Рэвізор
Шрифт:
Прыстава. Здароўя зычым, ваша высокачэсьць!
Бобчынскага. Сто год і куль чырванцоў!
Добчынскага. Дай, Божа, на сорак саракоў!
Арцёма Піліпавіча. Каб ты спрах!
Каробкінавай жонкі. На цябе ліха!
Гараднічы. Шчыра дзякую! І вам таго самага жадаю.
Ганна Андрэеўна. Мы цяперака ў Пецярбургу манімся жыць. А тутака, прызнаюся, такое паветра… селавое ўжо занадта!.. прызнаюся, вялікая прыкрасьць…
Гараднічы. Але, прызнаюся, спадары, я, ліхенька, вельмі хачу быць гэнэралам.
Лукаш Лукашовіч. І дай Божа мець!
Растакоўскі. Ад чалавека немагчыма, а ад Бога ўсё магчыма.
Амос Хведаравіч. Вялікаму караблю — вялікае плаваньне.
Арцём Піліпавіч. Як заслужыцца, так і учціцца.
Амос Хведаравіч (набок). Во выкіне штуку, калі запраўды зробіцца гэнэралам! Во ўжо каму пасуе гэнэральства, як карове сядло! Не, да гэтага йшчэ далёкая песьня. Тутака й мудрэй за цябе ёсьць, а дасюль яшчэ не гэнэралы.
Арцём Піліпавіч (набок). Гэнак, ліха матары, ужо і ў гэнэралы прэцца. Чаго добрага, можа й будзе гэнэралам. То-ж у яго важнасьці, на яго-б ліхенька, ня купіць! (Зварачаючыся да яго). Тады, Антоне Антонавічу, і на нас не забудзьцеся.
Амос Хведаравіч. І калі што здарыцца, прыкладам, якая патрэба ў справах, не пакіньце апекаю!
Каробкін. Налета павязу сынка ў сталіцу на карысьць дзяржавы, дык, зрабеце ласку, прыўдзяліце яму свае пратэкцыі, месца бацькава заступеце сірацінку.
Гараднічы. Я гатовы, із свайго боку, гатовы старацца.
Ганна Андрэеўна. Ты, Антоська, заўсёды гатовы дакляраваць. Па-першае, табе ня будзе часу думаць пра гэта. І як можна, і зь якое рацыі сябе абцяжваць гэткімі дакляраваньнямі?
Гараднічы. Чаму-ж, сэрца маё? часам можна!
Ганна Андрэеўна. Можна, пэўна-ж, ды ня кожнай-жа драбязой апекавацца.
Каробкінава жонка. Самі чулі, як яна трактуе нас?
Госьця. Але-ж, яна гэткая заўсёды была; я яе ведаю: пасадзі як за стол, яна й з нагамі сваймі…
Зьява VIII
Паштмайстар. Дзіўная рэч, спадары! Чыноўнік, якога мы ўзялі за рэвізора, быў ніякі не рэвізор.
Усе. Як не рэвізор?
Паштмайстар. Зусім не рэвізор — я даведаўся пра гэта зь ліста.
Гараднічы. Што, што самі кажаце, зь якога ліста?
Паштмайстар. Ды з собскага ягонага ліста. Прыносяць да мяне на пошту ліст. Зірнуў на адрыс — бачу: «на Паштамцкую вуліцу». Я гэтак і ўвамлеў. «Ну, — думаю сабе, — пэўна, знайшоў непарадкі ў паштовай галіне й паведамляе начальства». Узяў дый расьпячатваў.
Гараднічы. Як-жа гэта самі?
Паштмайстар. Сам ня ведаю, ненатуральная сіла пхнула. Заклікаў быў ужо
Гараднічы. Ды як-жа самі адважыліся расьпячатваць ліст такое ўпаўнаважанай асобы?
Паштмайстар. То-ж бо й штука, што ён не ўпаўнаважаны й не асоба!
Гараднічы. А што-ж ён, самі думаеце, такое?
Паштмайстар. Ні сёе, ні тое; ліха ведае, што такое!
Гараднічы (запальчыва). Як ні сёе, ні тое? Як самі важыцеся назваць яго ні тым, ні сім, ды йшчэ й ліха ведае чым? Я саміх пад арышт…
Паштмайстар. Хто? самі?
Гараднічы. Але, я!
Паштмайстар. Закароткія рукі!
Гараднічы. А ці ведаеце, што ён жэніцца з маёй дачкою, што я сам буду вяльможа, што я ў самы Сібір [21] .
Паштмайстар. Эх, Антоне Антонавічу, што Сібір, — задалёка Сібір! Вось лепш я вам прачытаю. Спадары! Дазвольце прачытаць ліст!
Усе. Чытайце, чытайце.
21
Далей адно слова неразборліва.
Паштмайстар (чытае). Сьпяшаюся паведаміць табе, душа Трапічкін, якія са мной дзівосы. На дарозе абчысьціў мяне дазваньня пяхотны капітан, так што гаспадар заезду хацеў ужо быў пасадзіць у турму; як раптам, з мае пецярбурскае фізіяноміі ды з касьцюму, цэлы горад узяў мяне за гэнэрал-губэрнатара. І я цяперака жыву ў гараднічага, жуірую, уганяюся на прамілы Бог за ягонай жонкай і дачкой; ня важуся толькі, ад каторае пачаць — думаю, перш ад матулі, бо, здаецца, гатовая зараз да ўсіх паслугаў. Памятаеш, як мы з табою гаравалі, абедалі на шармака й як аднойчы кандытар быў згробшы мяне за каршэнь, з прычыны зьедзеных піражкоў на конта прыбыткаў ангельскага караля? Цяперака зусім іншы зварот. Усе мне пазычаюць, колькі хаця. Арыгіналы страшэнныя, ад сьмеху ты памёр-бы! Ты, я ведаю, пішаш артыкулікі: зьмясьці іх у сваю літаратуру. Па-першае — гараднічы: дурны, як лысая кабыла…
Гараднічы. Ня можа быць! Там няма гэтага!
Паштмайстар (паказвае ліст). Чытайце самі.
Гараднічы (чытае). «Як лысая кабыла…» Ня можа быць, гэта самі напісалі!
Паштмайстар. Як-жаж бы я напісаў?
Арцём Піліпавіч. Чытайце!
Лукаш Лукашовіч. Чытайце!
Паштмайстар (чытаючы далей). «Гараднічы — дурны, як лысая кабыла».