Пякучая таямніца
Шрифт:
Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць?
– пакутліва дапытваўся ён у самога сябе.
– Кім я магу быць яму, што я магу яму даць?» Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення
У гэтыя трывожныя думкі ўпляталіся хуценька першыя светлыя мары аб новым свеце дарослага мужчыны. Эдгар нарэшце заснуў з усмешкаю на вуснах, але ўспамін аб заўтрашнім спатканні рабіў яго сон неспакойным. Ён баяўся спазніцца і ўскочыў з ложка ўжо ў сем гадзін, хуценька адзеўся, зайшоў павітацца з мамаю ў яе пакой, чаму яна вельмі здзівілася, бо звычайна ёй з цяжкасцю ўдавалася падняць яго з ложка, і, не даўшы ёй магчымасці папытацца яшчэ пра што-небудзь, пабег уніз. Да дзевяці гадзін ён сноўдаўся там, поўны нецярпення, забыўся пра снеданне; яго займала адна думка - каб толькі ён не прымусіў чакаць свайго сябра.
А палове дзесятай барон, нарэшце, паволі, з бесклапотным выглядам спусціўся ў вестыбюль. Ён, вядома, даўно забыўся пра сваё абяцанне, але калі Эдгар імкліва кінуўся да яго, ён усміхнуўся гэтаму палкаму парыву і выказаў гатоўнасць стрымаць сваё слова. Ён узяў хлопчыка пад руку, прагуляўся крыху са сваім юным, ззяючым ад шчасця спадарожнікам, але адмовіўся - мякка, але рашуча - пайсці цяпер куды-небудзь пагуляць далей. Ён як быццам чагосьці чакаў, мяркуючы па нецярплівых позірках, якія ён кідаў на дзверы. Раптам барон насцярожыўся. Эдгарава маці ўвайшла ў вестыбюль і, ветліва адказаўшы на баронава прывітанне, павярнула да іх. Яна ўхвальна ўсміхнулася, пачуўшы пра запланаваную прагулку, пра якую Эдгар не расказваў ёй, раўніва захоўваючы запаветную таямніцу, і адказала згодаю на баронава запрашэнне прыняць у ёй удзел.
Эдгар адразу насупіўся, закусіў губы. Як прыкра, што яна ўвайшла якраз у гэтую хвіліну! Прагулка ж цалкам належала яму; калі ён і пазнаёміў свайго сябра з мамаю, то гэта была толькі яго добрая ласка, але дзяліць сябра з ёю ён не мае намеру. Заўважыўшы галантнае абыходжанне барона з мамаю, ён ужо адчуваў нешта накшталт рэўнасці.
Яны пайшлі на прагулку ўсе, і надта яўная ўвага, якую абое дарослыя спадарожнікі звярталі на дзіця, узмацняла ў ім небяспечнае ўсведамленне сваёй значнасці. Эдгар быў амаль адзіным прадметам іхняй размовы: маці з крыху перабольшанай трывогаю гаварыла, які ён бледны і нервовы, а барон з усмешкаю пярэчыў ёй і рассыпаўся ў пахвалах свайму «сябру», як ён яго зваў. Ніколі Эдгар не быў такі шчаслівы. Упершыню ён атрымаў правы, якіх увесь час быў пазбаўлены. Ён удзельнічаў у размове, і ніхто не спыняў яго; ён нават выказваў дзёрзкія просьбы, і яму даравалі гэта. І нядзіўна, што ў ім з кожнаю хвілінаю расло падманлівае пачуццё, што ён ужо дарослы. Ён цешыў сябе думкаю, што дзяцінства засталося за ім, як застаецца скінутае адзенне, з якога ты ўжо вырас.
У абед, па запрашэнні Эдгаравай маці, якая рабілася ўсё больш ласкавай, барон сядзеў за іх сталом. Візаві ператварыўся ў суседа, знаёмы - у сябра. Трыа наладзілася, і тры галасы - жаночы, мужчынскі і дзіцячы - гучалі ва ўнісон.
