Пякучая таямніца
Шрифт:
Ён хацеў ужо пачаць кленчыць, але тут жа схамянуўся, успомніўшы пра сваю новую годнасць дарослага мужчыны. Ён адважыўся толькі зрабіць яшчэ адну спробу. Але чамусьці сёння мама была незвычайна строгая:
– Не, не, ужо позна. Ідзі наверх! Sois sage, Edgar. Я табе потым падрабязна раскажу ўсё, што будзе гаварыць барон.
Эдгар марудзіў. Звычайна маці клала яго спаць сама. Але ён не настойваў, не жадаў уніжэння перад сябрам. Дзіцячая гордасць прымусіла яго захаваць, прынамсі, бачнасць добраахвотнага адыходу.
– Праўда, мама? Ты раскажаш мне ўсё, усё? І пра сланоў, і пра ўсё другое?
– Раскажу, дзетка, раскажу.
– І адразу ж! Сёння ж!
– Але, але, а цяпер ідзі спаць. Ідзі!
Эдгар і сам не
Сланы
Эдгарава маці і барон пасядзелі яшчэ крыху за сталом, але ўжо не гаварылі ні пра сланоў, ні пра паляванне на тыграў. Ледзь толькі хлопчык пакінуў іх, як паміж субяседнікамі ўзнікла нейкая няёмкасць, нейкі няўлоўны непакой. Нарэшце яны перайшлі ў вестыбюль і селі ў кутку. Барон быў сёння як ніколі красамоўны, яна крыху разгарачаная некалькімі келіхамі шампанскага, і размова адразу набыла небяспечны кірунак. Барона, зрэшты, нельга было назваць прыгожым; але ён быў малады, смуглы энергічны твар яго, па-хлапечы каротка пастрыжаныя валасы, рэзкія, амаль развязныя жэсты зачароўвалі яе юнацкаю непасрэднасцю. Яна цяпер з прыемнасцю глядзела на яго зблізку і ўжо не баялася ягонага позірку. Але мала-памалу яго словы рабіліся смялейшымі, у іх прамільгвала ледзь схаванае жаданне - быццам ён дакранаўся да яе цела, абмацваў яго і потым адступаў, - і тады яна бянтэжылася і чырванела. Потым ён зноў смяяўся весела, па-хлапечы натуральна, і гэта надавала ўсім гэтым маленькім нетактоўнасцям выгляд дзіцячага жарту. Ёй часам здавалася, што трэба б яго строга спыніць, але яна была какетлівая ад прыроды і знаходзіла ў гэтай фрывольнай гульні задавальненне, ёй хацелася пабачыць, што будзе далей; нарэшце яна сама захапілася і нават пачала браць прыклад з яго. Яна кідала на яго кароткія, шматабяцальныя позіркі, у словах і жэстах ужо аддавалася яму, калі ён падсоўваўся так блізка, што яна адчувала на сваім плячы яго цёплае, трапяткое дыханне. Падобна ўсім гульцам, яны не заўважылі, як праляцеў час, і апамяталіся толькі апоўначы, калі пачалі тушыць агні.
Яна тут жа ўскочыла з месца і спалохана падумала, як далёка яна дазволіла сабе зайсці. Гульня з агнём не была ёй навіной, але яна падсвядома разумела, што на гэты раз ёй пагражае небяспека. З жахам адчувала яна, што траціць упэўненасць у сабе, што траціць глебу пад нагамі і ўсё здаецца ёй цьмяным, нібы ў паўдрымоце. Галава закружылася ад хвалявання, віна і гарачых слоў, і безразважны незразумелы страх авалодаў ёю - як ужо не раз у такія небяспечныя хвіліны, - але ўпершыню ў жыцці ён авалодаў ёю з такою ўладнаю сілаю.
– Дабранач, дабранач! Да заўтра!
– паспешна сказала яна і памкнулася бегчы. Бегчы не столькі ад яго, як ад небяспекі гэтай хвіліны, ад новай, дзіўнай няўпэўненасці ў самой сабе. Але барон з мяккаю настойлівасцю ўтрымаў працягнутую на развітанне руку, пацалаваў яе, і не адзін раз, як патрабавала ветлівасць, а некалькі разоў - ад кончыкаў тонкіх пальцаў да згіну кісці, і яна з лёгкім дрыжаннем адчула на скуры казытлівы дотык яго шорсткіх вусоў. Неспакойная салодкая цяплынь разлілася па ўсім целе, кроў кінулася ў галаву, шалёна застукала ў скронях, страх, неўсвядомлены страх выбухнуў з новаю сілаю, і яна хуценька вырвала руку.
