшчэ раз мне ў рукі, нягоднікіі Я вас так вазьму ў работу, што вы доўга будзеце памятаць! Вось вам ордэр аб вызваленьні, і трымайце сабе прыстойна. Завядзеце іх у другі нумар.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — сказаў Швэйк, — мы абодва ўсе вашы словы замацавалі ў нашых сэрцах і нявыказна вам удзячны за вашу дабрату. Каб гэта ня было на вайсковай службе, дык я дазволіў-бы сабе назваць вас залатым чалавекам. Мы абодва вас вельмі просім дараваць нам за тое, што вам прышлося праз нас гэтулькі клапаціцца. Па праўдзе кажучы, мы гэтага не заслужылі.
— Выбірайцеся вы нарэшце к чортавай матары! — крыкнуў на Швэйка аўдытор. — Каб не заступіўся за вас палкоўнік Шрэдэр, дык ня ведаю, чым-бы ўся гэта справа скончылася.
Вадзічка адчуў сябе ранейшым Вадзічкаю толькі ў калідоры, калі яны пашлі разам з канвоем у канцылярыю № 2.
Салдат, які іх вёў, баяўся спазьніцца на абед і сказаў ім:
— Дык вы, хлопцы, трошкі прыбаўце кроку. Цягняцеся, як вошы.
На гэта Вадзічка сказаў канваіру, каб ён вельмі не разыходзіўся, шчасьлівы яго бог, што ён чэх, а каб ён быў мадзьяр, ён разадраў-бы яго, як селядца.
З прычыны таго, што вайсковыя пісары пашлі з канцылярыі на абед, канваір, які вёў Швэйка і Вадзічку, прымушан быў завесьці іх назад у арыштанскае памяшканьне дывізійнага суду. Канваір на чым сьвет стаіць праклінаў зьненавідную расу вайсковых пісароў.