Атака
Нецярплівы паляўнічы вырашыў, што настаў час падкрасціся да здабычы. Сямейны ансамбль з трох чалавек надакучыў яму. Вельмі хораша быць разам усім і балбатаць, але, зрэшты, не балбатня ж была ягоная мэта. А ён ведаў, што салонны тон, які патрабаваў маскіроўкі жаданняў, заўсёды ў адносінах паміж мужчынам і жанчынаю ставіць на задні план эратычнае, пазбаўляе словы пачуцця, а націск - палу. Трэба зрабіць так, каб за свецкаю гутаркаю яна не забывалася пра яго сапраўдныя намеры, якія - у гэтым ён не сумняваўся - яна ўжо разгадала.
Было нямала шанцаў, што яго заляцанні да гэтай жанчыны ўвянчаюцца поспехам. Яна дасягнула таго крытычнага ўзросту, калі жанчына пачынае раскайвацца, што ўсё жыццё захоўвала вернасць мужу, якога, зрэшты, ніколі не кахала, і калі закат знікаючай прыгажосці яшчэ дазваляе зрабіць выбар: быць толькі маці або яшчэ раз, апошні, пабыць жанчынаю. Жыццё, здавалася, даўно ўжо адказала на ўсе пытанні, але тут яно яшчэ раз ставіць новае пытанне, апошні раз магнітная стрэлка волі вагаецца паміж надзеяй на эратычнае пачуццё і канчатковым самаадрачэннем. Жанчына тады стаіць перад рашаючым выбарам - або жыць уласным жыццём, або жыццём сваіх дзяцей, быць маці або быць жанчынаю. І барон, дасведчаны ў такога роду справах, заўважыў у Эдгаравай маці адзнакі гэтага небяспечнага вагання. Яна ніколі не ўспамінала ў размове пра мужа і амаль не ведала ўнутранага жыцця дзіцяці.
Гульня пачала ўжо не на жарт хваляваць яго, і таму ён прымусіў сябе быць больш асцярожным. Рэшту дня ён правёў у сваім пакоі, з прыемнасцю ўсведамляючы, што яго чакаюць і шкадуюць аб яго адсутнасці. Але яго адсутнасць не зрабіла асабліва моцнага ўражання на таго, у каго цэліў барон, затое бедны хлопчык зусім змучыўся. Эдгар адчуваў сябе цэлы дзень бясконца няшчасным, быў сам не свой; з упартаю, уласціваю яго ўзросту вернасцю ён усе гэтыя доўгія гадзіны нястомна чакаў сябра. Пайсці гуляць ці заняцца чым-небудзь у адзіноце здавалася яму здрадаю. Ён бадзяўся як непрыкаяны па калідорах, і з кожнаю гадзінаю гора яго расло; у думках ён ужо не раз гаварыў сабе, што з баронам здарылася няшчасце ці што ён выпадкова пакрыўдзіў яго, і хлопчык ледзь не плакаў ад нецярпення і страху.
Калі барон з'явіўся ўвечары да стала, ён быў сустрэты з вялізнаю радасцю. Эдгар, нягледзячы на строгі мацерын вокрык і здзіўленыя позіркі прысутных, кінуўся яму насустрач і парывіста абхапіў яго худзенькімі ручкамі.
– Дзе вы былі? Куды вы хадзілі?
– усхвалявана пытаўся ён.
– Мы ўсюды шукалі вас.
Пачуўшы гэтае «мы», Эдгарава маці пачырванела і сказала даволі сярдзіта:
– Sois sage, Edgar. Assieds toi!* - Яна заўсёды гаварыла з ім па-французску, хоць валодала гэтаю моваю далёка не дасканала і таму часта садзілася на мель, калі трэба было сказаць што-небудзь больш складанае.
* Паводзь сябе прыстойна, Эдгар. Сядзь на месца! (фр.)
