Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Адначасова з гэтымі нататкамі напісаны мінімум неабходных лістоў. Іх разашле адзін з нешматлікіх знаёмых, які не забыў майго тэлефоннага нумара.
Яна папярэджаная: я гатовы.
Магчыма, гэта адбудзецца не адразу, і я запасаюся вытрымкай.
У кагосьці з фантастаў ёсць такая навела. У горадзе ствараецца турбюро, дзе запрашаюць наведаць іншую планету - усім падобную да нашай, але, як пераконваюць турыстычныя праспекты, яшчэ не кранутую злом зямной цывілізацыі. Герой бярэ білет у тую зялёную ідылію і разам з астатнімі ахвотнікамі сядае ў аўтобус, які прывозіць іх не на месца старту касмалёта, а на звычайную лясную галявіну. Заместа камфортнае пачакальні - спехам збітая са свежых дошак стадола, негабляваныя лаўкі і пасыпаная
Я не вярнуся ў аўтобус.
Не буду рабіць выгляду, быццам мяне не займае пытанне, застанецца мой ложак пустым ці на ім знойдуць маё цела. Вам вядома, які варыянт задавальняе мяне болей.
Сёння я выняў з кнігі вучня Блавацкай апошнюю закладку: «У момант смерці, калі свядомасць ужо знаходзіцца ў тонкім свеце, а розум працягвае дзейнічаць яшчэ ў фізічным целе, чалавек за некалькі секунд пражывае ўсё сваё зямное жыццё».
Гэта не пра мяне.
Я заўсёды лічыў, што прыз любога падарожжа - вяртанне. Я хачу калі-небудзь вярнуцца. Можа, гэта здарыцца ў адным з нашых падарожжаў, і разам з Ёю я выкуру тут рытуальную цыгарэту з зялёным паскам на фільтры.
Мой рукапіс наблізіўся да канца.
У мяне настрой, як перад ад'ездам у далёкую вандроўку.
Зараз я пастаўлю на прайгравальнік кружэлку Шапэна і лягу.
Я не ведаю Яе імя, але адчуваю, што вельмі хутка, магчыма, нават у гэтую ноч, пачую яго.
Genius loci
Не буду спрачацца, ідэя належала табе, і я прыняў яе адразу - ты яшчэ не паспела пакінуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзіцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калі ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робіцца летуценным і адстаронена-незнаёмым - толькі крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваім, а - тваёй сястры-блізнючкі, у якой усё такое самае і разам з тым - не. Падобнае ўражанне ўзнікала і тады, як, сцішыўшыся пасля апошніх ласкаў, ты з лёгкім уздрыгам мякка падала ў кароткі сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы.
Ідэя была геніяльна простая: калі ўспамінаць нашу кавярню, дык адну яе - без усякіх прадмоў, эпілогаў і розных лірычных адхілаў кшталту першай раніцы, у якую мы прачнуліся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцікласнікі, бо ў астатняе імгненне ты, быццам жнівеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслізнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергіяй, кладак і слоіка са светлякамі, чыё зеленаватае мігценне зусім не здавалася халодным...
Але мы дамовіліся гаварыць выключна пра кавярню. Як на школьных уроках літаратуры: адзінства часу, месца і дзеяння.
Пра кавярню, што яшчэ не выветрылася з памяці жыхароў трох куртатых вулачак, якія насуперак усялякай логіцы ацалелі ад сярэднявечнага прадмесця. У цесных дварах з арэлямі і абымшэлымі альтанкамі вам пацвердзяць: насупраць тралейбуснага прыпынку, там, дзе цяпер салон італійскага абутку, тады сапраўды была кавярня.
Да таго дня, калі мы ўпершыню не праехалі міма, а зайшлі і селі за столік пад пастэльным восеньскім пейзажам з парушанай перспектывай, схаваная пад шклом стандартная шыльда з дзвярэй кавярні ўжо знікла: ці то не задаволіла эстэтычны густ новага гаспадара, ці то яму падалася неарыгінальнаю назва, а найверагодней - і адно, і другое. Між тым новай шыльды так і не павесілі, і неўзабаве хтосьці вывеў на глухой бакавой сцяне стары назоў - спачатку крэйдай, а потым, паўзверх, нітрафарбаю з балончыка. Смарагдавыя літары на шэрай
Некалі я пісаў фантастычныя апавяданні, і адно з іх мела сюжэт пра вынаходніка апарата, які - быццам з грамафонавай кружэлкі ці з магнітафонавай стужкі - умеў «счытваць» галасы з рэчаў, што былі сведкамі нейкіх размоў і падзеяў. У апавяданні адбылося забойства, раскрыць якое дапамагло звычайнае кухоннае крэсла.
