Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
Другое здарэнне таксама было дзіўнае. Я сек у лесе дровы. Сонца заходзіла. Гляджу: ідуць па дарозе пан з чарнакніжнікам і раптам павярнулі да густога яловага лесу. Я, маючы цікавасць, крадуся ціхенька следам і хаваюся за дрэвам, будучы ўпэўнены, што там павінны дзеяцца нейкія чары. Усюды ціха, толькі дзесьці далёка стукае дзяцел на спарахнелым дрэве. Бачу: на старым вывернутым дрэве сядзіць пан, каля яго стаіць чарнакніжнік і трымае за галаву велізарную гадзюку, якая чорнай стужкаю абвіла яму правую руку. Не ведаю, што было далей, бо я ад страху ўцёк.
Трэцяе здарэнне было яшчэ страшнейшае. Хоць я яго і не бачыў, аднак чуў ад надзейных людзей, дый пра гэта гаварылі ва ўсіх навакольных вёсках. Апоўначы наш пан, той госць шатанскі і лёкай Карпа ўзялі ў аборы чорнага казла, завялі яго на могілкі. Кажуць, што выкапалі яны з магілы наўца [38] , чарнакніжнік надзеў на сябе нябожчыкаву чамарку [39] ,
38
Нябожчык.
39
Чамарка — адзежына-венгерка.
Калі падарожны апавядаў гэта, дык было чуваць, як шапталіся слухачы: «Вот ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзіраець». І дзядзька адазваўся такімі словамі:
— Мусіць, спачатку ён быў фармазонам [40] ці пабратаўся з недаверкамі [41] , а чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы. Але што ж далей?
Падарожны апавядаў далей:
— Карпа, выгнаны з маёнтка, аддадзены быў у работнікі аднаму заможнаму гаспадару. Ды там ён болей замінаў, чым быў памочнікам, бо, жывучы з дзяцінства ў маёнтку, зрабіўся лайдаком, да таго ж упартым і неслухмяным. Да аканома часта даходзілі скаргі, і той пераводзіў яго з аднае хаты ў другую, але нідзе не мог ён застацца надоўга. Нарэшце Карпа папрасіў аканома заступіцца за яго перад панам, каб далі яму хату і колькі дзесяцін зямлі, бо калі ён сам зробіцца гаспадаром, дык будзе, маўляў, больш старанны. Пан згадзіўся. Пабудавалі яму новую хату, адрэзалі лепшае зямлі, далі пару коней, колькі кароў ды іншае жывёлы на развод. Урэшце задумаў ён жаніцца. Але ніводная гаспадарская дачка не хацела ісці за яго, бо ніхто ні на яго, ні на ягоную гаспадарку не спадзяваўся, бо ведалі ўсе, што ў яго ні веры, ні Бога ў сэрцы няма.
40
Масонам, богаадступнікам. «Пан наш формозон: в церков не ходзіць і поста не глядзіць» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).
41
Людзьмі не адной веры, дэсідэнтамі. «Матка недоверка і сына здзелала недоверком» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).
У гэтай вёсцы жылі колісь мае бацькі, і быў у нас сусед Гарасім. Чалавек ён быў старанны, усяго яму хапала, служыў добра пану, спраўна плаціў падаткі. Меў ён адзіную дачку, Агапку. Пекная была дзяўчына: здаровая, румяная, як спелая ягада. Даўней, як прыбярэцца і прыйдзе на кірмаш з жычкаю [42] ў касе, у чырвонай шнуроўцы [43] — свеціцца, як цвет макавы, усе не могуць на яе наглядзецца, кожны любіў з ёй патанцаваць, і дудар для яе граў найахвотней. Ах! прызнаюся: і мне ў той час яна так прыпала да душы, што і сёння ўспамінаю яе ўздыхаючы. Падабалася яна і Карпу. І вырашыў ён дамагацца яе, але, ведаючы, што не любіць яго дзяўчына, а бацькі не хочуць мець сабе такога зяця, і сватоў, прысланых ад яго, не прынялі, Карпа, каб было па-ягонаму, ідзе да пана, просіць, каб загадаў Агапцы ісці замуж толькі за яго. Бацькі ж яе, даведаўшыся пра гэта, прасілі аканома і ўсю воласць [44] заступіцца, бо Агапка яшчэ занадта маладая і не здолее добра ўпраўляцца ў ягонай хаце; і гаспадарка ў яго ўвачавідкі развальваецца, нічога добрага ад яе не прычакаеш. Па просьбе аканома і вяскоўцаў пан адклаў вяселле на наступны год, а Карпу загадаў, каб напрыканцы гэтага тэрміну паказаў, што зрабіў карыснага і колькі зарабіў грошай.
42
Стужкаю.
43
Шнуроўка — адзежына ў выглядзе безрукаўкі, якая спераду зашнуроўвалася; гарсэт, кабат.
44
Воласць —
Кахаў і я Агапку, але каб пабрацца з ёю — пра такое і думаць не мог. Баяўся панскага гневу, і з Карпам цяжка было спрачацца, бо быў ён дворскі [45] , з рознымі чараўнікамі меў фамільярнае сяброўства і калі б толькі даведаўся пра маю прыхільнасць да Агапкі, дык, пэўна, зрабіў бы са мною што-небудзь кепскае. Дык я толькі пакрыёма ў душы сумаваў, прасіў Бога, каб гэтая нявінная авечка не трапіла ў кіпцюры да шалёнага ваўка. Але сталася ўсё інакш.