Эдгар паслухаўся, але ўсё прыставаў да барона з пытаннямі.
– Ты забываешся, Эдгар. Барон можа рабіць усё, што яму хочацца. Можа, яму нецікава з намі.
– На гэты раз яна гаварыла і ад свайго імя, і барон з радасцю адчуў, што гэтым папрокам яна напрошваецца на камплімент.
Паляўнічы настрой авалодаў ім, п'яніла хваляванне - як хутка ён натрапіў на след, і здабыча ўжо на адлегласці стрэлу. Вочы ў яго блішчалі, кроў кіпела, словы ліліся з вуснаў лёгка і вольна. Як усякі пажадлівы мужчына, ён рабіўся ўдвайне добрым, удвайне самім сабою, ледзь толькі заўважаў, што падабаецца жанчынам; так многія акцёры іграюць з натхненнем толькі тады, калі адчуваюць, што ўся глядзельная зала пакорана імі. Ён заўсёды лічыўся выдатным апавядальнікам, умеў гаварыць ярка і вобразна, але сёння - ён выпіў некалькі келіхаў шампанскага, заказанага ў гонар новага сяброўства, - ён перасягнуў самога сябе. Ён расказваў пра паляванне ў Індыі, у якім прымаў удзел, калі гасцяваў у сябра - знатнага ангельца; ён наўмысна выбраў такую бяспечную тэму; акрамя таго, ён здагадваўся, што гэтую жанчыну павінна хваляваць недасягальная для яе экзотыка. Але каго ён зачараваў канчаткова, дык гэта Эдгара: хлопчыкавы вочы ззялі ад захаплення. Ён забыўся пра яду і пітво і прагна лавіў кожнае слова. Яму і ў сне не снілася, што ён калі-небудзь на свае вочы ўбачыць чалавека, які сапраўды перажыў усе гэтыя неверагодныя прыгоды, пра якія ён чытаў у кніжках: паляванне на тыграў, цемнаскурыя індыйцы, і Джагернаўт - страшэнная свяшчэнная калясніца, якая душыла сваімі коламі тысячы людзей. Дагэтуль ён не верыў, што ёсць на свеце такія людзі, як не верыў у існаванне казачных краін, і з баронавых расказаў перад ім раптоўна адкрыўся вялізны невядомы свет. Ён не зводзіў вачэй з сябра; затаіўшы дыханне, глядзеў на яго рукі, якія забілі тыгра. Ён ледзь асмельваўся дрыготкім голасам задаваць пытанні; жывое ўяўленне малявала яму яркія карціны: вось яго сябар верхам на слане, накрытым пурпуроваю гунькаю, справа і злева цемнаскурыя людзі ў раскошных турбанах, і раптам з джунгляў выскоквае тыгр і б'е цяжкаю лапаю па слановым хобаце. Цяпер барон расказваў яшчэ цікавейшыя рэчы - пра хітрасці, якія ўжываюць, калі палююць на сланоў: як выкарыстоўваюць старых прыручаных жывёлін, каб завабіць у загарадзь маладых, дзікіх і гарэзлівых. Хлопчыкавы вочы гарэлі ліхаманкавым агнём. І раптам яго як аблілі халоднаю вадою - мама сказала, зірнуўшы на гадзіннік:
– Neuf heures! Au lit!*
* Дзевяць гадзін! Спаць пара! (фр.)
Эдгар збялеў ад страху. Для ўсіх дзяцей словы «спаць пара» - жахлівыя словы, бо гэта самае яўнае кляймо непаўнацэннасці, самае нагляднае адрозненне паміж дарослымі і дзецьмі, гэтая немінучая дзіцячая патрэба ісці спаць. Але наколькі жахлівей гэтая ганьба цяпер, калі яго, у самы цікавы момант, пазбаўляюць магчымасці даслухаць да канца такі хвалюючы расказ.
– Мама, дай паслухаць яшчэ хвілінку, толькі яшчэ пра сланоў.