Не, у кавярні, як табе вядома, нікога на нашай памяці не забілі, аднак ты ўяві, колькі маглі б распавесці яе расхістаныя сінія крэслы. Праўда, у нашым выпадку ўсё наадварот: крэслы даўно згарэлі на звалцы, а мы зараз уваскрасім іх разам з ненадзейнымі спінкамі і парэзамі, адкуль прасіўся на свет жоўты паралон набіўкі. Потым мы адновім дрогкі кутавы столік і брунатную, чыста выцертую стойку ў процілеглым канцы маленькае, усяго на пяць столікаў, залі. За стойкай зоймуць свае месцы рослы румяны бармен, падобны да зробленай добрым майстрам-чырванадрэўшчыкам шафы, і ягоная круглявенькая здобная памочніца; яны няблага разумелі па-беларуску, прынамсі, ведалі, што такое кілішак, і ніколі не блыталі каву з какавай.
У той дзень, калі я не здолеў прыдумаць табе біяграфіі...
Так, гэта ўжо за межамі нашае дамовы, але, пагадзіся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлі каля вакна і не казала, што трох пляшак белага сухога віна якраз дастаткова - не дзвюх і не чатырох, а мяноўна трох.
Значыцца, ты згодная: зробім выключэнне. Я маю на ўвазе не віно, а гісторыю нашага знаёмства. Праўдзівей - ягоную тэхналогію.
Ты не забыла, мы пазнаёміліся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя біяграфіі. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былі жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзілі ўяўленне, а, па-другое, самі абставіны, калі без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралі падтэкст зваблівай шматварыянтнасці.
Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе ці вагоне метро мой позірк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбіраў жанчыну або дзяўчыну - зусім неабавязкова самую прывабную, - пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механізм пачынаў бесперабойна дзейнічаць, і праз хвіліну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесія, муж, дзеці. Калі мы ехалі разам досыць доўга, гульня працягвалася і я атрымліваў дадатковыя звесткі: характар, захапленні, любімы пісьменнік альбо яго адсутнасць з прычыны нецікавасці да літаратуры... На пятым ці шостым прыпынку я «ведаў», куды мая спадарожніца накіроўваецца, якім кветкам і колерам аддае перавагу, што п'е з большаю асалодай. А на чарзе стаяў блок інтымнае інфармацыі: як сустракаюць яе вусны пацалунак каханка, што ўмеюць рабіць самі, што такое для яе вернасць...
Прычым хачу табе сказаць: у маёй даведзенай да аўтаматызму гульні ніколі не ўзнікала неаднаразова апісаных сітуацыяў, калі пасля некалькіх слоў і поглядаў прыходзіць упэўненасць, што выпадковы візаві створаны не для каго-небудзь, а для вас; а потым - станцыя, прыпынак, і ён ці яна назаўсёды выходзяць, пакідаючы ў душы трагічнае адчуванне незваротнасці імгнення. Паўтараю, са мною (можа, таму, што я кіраваўся правілам не заводзіць з «паддоследнымі» ніякіх размоў) нічога падобнага, у тым ліку і ў той травеньскі надвячорак, не здаралася.
Тады здарылася іншае.
Блукаючы па душным тралейбусе, мой позірк, як зазвычай сам сабою, адшукаў найбольш цікавую яму істоту. Пазней я падзяліўся з табой першым уражаннем: гішпанка. Вочы колеру пераспелае вішні вінаватыя тут былі не болей за густы роўны загар злёгку кірпатага твару ў абладзе доўгіх, чорных з сіняю іскрынкаю валасоў. Колькі наступных хвілінаў я акрэсліў бы як суцэльнае здзіўленне. Бездакорна наладжаны механізм гульні ўпершыню даў збой: фантазія мела адволі падстаў страпянуцца і раскрыць крылы, але паводзіла сябе падазрона абыякава.