Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнае кампаніі не маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай, — як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца.
Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы. Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў — і ўжо зіма. Уздоўж Нешчарды з’явілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць тоні і глядзець на багаты ўлоў, а
Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнае зоркі, падаў густы снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала снегам, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над магілаю самое прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра гэта дзядзьку.
— Гэта падарожныя, — адказаў ён, — дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.
Гаворачы гэта, ён узяў запаленую свечку і паставіў яе на падваконні.
Пан Завальня меў звычай рабіць гэта кожную завейную ноч ужо таму, што жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і ён рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі. Падарожныя, што заблудзіліся, заўважыўшы з возера агонь у вакне, цешыліся, як мараходы, змучаныя марскімі хвалямі, калі ўгледзяць здалёк сярод начное цямрэчы святло партовага ліхтара, цешыліся і з’язджаліся ўсе да сядзібы майго дзядзькі, быццам да прыдарожнае карчмы, каб пагрэцца і даць адпачынак коням.
Вецер не сціхаў, і дом, быццам высокія валы, акружалі снежныя сумёты; сярод шуму буры чуваць рыпенне снегу пад нагружанымі вазамі, стукаюць у зачыненыя вароты і крычаць:
— Рандар! рандар! Адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і коні прысталі, чуць цягнуць. Рандар! Рандар! Адчыні вароты!
На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:
— Пагадзіця, адчыню, чаго вы крычыця, тут не рандар жывець, а пан Завальня.
— Ах, паночык (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас піраначаваць, ноч цёмная, нічаго не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.
— А ці ўмеіце сказкі да прыкаскі?
— Да ўжо ш як-нібуць скажым, калі толька будзе ласка панская.
Адчыняюцца вароты, на падворак заязджае некалькі вазоў, насустрач выходзіць дзядзька і кажа:
— Ну, добра, будзеце мець вячэру і сена для коней, толькі з умовай, што хто-небудзь з вас павінен расказаць мне цікавую казку.
— Добрэ, паночык, — адказваюць сяляне, здымаючы шапкі і кланяючыся.
Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў пакой для чэлядзі, абтрэслі снег,
Апавяданне першае. Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем
Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску.
Падарожны гэты быў чалавек не маладых гадоў; валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны. Калі апавядаў пра сваё мінулае, здавалася, маладзеў; крыху падумаўшы, пачаў так:
— Не казку пану раскажу, а тое, што было ў сапраўднасці, што здарылася нават са мною. Горкім бывае часам нашае жыццё, але хто спадзяецца на Бога, — Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае. Бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу.
У маладосці маёй, памятаю, мелі мы пана К. Г. Злы гэта быў пан, страшна ўспомніць, што ён рабіў: хлопцаў і дзяўчат жаніў і замуж выдаваў, не хочучы і ведаць ні пра іхнія сімпатыі, ні пра іх мінулае шчасце: ні просьбы, ні слёзы не маглі яго ўлагодзіць; вяршыў сваю волю, здзекуючыся з людзей без усялякае літасці, конь і сабака былі яму даражэйшыя, чым хрысціянская душа. Меў ён лёкая Карпу, злога чалавека; і яны абодва, спачатку пан, а пасля пахолак, прадалі свае душы д’яблу. А было гэта так.
З’явіўся ў нашым маёнтку — невядома адкуль — нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар і адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго — як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго — чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носяць паны ці ксяндзы; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў на нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што гэта быў чарнакніжнік, які вучыў пана рабіць золата і іншыя д’ябальскія штукі.
І хоць у той час я быў зусім маладзён, аднак мусіў адбываць у маёнтку чаргу начнога вартаўніка, абыходзіць усе панскія будынкі і стукаць малатком у жалезную дошку. Няраз бачыў, як акурат апоўначы ў панскім пакоі гарэла святло, і ён там з чарнакніжнікам пастаянна быў нечым заняты; усе заснулі, і ціш панавала на панадворку, над дахам панскага жылля сюды і туды снавалі кажаны і нейкія чорныя птушкі. Сава, апусціўшыся на дах, то рагатала, то плакала, нібы немаўля. Мяне апанаваў люты страх, але калі перажагнаўся, пашаптаў пацеры, — зрабілася крыху лягчэй, і, адчуўшы ў сабе больш смеласці, вырашыў я ціхенька падысці да панскага вакна і паглядзець праз шыбу, што яны там робяць. Толькі падышоў, як ля сцяны ўбачыў жахлівую пачвару. Страшна ўспомніць, гэта была велізарная жаба-рапуха. Яна кінула на мяне вогненны позірк. Я адскочыў назад, пабег, як шалёны, прэч і ледзьве спыніўся праз дзве сотні крокаў. Увесь дрыжаў. Мне падумалася, што гэта шатан у абліччы таго страшыдлы пільнаваў вокны майго пана, каб ніхто не ўбачыў сакрэтаў, якія там чыніліся. Я змовіў «Анёла Божага» [37] і хоць ноч улетку была ясная і цёплая, дрыжаў, нібы на марозе. Дзякуй Богу, што хутка заспяваў певень, патухла святло ў пакоі, і я, крыху ўжо супакоіўшыся, дачакаўся ўсходу сонца.
37
Каталіцкая малітва.