Карпа — чалавек несумленны і лянівы — ідзе на параду да Парамона, найстрашнейшага чараўніка ў нашай ваколіцы, апавядае яму пра сваю сімпатыю да Агапкі, пра ўмовы, якія пан загадаў яму выканаць за год. Словам, просіць яго, каб адкрыў спосаб, якім хутка можна забагацець, а ён гатовы на ўсё, хоць душу д’яблу прадаць, абы толькі дамагчыся свайго.
45
Лёкай, што служыў у панскім доме, двары.
Парамон выняў са скрыні загорнутыя ў паперу нейкія зярняткі і, даючы іх Карпу, так раіць:
— Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён праз колькі дзён знясе яйка, не большае за галубінае. Гэтае яйка ты павінен насіць цэлы месяц пад леваю пахаю. Праз месяц вылупіцца з яго маленькая яшчарачка, якую будзеш насіць пры сабе і кожны дзень карміць малаком са свае далоні. Расці яна будзе хутка, а па баках у яе вырастуць скураныя крылы. Праз месяц яшчарка ператворыцца ў крылатага цмока. Ён будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, дык гэта значыць, што будзе мець пры сабе золата і срэбра. Жыві з ім у дружбе, калі хочаш быць багаты, бо калі ўгнявіш, дык ён можа спаліць табе хату і ўсё тваё дабро.
Гэтую бязбожную параду Карпа выканаў ахвотна. Выгадаваў жахлівага цмока, але чары яго не засталіся тайнымі, бо гэтае страхоцце няраз пасля захаду сонца з’яўлялася на вачах вяскоўцаў, што вярталіся дахаты позняй парою.
Аднойчы і я, калі пасвіў коней на начлезе, бачыў, як ляцела тое страшыдла, з шумам рассыпаючы вакол сябе іскры, нібы распаленае жалеза пад молатам каваля, і над дахам Карпавае хаціны распалася на дробныя частачкі і знікла. Неба ў той час было яснае, ніводнае хмурынкі на ім, і зоркі зіхацелі на нябесным скляпенні. «О Божа! — падумаў я. — Перад Табою няма нічога таемнага. Ты будзеш суддзёю спраў людскіх, але людзі пра гэта забываюць».
Ужо праз колькі месяцаў Карпа стаў багатыром. Калі прыйдзе на кірмаш або ў якое свята да арандара [46] , дык у карчму заходзіць падпёршыся ў бокі, чырвоная шапка набакір, галава задзёртая, і здаецца, што ўсе для яго нішто, жменяю грошы шпурляе на стол, кажа падаваць тое, што толькі яму заманецца, частуе ўсіх і смела крычыць, што пан яму, як брат родны, ні ў чым не адмовіць, і ён усё зробіць, што яму толькі захочацца, што Агапка павінна радавацца, калі можа выйсці за яго замуж, бо ён за свае грошы можа купіць жонку, якую толькі пажадае.
46
Габрая, які меў дазвол на гандаль гарэлкаю з панскіх бровараў; арандатара.
Агапка, чуючы пра гэта, залівалася слязьмі, бо ведала, што яе выбар і жаданне бацькоў — нішто. Усё было ў руках пана, а той не меў ні спагады, ні літасці. Ведала яна добра і душу Карпаву, і звычкі ягоныя. Часам чула гаворку суседзяў між сабою, што ён ужо пабратаўся з Парамонам, што ўжо служыць яму шатан, які назапасіў для яго безліч грошай. Не цешыла тое золата маладую дзяўчыну, бо яна бачыла ў лятунках сваіх мужа стараннага, цнатлівага ды пабожнага.
Прайшоў год. Карпа накупляў пану ў горадзе багатых падарункаў і прыехаў на гожым кані нагадаць пра абяцанае. Паслалі па Агапчынага бацьку, загадалі рыхтавацца да хуткага вяселля. Плакаў бедны Гарасім са сваёй жонкаю над лёсам дзіцяці і маліўся, каб Бог быў ёй апекуном. Агапка ж хавала скруху свайго сэрца, каб не растрывожыць яшчэ больш бацькоў. Узяўшы ядвабныя стужкі, якія найбольш любіла, і колькі кавалкаў кужалю, што сама ткала, пайшла да касцёла і, павесіўшы ўсё гэта на абраз Прачыстае Маці, пала ніц, енчачы і заліваючыся слязьмі; і ўсе, хто быў там, таксама не маглі стрымаць слёз. Пасля набажэнства яна выцерла слёзы і вярнулася да бацькоў са спакойным абліччам, як быццам усцешаная.
Спагада і любасць да гэтае дзяўчыны перамаглі ў ва мне ўсякі страх. Іду да хаты, дзе жыў Гарасім. Нечаканыя думкі і смелыя намеры выспяваюць у маёй галаве. Вырашыў: ад тыранства і напасці схаваць яе дзе-небудзь у далёкай старане. Ідучы да вёскі, убачыў Агапку. Самотная, яна хадзіла па полі, плачучы, спявала жаласным голасам звычайную песню-падзяку бацькам за іх клопаты. Набліжаюся да яе, бяру за руку (а сам быў у той час як непрытомны). Хочучы аблегчыць яе пакуты, так прапаную свае паслугі: