Сэрца на далоні
Шрифт:
— Антон Кузьміч не можа падысці. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыі, зразумейце… Што перадаць доктару Ярашу?
— Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвоніць.
Шыковіч паклаў слухаўку.
— Хто-небудзь з вашых блізкіх? — спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.
Ён кіўнуў: але!
— Цяжкая аперацыя?
— На сэрцы. Набыты парок.
Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. І ўсе, хто пачуў, таксама зацікавіліся.
— Я магу сказаць Сяргею Сяргеевічу, што ў вас такі
— Не, не трэба.
— Вас будуць крытыкаваць.
— Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесія.
Бясшумна адчыніліся абабітыя дэрмацінам дзверы ў кабінет першага сакратара. Групай вывалілі работнікі тэлестудыі: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкі рэдакцый, акторы тэатра. Відно было, што ім не церпіцца пагаварыць, паспрачацца, таму і спяшаліся хутчэй у калідор, на вуліцу. Толькі актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывітаўся з Шыковічам за руку.
— А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.
— Хапае другіх клопатаў.
— Далі нам за перадачы для моладзі, — паведаміў шэптам, азірнуўся на дзверы: — Тукала — дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь…
Шыковіча крыху закранула, што яго не запрасілі на абмеркаванне работы тэлестудыі: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.
«Хто гэта пастараўся? Тукала? Ці гаркомаўскія „палітыкі“? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасці ў прыёмнай?»
Ён не вызначаўся залішняй самалюбівасцю, але яго заўсёды абурала, калі дзе пачыналася палітыканства — гульня ў важнасць і строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.
Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далікатна ўступіў ёй дарогу ў кабінет. Убачыўшы Шыковіча, Тукала прыветліва, па-сяброўску ўсміхнуўся і накіраваўся да яго. Але Кірыла знарок адвярнуўся да акна.
«Што, наківалі табе — лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросіш яшчэ, кар'ерыст няшчасны».
— Заходзьце, таварышы, — запрасіла Ларыса Пятроўна.
Шыковіч рушыў першы, абмінуўшы разгубленага Тукалу.
Павітаўся з сябрамі бюро. Усе — знаёмыя людзі, з якімі прыходзіцца сустракацца амаль штодня і якія нязменна праяўляюць цікавасць да яго працы шаблонным запытаннем: «Чым новенькім парадуеш нас?»
Цяпер на яго «добры дзень» адказаў адзін Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер і не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васіль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цікаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.
Шыковіча перасмыкнула ад гэтага.
«Што ты ўставіўся, як малады баран на новыя вароты?»
Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковіча праз свае вялікія, у рагавой аправе акуляры, але зусім інакш, бяскрыўдна. На прывітанне ён адказаў кіўком галавы, сумна ўсміхнуўся і цяпер як бы хацеў нешта падказаць ці здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковіч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з
Дырэктара машынабудаўнічага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цікавілі, калі яны не мелі дачынення да выпуску станкоў.
Лукашэнка быў сам канструктар і вынаходца і на ўсіх такіх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталі новых канструкцый, занатоўваў у вялікую запісную кніжку разлікі і формулы. Ён адарваўся ад сваёй запісной толькі таму, што сярод вінаватых бацькоў быў інжынер яго завода. Дырэктар дакорліва паківаў яму галавой. Пакуль рассаджваліся, Гамбіцкі падышоў да Гукана і нешта шаптаў яму на вуха.
Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:
— Сядайце, таварыш Гамбіцкі. Архітэктурныя справы вырашыце пасля, — і абвёў позіркам сваіх светлых вачэй усіх — і сябраў бюро і «падсудных». — З каго пачнём, паважаныя бацькі?
— Усё адно — з каго. Але я так мяркую, што пісьменніку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такімі пытаннямі, — сказаў Гукан, зноў-такі нават не глянуўшы ў бок Шыковіча.
— Ну, што ж… Раскажыце, таварыш Шыковіч, як вы выхоўваеце сваіх дзяцей.
Кірыла падняўся і… раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такіх абставінах — тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклікаюць з-за сына. Хвалявала другое — аперацыя.
І цяпер зноў, узіраючыся ў шырокі добры твар Тарасава, Кірыла бачыў… сэрца на далоні. На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша. І захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро — пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць… Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсці яму лагічнай сувязі, «трывалага мастка» паміж адным і другім і яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок «расказвае казкі», «водзіць бюро за нос». З чаго ж пачаць?
Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцінку і выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнічаў, глядзелі на яго, адны — з цікаўнасцю, другія — са спачуваннем, трэція — з трывогай. Ён стрэўся позіркам з Гуканам, той, можа, адзін з усіх глядзеў амаль зларадна.
«Чаму?»
Успомніліся словы Гукана. З іх ён і пачаў упэўнена і смела:
— Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмі многа. Не толькі як бацька, але як сябра партыі, грамадзянін… Не здымаючы з сябе адказнасці за паводзіны майго сына, я хачу разабрацца… пранікнуць у сутнасць… з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыі моладзі трапляюць вось такія…