Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Памятаеш, была гульня ў «Аўстралію»? Мы як быццам эмігравалі туды, у штат Вікторыю, і разводзілі на ферме кенгуру. За ранішняй кавай ты выказвала спадзяванне, што сёння я нарэшце пастрыгу газоны, а я імкнуўся падмяніць гэтую ненавісную працэдуру вяртаннем на другі паверх, у спальню. З яе вакна адкрываўся від на далёкія горы, а на сцяне вісела захопленае ў эміграцыю авальнае, уштукаванае ў плеценую з лазы асаду люстра, перад якім аднойчы, яшчэ да ад'езду ў Аўстралію, мы любіліся, стоячы ў сонечных промнях, і раптам, на краі той хвілі, калі целы падпарадкоўваюцца ўжо не розуму, а толькі самім сабе, мне здалося, што на падлозе
«Давай я буду жонкаю Скарыны, а ты - віленскім бурмістрам і паспрабуеш мяне спакусіць», - прапаноўвала ты альбо пагаджалася на ролю ціхмянае манашкі, якая даглядае ў патайным пакоі кляштарнага шпіталя параненага паўстанца.
Але такія гульні напраўду вымагалі не століка ў кавярні, а патайных пакояў, і мы пераключаліся на інквізіцыю. Распрацоўваўся сюжэт, калі я кахаў цябе, а ты адказала ўзаемнасцю іншаму і я, аслеплены рэўнасцю, страчыў данос, што ты кахаешся з д'яблам, які з'яўляецца да цябе ў спачывальню, набываючы аблічча чорнага ката з хвастом, што можа тройчы абкруціць цябе вакол таліі. Ты чытала «Молат ведзьмаў», а таму даволі ўпэўнена пачувалася ў ролі падследнай, калі на допыце я змушаў цябе даць падрабязнае апісанне вядзьмарскага шабасу.
Відаць, ты заявіш пратэст супроць таго, што я зноў адступаю ад пратакола, ды я ўсё ж успомню «Тытанік». Гэтую гульню мы вынайшлі, пагартаўшы ў скульптара Колі замежны альбом з малюнкамі і фотаздымкамі славутага параплава, ягоных пасажыраў, кают, палубаў і рэстаранаў. Гульню, у якую мы гулялі ў нашай каюце, і толькі потым падымаліся на палубу кавярні, дзе панаваў спакой і ніхто не здагадваўся, што плаванне няўхільна набліжаецца да вусцішнай развязкі.
«Тытанік» тануў, на тросах плылі ўніз шлюпкі з ахопленымі жахам людзьмі, і тут хтосьці з іх убачыў у асветленым ілюмінатары маладых мужчыну і жанчыну, якія, забыўшы пра ўсё на свеце, пяшчотна і страсна любілі адно аднаго. Гэтая пара, думалі ў шлюпцы, проста не чула, што здарылася з караблём, але ў сапраўднасці яны ўсё ведалі і замест штурханіны ў азвярэлым натоўпе і гібелі ў ледзяных хвалях выбралі светлую цёплую каюту і тыя імгненні, калі целы і душы ператвараюцца ў адну непадзельную сутнасць, зліваючыся з вечнасцю.
Дастаткова было нам некалькі дзён не бачыцца, як я лавіў сябе на тым, што, здаецца, наперакор законам псіхалогіі і фізіялогіі не заўважаю іншых жанчын. Затое пасля нашага спаткання вочы нібыта расплюшчваліся і мне рабілася не проста цікава затрымліваць на жанчынах позірк, але хацелася ўбачыць іх, выпадковых сустрэчных, аголенымі, і я шкадаваў, што не жывапісец і не фотамастак і не магу іх маляваць альбо здымаць на стужку.
Кажуць, эпілептыкі ў хвіліны прыпадку цалкам губляюць уяўленне пра час і прастору, перажываючы імгненне абсалютнае яснасці. У тое лета мне давялося сутыкнуцца з нечым падобным: пад час блізкасці маё ўласнае «я» пачынала сціскацца, канцэнтруючыся ў адной кропцы, якая магла знаходзіцца ўжо за межамі цела, і незваротна згубіць каардынаты той кропцы не дазваляла толькі памяць пра цябе.
У другой палове жніўня, калі нарэшце зрабілася магчымым выйсці з дому без парасона, у кавярні звіло гняздо прыглушанае адчуванне трывогі.
