Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Калі Аня па-ранейшаму бачыла малекулы і атамы, дык вырашыла пра гэта маўчаць. Адзіны чалавек, каму яна магла даверыць сваю таямніцу, быў Мішка Яжэвіч, бо ён, як ні дзіўна, не кінуў з ёю сустракацца і часам чакаў яе пасля ўрокаў на лавачцы каля школьнага саду. Іх разам з памаранчавым намётам бачылі то на дзвінскім беразе за Сафійскім саборам, то ў чыгуначнай лесапасадцы, дзе за год да гэтага знайшлі выкінуты з маскоўскага цягніка поліэтыленавы мех з трупам нетутэйшай жанчыны. Старэйшыя хлопцы з нашага двара з зайздрасцю казалі, што Мішка ўладкаваўся, як кароль: трахае дурніцу
Прыехаўшы праз год з Менска дадому, я ўбачыў Мішку Яжэвіча з маладой жонкаю і дзіцячай каляскай. Малекулы ў горадзе не было. Яе бацьку-макаронніка хацелі пасадзіць за крадзяжы, і ён прадаў дом і з'ехаў у Стаўрапаль. Разам з ім паехала і Аня, якая перад тым працавала прыбіральшчыцай у цырульні «Ландыш», што насупраць цяперашняга помніка Францішку Скарыну.
Гадоў праз дзесяць пасля тых падзеяў Мішка Яжэвіч заснаваў кааператыў, што вырабляў жаночыя паясы, і збудаваў сабе на ціхай заможнай вуліцы двухпавярховы катэдж. Яшчэ гадоў праз дзесяць мне расказалі, што аднойчы Мішка не вярнуўся ўвечары дахаты і раніцою міліцыя павезла ягоную жонку ў лес пад Лепель. Апазнаць Мішку ў выцягнутым са спаленага «фольксвагена» абгарэлым трупе ўдалося па верхняй сківіцы з залатымі зубамі.
І без таго цяжкія хаўтуры былі азмрочаныя двума вусцішнымі здарэннямі. Па-першае, у фатографаў ніяк не атрымліваліся здымкі на жалобны партрэт: пасля павелічэння добрых, здавалася б, фатаграфіяў твар нязменна выходзіў чорны. Нехта падрадзіўся зрабіць партрэт са здымка ў замежным пашпарце, але атрымалася яшчэ горш: на месцы вачэй выступілі чорныя кругі, а на шыі - белы пасак накшталт вяроўкі. Другое здарэнне было яшчэ жудлівейшае: калі рыхтаваліся апускаць труну, у магілу спрабавала кінуцца нікому не вядомая п'яная жабрачка, што збірала на кладах пустыя пляшкі.
У фінале маёй гісторыі Маэм зноў будзе прадстаўлены толькі кіпцястай птушынаю лапай.
Я не спытаюся ў гэтай старэйшай ад мяне гадоў на дваццаць істоты, ці памятае яна Мішку. У мяне не знойдзецца буйной купюры, каб пакласці ў яе зашмальцаваную мужчынскую кепурку з абразком святой Еўфрасінні. А калі б смуглым ад бруду пальцам і заманулася скамечыць мой даляр у маленькі шарык, каб яго праглынула птушка, дык грыфы ўсё роўна засталіся ў Веракрусе, а тут скакалі па непадмеценых прыступках адно сытыя манастырскія вераб'і.
Я марыў стаць шпіёнам
Сёння не будзем гаварыць ні пра паэта, якога амаль год трымаюць у турме за легкадумны вершык, ні пра чыесьці спаленыя партрэты, ні пра новыя арышты.
Давай уявім, што там, за вакном, звычайная для Эўропы прыпозненая вясна, і я раскажу табе якую-небудзь займальную гісторыю, штосьці такое, аб чым мужчына і жанчына, якія адчулі прыхільнасць адно да аднаго і ўжо не першы год адчуваюць яе да добрага чырвонага віна, могуць гутарыць зараз за столікам кавярні недзе там, дзе разлічваюцца кронамі альбо крэдытнымі карткамі.
Напрыклад?.. Напрыклад, калі пачынаць ab avo*, паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве.
* Літаральна «ад яйка»; з самага пачатку (лац.).
Зрэшты,
Калі ласка, бутэлечку ламбрускі. Што яшчэ? Два келіхі і попелку.
Так, менавіта пра сны наяве, тлумачыць якія мы павінны, зыходзячы не з іх літаральнага сэнсу, а паводле той самай методыкі, што і сны звычайныя, у якіх злоўленая рыба абяцае не рыбалку, а цяжарнасць, а пажар - грошы.
Калі ў такім узросце ў дзіцяці пытаюцца, кім яно хоча стаць, то вядуць дыялог з падсвядомасцю, а таму трохі дзіўна, што дзіцячым адказам на гэтае сакраментальнае пытанне не надавалі належнае ўвагі адэпты псіхааналізу.
Афіцыянт не спяшаецца, і з твайго дазволу я пачну з таго, што выдатна памятаю не толькі тое, кім хацеў быць, але і тое, кім ні ў якім разе не хацеў. Прычым гэты антывыбар, у адрозненне ад выбару са знакам плюс, нярэдка, як гэта здараецца і ў свеце дарослых, быў абгрунтаваны значна лепей. Вытлумачыць, чым той ці іншы чалавек табе не даспадобы, заўсёды, на мой погляд, прасцей, чым знайсці прычыны сваёй прыхільнасці.
Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што ніякая сіла не змусіць мяне, як вырасту, зрабіцца следчым.
Следчым працаваў дзядзька Чаглей, які жыў у нашым драўляным доме праз сценку.
Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сібіры, але ў той дзень, калі ён падхапіў мяне сваімі дужымі валасатымі рукамі пад пашкі і падкінуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсікаў яму бліскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як і пра існаванне ягонай далёкае радзімы, я і не здагадваўся, а мой пругкі і трапны струменьчык нарадзіўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблівага пачуцця да сібіракоў або да міліцэйскіх следчых, а ўсяго толькі ад лішку радасных пачуццяў, што перапаўнялі маю юную істоту.
Тым не меней пасля гэтага бяскрыўднага здарэння дзядзька Чаглей да скону дзён знелюбіў мяне. Ён ніколі - дарма што сваіх дзяцей яны з цёткай Клавай, якую ўсе звалі Чаглеіхай, не дачакаліся - не пачаставаў мяне ні цукеркаю, ні марозівам, наогул нічым, апрача нязменна насупленага калючага позірку, якім апошні раз адарыў з труны пасля сваёй ранняе смерці ад хваробы са смешнаю назваю «рак».
Малюючы гэтую псіхалагічную сітуацыю, можна знайсці безліч іншых дэталяў, аднак галоўную ролю ў маім рашучым нежаданні рабіцца следчым адыгралі не Чаглеевы п'янкі і не абванітаваныя жоўтыя вяргіні пад нашымі вокнамі, а - грыбы лісічкі, якія мама смажыла з цыбуляй і якія наш сусед прынцыпова не еў, заяўляючы, што ў іх у Сібіры такую смакату ўважаюць за паганкі і ўвогуле збіраюць адны баравікі. Помсцячыся сібірскім дзікунам за лісічкі, я і паставіў на прафесіі следчага вечны крыж.