Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— Што мне да таго, — адказаў Васіль. — Я рады, што ў кадука добра каменем пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.
Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.
Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню — аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і ўсё,
— Як маешся, браце!
А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх агарнуў усіх нас. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.
З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.
Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:
— Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.
І пан яго не чапаў.
Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.
Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць. Ды ўсюду адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную разышлася далёка.
Васіль пагарджаў усімі і кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нікому казаць, але цяпер аб’яўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту [57] , што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.
Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму адмовіцца ад гэтага намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад яблыні недалёка падае, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.
57
Галена.
Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам казалі:
— Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.
Іншыя хвалілі: Алюта будзе добраю жонкаю і не пойдзе па матчыных слядах. Былі і такія, што казалі, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму паднеслі нешта ў пітве і хоць ён і запанібрата з д’яблам, — трапіў на лепшую і сам быў зачараваны.
Шчыра стараўся Антон змусіць яго адмовіцца ад свайго намеру. Нарэшце прыгразіў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату і маладым на гаспадарку нічога не дасць.
— Я і не прашу ні ў кога нічога, — адказаў Васіль. — Знайду ўсё сам, здабуду і грошы. І апякун такі, як ты, можа, сам прыйдзе калі да мяне ў пазыкі.
Антон пайшоў да кума Марціна. Быў гэта чалавек пачцівы і гаваркі, рады кожнаму параіць і дапамагчы, таму і любіла яго ўся воласць. Марцін ахвотна паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы і адлучыць маладзёна ад тае прывязанасці. Даў нават слова, што будзе сябраваць з ім і кожны раз адгаворваць ад тае жаніцьбы.
Калі Васіль пачуў ад апекуна, што не будзе мець ніякае дапамогі, вырашыў шукаць скарбы, нават калі б і былі яны заклятыя ці моц шатанскую мелі. За дзве вярсты ад нашае вёскі быў ля
Аднаго разу ўлетку ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў д’яблу душу. Бачылі гэта падарожныя і людзі, што вярталіся з паншчыны. Раптам раскалоўся блакіт неба, разлілося вялікае святло, людзі, молячыся, кленчаць, а цмок, выцяты промнем нябеснага святла, дранцвее ўвесь, валіцца на пагорку і ператвараецца ў камень. Скарбы ж, золата і срэбра, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы самі закапаліся ў зямлю, і з таго часу з’яўляліся ўначы ў розных канцах пагорка ў розных постацях. Адны бачылі на камені Плачку, якая выцірала сабе слёзы агнёваю насоўкаю; другія, ідучы позняй парою па дарозе, сустракалі карузлікаў, чорных і тоўстых, як дзежачкі, што скакалі на пагорку; іншым мроіліся чорныя казлы, што скакалі з зямлі на камень, а з каменя на дол, і шмат іншых дзівосаў.
Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.
Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.
— Што ты тут робіш? — запытаўся ён з усмешкаю. — Пэўна, скарбы шукаеш?
— Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.
— Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. — І, сеўшы ля яго на камені, кажа: — Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца — гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.
Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.
З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя — што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае [58] . Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.
58
Трава росiчка, якая расце на купiнах i ўжываецца супраць чараў.
Расічка — вельмі рэдкая і нізкая расліна. «Яе адметнасць, па словах простага люду, заключаецца ў тым, што пакуль на ёй ёсць раса, то яе можна знайсці; але як толькі раса прападзе, то расліна хаваецца ў зямлю і адшукаць яе немагчыма. Расічка мае прыемны пах і ўжываецца як лекавая зёлка». — «Собрала росічкі на посвяцаніе» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).