– Застаньцеся, - прашаптаў барон.
Але яна ўжо нязграбна і паспешна бегла ад яго, што яскрава сведчыла аб яе страху і разгубленасці. Ён дабіўся свайго: яна была ва ўладзе хвалявання, трывогі, яна ўжо сама не разумела, што з ёю робіцца. Яе гнаў бязлітасны, пякучы страх, што ён пойдзе ўслед за ёю
На лесвічнай пляцоўцы яна спынілася, цяжка дыхаючы, і прыціснула руку да дрыготкага сэрца. Ёй трэба было крыху прыйсці ў сябе. Яна ледзь стрымлівала нервовае ўзбуджэнне. З грудзей вырваўся ўздых не то радасці, што пазбегла небяспекі, не то жалю; думкі блыталіся, галава крыху кружылася. З паўзаплюшчанымі вачамі, нібы п'яная, дабралася яна да свайго пакоя і ўздыхнула вольна, толькі калі ўзялася за халодную ручку дзвярэй. Толькі цяпер яна адчула сябе ў бяспецы!
Яна ціхенька прачыніла дзверы і тут жа спалохана адхіснулася. Штосьці заварушылася ў глыбіні цёмнага пакоя. Перанапружаныя нервы не вытрымалі, яна ледзь не ўскрыкнула, але тут пачуўся ціхі, сонны голас:
– Гэта ты, мама?
– А божачка, што ты тут робіш?
– Яна кінулася да канапы, дзе ляжаў скурчаны Эдгар, які толькі прыходзіў у сябе пасля сну. Яе першаю думкаю было, што дзіця захварэла ці з ім здарылася няшчасце.
Але Эдгар, яшчэ паўсонны, казаў з лёгкім папрокам:
– Я чакаў цябе, доўга чакаў, а потым заснуў.
– Чаму ж ты чакаў мяне?
– З-за сланоў!
– Якіх сланоў?
Тут толькі яна зразумела. Яна ж абяцала яму яшчэ сёння расказаць пра паляванне і ўсе прыгоды. І хлопчык пракраўся ў яе пакой, прастадушны, дурненькі хлопчык, і даверліва чакаў яе, пакуль не заснуў. Гэты недарэчны ўчынак абурыў яе. Ці, дакладней, яна ўзлавалася на самую сябе, хацела заглушыць пачуццё сораму і віны, якое заварушылася ўнутры.
– Зараз жа ідзі спаць, малы ты нягоднік!
– крыкнула яна.
Эдгар паглядзеў на яе здзіўлена. Чаго яна гэтак злуецца на яго, ён жа нічога дрэннага не зрабіў? Але яго здзіўленне яшчэ болей узлавала яе.
– Зараз жа ідзі да сябе ў пакой!
– закрычала яна шалёна, хоць і адчувала, што робіць няправільна.
Эдгар моўчкі пайшоў. Ён, уласна, страшна стаміўся і толькі праз сонны туман, які душыў яго, цьмяна адчуваў, што мама не стрымала слова і што з ім абышліся нядобра. Але ён не спрачаўся. Усё ў ім атупела ад свінцовай стомы; акрамя таго, ён вельмі злаваўся на сябе, што заснуў, замест таго каб дачакацца мамы. «Як маленькае дзіця», - з абурэннем падумаў ён, перш чым зноў заснуць.
Бо з учарашняга дня ён ненавідзеў сваё дзяцінства.
Перастрэлка
Барон дрэнна спаў уночы. Заўсёды небяспечна ісці спаць пасля перарванай прыгоды; неспакойны, цяжкі сон гэтай ноччу вельмі хутка прымусіў яго пашкадаваць аб упушчаным моманце. Калі раніцаю, нявыспаны і змрочны, ён спусціўся ўніз, насустрач яму са сваёй засады выскачыў Эдгар, радасна абняў яго і пачаў прыставаць з пытаннямі. Хлопчык быў шчаслівы, што можа хоць на хвіліну цалкам завалодаць дарослым сябрам і не дзяліць яго з мамаю. Хай ён надалей расказвае толькі яму, а не маме, настойліва прасіў ён, - бо яна, нягледзячы на абяцанне, нічога не расказала яму пра ўсе цуды. Ён засыпаў захопленага знянацку барона, які не хаваў свайго кепскага настрою, сотняй надакучлівых дзіцячых пытанняў. Да іх ён дамешваў бурнае выяўленне сваёй любові, не помніў сябе ад шчасця, што, нарэшце, ён зноў сам-насам са сваім сябрам, якога чакаў з самага ранку.