Ты кажаш, здарэнне з голубам сталася чыстай выпадковасцю? Аднак чамусьці і ты сама выдатна ўсё запомніла: як дзікі шызы голуб неспадзеўкі заляцеў у разнасцежанае з нагоды чаканае цеплыні вакно, як, спалохана залопаўшы
Далейшыя падзеі раскручваліся з кінематаграфічнай імклівасцю.
Гатуючы нам каву, бармен аднойчы папярэдзіў, што іх будынак ідзе пад знос і да канца месяца кавярню зачыняць.
Мы абмеркавалі навіну досыць спакойна. Маўляў, няпроста будзе знайсці другі такі куток, але мы знойдзем. Будзем шукаць, пакуль аднаго вечара не адчуем, як на нас павее знаёмай аўраю. Была разгледжаная нават ідэя далучыць да пошукаў усіх сталых наведнікаў, а ўпрыдачу і бармена з яго здобнай памагатай, карацей - «пераехаць» цэлай ватагай, хоць, калі шчыра, мне было цяжкавата ўявіць, як мы дамовімся аб'яднаць сілы з лесбіянкамі, не кажучы ўжо пра глуханямых.
Можна было здагадвацца, як успрынялі паведамленне бармена іншыя, але факт застаецца фактам: у апошні вечар без усякага запрашэння сабраліся ўсе даўнія кліенты: і кампанія маладзёнаў, і Пеця, і лесбіянкі, адна з якіх паставіла на столік букецік свежых жоўтых бяссмертнікаў. Глуханямыя прыпазніліся і адчынілі дзверы а палове дзесятай, нібыта ведаючы, што з нагоды развітання кавярня будзе працаваць пазней.
Чамусьці не прыйшоў адзін алмазаздабытчык, столік якога раз-пораз ненадоўга займалі розныя залётныя птушкі. Прачытаўшы на дзвярах абвестку, найбольш цікаўныя пыталіся, чаму сёння кавярня адчыненая да паўночы, а мы, не згаворваючыся, паціскалі плячыма і, я ўпэўнены, у думках дадавалі, што гэтыя дзве лішнія гадзіны не даюць чужаніцам ніякага права ашывацца сярод нас і шкрабаць душу недарэчнымі роспытамі.
На пачатку адзінаццатае маўклівы ціск на залётных даў плён: на «палубе» засталіся толькі свае. Моладзь са згоды бармена пераставіла столік да дзвярэй, чым, па сутнасці, забарыкадавала ўваход, і пайшла танцаваць пад блюзавыя мелодыі. Услед за гэтым бармен паставіў анталогію «Bеаtles», і падняліся мы, а дачакаўшыся наступнае песні, - глуханямыя. Такі самы эфект міліцыянт Пеця мог бы выклікаць, разрадзіўшы свой пісталет у вітрыну за стойкай. Глуханямыя не былі глухімі, ва ўсякім разе хтосьці з іх меў слых, дастатковы на тое, каб адчуваць мелодыю і беспамылкова вадзіць партнёра. Ад разгубленасці астатнія пары спыніліся, і да канца песні глуханямыя танцавалі ў адзіноце.
Потым я запрасіў цябе, а міліцыянт, разоў колькі зірнуўшы на лесбіянак, - памочніцу бармена. Сам бармен, нечакана лёгка валодаючы сваім шафападобным целам, танцаваў з высокай шатэнкаю з кампаніі маладзёнаў. Лесбіянкі трымаліся даўжэй, аднак не маглі не адчуць, што іх ахутаныя цыгарэтным дымам адмовы ад мужчынскіх запрашэнняў выглядаюць двайным выклікам. У танцы яны рухаліся з пластычнасцю прафесіяналак, але, як і глуханямыя, не дазволілі разбіць свой дуэт ні міліцыянту, ні бармену, ні мне.
Пад «Gіrl» ты пайшла з худым, як жэрдка, вастраносым хлопцам, а я - з ягонай пышнагрудаю сяброўкай, што мела зайздросную талію і карону цудоўных каштанавых валасоў, якія, напэўна, умелі маляўніча рассыпацца па падушках. Дзяўчына яўна перабрала норму: яна павісла на мне і, прыціснуўшыся ўсім целам, зашаптала, што хоча, каб я на ёй пакатаўся. Ты атрымала ад яе незаслужанае абвінавачанне ў фрыгіднасці, а твой партнёр з птушыным носам - у імпатэнцыі, што не перашкодзіла яму выцягнуць шарыкавую асадку і напісаць табе на далоні нумар тэлефона.